Вы тут

Дзе ў Беларусі знайсці суслікаў?


У Беларусі знайшлі дзесяць калоній суслікаў. У самай вялікай з іх — у Нясвіжскім раёне — жыве каля тысячы звяркоў! Як навукоўцы збіраюцца абараняць грызуноў, занесеных у Міжнародную Чырвоную кнігу?


«Магчыма, самая буйная папуляцыя ў Еўропе»

— Глядзіце, там іх штук семдзесят, — паказвае нам кудысьці ўдалячынь дырэктар ААТ «Юшавічы» Алег ВІНАГРАД, пакуль мы ў біноклі спрабуем «злавіць» хоць аднаго шустрага сусліка. Яшчэ з 1991 года ён назірае за гэтымі мілымі звяркамі на сваіх угоддзях, але нават не падазраваў пра іх ахоўны статус.

— Трыццаць гадоў таму я прыехаў сюды па размеркаванні і ўвесь гэты час бачыў у нашых месцах суслікаў. Яны вельмі любяць гарачае надвор'е, а вось у дождж хаваюцца, — апавядае Алег Сцяпанавіч. — Тут раней была паша, траву выядалі жывёлы. Аказалася, грызунам якраз такія ўмовы і патрэбныя.

Пра тое, што недалёка ад Нясвіжа жыве амаль тысяча суслікаў, акрамя мясцовых жыхароў ніхто не здагадваўся. У 1960-х гадах іх практычна цалкам знішчылі, бо думалі, што звяркі псуюць азімыя. Аднак навукоўцы адзначаюць, што гэтыя жывёлінкі не могуць нанесці сур'ёзнай шкоды палявым угоддзям, бо жывуць на старых вытаптаных пашах і харчуюцца травой.

Знайсці новыя калоніі грызуноў дапамагла ініцыятыва грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!» у рамках праекта «Экаманіторынг», што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

— У мяне цікавасць да суслікаў з'явілася яшчэ 8 гадоў таму. Тады паступіла інфармацыя, быццам яны ёсць у Карэліцкім раёне. Але, як я ні спрабаваў, адшукаць іх не ўдалося. З тых часоў пачаў збіраць звесткі пра гэтых грызуноў і ўважліва іх вывучаць, — расказаў эксперт АПБ Сяргей ШАКАЛА, які разам з калегамі Юрыем Янкевічам і Андрэем Абрамчуком з дапамогай мясцовых жыхароў сёлета выявіў дзесяць калоній.

Спецыяліст падкрэсліў, што нясвіжская калонія рабога сусліка — не проста наш нацыянальны здабытак. Магчыма, гэта самая буйная папуляцыя ў Еўропе.

Суслікі — вельмі ўразлівыя жывёлы. Чалавек можа нашкодзіць ім, нават не ўсведамляючы гэтага, напрыклад ненаўмысна разараць поле, дзе жывуць звяркі, або «ўгнаіць» яго пестыцыдамі. Таксама колькасць гэтых грызуноў скарачаецца, калі лугі зарастаюць, а паколькі цяпер уводзяцца новыя, стойлавыя ўмовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы, праблема гэта актуальная. Пакутуе звярок і ад натуральных фактараў — драпежнікаў і неспрыяльных умоў надвор'я. Статыстыка сведчыць, што 50—70 % суслікаў гіне пасля першай зімоўкі.

— Паводле ўлікаў колькасці грызуноў, якія мы папярэдне праводзілі на гэтым полі, шчыльнасць засялення на асобных плошчах проста неверагодная. Напрыклад, на ўчастку ўсяго 50 на 50 метраў мы выявілі 230 нор — не ведаю, дзе ў Беларусі яшчэ можна знайсці столькі. Гэта проста ўнікальнае месца, якое важна захаваць! І для гэтага мы будзем цяпер працаваць з насельніцтвам, праводзіць пастаянныя выезды і маніторынгі, — расказаў Сяргей Шакала.

Начальнік Нясвіжскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый ГРЫНКЕВІЧ, у сваю чаргу, падкрэсліў, што за знішчэнне папуляцыі сусліка ў адпаведнасці з артыкулам 15.32 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф у памеры да 200 базавых велічынь.

Артыстычны, як сурыкат

Спецыялісты адзначаюць, што суслікі хутка могуць стаць адной з галоўных славутасцяў Нясвіжскага раёна. Магчыма, нават з'явіцца кірунак накшталт бёрдвотчынгу, які будзе цікавы як мясцовым, так і замежным турыстам.

— Калі я ўпершыню ўбачыў гэтых звяркоў, быў проста ў захапленні ад іх мілавіднасці і падумаў, што сваёй артыстычнасцю яны не саступаюць знакамітым сурыкатам, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. — Суслікі цалкам могуць стаць турыстычным брэндам, дастаткова толькі сур'ёзна заняцца гэтым пытаннем — навучыць людзей апавядаць пра гэтых грызуноў, зрабіць тэматычныя сувеніры. Упэўнены, тых, хто пажадае паназіраць за жыццём звярка, знойдзецца шмат, бо нават не ўсе заолагі бачылі яго жыўцом.

Эксперты падкрэсліваюць: іх чакае яшчэ шмат работы, каб «сабраць па крупінках» асноўныя месцы рассялення суслікаў. Яшчэ больш сіл спатрэбіцца для іх захавання, бо магчымасцяў знішчыць папуляцыі сёння шмат.

Каб захаваць гэтых грызуноў у Беларусі, трэба знайсці як мага больш іх калоній, а таксама арганізаваць мясцовых актывістаў, якія зацікаўлены ў гэтым. Калі вам вядома пра магчымыя месцы рассялення рабога сусліка, паведаміце ў АПБ: levy@ptushkі.org.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Аляксандра ВІНЧЭЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».