Вы тут

У Налібоцкай пушчы ствараюць кармавыя ўгоддзі для зубра


Каб утрымаць звера ў межах заказніка і мінімізаваць шкоду для сельгаспрадпрыемстваў.

Зубры ў Налібоцкую пушчу былі завезены з Белавежскай пушчы яшчэ ў 1994 годзе. За гэтыя гады колькасць беларускіх волатаў тут значна вырасла — з сямнаццаці асобін прыблізна да ста жывёл, падзеленых на сем груповак. Змяніліся і ўмовы існавання для іх: былыя сенакосы і пашы, дзе жывёлы харчаваліся, пачалі зарастаць хмызнякамі, забалочвацца. У выніку звяры зімой сталі наведвацца на сельскагаспадарчыя ўгоддзі, што знаходзяцца побач з заказнікам, наносячы значную шкоду мясцовым гаспадаркам.


На стварэнне кармавых угоддзяў для зубра ў Налібоцкай пушчы накіраваны праект «Ветландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды. У яго рамках была закуплена спецыяльная тэхніка, з дапамогай якой балотна-лугавыя ўгоддзі ачышчаюцца ад куставой і дрэвавай расліннасці.

Як расказаў дырэктар ДПУ «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі» Васіль ГУРКОЎ, летась была праведзена рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы ва ўрочышчы «Цякава», выдалена дрэвава-куставая расліннасць, пачышчана меліярацыйная сетка, узараная глеба. Сёлета на гэтых тэрыторыях пасеялі сумесь траў — аўсяніцу, каласоўнік і цімафееўку, а таксама гароха-аўсяную сумесь. Ураджай атрымаўся даволі важкі — назапашана каля 100 тон кармоў.

Каб утрымаць зуброў у межах заказніка, у зімні перыяд іх падкормліваюць на спецыяльных пляцоўках. Усяго іх сем, тры з іх (комплексныя) былі пабудаваныя ў рамках праекта. Падкормачныя пляцоўкі ўключаюць у сябе збожжасховішча, кармушкі для збожжа, сена, грубых кармоў і наглядальную вышку. Плануецца, што з дапамогай апошняй за жывёламі будуць назіраць не толькі вучоныя і супрацоўнікі заказніка, але і экатурысты.

Праведзеная работа дала плён: па словах Васіля Гуркова, зімой зубры не выходзілі за межы заказніка. Не атрымалася іх стрымаць толькі на пачатку вясны. Пры гэтым на ачышчаныя ад зараснікаў угоддзі зубры пачалі выходзіць не позняй восенню, як раней, а яшчэ на пачатку лета.

А каб стварыць сапраўды самарэгулявальную ўстойлівую сістэму, у заказнік з Нідэрландаў нядаўна былі завезены тарпанападобныя коні. З'ядаючы расліннасць, яны, як грэйдары, выраўноўваюць покрыва на гэтай тэрыторыі, утвараючы зялёны лужок, дзе пазней змогуць харчавацца зубры.

— Калі сістэма зможа падтрымліваць гэтыя тэрыторыі ў належным стане без удзелу чалавека, пры дапамозе тэхнікі мы зможам займацца ачысткай іншых тэрыторый, — падкрэсліў Васіль Гуркоў.

Ужо гэтай восенню ў заказніку ўстановяць спецыяльна закупленыя праектам фотапасткі, якія дазволяць ацэньваць паводзіны зуброў у зімовы перыяд і адсочваць, як яны будуць асвойваць падрыхтаваныя для іх тэрыторыі.

Генетычны пашпарт для зубра

У рамках праекта «Ветландс» у заказніку «Налібоцкі» праводзіцца генетычнае даследаванне налібоцкай мікрапапуляцыі зуброў. Спецыялісты НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах узялі біяпробы ў зуброў, што жывуць вольна, з іх была паспяхова выдзелена ДНК для далейшага аналізу. Вучоныя параўнаюць атрыманыя вынікі з базамі даных, створанымі ў Еўропе, каб ацаніць, якія генетычныя праблемы існуюць у зуброў, што жывуць у «Налібоцкім», і вызначыць неабходнасць генетычнага аздараўлення гэтай мікрапапуляцыі.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота з архіва ПРААН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.