Вы тут

Што пакажуць беларусы на Форуме выдаўцоў у Львове?


У старажытным украінскім Львове з 18 да 22 верасня пройдзе 26-ы Форум выдаўцоў. Па традыцыі ўдзел у прэстыжным свяце кнігі возьме і дэлегацыя Беларусі. Мы звярнуліся да яе кіраўніка — генеральнага дырэктара Паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа Ігара МАЛАНЯКА з просьбай расказаць пра ўдзел у форуме, пра тыя праекты, з якімі беларусы едуць ва Украіну.


— Ігар Мікалаевіч, з якімі спадзяваннямі выпраўляецеся ў Львоў?

— Стэнд «Кнігі Рэспублікі Беларусь» мае быць досыць запатрабаваным, вартым увагі. З тых тысяч кніг, якія пабачылі свет у айчынных выдавецтвах за 2018, 2019 гады, мы адабралі для прадстаўлення ў суседняй краіне шмат пазнавальных, асветніцкіх выданняў, шмат кніг, альбомаў, якія б расказалі пра Беларусь ва ўсёй красе, ва ўсёй прыгажосці, адлюстравалі сённяшні стан сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, паказалі нашых людзей. Дарэчы, хацеў бы звярнуць увагу і на тое, што мы вязём у Львоў і кнігі ўкраінскіх аўтараў, якія пабачылі свет у Мінску ў перакладзе на беларускую мову. Напрыклад, выдатны раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл». Дарэчы, твор стаў выдавецкай падзеяй у Беларусі. Кнігу ўжо прадстаўлялі і выдавец спадар Андрэй Янушкевіч, і сама аўтарка ў Міры ў Карэліцкім раёне, дзе Міністэрства інфармацыі краіны ладзіла свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку». Спадзяюся, што супрацоўніцтва ўкраінскай пісьменніцы з беларускімі выдавецтвамі будзе досыць плённае. Нядаўна ў Мінску выдавец Зміцер Колас у сваёй знакамітай серыі «Паэты планеты» выдаў кнігу вершаў Сяргея Жадана «Вершы». Перакладчык — Андрэй Хадановіч. А ў «Колорграде» пабачыў свет беларускі зборнік паэзіі Таццяны Дзюбы і Сяргея Дзюбы «Горад Зіма». Пераклад з украінскай мовы належыць Міхасю Пазнякову.

А наш Паліграфічны камбінат летась выдаў зборнік паэзіі «На арэлях натхнення», адкрыўшы ім серыю «Сябрына: паэзія Украіны». І гэтую кнігу мы сёлета таксама прэзентуем у Львове. Тым больш што ў ёй прадстаўлены пераклады твораў заходнеўкраінскіх паэтаў. І яшчэ зусім нядаўна мы выдалі беларускі пераклад аповесці кіеўскага празаіка Уладзіміра Даніленкі «Сонейка маё, чорнае і калматае». Раю прачытаць гэты твор усім падлеткам і іх бацькам. Вельмі цікава падаецца свет узаемаадносін розных пакаленняў.

— Ці дае львоўскі кніжны форум падставы для развіцця пэўных стасункаў у галіне паліграфіі, кнігавыдання, у справе прыцягнення інвестыцый у выдавецкую справу ў Беларусі?

— Гэта ці не самая галоўная задача, з якой мы едзем ва Украіну. У апошні час многія сувязі разладзіліся. Нават згубілася тое, што яшчэ літаральна дзесяць гадоў таму дапамагала нам выбудоўваць адносіны з калегамі з розных краін. Праўда, для вырашэння пытанняў імпартазабеспячэння сувязі дастатковыя — у плане набыцця самых розных матэрыялаў, абсталявання. А вось з замовамі на выпуск і продаж прадукцыі куды складаней. Таму, несумненна, будзем шукаць партнёраў. Як сярод паліграфістаў, так і сярод выдаўцоў, кнігагандляроў. Адно з нашых дасягненняў — выданне кніг шрыфтам Брайля для сляпых. Будзем шукаць замовы на гэтым кірунку.

— Украіна — досыць блізкая да нас краіна-суседка. І канешне ж, развіццю, умацаванню стасункаў характару эканамічнага, дзелавога супрацоўніцтва магла б паспрыяць дыпламатыя культурная, гуманітарная, творчая...

— І я таксама ўпэўнены ў яе вартасцях. Таму мы падрыхтаваліся і раскажам украінскім калегам пра тое, наколькі іх мастацкая літаратура выклікае цікавасць нашых пісьменнікаў, наколькі часта да перакладаў украінскай паэзіі, прозы звяртаюцца нашы часопісы «Полымя», «Маладосць», газета «Літаратура і мастацтва».

Львоўскі кніжны форум уражвае тым, што многія яго мерапрыемствы праходзяць за межамі выстаўкі — у музеях, бібліятэках, розных галерэях і тэатрах. І мы паспрабуем узяць гэты вопыт на ўзбраенне, каб нешта новае пасля прыйшло і на нашу Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш.

— Поспехаў, Ігар Мікалаевіч, у знаёмстве з Львовам кніжным! А ў дадатак да новых уражанняў — і новых стасункаў, якія паспрыяюць развіццю кніжнай Беларусі!

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».