Вы тут

Каля 3,7 мільёна чалавек сёлета плануецца прышчапіць у Беларусі ад грыпу


Вакцынацыя пачнецца ўжо з кастрычніка, каб да студзеня—лютага, калі вірус становіцца найбольш актыўным, сфарміраваўся імунітэт. Абавязкова прышчэпкі атрымаюць людзі з груп рызыкі — дзеці і пажылыя, пацыенты з цяжкімі хранічнымі захворваннямі, медработнікі і іншыя.


— Вакцынацыю пачнём, як толькі вакцына выйдзе з лабараторнага кантролю. Магчыма, нават у канцы верасня. Для фарміравання імунітэту неабходна ад 7 да 21 дня, — расказвае загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка ВЫСОЦКАЯ.

Імунітэт захоўваецца на 6—12 месяцаў, таму, нават калі вы прышчапляліся супраць грыпу летась, сёлета працэдуру варта паўтарыць. Тым больш што цяпер склад вакцын прыйшлося абнавіць з-за мутацый вірусаў групы А.

— Сусветная арганізацыя аховы здароўя адсочвае, якія вірусы грыпу цыркулююць на планеце, каб высветліць іх антыгенныя характарыстыкі і зразумець, якую вакцыну прымяняць. Звычайна рэкамендацыі на наступны сезон даюць у лютым, бо каб напрацаваць неабходны аб'ём вакцыны, патрэбна тры месяцы. Сёлета Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўпершыню ўзяла паўзу, і толькі ў канцы сакавіка мы атрымалі рэкамендацыі. Бо вірусы групы А, сустракаючыся з імуннай праслойкай чалавека, муціравалі. Таму вакцына супраць іх была зменена. Прагназуецца, што ў нас па-ранейшаму будуць цыркуляваць вірусы групы А — H1N1 і H3N2 і вірусы групы В, — паведаміла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля ШМЯЛЁВА.

Вакцынацыя ў гэтым сезоне будзе праводзіцца, як і летась, трохвалентнай і чатырохвалентнай вакцынамі. За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў прышчапляць будуць расійскай вакцынай «Грыпол плюс» (ужо закуплена 1,5 мільёна доз па 1,5—2 рублі), за сродкі прадпрыемстваў і грамадзян — вакцынамі «Ваксігрып», «Ваксігрып тэтра» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды). Каштаваць такая прышчэпка трохвалентнай вакцынай будзе ў сярэднім ад 10 да 18 рублёў.

На думку спецыялістаў, вырабляць уласную вакцыну ў Беларусі немэтазгодна.

— У нас невялікая краіна. А працэс вытворчасці вакцыны дастаткова затратны. Каб вырабляць такую прадукцыю, патрэбны выхад на іншыя рынкі, а яны ўжо заняты. Каб вытворчасць вакцыны ў Беларусі акупілася, патрэбна не менш за 50 гадоў, — выказала меркаванне намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН.

Каля 40 % насельніцтва зрабілі прышчэпкі ад грыпу летась. У тым ліку
75 % з груп рызыкі.

— Мы прышчапілі каля 3,7 мільёна чалавек, у тым ліку 950 тысяч дзяцей. Эфектыўнасць сучаснай вакцыны ад грыпу складае ад 70 да 98 %. Гэта значыць з сотні прышчэпленых 70—98 чалавек не захварэе, — тлумачыць Вераніка Высоцкая. — Тыя, хто захварэў, маюць лёгкае цячэнне грыпу. Мы прааналізавалі мінулы сезон: сярод прышчэпленых захваральнасць у 12,3 раза ніжэйшая, чым у тых, хто не вакцыянаваўся. А 98,2 % з тых, хто захварэў на грып, прышчэпку не рабілі.

Спецыяліст паведаміла, што пяты сезон у Беларусі няма эпідэміі грыпу. Захваральнасць складае 10—16 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

Толькі вакцынацыя з'яўляецца спецыфічнай прафілактыкай грыпу. Неспецыфічныя сродкі ў барацьбе з інфекцыяй — стандартныя правілы здаровага спосабу жыцця. Гэта захаванне рэспіраторнага этыкету, каб не дапусціць распаўсюджання віруса; выкарыстанне аднаразовых папяровых насовак. У сезон пад'ёму захваральнасці лепш не знаходзіцца ў месцах збору людзей, не наведваць масавыя мерапрыемствы, па магчымасці не ездзіць у грамадскім транспарце. Часцей мыць рукі, паласкаць поласць рота і прамываць нос, паболей знаходзіцца на свежым паветры і часцей праветрываць пакой. Лекавыя метады прафілактыкі варта выкарыстоўваць толькі па рэкамендацыі ўрача. Імунастымулятары не прайшлі клінічныя выпрабаванні, і іх эфектыўнасць не даказана. Толькі ўрач можа меркаваць, што ў вас маецца імунадэфіцыт, і прызначыць такія сродкі.

— Мяне заўсёды здзіўляюць маладыя матулі, якіх у сезон захваральнасці ў аптэцы шмат, і яны ўсе набываюць імунамадулятары. Вы не ведаеце, у якім стане зараз знаходзіцца імунная сістэма дзіцяці, і тут важна не нашкодзіць. Дапамагчы такія сродкі наўрад ці змогуць, — падкрэсліла Іна Карабан.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сезон захваральнасці не за гарамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».