Вы тут

Сітуацыя з адзёрам у Еўропе застаецца напружанай


У Беларусі з пачатку года зафіксавана 199 выпадкаў гэтай інфекцыі (летась за ўвесь год іх было 264).


У ліку выяўленых сёлета выпадкаў 56 — завозныя, астатнія — звязаныя з імі. Як вядома, адзёр валодае, бадай, адным з самых высокіх паказчыкаў кантагіёзнасці і лёгка перадаецца. Калі ў навакольных няма прышчэпкі, а адпаведна і імунітэту, верагоднасць захварэць вельмі вялікая. Але выпадкі адру ў нашай краіне, дзякуючы сфарміраванай імуннай праслойцы (прышчэпкі мае 97—98 % беларусаў), не сталі масавымі. Ланцужок звычайна складаўся з 1—2 захварэлых.

Як паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН, захворванне рэгістравалася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Сярод захварэлых 71 % — дарослыя, астатнія — дзеці. Каля 54 % тых, хто перанёс адзёр, або не мелі прышчэпак ці даных пра іх, або мелі адну прышчэпку (імунітэт фарміруецца, як правіла, пасля дзвюх), астатнія былі вакцыянаваныя.

З пачатку 2018-га да ліпеня 2019 года адзёр выяўлялі ў жыхароў 49 з 53 краін Еўрапейскага рэгіёна. Захварэла 174 тысячы чалавек, з іх 100 хворых памерла. Характэрна, што ў 2019 годзе гэту інфекцыю перанесла ўжо 90 тысяч еўрапейцаў, што сведчыць пра больш імклівае, чым летась, распаўсюджанне адру. Найбольшая колькасць захварэлых ва Украіне — 54 тысячы, у Казахстане — 8,8 тысячы, Грузіі — 4 тысячы, Расіі — 3 тысячы, Турцыі і Францыі — па дзве тысячы, Польшчы і Балгарыі — па тысячы. Ва Украіне сёлета ад адру памерла 19 чалавек, а з пачатку эпідэміі — 39.

Вакцынацыя ад адру пачалася ў нас з 1967 года. Тады рабілі адну прышчэпку. З 1987 года прынята рашэнне рабіць другую прышчэпку монавакцынай. А з 1996 года дзяцей у Беларусі пачалі прышчэпліваць трохкампанентнай вакцынай (адзёр, паратыт, краснуха). З 2000 года краіна цалкам перайшла на трохвалентную вакцыну. Дзеці прышчапляюцца двойчы: у гадавалым і шасцігадовым узросце.

Да 1967-га на адзёр штогод на тэрыторыі Беларусі хварэла 50—80 тысяч чалавек. Лічыцца, што людзі, якія перанеслі гэту інфекцыю аднойчы, больш на яе не захварэюць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Хуткі і небяспечны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.