Вы тут

Беларусь і ЗША ўпершыню з 2008 года абмяняюцца пасламі


Аб гэтым падчас перамоў з Прэзідэнтам Беларусі заявіў намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл.


Дэвід Хэйл перадаў прывітанне ад Дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампео, які направіў яго для прысутнасці на значнай падзеі для дзвюх краін: «Пасля нашай сустрэчы мы будзем рабіць аб’яву пра тое, што мы будзем абменьвацца пасламі пасля сканчэння такой колькасці гадоў без паслоў. Мы згодны з вамі, што такое палажэнне рэчаў ненатуральнае, ненармальнае, і мы рады, што гэты раздзел заканчваецца», — сказаў Дэвід Хэйл.

Ён адзначыў дасягненні Беларусі і выказаў рашучасць дапамагчы краіне на гэтым шляху. 

«Мы гэта робім не для спаборніцтва з нейкай іншай дзяржавай, а ў мэтах таго, каб патэнцыял нашых адносін быў рэалізаваны ў поўнай меры, і таксама таму што нам вельмі дарагі гэты рэгіён і мы вельмі ўважліва адносімся да пагроз бяспецы, і таму што мы вельмі падтрымліваем суверэнітэт і незалежнасць Беларусі», — заявіў намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША.


Прэзідэнт упэўнены, што ўрэгуляваць канфлікт ва Украіне немагчыма без удзелу ЗША

«Я абсалютна ўпэўнены, што без удзелу Злучаных Штатаў Амерыкі гэты канфлікт урэгуляваць не атрымаецца. Гэта азбука дыпламатыі: калі не атрымліваецца ў перамоўшчыкаў нешта, трэба падключаць новыя сілы, новыя ідэі павінны з’явіцца. Думаю, што Злучаныя Штаты Амерыкі маглі б садзейнічаць урэгуляванню гэтага канфлікту», — канстатаваў беларускі лідар.

Гэта не першы візіт у Мінск высокапастаўленых палітыкаў Злучаных Штатаў Амерыкі. У канцы жніўня Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Джонам Болтанам, ужо былым саветнікам па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША. Нагадаем, тады кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сустрэча гістарычная і прапанаваў пачаць адносіны краін з новага ліста. На перамовах абмяркоўвалі розныя тэмы, але разам з тым да канкрэтных рашэнняў не прыйшлі. Сустрэча з Дэвідам Хэйлам чым не яшчэ адзін знак, што амерыканскі бок таксама згодны перагарнуць старонку і пачаць пісаць новую гісторыю двухбаковага ўзаемадзеяння?

«Спадар Хэйл, прыемна вас бачыць не толькі тут у Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што Злучаныя Штаты нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь. У гэтыя складаныя часы ваш інтарэс да гэтага рэгіёна абнадзейвае», — прывітаў Аляксандр Лукашэнка госця.

Прэзідэнт адзначыў, што Еўропа і планета ў цэлым перажываюць няпростыя, складаныя часы і бывае, што ва ўскладненні абстаноўкі абвінавачваюць ЗША. «Але мы добра разумеем, што не бывае так у жыцці, каб адзін нехта быў вінаваты, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Мабыць, тут мы ўсе вінаватыя, што складваецца такая сітуацыя ў свеце». 

Візіт Дэвіда Хэйла прадаставіць магчымасць беларусам і кіраўніцтву дзяржавы больш аб’ектыўна паглядзець на свет, зыходзячы з той інфармацыі, якую разлічвае атрымаць Аляксандр Лукашэнка ад госця.

Прэзідэнт паведаміў, што Беларусь як удзельніка Дамовы аб ракетах малай і сярэдняй далёкасці цікавіць нядаўняя інфармацыя, што ні НАТА, ні Расія не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтую зброю. «Я, у сваю чаргу, нядаўна сказаў пра тое, што мы ні ў якім разе не будзем ініцыятарамі нядобрых спраў па разбурэнні гэтага Дагавору. І больш таго, мы ніколі не станем такія ракеты размяшчаць на тэрыторыі Беларусі для таго, каб ускладняць абстаноўку, калі гэта не пагражае нашай бяспецы. Але гэтыя дзве заявы злева і зправа, з Захада і з Усхода запэўніваюць мяне ў тым, што нам, Беларусі, не прыйдзецца прыбягаць да гэтых крайніх мераў. На гэта ў нас няма ні жадання, ні лішніх грошай, таму што гэта нятаннае мерапрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу: у сучасным свеце ненармальна, калі дзве дзяржавы, якія калісьці ваявалі супраць аднаго ворага, сёння маюць такія слабыя адносіны. «Мы канечне будзем рабіць усё, для таго, каб нашы адносіны развіваліся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Намеснік Дзяржсакратара ЗША: «Мы не просім Беларусь рабіць выбар паміж Усходам і Захадам»

Намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША таксама правёў перамовы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Пасля гэтага Дэвід Хэйл і кіраўнік беларускага МЗС выступілі з заявамі для журналістаў.

«Мы абмеркавалі шырокі спектр міжнародных адносін, у тым ліку і самыя чуллівыя пытанні — палітычныя, аб правах чалавека і пытанні эканамічнага дыялогу. І павінен канстатаваць, што сённяшнія перамовы прайшлі ў атмасферы абсалютнай адкрытасці і ўзаемнага даверу», — паведаміў Уладзімір Макей.

Абмеркавалі дыпламаты не толькі сучасны стан узаемадзеяння, але і перспектыўныя сферы, якія дапамогуць выйсці партнёрству на новы ўзровень. Па словах кіраўніка галоўнага знешнепалітычнага ведамства Беларусі, палітык такога высокага рангу з Дзяржаўнага дэпартамента ЗША прыязждае да нас упершыню за 25 гадоў.

«Ёсць адчуванне таго, што ўзаемнае прадстаўніцтва дзвюх краін у Вашынгтоне і Мінску на ўзроўні часовых павераных у справах ужо не адказвае рэаліям сённяшняга дня і патрабуе карэкціроўкі. І больш высокі ўзровень прадстаўніцтва мог бы дазволіць эфектыўней рэалізаваць тыя магчымасці, якія сёння адкрываюцца перад нашымі краінамі», — упэўнены міністр замежных спраў. 

Па выніках перамоваў Уладзімір Макей адзначыў агульную зацікаўленасць у далейшым паглыбенні развіцця двухбаковых адносін, і выказаў гатоўнасць далей рухацца ў гэтым кірунку.

Па словах Дэвіда Хэйла, сёння гістарычны момант у беларуска-амерыканскіх адносінах: «Я рады прыняць удзел у абвяшчэнні нашай гатоўнасці да абмену пасламі як наступнага кроку па нармалізацыі нашых стасункаў. Злучаныя Штаты застаюцца прыхільнікамі падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, дзе наступныя пакаленні будуць мець паспяховую будучыню».

Амерыканскі бок таксама вітае пашырэнне супрацоўніцтва ў пытаннях нераспаўсюджвання, бяспекі на мяжы, эканоміцы і абмену інфармацыі ў сферы агульнай бяспекі.

«Нармалізуючы нашы стасункі, мы не просім Беларусь рабіць выбар паміж Усходам і Захадам. Злучаныя Штаты паважаюць жаданне Беларусі вызначаць свой уласны шлях і рабіць уласны ўнёсак у мір і стабільнасць у рэгіёне», — сказаў намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТАhttp://www.belta.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.