Вы тут

Ці чакаць святла ў тунэлі?


Усё пачынаецца з… жанчыны. Бо менавіта яна прыносіць у свет новае жыццё. Дорыць гэтаму свету часцінку сябе, а нярэдка і ўсю сябе цалкам, без астатку. Дый так званы працэс эвалюцыі не адбыўся б без яе ўдзелу. Калі б не прыродная цікавасць Евы, і дасюль бы біблейскі Адам заставаўся недаразвітым дзікуном і маўклівым суразмоўнікам маўпаў. Зрэшты, мужчына так і застаўся дзікуном, бо толькі дзікуны маглі прыдумаць войны, бойкі ды насілле. Бо часта галоўны закон для «моцнай» паловы чалавецтва — сіла... Жанчына — развіццё думкі, мыслення, гуманнасці, дабрыні, святла і прыгажосці. Таму невыпадковай і знакавай з’явай стала ўзнікненне кніжнай серыі «Жаночыя лёсы», запачаткаванай выдавецтвам «Чатыры чвэрці».


Адкрывае серыю раман Сяргея Кулакова «Калі не позна дараваць (Когда не поздно простить)». Пісьменніка ведаюць як аўтара шматлікіх твораў пра так званых сапраўдных мужчын: спецназаўцаў, ГРУшнікаў, сышчыкаў, чыё прызначэнне — несці ў свет сваю справядлівасць агнём і мячом. Яго новы раман — з зусім іншай «оперы» і нічога агульнага з мужчынскай агрэсіяй папярэдніх твораў не мае.

Гэта даволі падрабязная гісторыя некалькіх дзён з жыцця пяцідзесяцігадовай, але яшчэ прывабнай жанчыны Рымы, якая знешне выглядае гадоў на трыццаць, мае маладзейшага за сябе на дзесяць гадоў каханка і працуе аператарам кацельнай аднаго з камбінатаў (зрэшты, твор не прывязаны ані да назваў, ані да адмысловага часу, ані да канкрэтнага горада і краіны, што дае падставу для тыпізацыі і абагульнення; падобная гісторыя магла адбыцца дзе заўгодна з любой жанчынай).

Нярэдкая жыццёвая сітуацыя, якую апісвае аўтар: муж ёсць, але няма да яго пачуццяў, няма і больш блізкіх, чым проста суседскія, адносін з ім. Мара здзейснена: багата абсталяваная кватэра на чацвёртым паверсе з трохметровымі столямі, забяспечаны ўсе матэрыяльныя патрэбы. Але ж з духоўнымі, эмацыянальнымі, душэўнымі — праблема: суцэльная пустэча ў межах уласных сцен. Адзінае, дзе яны судакранаюцца з мужам, — гастранамічны бок: яна цудоўна гатуе, ён з задавальненнем спажывае ёю прыгатаваныя стравы. Нашмат больш агульнага ў Рымы з катом — дужа разумным стварэннем, які хіба што не гаворыць, і таксама гастранамічны гурман. Яшчэ ёсць сын-студэнт, які жыве разам з імі і завочна вучыцца на праграміста, хоць вучоба не прыносіць яму ніякага духоўнага спажытку, і дачка, у якой свая сям’я. У дадатак да ўсяго Рыма мае п’яніцубрата і слабую здароўем маці... Усё як і ў многіх. Траціну твора займаюць падзеі вытворчага плана, якія нічога агульнага, аднак, не маюць з так званымі вытворчымі раманамі літаратуры ранейшых часоў, хаця спроба паказаць паводзіны сучаснага чалавека на вытворчасці (у дадзеным варыянце — у кацельнай) неблагая і цікавая. Аўтар не зацыкліваецца на ёй, але дае зразумець: галоўная гераіня ажывае менавіта на працы, бо тут яе каханы чалавек, негаваркі вярзіла, з якім, тым не менш, яна пачуваецца шчасліваю, тут яе сяброўкі, у кожнай з якіх свой нялёгкі лёс і крыж і нават сэнс...

Аднак не ўсё так гладка, як здаецца спярша. Аўтар інтрыгуе чытача алегорыяй з марозам (падзеі адбываюцца ў лютым) і амаль веснавой слотай. Справа ў тым, што пакуль трымаліся маразы, было ўсё добра і ў Рымы. Суровасць прыроды атаясамлівалася і з характарам жанчыны. Але як толькі тэмпература надвор’я павысілася і пачалася адліга — пацякло, як туш з вачэй, і непарушнае, здавалася, становішча дабрабыту ў жыцці Рымы. Непаразуменні з каханкам нагадвалі ці не разрыў, скандалы з мужам пагражалі руйнаваннем матэрыяльнага становішча. Муж намерваецца сысці з высокааплатнай працы, сяброўкі і нават маці з дачкой, бы згаварыўшыся, называюць Рыму злою...

Але ж ці такая яна? Гэта вырашаць чытачам. Толькі дробная дэталь да разумення яе душы: выпадкова наведаўшы занядбаную царкву на ўскрайку мястэчка, жанчына пабачыла там ікону з лікам на ёй, дужа падобным на добры твар бабулі з дзяцінства. Адно гэта вымусіла Рыму перагледзець сваё стаўленне да жыцця, людзей і, галоўнае, да сябе самой. І тады зноў надвор’е вяртае маразы ды ўпэўненасць у непарушнасці зімы, а да Рымы вяртаецца яе жыццё, да якога звыкла, да якога імкнулася ўвесь свой шлях…

Не лёс кіруе чалавекам, а чалавек выбірае сабе дарогу, і паводзіны на той дарозе залежаць толькі ад чалавека, сцвярджае аўтар на старонках кнігі. Рыма разумее, што павінна дараваць усім, але ў першую чаргу — сабе... Жанчына прагне зменаў, бо ўсведамленне застою, свайго існавання ў гэтым застоі, хоць і запознена, але накрывае яе як покрыва — з галавой, пад якім яна не хоча больш хавацца. У апошніх радках твора аўтар дае магчымасць гераіні на спадзеў быць сапраўднай жанчынай — яна гатовая змяняцца і змяняць свет вакол сябе. Каму, як не ёй, і стаць святлом для тых, вакол каго — толькі шэрасць і змрок? Якое так патрэбна ўбачаць у канцы тунэля?

Раман Сяргея Кулакова ў першую чаргу для жанчын. Але якасцю ён на парадак вышэйшы, чым так званыя жаночыя раманы ў мяккай вокладцы кішэннага фармату, якія годныя адно для чытання ў дарозе, каб неяк забіць час, — бо глыбока псіхалагічны. Ён адрасаваны ўдумліваму чытачу, нераўнадушнаму да слова, дэталізацыі падзей і паводзін. Дзякуючы зайздроснай назіральнасці пісьменніка, міжволі вяртаешся да трапных параўнанняў і алегорый, каб лішні раз пасмакаваць прачытанае, заўважанае аўтарам і захаванае ў творы.

Хочацца верыць, што серыя «Жаночыя лёсы», якая стартавала з даволі моцнага выдання, вытрымае ўсе перашкоды кніжнага рынку і ніколі не расчаруе сваіх чытачоў; што кожная новая кніга будзе лепшая за папярэднюю...

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​