Вы тут

У Гродне тры дні доўжылася юбілейная выстаўка-кірмаш «Еўрарэгіён — Нёман — 2019»


Дваццаты раз горад стаў цэнтрам для сустрэч і перагавораў шырокага кола бізнес-партнёраў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі гандлёва-эканамічных службаў дыпламатычных прадстаўніцтваў трыццаці краін свету, акрэдытаваных у Беларусі. Падпісаны экспартныя кантракты на 20 мільёнаў долараў. Новым кірункам правядзення кірмашу-выстаўкі стала работа шматлікіх секцый і адукацыйных сесій.


У эпіцэнтры форума

Спартыўны комплекс «Нёман» на тры дні ператварыўся ў выставачна-гандлёвую пляцоўку, дзе сваю прадукцыю дэманстравалі больш за 160 вытворцаў як Гродзенскага рэгіёна, так і замежжа.

Вялікая экспазіцыя была размешчана як на адкрытай, так і на закрытай пляцоўцы стадыёна. Тут можна было ўбачыць прадукцыю сельскай гаспадаркі, хімічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці, машынабудавання, будаўніцтва і архітэктуры, а таксама сферы паслуг.

За 20-гадовую гісторыю межы форума значна пашырыліся. Калі напачатку інтарэс да яго ў асноўным праяўлялі краіны-суседкі, то сёлета тут сустракалі гасцей з Вялікабрытаніі, Індыі, Лівіі, В'етнама, Францыі, Германіі, Парагвая, Бельгіі, ЮАР і многіх іншых краін. Усяго прыехалі дэлегацыі 30 краін свету.

Традыцыйным стала кітайскае прадстаўніцтва, пры гэтым колькасць правінцый-удзельніц павялічваецца. Сёлета далучылася дэлегацыя правінцыі Хайнань. У межах форума прайшлі перагаворы аб бесперасадачных авіяпералётах паміж Гродна і сталіцай правінцыі.

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Гродна і польскім горадам Скаржыска-Каменна, які можа стаць прэзентацыйнай пляцоўкай для гродзенцаў на тэрыторыі Свентакшыскага ваяводства Польшы.

Гасцей з расійскага Ніжняга Ноўгарада зацікавіла сувенірная прадукцыя, у прыватнасці вышыванкі з лёну, льняныя лялькі, а таксама іншыя сувенірныя вырабы.

Абмеркавалі трансгранічныя праекты

Турыстычны павільён стаў адным з самых папулярных на кірмашы. Тут можна было даведацца пра шырокі спектр турыстычных паслуг у рамках бязвізавай зоны.

Упершыню разам з дэманстрацыяй патэнцыялу працавала секцыя трансгранічнага супрацоўніцтва. Многія ўдзельнікі падзяліліся сваімі напрацоўкамі, расказалі пра праекты, якія здзейснілі апошнім часам. Напрыклад, створаны турыстычна-інфармацыйны цэнтр, распрацавана і вызначана 11 турыстычных маршрутаў, выдадзены даведнікі і карты.

Гродзенскі рэгіён паспяхова ўдзельнічае ў трансгранічных праграмах. Менавіта адсюль паступае больш за ўсё заявак. У першым конкурсе выйграла 14 праектаў ад 19 арганізацый вобласці. Цяпер атрымалі падтрымку праекты ў галіне спорту, культуры, аховы здароўя, адукацыі і іншых. Буйныя праекты рэалізуюцца Гродзенскай рэгіянальнай мытняй і абласным упраўленнем МНС. У хуткім часе будзе запушчаны наступны праграмны перыяд на 2021—2027 гады. Новыя праекты рыхтуюць з горадам над Нёманам і літоўскія суседзі з Алітуса. Разам яны працуюць ужо 10 гадоў і маюць напрацоўкі на новую праграму.

Таксама ў межах форуму падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскай вобласцю і Падляскім ваяводствам Польшчы ў сферы турызму.

Аформіць дагавор і перакінуць патокі

Каб паспяхова гандляваць, трэба яшчэ і правільна аформіць знешнегандлёвы дагавор. Таму ў межах кірмашу адбылася першая адукацыйная сесія, дзе прадстаўнікі Гродзенскага філіяла Беларускай гандлёва-прамысловай палаты патлумачылі ўсе нюансы заключэння дагавораў, асаблівасці правядзення біржавога гандлю, выкарыстання электронных гандлёвых пляцовак.

— Ёсць выпадкі, калі пры няправільным заключэнні дагавора і невыкананні яго ўмоў узнікаюць фінансава-эканамічныя праблемы, страты, беларускім суб'ектам гаспадарання наносіцца значная шкода, — зазначыў прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Рак. — Таму варта добра арыентавацца ў нормах заканадаўства.

Увага аддавалася механізмам электроннага біржавога гандлю, рабоце адпаведных пляцовак. Па выніках сесіі шэраг прадпрыемстваў выказаў жаданне акрэдытавацца на біржы. Яшчэ адна сесія была прысвечана пытанням дыверсіфікацыі рынкаў збыту беларускіх тавараў у краіны Афрыкі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Кірмаш на памежжы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.