Вы тут

Дом гандбола адкрыўся ў Мінску


Новы спартыўны цэнтр размясціўся па вуліцы Бурдзейнага ў Фрунзенскім раёне, які небагаты на спартыўныя збудаванні. Будаўніцтва комплексу пачалося ў верасні 2017 года, а ўведзены ў эксплуатацыю ён быў ужо 29 снежня 2018 года.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

Ініцыятарам будаўніцтва цэнтра стала Беларуская федэрацыя гандбола, якая лічыць, што з'яўленне профільнага аб'екта ў густанаселеным раёне сталіцы дазволіць сур'ёзна палепшыць сітуацыю з рэзервам, папулярызаваць гандбол і ўдасканаліць сістэму падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа па гандболе на ўзроўні вышэйшага звяна. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дома гандбола прысутнічалі ганаровыя госці: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, легендарны айчынны трэнер Спартак Мірановіч, алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Каршакевіч, Юрый Шаўцоў, Канстанцін Шаравараў, Андрэй Барбашынскі, шасціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў Сяргей Рутэнка, а таксама міністр спорту і турызму краіны Сяргей Кавальчук, старшыня Федэрацыі гандбола Беларусі Уладзімір Канаплёў і старшыня Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасан Мустафа.

Сяргей Кавальчук выказаў упэўненасць у тым, што новы спартыўны аб'ект дазволіць айчыннай школе гандбола зрабіць якасны крок наперад. «Апошнім часам Мінск становіцца арэнай для важных міжнародных падзей, такіх як Еўрапейскія гульні або лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША. Адкрыццё Дома гандбола — не такое маштабнае мерапрыемства, аднак для развіцця беларускага спорту ў цэлым і гандбола ў прыватнасці яно не менш істотнае. Сваімі гучнымі перамогамі на міжнароднай арэне нашы гандбалісты заслужылі з'яўленне такога аб'екта», — адзначыў міністр.

Комплекс уключае гульнявую пляцоўку плошчай 1,2 тыс. кв. м з трыбунамі на 250 гледачоў, трэнажорную залу, залу гімнастыкі, адміністрацыйны корпус з душавымі, распранальнямі, пакоямі трэнераў. Гандбольны цэнтр разлічаны для трэніровак як дзіцячых камандаў, так і нацыянальных зборных. Яго паркет, які, дарэчы, выбіраў сам Сяргей Рутэнка, ужо апрабавала мужчынская зборная краіны. Уладзімір Канаплёў адзначыў, што падобнае пакрыццё было выкарыстана на Алімпійскіх гульнях, яно бяспечнае для спартсменаў і зніжае магчымасць атрымання траўмы. «Пабудаваць аб'ект было няпроста, ён каштаваў тры з невялікім мільёны долараў, хоць было разлічана, што давядзецца выдаткаваць на яго больш за чатыры мільёны. Гэта значыць, у нас яшчэ засталіся грошы на тое, каб мы змаглі пабудаваць комплекс для гульні ў пляжны гандбол. Ён якраз будзе каштаваць крыху больш за мільён долараў», — расказаў Уладзімір Мікалаевіч.

Невыпадкова, што на адкрыцці Дома гандбола ў Мінску пабывалі кіраўнік Міжнароднай федэрацыі Хасан Мустафа і генеральны сакратар Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі Марцін Хаўстляйнэр. У 2026 годзе Мінск разлічвае правесці чэмпіянат Еўропы па гандболе, сустрэча Сяргея Кавальчука з гасцямі — першы крок у гэтым кірунку. Хасан Мустафа і Марцін Хаўстляйнэр азнаёміліся з інфраструктурай Мінска і падзяліліся сваімі цёплымі ўражаннямі ад нашай краіны. «Я быў у Мінску 12 гадоў таму і цяпер уражаны ўбачаным. Мінск змяніўся, і я віншую Беларусь з тым, што тут з'явіліся такія добрыя ўмовы для жыцця і заняткаў спортам. Ведаю, што ў вашай краіне прайшло шмат буйных турніраў, я ўпэўнены, у далейшым колькасць такіх падзей будзе толькі павялічвацца», — адзначыў Хасан Мустафа.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Паркет для Алімпіяды, умовы для чэмпіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.