Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: У парламенце павінны быць прадстаўлены ўсе слаі грамадства


Прэзідэнт Беларусі сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.


Размова зайшла як пра папярэднія вынікі работы ніжняй палаты беларускага парламента шостага склікання, так і пра будучы склад парламента.

«У нас застаўся шэраг найважнейшых пытанняў, якія мы не можам не разгледзець сённяшнім складам (Палаты прадстаўнікоў — „Звязда“). Так было заўсёды. Мы ўступаем у новы год — фінансавы, эканамічны — як заўгодна яго можна называць. Досыць важны палітычны перыяд перажываем, ці тое яшчэ будзе ў наступным годзе! Таму нам надзвычай неабходна разгледзець і прыняць асноўныя планава-фінансавыя дакументы на будучы год: прагноз развіцця і бюджэт», —абазначыў галоўную тэму гутаркі кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў практыку сумеснай работы над бюджэтнымі законапраектамі дэпутатаў, профільнай парламенцкай камісіі разам з Саветам Міністраў і міністэрствам фінансаў і папрасіў актывізаваць гэту работу. «На фінішы трэба бегчы больш хутка і прыгожа. Каб гэта запомнілася людзям», — прывёў ён аналогію.

Прэзідэнт выказаў пажаданне сустрэцца з дзеючымі парламентарыямі, каб падзякаваць ім. «Вельмі правільна многія спецыялісты кажуць: усё, што мы зрабілі, гэта зроблена не толькі Прэзідэнтам. Лёс такі ва ўсіх, што звычайна гэта асацыіруюць з першай асобай, але ж працаваў не толькі Лукашэнка, Андрэйчанка, Мясніковіч, Качанава і іншыя. Працавалі ж тысячы людзей. І перш за ўсё, парламентарыі»,— патлумачыў ён, маючы на ўвазе галоўнае дасягненне — стабільнасць.

«Мы памятаем, што рабілася ў першым нашым незалежным парламенце, што было ў другім, калі браць гады суверэннай Беларусі. І гэта ўсё ўкідвалася ў сферу жыцця людзей. Гэта не толькі нервавала нашых людзей, але і было для некага дрэнным прыкладам», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Парламент вельмі вялікую ролю выконвае ў стабілізацыі грамадства, лічыць лідар краіны. «Гэта прадстаўнічы орган, не толькі вышэйшы заканадаўчы, таму трэба падзякаваць дэпутатам за гэта», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён заўважыў, што новае скліканне павінна быць яшчэ лепш: «Калі (парламент — „Звязда“) будзе гэтакі ж або горш, значыць няма развіцця. Не ў крыўду дэпутатам гэта сказана. І пасля мяне, і пасля цябе, і пасля дэпутатаў павінны прыйсці людзі лепшыя, якія павядуць рэспубліку наперад, калі гэта спатрэбіцца».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што парламент павінен прадстаўляць усе слаі грамадства: ад маладых людзей да старых.

«Я бы вельмі хацеў, каб актыўныя грамадскія арганізацыі, партыі (калі яны сапраўдныя партыі па законе), прадстаўлялі і абаранялі сваіх кандыдатаў. Пачынаючы ад прафсаюзаў..., Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (я іх называю „маладзёжная партыя“)... Жанчыны („жаночая партыя“), ваенныя (афіцэрскі склад), Кампартыя, калі ў нас існуе сапраўдная апазіцыйная партыя — яны павінны прадстаўляць сваіх кандыдатаў, вылучаць і абараняць іх падчас перадвыбарнай кампаніі», — выказаў сваё меркаванне Прэзідэнт.

Беларускі лідар паўтарыў, што гэта яго прынцыповая пазіцыя — пачуты павінны быць усе слаі грамадства. «Яны, магчыма, думаюць некалькі інакш ,чым сярэднія слаі насельніцтва, чым рабочыя, сяляне і частка інтэлігенцыі, але яны так думаюць, гэта частка нашага грамадства, — сказаў ён пра моладзь або старых. — І мы павінны чуць іх голас. І я не хаваю — мы павінны такіх дэпутатаў прасоўваваць і падтрымліваць. Мы не будзем стаяць убаку. Галоўнае, каб было стабільна, і каб ва ўладу, у парламент прыйшлі адэкватныя, нармальныя людзі, якія не разбураць будуць, а ствараць. І пажадана — на тым падмурку, які сёння створаны ў нашай Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне запатрабаванасці дэпутатаў , чые паўнамоцтвы заканчваюцца. «Мы не павінны кінуць іх на волю лёсу, — сказаў ён. — Тыя, хто не будзе абраны. Тыя, хто, магчыма, бачыць сябе ў гаспадарачай рабоце, у оргнах улады і гэтак далей. Усё ж такі гэты перыяд (дэпутацтва — „Звязда“) — вельмі добрая школа. Гэта не танна было — навучаць. Дэпутат навучаўся, нягледзячы на свой узрост. Таму тыя, хто захоча працаваць на карысць Беларусі і заўтра, мы іх не павінны згубіць, як гэта было ў мінулыя часы. Трэба іх працаўладкоўваць у залежнасці ад іх жадання працаваць і прафесіяналізму. А прафесіяналаў там шмат».

Прэзідэнт нагадаў спікеру, што 30-35 працэнтаў старога складу павінны ісці на пераабранне дзеля захавання пераемнасці. «Інакш прыйдуць ўсе цалкам новыя людзі і іх трэба будзе паўтара гады навучаць. Таму пажадана ядро цяперашняга парламента захаваць», — выказаў свой пункт погляду Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна заўвага кіраўніка дзяржавы — 30-35 працэнтаў заканадаўцаў павінны прадстаўляць жанчыны. «Мы ўжо ўпэўніліся, траціна парламента — жанчыны — гэта стабільны парламент, — сказаў ён. — Гэта вельмі моцны стабілізуючы фактар у любым грамадстве».

Пасля гутаркі з Прэзідэнтам Уладзімір Андрэйчанка паведаміў журналістам, што сустрэча кіраўніка дзяржавы з дэпутатамі традыцыйна пройдзе пасля завяршэння паўнамоцтваў дэпутатаў шостага склікання і абрання новага складу Палаты прадстаўнікоў. Па словах спікера, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці такую сустрэчу ў Палацы Незалежнасці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Да ведама:

Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў шостага склікання пачне работу 2 кастрычніка.

На сённяшні дзень у пастаянных камісіях знаходзяцца на разглядзе 15 законапраектаў у першым чытанні, 24 — у другім, 16 — аб ратыфікацыі міжнародных дагавароў, два дэкрэты Прэзідэнта.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.