Вы тут

Летась было нарыхтавана 19,5 мільёна кубаметраў драўніны


За першае паўгоддзе арганізацыямі Мінлясгаса былі выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі па вытворчасці лясоў. Аб сучасных тэхналогіях вырошчвання, абароны і выкарыстання гэтых рэсурсаў у Беларусі расказаў міністр лясной гаспадаркі Віталь ДРОЖЖА:


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Асноўная задача для нас на найбліжэйшы час — вытворчасць і поўная рэалізацыя на рынку ў сціслыя тэрміны якаснага пасадачнага матэрыялу, устойлівага да хвароб і асаблівасцяў мікраклімату. У сістэме Мінлясгаса функцыянуе 90 уласных дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў, плануецца павелічэнне іх колькасці. Мы актыўна выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі ў будаўніцтве цяплічнага комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу асноўных лесаўтваральных парод, у тым ліку з закрытай каранёвай сістэмай. Такі пасадачны матэрыял рыхтуецца ў Івацэвіцкім і Глыбоцкім лясгасах і ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры. Апошні ўключае ў сябе шэсць цяпліц агульнай плошчай 0,86 гектара, якія аснашчаны аўтаматычнымі сістэмамі кантролю паліву, асвятлення і падтрымання мікраклімату. Акрамя таго, маем дзевяць палёў вырошчвання агульнай плошчай 2,25 гектара. Ёсць і корпус з лабараторыяй першаснага кантролю пасадачнага матэрыялу, дзве халадзільныя камеры для яго захоўвання. Фактычны кошт такога аб'екта — 11,9 мільёна рублёў.

Міністр лясной гаспадаркі адзначыў, што будаўніцтва цяплічнага комплексу дасць магчымасць штогод вырабляць да 12 мільёнаў штук стандартнага пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай для аднаўлення і вырошчвання лесу. Выступовец таксама нагадаў, што ў Беларусі плануецца змяненне парадку рэалізацыі драўніны, цяпер рыхтуецца адпаведны праект указа, ён знаходзіцца на завяршальным этапе. Да гадавых таргоў Мінлясгасу неабходна выйсці ўжо з новымі падыходамі. Будаўніцтва пелетных заводаў, якія прыносяць краіне па 20—30 тысяч тон прадукцыі ў год, пераход на рэалізацыю драўніны па еўрапейскіх гарманізуючых стандартах (без яе мэтавага прызначэння) і рэалізацыя нізкаякаснай драўніны на экспарт — ключавыя фактары развіцця лясной прамысловасці ў краіне на сённяшні дзень.

— У наступныя некалькі гадоў па даручэнні Прэзідэнта мы будзем уключаць у гаспадарчы абарот увесь існуючы лясны рэсурс. Мы гаворым не толькі пра нізкаякасную драўніну, але і пра высакаякасную. Хоць, як паказала практыка мінулага года, наша нізкаякасная драўніна больш запатрабаваная ў замежных краінах, чым у Беларусі. Праўда, пакуль што таргі ідуць не вельмі добра: сёлета на экспарт лясгасы рэалізавалі 200 тысяч кубоў нізкаякаснай драўніны. Што датычыцца новых пелетных заводаў, то яны будуць размяшчацца па два ў кожнай вобласці краіны. Шэсць ужо функцыянуюць, яшчэ шэсць будуць запушчаны налета ў чэрвені. Магутнасць дванаццаці прадпрыемстваў дае магчымасць перапрацаваць каля аднаго мільёна кубоў сыравіны. Гэта дазволіць выйсці на комплекснае выкарыстанне адходаў ад лесапілавання, павялічыць валютную выручку. Таксама важным для нас з'яўляецца поўны пераход на гаспадарчы разлік, які плануем ажыццявіць у наступныя некалькі гадоў, — сказаў Віталь Дрожжа.

За апошнія пяць гадоў у сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі прасочваецца станоўчая дынаміка паміж высечкай лясоў і іх стварэннем. За першае паўгоддзе арганізацыямі галіны былі выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі па аднаўленні і развядзенні лесу — яны былі зроблены на плошчы звыш 40,5 тысячы гектара. Штогадовы аб'ём нарыхтаванай драўніны ў параўнанні з мінулымі гадамі павялічыўся. Напрыклад, у 2016 годзе было нарыхтавана больш за 15 мільёнаў кубаметраў, а ў 2018 годзе — ужо 19,5 мільёна. Асаблівая ўвага аддаецца ўчасткам ляснога фонду, якія пацярпелі ў выніку ўсыхання іглічных насаджэнняў, а таксама ад ураганаў.

Фота БЕЛТА

— З 2016 да 2019 года лясгасамі галіны былі праведзены санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы з усыхаючымі сасновымі насаджэннямі на плошчы звыш 450 тысяч гектараў. Сёлета фіксуецца зніжэнне інтэнсіўнасці ўсыхання ў большасці рэгіёнаў, — адзначыў міністр лясной гаспадаркі.

Дырэктар Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра Уладзіслаў ЦЕЦЯРОНАК расказаў пра дзейнасць аб'екта:

— Палі на тэрыторыі цэнтра прадугледжаны пад стварэнне лесанасенных плантацый хвоі еўрапейскай, кедра, ясеня і елкі еўрапейскай. Ужо пасеялі плантацыю елкі еўрапейскай — каля 2,5 мільёна штук, 7,5 мільёна штук хвоі звычайнай, а таксама высадзілі першую ў Беларусі плантацыю хвоі кедравай. Каб дасягнуць максімальнага аб'ёму вырошчвання, мы будзем пераходзіць на іншы від касет для расады. цяпер яны стандартныя — на 64 ячэйкі ў адной, такім чынам, у адной цяпліцы атрымліваем 450 тысяч адзінак пасадачнага матэрыялу. Калі пяройдзем на 100 ячэек, — у адной цяпліцы іх стане 750 тысяч. Цяпер цэнтр дае магчымасць вырошчвання каля васьмі мільёнаў штук хвоі і елкі, з павелічэннем ёмістасці касет будзе прыкладна 12 мільёнаў. Вядзецца збыт гэтых лясных культур у Расію, аднак галоўным для нас усё ж такі з'яўляецца забеспячэнне пасадачным матэрыялам лясгасаў краіны. З навінак — сёлета будзем укараняць каліброўку насення для стварэння лясных культур, астатнія плошчы будуць выкарыстоўвацца пад дэкаратыўныя пароды лісцевых, хвойных дрэў, плантацый буякоў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: У абарот — увесь лясны рэсурс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?