Вы тут

​45 гадоў таму на экраны выйшаў фільм «Восень»


У юнацтве яны вельмі кахалі адно аднаго, але яму не хапіла смеласці, ёй — разумення сваіх жаданняў, і маладыя людзі рассталіся. Ілья ажаніўся, стаў урачом, Саша рэалізавала сябе ў адваротным парадку: вывучылася на інжынера, выйшла замуж — зрэшты, няўдала. А праз шмат гадоў яны, збягаючы ад грузу праблем з Ленінграда на тыднёвы адпачынак у маленькую паўночную вёску, дзе іх ніхто не ведае, сустрэліся зноў і... прадставіліся мужам і жонкай. У іх ёсць цэлыя сем дзён, каб пабыць разам, успомніць, як высветлілася, нязгаслыя пачуцці і вырашыць, як жыць далей. Усяго сем дзён...


Фільмы пра здрады ў Савецкім Саюзе здымалі на той час не надта часта, а сексу, як многім дагэтуль помніцца, не было. Гэту меладраму Андрэя Смірнова наогул забаранілі да пракату за паказ «непрыстойных сцэн кахання» — шырокай публіцы яе прадставілі толькі ў 1989 годзе ў Манрэалі, а самога рэжысёра на доўгі час (амаль 30 гадоў!) практычна адлучылі ад прафесіі. І тым не менш — у 1976-м карціну «Восень» паглядзела без малога 10 мільёнаў гледачоў, і многія ўнеслі фільм у свой асабісты «залаты фонд савецкага кіно».

...Хіба мог зняць такую карціну сын пісьменніка Сяргея Смірнова — таго самага, які ўсё жыццё займаўся героямі Брэсцкай крэпасці? Аўтар ужо любімага публікай і чыноўнікамі ад кінематографа «Беларускага вакзала» — і раптам робіць кіно, у якім няма ні гераізму, ні ідэалогіі, а толькі восень, дажджы, пошук святла ў канцы тунэля, музыка Альфрэда Шнітке і каханне, якое вярнулася так знянацку і перакуліла жыццё двух чалавек з ног на галаву. Ці выпадкова падзеі разгортваюцца не на курорце, дзе-небудзь у Сочы ці Ялце, дзе само напоенае сонцам і морам паветра, здаецца, падштурхоўвае да скарацечных раманаў, а ў поўнай сціплага хараства Карэліі, дзе і размытыя дажджом дарогі, і камары, і простае вясковае жыццё, і размовы ў сельскай піўной падштурхоўваюць да рэфлексіі і расстаноўкі кропак над «і»? І ці мае нейкае значэнне той факт, што рэжысёр зрабіў сваю «Восень» у сімвалічным узросце — 33 гады?..

Менавіта ў гэтай карціне сыграла адну са сваіх першых роляў — вясковай гаспадыні-маладзіцы — Наталля Гундарава. Галоўныя ж ролі тыповых савецкіх інтэлігентаў рэжысёр прапанаваў Леаніду Кулагіну і тагачаснай сваёй жонцы Наталлі Руднай — абодва акцёры не былі пазнавальнымі кіназоркамі, і, мабыць, гэта сыграла карціне толькі ў плюс. А вось малады Армен Джыгарханян, якога гледачы пазнаюць паўсюдна і заўжды, наадварот, сыграў ролю эпізадычную і для сябе нетыповую, аднак яркую — бацькі шматдзетнага сямейства, вельмі добрага і да сваіх родных, і да сяброўкі жонкі, якая заблыталася ў пачуццях і не ведае, куды ісці далей. Невыпадкова менавіта з ягоных вуснаў на сакраментальную рэпліку жонкі, маўляў, не засталося нармальных мужыкоў, гучыць сустрэчнае: «А я?»

Каго тут лічыць шчаслівым, а каго няшчасным — кожны вырашае сам. Ці мелі рацыю савецкія кінацэнзары? Фільм «Восень» «пра гэта», ці пра глыбіню чалавечых стасункаў, можаце вызначыць для сябе і вы — тэлеканал «Культура» пакажа карціну на наступным тыдні, 21 верасня.

Загаловак у газеце: Каханне без цэнзуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.