Вы тут

Зарэгістравана ўжо 350 ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты


Усяго пададзена на рэгістрацыю 446 заяў, большасць з іх — 120 — у сталіцы. У Магілёўскай вобласці — 59, на Міншчыне — 73, на Брэстчыне — 54, у Гродзенскім рэгіёне — 44, на тры запыты больш у Гомельскай вобласці, Віцебскі рэгіён прадстаўлены 49 заявамі. «На гэты момант калі вызначаныя асобы збяруць подпісы, то мы кажам ужо пра добрыя альтэрнатыўныя выбары», — расказала на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.


Пры гэтым з 350 зарэгістраваных заяў адна адазваная і чатыром грамадзянам адмоўлена. Прычыны — няправільнае афармленне дакументаў, невытрымліванне колькасці членаў ініцыятыўных груп, наяўнасць судзімасці, рэгістрацыя яшчэ адной групы.

Вылучэнне кандыдатаў ідзе з мінулай нядзелі і працягнецца да 7 кастрычніка ўключна.

«Што датычыцца тых мерапрыемстваў, якія здзяйсняюцца, у прынцыпе, яны адбываюцца без асаблівых канфліктаў», — так ахарактарызавала ход выбарчай кампаніі на гэтым этапе старшыня Цэнтрвыбаркама.

Сфарміраваны акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. У параўнанні з кампаніяй 2016 года ў іх складзе паменшылася колькасць дзяржаўных служачых і моладзі да 30 гадоў, але павялічылася прадстаўніцтва жанчын. Больш актыўна вызначыліся ў камісіях члены палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў суды пададзена 23 скаргі на неўключэнне ў камісіі. З 5 жніўня да 11 верасня ў ЦВК паступіла 65 зваротаў. Чвэрць з іх датычылася пытанняў, не звязаных з кампаніяй, у астатніх выказваліся незадаволенасць датай выбараў і просьбы аб тлумачэнні заканадаўства ў гэтай сферы.

Па звестках на чацвер у Беларусі ўжо быў адзін вылучаны кандыдат — Дзмітрый Ягораў з Віцебшчыны. Ён прадставіў усе неабходныя дакументы і чакае толькі рэгістрацыі.

Кампанія праходзіць з шырокім складам наглядальнікаў. Цэнтральнай выбарчай камісіяй акрэдытавана сем назіральнікаў ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў — Беларускі Хельсінскі Камітэт, ЛДП, «Белая Русь», БНФ, «Справедливый мир», БРСМ, Саюз жанчын. Акрэдытацыю атрымала 30 чалавек ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Акруговымі і тэрытарыяльнымі камісіямі адобраны 261 наглядальнік. Большасць з іх — прадстаўнікі «Белай Русі», БРСМ, Саюза жанчын.

З 9 верасня пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. З 9 да 13 кастрычніка ЦВК павінна правесці іх рэгістрацыю.

На пытанне журналістаў аб удзеле ў выбарах партый кіраўнік Цэнтрвыбаркама адказала, што шэраг з іх заўсёды ўдзельнічае ў выбарах, а найбольшую колькасць ініцыятыўных груп зарэгістравала Кампартыя.

Мінулыя выбары ў парламент вызначыліся высокім конкурсам — 4,5 чалавека на мандат. Адносна сёлетняй сітуацыі Лідзія Ярмошына выказалася наступным чынам: «Цяжка сказаць. Хочацца, каб конкурс быў усюды. То-бок каб у нас не было безальтэрнатыўных акруг».

Ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ, якая працавала ў жніўні ў Беларусі, рэкамендавала арганізацыі накіраваць у нашу краіну 30 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых наглядальнікаў.

Расказала Лідзія Ярмошына, якім чынам адбудзецца перадача паўнамоцтваў новаму складу дэпутатаў. Пасля прызнання вынікаў выбараў на апошнім пасяджэнні Палата прадстаўнікоў мінулага склікання прымае рашэнне аб закрыцці. Адбываецца гэта, як правіла, за 1-2 дні да склікання новай сесіі. Абноўлены склад, на думку старшыні ЦВК, пачне сваю работу не раней за снежань.

Не ўступяць у сілу напярэдадні выбараў і раней анансаваныя папраўкі ў Выбарчы кодэкс. «Яны могуць быць прынятыя, але ўступіць у сілу напярэдадні выбараў — гэта неверагодна», — пракаментавала старшыня Цэнтрвыбаркама.

ЦВК, па словах Лідзіі Ярмошынай, не збірае інфармацыю па значных асобах, якія балатуюцца ў дэпутаты: «Мы самі з газет даведваемся. Для мяне ўсе кандыдаты аднолькавыя». Напрыклад, на сайце Мінгарвыканкама змешчана інфармацыя, што зарэгістраваны ініцыятыўныя групы прадзюсара, вядомага вядучага Тэнгіза Думбадзэ, старшыні «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі, «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч.

Лідзія Ярмошына анансавала чарговае пасяджэнне ЦВК 24 верасня. На ім будуць разглядацца пытанні аб забеспячэнні безбар'ернага асяроддзя падчас галасавання, стварэнні ў дзень выбараў інфармацыйнага цэнтра. Старшыня ЦВК спадзяецца, што падчас пасяджэння будзе магчымасць падзяліць эфірны час.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Ёсць першы кандыдат

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.