Вы тут

Як прыйсці да актыўнага даўгалецця?


Сёння ў нашай краіне 22 % насельніцтва перасягнула 60-гадовы рубеж. Прагназуецца, што да 2025 года гэтая лічба складзе ўжо 28 %. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка Беларусь адносіцца да краін, якія інтэнсіўна старэюць. У будучыні, як мяркуюць спецыялісты, яшчэ большая частка насельніцтва нашай краіны будзе пажылой. Чым на гэта адкажа грамадства і якія меры неабходныя, каб сталыя людзі захоўвалі здароўе і працягвалі актыўнае жыццё? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Кожны чацвёрты — пенсіянер, трэць з іх працуе

— Сацыялізацыя пажылых людзей — важны аспект. Заканадаўчая і выканаўчая ўлады павінны інтэграваць намаганні, каб мець магчымасць выкарыстоўваць іх патэнцыял на карысць грамадства і дапамагчы сталаму чалавеку захаваць свае функцыі для актыўнага даўгалецця, — адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Канановіч.

Яна падкрэсліла, што ў краіне шмат прававых інструментаў для падтрымкі пажылых людзей — у галіне аховы здароўя, сацыяльнай сферы і пенсійнага забеспячэння. Тым не менш для аб'яднання намаганняў пад эгідай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны створана рабочая група з 35 спецыялістаў, якая працуе над новым дакументам — Нацыянальнай стратэгіяй дзеянняў у інтарэсах пажылых людзей. У кастрычніку — лістападзе бягучага года праект паступіць на абмеркаванне.

Як некаторыя з новых ініцыятыў ужо рэалізуюцца ў сталіцы, расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка. У Мінску жыве 419,4 тысячы пенсіянераў, гэта значыць кожны чацвёрты. З іх 35 % (больш за 169 тысяч) працягвае працаваць. Пры гэтым ва ўзросце ад 70 да 79 гадоў працуе больш за 17,2 тысячы чалавек, ва ўзросце ад 80 да 89 гадоў — 863 чалавекі, і 16 мінчан працягваюць працаваць ва ўзросце больш за 90 гадоў. Пераважная большасць з іх занята ў сферы адукацыі — гэта выкладчыкі ВНУ і іншых навучальных устаноў. Дарэчы, у такіх сталых гадах у Мінску 6,5 тысячы жыхароў. А тых, хто перасягнуў стогадовы рубеж, — 67 чалавек, прычым сярод іх усяго пяць мужчын, астатнія жанчыны.

— Мы ўкараняем новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, каб пажылыя людзі маглі як мага даўжэй самастойна сябе абслугоўваць і жыць дома. Найперш гэта сэрвісы па дастаўцы і забеспячэнні неабходнымі прадуктамі і прадметамі. Для тых пенсіянераў, якія не працуюць, на базе тэрытарыяльных цэнтраў створаны аддзяленні дзённага знаходжання, дзе функцыянуюць гурткі і клубы па інтарэсах. Не першы год мінчане ва ўзросце 60+ вучацца ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту, і ён карыстаецца вялікай папулярнасцю, — пералічвае Ірына Дудка. — Асаблівую цікавасць выклікаюць мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця. Вясной і летам мінчане з задавальненнем займаюцца ёгай, скандынаўскай хадой у тым жа Лошыцкім парку.

У старасці жаночае аблічча

На стане здароўя пажылога чалавека, ад якога залежыць яго сацыяльная актыўнасць, засяродзіла ўвагу намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч:

— Каля 98 % пажылых людзей знаходзіцца на дыспансерным уліку ва ўрачоў розных спецыяльнасцяў. Наладжана ў нас сістэма інтэграванай дапамогі — медыка-сацыяльнай і паліятыўнай. У краіне працуе 103 бальніцы сястрынскага догляду, у кожнай вобласці ёсць хоспіс. А валанцёрства такіх жа пажылых людзей — гэта так званая сацыяльная матывацыя, прыклад іх падапечным, што трэба жыць і спраўляцца, нягледзячы на хваробы.

Пакуль у нашай краіне старасць мае жаночае аблічча. А розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын складае 10 гадоў.

— На адзнацы ў 65 гадоў мы губляем 40 % мужчын. Жанчына застаецца адна. А адзінота ў пажылым узросце — той фактар, які ўплывае на паталагічнае старэнне. Таму геранталагічная служба шукае шляхі, якія дазволяць вырашыць гэтыя праблемы, найперш падоўжыць працягласць жыцця моцнай паловы, — падкрэсліла Людміла Жылевіч.

Генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко расказала пра адну з цікавых ініцыятыў, якая была падгледжана ў Сінгапуры і рэалізавана ў Партызанскім раёне сталіцы. Тут арганізаваны парк для пажылых людзей, дзе яны могуць пасадзіць агародніну ці кветкі, прагуляцца па дарожках, заняцца скандынаўскай хадой ці іншымі відамі актыўнасці. У планах Чырвонага Крыжа — стварэнне пункта абмену сродкамі рэабілітацыі, дзе можна будзе атрымаць функцыянальны ложак, хадункі і іншыя прыстасаванні.

Скандынаўская хада, арт-тэрапія і вакал

Цікавыя праекты рэалізуюцца і ў маленькіх гарадах. ПРААН у Беларусі арганізаваў шэраг мясцовых ініцыятыў, накіраваных на прасоўванне здаровага ладу жыцця і павышэнне фізічнай актыўнасці сярод пажылых людзей, а таксама навучанне карысным навыкам. У Жабінкаўскім раёне правялі майстар-класы па скандынаўскай хадзе, лыжах і інклюзіўнай гімнастыцы. Іх прайшлі 250 пенсіянераў, 75 % з якіх змаглі павысіць узровень фізічнай актыўнасці.

— У нас ёсць выдатныя прыклады — 74-гадовы Валерый Казакоў, былы ваенны, перанёс інсульт. Апошнія гады ён не пакідаў межы свайго двара, а цяпер заахвоціўся скандынаўскай хадой і рэгулярна займаецца. Сцвярджае, што яго стан здароўя істотна палепшыўся, — расказвае супрацоўнік па камунікацыі і прасоўванні ПРААН у Беларусі Аляксей Чыстадарскі.

У Смаргонскім раёне была арганізавана школа здароўя, дзе пад кіраўніцтвам тэрапеўтаў 600 пенсіянераў атрымалі навыкі вымярэння артэрыяльнага ціску і ўзроўню цукру ў крыві, а таксама здаровага харчавання. У Пружанскім раёне адкрылі камп'ютарны клас, дзе сталыя людзі вучыліся кантактаванню з дапамогай анлайн-сэрвісаў, дзейнічалі школа прыгажосці і здароўя і клас вакалу. У розных мерапрыемствах паўдзельнічала восем тысяч чалавек. У Бярозаўскім раёне быў адкрыты цэнтр псіхалагічнай разгрузкі. Пажылыя людзі маглі атрымаць кансультацыю псіхолага і прыняць удзел у рабоце гуртка арт-тэрапіі і кіно.

У сталіцы ж з кастрычніка да мая 80 жанчын прайшлі навучанне ў школе стылю, дзе не толькі даведаліся пра сакрэты ідэальнага знешняга выгляду, але і атрымалі навыкі пазіравання і вырабу аксесуараў. Заняткі праходзілі пры ўніверсітэце трэцяга ўзросту, праект атрымаў працяг у Слоніме, Бабруйску і Пінску.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Старэнне — не пагроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».