Вы тут

Вадзім Іпатаў: Выбарчае заканадаўства ў нас уяўляе зладжаную, выразна дзейсную сістэму


Раней у Беларусі існавалі асобныя законы па кожных выбарах, напрыклад «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» 1994 года, «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь» 1998 года. Гэта было не зусім зручна, як для выбаршчыкаў, так і для выбаркамаў. Таму быў створаны адзіны акт, які рэгламентуе пытанні правядзення ўсіх відаў выбараў, — Выбарчы кодэкс.

Як ён змяніўся за амаль 20 гадоў свайго існавання, ці прыжывуцца ў Беларусі замежныя электаральныя ноу-хау накшталт электроннага галасавання? На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю карэспандэнту БелТА расказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) Вадзім ІПАТАЎ.


— Вадзім Дзмітрыевіч, як намеснік старшыні ЦВК і адначасова дырэктар НЦЗПД вы можаце зірнуць на выбарчае заканадаўства з розных пунктаў гледжання. Як бы вы яго ацанілі як практык і як тэарэтык — з пазіцыі заканатворчасці?

— Лічу, што выбарчае заканадаўства ў нас уяўляе зладжаную, выразна дзейсную сістэму. Так, найбольш важныя пытанні замацаваны ў Канстытуцыі, дзе ім прысвечана цэлая глава. У 2000 годзе быў прыняты Выбарчы кодэкс, які поўна і ўсебакова рэгламентуе ўсе аспекты правядзення выбараў і рэферэндумаў.

Вядома, было б няправільна сцвярджаць, што з гэтага моманту наша заканадаўства канчаткова сфарміравалася. Гэта жывая сфера, якая абавязаная адлюстроўваць рэаліі, што складваюцца ў грамадстве, улічваць сусветныя тэндэнцыі, пастаянна ўдасканальвацца, гібка рэагуючы на зменлівае жыццё. Можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што наша выбарчае заканадаўства гэтым характарыстыкам адпавядае.

— Нагадайце пра найбольш значныя змяненні, якія зведаў Выбарчы кодэкс з моманту свайго прыняцця?

— Самыя істотныя папраўкі ўносіліся ў 2010 і 2013 гадах. Яны былі накіраваны на тое, каб спрасціць правілы гульні для палітычных сіл, якія жадаюць удзельнічаць у выбарах. Закраналіся ўсе этапы электаральнага працэсу. У прыватнасці, для партый і грамадскіх аб'яднанняў аблягчылі працэдуру вылучэння прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, адмяніўшы патрабаванне аб наяўнасці пярвічак на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Карэкціроўцы падвергнуўся сам парадак фарміравання акруговых, тэрытарыяльных, участковых выбаркамаў. Было ўстаноўлена, што, як правіла, яны не менш чым на траціну павінны складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. У Выбарчым кодэксе замацавалі інстытут члена ЦВК з правам дарадчага голасу, а таксама члена акруговай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

Значна спрасціўся парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Палітычныя партыі атрымалі права вылучаць сваіх кандыдатаў і пры адсутнасці на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі сваіх аргструктур. Раней гэта было абавязкова.

Вельмі важная змена датычылася парадку праверкі сапраўднасці подпісаў у падтрымку кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Раней, калі выяўляўся хоць бы адзін подпіс, атрыманы на неналежнай тэрыторыі (не ў тым раёне, горадзе, дзе ўтворана камісія, у якую здадзены падпісны ліст), то і ўсе астатнія прызнаваліся несапраўднымі. Цяпер такія подпісы не правяраюцца і не ўлічваюцца на падпісным лісце, але астатнія могуць прызнавацца сапраўднымі. Аналагічны парадак уведзены і пры правядзенні выбараў дэпутатаў (як Палаты прадстаўнікоў, так і мясцовых Саветаў дэпутатаў). Толькі ў гэтым выпадку подпісы павінны быць сабраныя на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі.

У цэлым Выбарчы кодэкс зведаў нямала карэкціровак, накіраваных на ўдасканаленне выбарчага працэсу. Прычым унясенню кожнага, нават малаважнага змянення, заўсёды папярэднічае дбайная работа, аналіз мінулых выбарчых кампаній і выпрацоўка на яго аснове прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства. Пэўную ролю ў гэтай рабоце іграюць і міжнародныя назіральнікі на выбарах. Іх справаздачы, якія выдаюцца па выніках выбарчых кампаній, і рэкамендацыі таксама старанна вывучаюцца і часта ўлічваюцца.

— Раз ужо гаворка зайшла пра міжнародны вопыт — у шэрагу краін, у прыватнасці ў Эстоніі, шырока распаўсюджана электроннае галасаванне. Ці плануецца выкарыстоўваць у беларускім выбарчым працэсе такі інструмент?

— Справа ў тым, што не ўсе найноўшыя тэхналогіі цяпер можна ўжываць падчас выбарчых кампаній. Акрамя таго, не ўсе з іх могуць быць успрынятыя адназначна і атрымаць высокую станоўчую ацэнку грамадства. Такая сітуацыя назіраецца з электронным галасаваннем. Так, яно выкарыстоўваецца ў некаторых замежных краінах, гэта вельмі зручна для выбаршчыкаў. Але тым не менш, лічу, з ім спяшацца нельга, бо пакуль у яго ёсць шэраг сур'ёзных недахопаў. Напрыклад, паколькі ў беларусаў няма ідэнтыфікацыйных картак, яно не можа забяспечыць адназначную ідэнтыфікацыю грамадзян, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, і, адпаведна, празрыстасць працэсу галасавання.

Акрамя таго, і сярод еўрапейскіх дзяржаў няма адзінай пазіцыі па гэтым пытанні, многія краіны неадназначна ставяцца да электроннага галасавання. Так, дастаткова ўспомніць рашэнне Федэральнага Канстытуцыйнага суда Германіі ад 3 сакавіка 2009 года, у якім адзначалася, што электроннае галасаванне не апавядае прынцыпам сумленных і адкрытых выбараў, паколькі не забяспечвае празрыстасць працэсу падліку галасоў. У прэамбуле гэтага рашэння гаварылася пра недапушчальнасць выкарыстання гэтага метаду, пакуль кожны жыхар краіны не будзе дасканала разумець, што адбываецца ў камп'ютарах і іх праграмах.

— Перыядычна ў Беларусі ўзнікаюць дыскусіі аб неабходнасці пераходу да прапарцыйнай сістэмы правядзення выбараў. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Сапраўды, у Беларусі неаднаразова абмяркоўвалася пытанне аб пераходзе на прапарцыянальную выбарчую сістэму, гэта значыць аб увядзенні галасавання за спісы кандыдатаў, якія вылучаюць розныя палітычныя сілы. Такі пераход, безумоўна, мае свае плюсы. Разам з тым не варта выключаць і перавагі дзеючай мажарытарнай сістэмы. А яны ў тым, што людзі галасуюць за пэўнага кандыдата, які прадстаўляе большасць, добра ведае насельніцтва пэўнай акругі і яго праблемы. Напрыклад, у такой краіне, як Вялікабрытанія, выбарчая сістэма якой не выклікае нараканняў ні з чыйго боку, выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сістэма.

Многія краіны праводзяць выбары па змешанай сістэме. Гэта, па сутнасці, сукупнасць дзвюх сістэм: прапарцыянальнай і мажарытарнай. Пры гэтым частка мандатаў размяркоўваецца па прапарцыянальнай сістэме (па партыйных спісах), а іншая частка — па мажарытарнай сістэме (галасаванне за кандыдата).

Маё меркаванне асабіста: у нас ужо ёсць перадумовы для пераходу да змешанай выбарчай сістэмы. Аднак гэты пераход, па сутнасці, адносіцца да пытанняў, якія з тых ці іншых прычын не могуць быць рэалізаваны з дапамогай простай карэкціроўкі Выбарчага кодэкса.

Існаванне ж мажарытарнай выбарчай сістэмы абумоўлена наяўнасцю ў Канстытуцыі нормы, якая прадугледжвае магчымасць адклікання дэпутата. Такое адкліканне немагчыма пры існаванні прапарцыянальнай выбарчай сістэмы, калі галасаванне адбываецца за спісы кандыдатаў у цэлым па краіне.

— Сёлета ў Беларусі пройдуць чарговыя парламенцкія выбары. З якімі важнымі законапраектамі трэба будзе працаваць новаму скліканню?

— У Беларусі штогод зацвярджаецца план падрыхтоўкі законапраектаў. Цяпер НЦЗПД рыхтуе яго праект на 2020 год. Прапануецца распрацоўка новых законаў, у іх ліку «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання», «Аб самарэгулявальных арганізацыях», «Аб латарэйнай дзейнасці», «Аб валанцёрскай дзейнасці», «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі».

Акрамя таго, прадугледжана карэкціроўка палажэнняў шэрагу кодэксаў, напрыклад, Банкаўскага, Падатковага, Кодэкса аб культуры, Кодэкса аб нетрах, кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці і іншых. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца некалькі важных законаў, якія трэба будзе разглядаць у другім чытанні, і яны патрабуюць вельмі сур'ёзнага падыходу. У якасці прыкладу дастаткова згадаць праект закона «Аб персанальных даных».

Усе гэтыя законапраекты маюць важнае практычнае значэнне, і таму ад будучага складу парламента, ад навыкаў і здольнасцяў, багажу ведаў і жыццёвага вопыту дэпутатаў будзе многае залежыць у заканатворчым працэсе.

— Вадзім Дзмітрыевіч, што б вы як намеснік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі хацелі пажадаць будучым кандыдатам?

— Па вопыце папярэдніх выбарчых кампаній магу сказаць, што ў першую чаргу кандыдатам неабходна ўважліва вывучыць дзеючае заканадаўства. Практыка паказвае, што многія парушэнні падчас выбарчага працэсу выкліканыя простай няўважлівасцю і часам нават грэбаваннем прававымі нормамі. Гэта дазволіць пазбегнуць канфліктаў і забяспечыць суладнае ўзаемадзеянне паміж кандыдатамі і выбарчымі камісіямі.

І другое — трэба добра разумець, што работа дэпутата — не проста набор прывілеяў і нейкіх пераваг. Перш за ўсё гэта штодзённая праца па падтрыманні зваротнай сувязі з выбаршчыкамі, рэгулярныя сустрэчы ў працоўных калектывах, абарона і прасоўванне інтарэсаў свайго электарату.

У цэлым адзначу, што, як правіла, нашы дэпутаты — гэта практыкі, выдатна адукаваныя, якія валодаюць вялізным жыццёвым вопытам, здольныя прымаць якасныя законы з улікам праблем, з якімі сутыкаюцца як простыя грамадзяне, так і прадстаўнікі бізнесу. Абсалютна ўпэўнены, што і гэтым разам у парламент будуць абраныя самыя годныя кандыдаты, якія карыстаюцца падтрымкай насельніцтва і здольныя апраўдаць давер выбаршчыкаў.

Уважлівы падлік

Больш за 260 нацыянальных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах атрымалі акрэдытацыі выбаркамаў

Цэнтральная, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання акрэдытавалі, па звестках на 9 верасня, 261 нацыянальнага назіральніка. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БелТА.

Назіральнікаў на выбары да гэтага часу накіравалі пяць палітычных партый. Усяго ад іх акрэдытавана 19 чалавек. Грамадскія аб'яднанні ў гэтым плане больш актыўныя, ад іх акрэдытаваліся ўжо 215 чалавек. У лідарах — рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ад грамадзян шляхам падачы заяў накіравана 27 назіральнікаў.

Акрэдытаваныя пры акруговых выбаркамах маюць права прысутнічаць у гэтых камісіях пры прыёме пратаколаў аб выніках галасавання на выбарчых участках. Назіральнік, накіраваны на пасяджэнні ўчастковай выбарчай камісіі, мае права ў ліку іншага весці назіранне на адпаведным участку для галасавання. Падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў назіральнікі маюць права атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы, і пра колькасць тых, хто прыняў удзел у галасаванні.

Што датычыцца міжнародных назіральнікаў, то пакуль іх акрэдытавана 24, усе ад краін СНД. Замежныя эксперты маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій, сустракацца з кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі — на 7 лістапада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?