Нататкі-таткі


Старэйшая дачка пасля сняданку:

— Тата, можна з'есці сырок?

— Можна.

Сын:

— Разумныя людзі спачатку ядуць, а потым пытаюцца.

Я:

— А пытацца тады навошта?

— Ну, калі табе дазволяць, значыць, ты ўсё правільна зрабіў.

— А калі не дазволяць?

— Тады будзе не так крыўдна, таму што ты ўсё роўна яго ўжо з'еў.

Вось з якімі каварнымі асобамі даводзіцца жыць пад адным дахам!


Двайняткі прывялі малодшую сястру:

— Тата, мы навучылі Ксенію паўтараць гукі жывёл.

Я:

— Праўда? Ксенія, як кажа кароўка?

— Му.

— А гусь?

— Га.

— А конік?

— І-го-го.

Ускладняю задачу:

— А як кажа тата?

Ксенія (ўпэўнена):

— Бе.

Ну што я магу сказаць? Падобна, што і сапраўды навучылі.


Днямі старэйшая дачка мяне павесяліла:

— Тата, а што гэта за Алеся, з якой ты ў маладосці перапісваўся?

— Адкуль ты гэта ўзяла?

— У цябе ў кніжцы напісана.

— А, проста знаёмая.

— А мама ведае?

Я, абурана:

— Я не разумею такіх пытанняў, можа, ведае, можа, не. У чым праблема?

Дачка, строгім голасам:

— Ты, татачка, думай, што ў кніжках пішаш.

P. S. Хвалюецца за татачку! :)


Поля:

— Тата, ты толькі не палохайся, але ты нам з Верай вінен дзесяць рублёў.

— Нешта я не згадаю, каб я ў вас пазычаў грошы.

— Нам мама вінна дзесяць рублёў.

— Калі мама вінна, мама хай і аддае. Я пры чым?

— Проста ў яе цяпер няма, і яна сказала, каб мы папрасілі ў цябе.

— Можаце перадаць маме, што вы папрасілі.

— Тата?

Аддаў, вядома, куды я падзенуся.

Праўда, неўзабаве высветлілася, што жонка ў іх брала не дзесяць рублёў, а восем, і адкуль узяліся яшчэ два рублі, не зусім зразумела. Мабыць, гэта камісія за банкаўскія паслугі.

Вы спытаеце, чаму такая велізарная камісія? Тут якраз усё проста: у двайнятак — падвойная такса.

P. S. Таму танней пазычаць грошы ў адзіночных дзяцей.

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.