Вы тут

Хатняя энцыклапедыя. Рыхтуем баклажаны на зіму


Баклажаны на зіму

Спатрэбіцца: перац горкі — 3 шт., баклажаны — 2,5 кг, морква — 1 шт., кроп — 1 пучок, часнок — 3 шт., гарчыца ў зярнятах (сухая) — 1 ч. л., чырвоны молаты перац — 0,5 ч. л., чорны молаты перац — 0,5 ч. л. Для марынаду: алей — 300 мл, вада — 0,5 л, воцат 9 % — 100 мл, соль — 2 ст. л, цукар — 100 г, 2 лаўровыя лісты.

Баклажаны вымыць і нарэзаць кубікамі, добра пасаліць, пакінуць на гадзіну, каб далі сок. Потым прамыць і адціснуць ад лішняй вадкасці. Моркву надзерці на тарцы для карэйскай морквы. Марынад давесці да кіпення, пакласці ў яго баклажаны і моркву. Хай усё варыцца на невялікім агні 20 хвілін. За пару хвілін да заканчэння варкі дадаць здробнены часнок, гарчыцу, дробна нарэзаны кроп, перац. Даць закіпець — і можна раскладваць па чыстых стэрылізаваных слоіках. Адразу закатаць і ўхутаць слоікі коўдрай да поўнага астывання. Выхад — 5 слоічкаў па 0,5 літра.

Адкрываць такія баклажаны не раней, чым праз два месяцы. Захоўваць можна пры пакаёвай тэмпературы.


Французскі яблычны пірог

Спатрэбіцца. Для пясочнай асновы: мука — 250 г, масла — 130 г, вада — каля 50 мл. Для начынкі: яблыкі — 4 шт., мёд — 2 ст. л., масла — 20 г, 2 галінкі размарыну. Для ўпрыгожвання: 2 чырвоныя яблыкі, цукар, цукровая пудра, масла. Форма для адкрытых пірагоў дыяметрам 28 см.

Замясіць цеста. Старанна змяшаць муку з маслам, дадаўшы зусім трохі вады. Цеста скатаць у шар, загарнуць яго ў харчовую плёнку і прыбраць у халадзільнік.

Праз гадзіну дастаць цеста з халадзільніка. Раскачаць у тонкі пласт і вылажыць у форму для адкрытых пірагоў. Накалоць цеста па ўсёй плошчы відэльцам.

Накрыць аснову для пірага пякарскай паперай (або фольгай) і выкласці фасолю (гарох або іншыя «ўцяжарвальнікі»). Выпякаць у разагрэтай да 180 °С духоўцы 15 хвілін.

Тым часам яблыкі ачысціць ад лупіны, нарэзаць адвольнымі кавалачкамі і выкласці ў патэльню разам з маслам і мёдам. Дробна пасекчы размарын і таксама дадаць да яблыкаў. Тушыць 10 хвілін. Затым перакласці яблыкі ў блендар і ўзбіць да стану пюрэ.

Вылажыць яблычнае пюрэ ў падрыхтаваную аснову.

Два чырвоныя яблыкі, не чысцячы лупіны (выдаліць толькі асяродак з костачкамі), нарэзаць тонкімі долькамі і выкласці іх па крузе на паверхні пірага.

Растапіць трохі масла і намазаць пэндзлікам паверхню пірага. Зверху трохі прысыпаць цукрам і паставіць выпякацца пры 180 °С на 25—30 хвілін.

Як толькі пірог будзе гатовы, дастаць яго з духоўкі і ўключыць яе на максімум з функцыяй «грыль», калі яна ёсць. Пірог між тым прысыпаць злёгку цукровай пудрай і паставіць у духоўку яшчэ на 2 хвіліны.


Махшы — галубцы па-егіпецку

Яны падобныя на нашы галубцы. Прынцып прыгатавання практычна той самы: у ліст капусты заварочваюць начынку, а затым тушаць у соусе. Розніца ў тым, што егіпецкія галубцы куды меншыя і танчэйшыя. Але галоўнае адрозненне ў начынцы!

Яе аснова — круглазерневы рыс, шчодра прыпраўлены спецыямі. Другі галоўны кампанент — свежае зяленіва ў любой камбінацыі і прапорцыях. Звычайна дадаюць пятрушку, кроп, кінзу, базілік, мяту, арэгана — чым больш, тым лепш. Трэці інгрэдыент — салодкія мясістыя памідоры!

Спатрэбіцца: качан капусты вагой каля 1 кг, шклянка рысу, 50 г алею, па невялікім пучку зяленіва, памідоры — 3-4 шт., цыбуля — 2 шт., часнок — 2-3 зубкі, 1,5 літра булёну (мяснога ці з гародніны), таматны соус — 2 ст. л., соль — на смак.

Качан капусты падзяліце на лісты як для звычайных галубцоў і нарэжце іх кавалкамі. Занадта грубыя жылкі зрэжце, але не выкідвайце.

Для начынкі старанна прамыйце рыс, дадайце ўсе спецыі і змяшайце. Зяленіва дробна нарэжце, часнок прапусціце праз прэс, дадайце да рысу. Тоўстыя сцеблы ад зяленіва захавайце — яны спатрэбяцца для варкі галубцоў. Памідоры з цыбуляй нарэжце як мага драбней і таксама дадайце ў начынку. Асобна ў кубку змяшайце таматную пасту са 100 мл вады, уліце да рысу, туды ж уліце алей. Старанна змяшайце начынку.

Сфарміруйце галубцы. Дно таўстасценнай каструлі высцеліце сцебламі зяленіва і зрэзанымі капуснымі жылкамі, каб махшы ў працэсе тушэння не падгарэлі. Выкладзіце іх ушчыльную ў каструлі пластамі. Заліце булёнам і тушыце пасля закіпання на мінімальным агні 1-1,5 гадзіны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».