Вы тут

Што чакае бацькоў у абноўленым Працоўным кодэксе?


Давайце разгледзім змены ў Працоўны кодэкс, якія датычацца водпуску для бацькі пры нараджэнні дзіцяці, а таксама водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў, і тых, хто выхоўвае дзіця ў адзіночку. Нагадаем, што ўсе гэтыя змены пачнуць дзейнічаць ужо са студзеня 2020 года.


Водпуск для бацькі (айчыма) пры нараджэнні дзіцяці

Працоўны кодэкс дапоўнены новым артыкулам 186, згодна з якім, пры нараджэнні дзіцяці і выхаванні яго ў сям'і наймальнік абавязаны будзе па жаданні бацькі (або айчыма) дзіцяці даць яму водпуск без захавання заработнай платы.

Працягласць гэтага водпуску, як тлумачыць Мінпрацы і сацабароны, павінна складаць не больш за 14 каляндарных дзён. Пры гэтым іншая працягласць або аплата такога водпуску могуць быць прадугледжаны калектыўным дагаворам або самім наймальнікам.

Водпуск будзе давацца па заяве бацькі на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Гэта будзе перыяд, цягам якога бацькі змогуць ажыццяўляць догляд нованароджанага адначасова, калі ў іх будзе такое жаданне.

Удакладненні, якія датычацца водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў

Артыкул 185 Працоўнага кодэкса дапоўнены выпадкамі, пры надыходзе якіх працуючы бацька ці іншы сваяк, член сям'і дзіцяці будуць мець замест маці права на водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў. У прыватнасці, гэта датычыцца выпадкаў, калі маці працуе ў прадстаўніцтве міжнароднай арганізацыі ў Беларусі, дыпламатычным прадстаўніцтве, консульскай установе замежнай дзяржавы, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь.

Акрамя таго, удакладнена, што водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў даецца па вырашэнні сям'і працуючым бацьку або іншаму сваяку, члену сям'і дзіцяці ў выпадку, калі маці дзіцяці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (як падкрэсліваюць у Мінпрацы і сацабароны) выйшла на работу (службу), вучобу, праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме або з'яўляецца адвакатам, натарыусам, індывідуальным прадпрымальнікам, творчым работнікам, фізічнай асобай, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.

Калі дзіця выхоўвае толькі адзін

Як тлумачаць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у артыкул Працоўнага кодэкса ўключана паняцце «адзінокія бацькі» і яго вызначэнне.

Так, адзінокімі бацькамі прызнаюцца:

— маці (бацька), якая не знаходзіцца (які не знаходзіцца) ў шлюбе і якая выхоўвае (які выхоўвае) непаўналетняе дзіця ў выпадку, калі іншы з бацькоў памёр, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, прызнаны недзеяздольным, абвешчаны памерлым або прызнаны без вестак адсутным;

— маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе і выхоўвае непаўналетняе дзіця, звесткі пра бацьку якога ўнесены ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці па яе заяве або па ўказанні іншай асобы, якая падала заяву аб рэгістрацыі нараджэння;

— усынавіцель (удачарыцель), які не знаходзіцца ў шлюбе і які выхоўвае непаўналетняе дзіця.

Змены ўнесены ў артыкулы 16, 268 і 271 Працоўнага кодэкса.

З улікам унесеных змяненняў:

1) забараняецца адмаўляць адзінокім бацькам у заключэнні працоўнага дагавора па матывах, звязаных з наяўнасцю дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзяцей-інвалідаў — да васямнаццаці гадоў);

2) не дапускаецца скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка:

— у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў і ў выпадках, прадугледжаных пунктамі 3-5 артыкула 42 Працоўнага кодэкса,

— з адзінокімі бацькамі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў;

— у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў (пункт 1 артыкула 42) і ў выпадку, які прадугледжаны пунктам 5 артыкула 42 Працоўнага кодэкса, — з адзінокімі бацькамі, якія маюць дзіця ва ўзросце ад трох да чатырнаццаці гадоў (дзіця-інваліда — да васямнаццаці гадоў).

Акрамя таго, гарантыі, прадугледжаныя на сённяшні дзень для працуючых жанчын-маці, пашыраюцца на працуючых адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей адпаведнага ўзросту, у сувязі з чым унесены змены ў артыкул 271 Працоўнага кодэкса.

Падрыхтавала Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».