Вы тут

Удзельнікі матчу Еўропа-ЗША: Мінск заслугоўвае прыняць чэмпіянат свету


У аўторак завяршыўся лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША, які праходзіў на мінскім стадыёне «Дынама». Перамогу ў ім атрымалі еўрапейскія спартсмены, па выніках 37 відаў яны набралі 724,5 бала, у прадстаўнікоў ЗША — 601,5 бала.


У другі дзень спаборніцтваў пераможніцай у скачках у даўжыню стала беларуска Анастасія Мірончык-Іванова. Яе вынік — 6 м 74 см, 1 см саступіла нашай спартсменцы ўкраінская скакуха Марына Бех-Раманчук, трэцяе месца ў алімпійскай чэмпіёнкі з ЗША Брытні Рыз.

«Вялікі дзякуй нашым балельшчыкам за падораныя эмоцыі. Такая публіка, аж да мурашак па скуры. Беларусы ўмеюць падтрымаць: усё роўна, наш спартсмен ці амерыканскі. Яны давалі нам пазітыўныя эмоцыі, што адбілася на выніку. Акрамя таго, хочацца падзякаваць саперніцам за вельмі высокі ўзровень канкурэнцыі. Дзякуючы гэтаму выйграны не толькі матч, але і першы старт за доўгі час. Гэта матывуе напярэдадні чэмпіянату свету. Варта, вядома, папрацаваць, бо сваім вынікам я не вельмі задаволеная», — прызналася наша спартсменка.

Яшчэ адна наша лёгкаатлетка Ганна Малышчык стала другой у спаборніцтвах па кіданні молата. У сваёй найлепшай спробе яна паслала снарад на 72 м 70 см. Пасля завяршэння спаборніцтваў Ганна адзначыла, што сёння разлічвала паказаць лепшы вынік, але, на жаль, не атрымалася парадаваць сваіх балельшчыкаў перамогай. Цяпер трэба працягваць падрыхтоўку да галоўнага турніру сезона — чэмпіянату свету.

Трэцяе месца ў бегу на 100 м з бар'ерамі заняла наша Эльвіра Герман. Яна засталася засмучаная сваім выступленнем і адзначыла, што не атрымалася паказаць тое, чаго чакала ад сябе. «Гэта вельмі адказна — прадстаўляць каманду Еўропы. Цудоўна, што атлеты сусветнага ўзроўню прыехалі ў родную краіну. Дзякуючы правядзенню спартыўных спаборніцтваў пра Беларусь больш даведаюцца ў свеце», — дадала спартсменка.

Пасля завяршэння лёгкаатлетычнага матча Еўропа — ЗША на стадыёне «Дынама» прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Кубак пераможцам з каманды Еўропы перадаў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук. Удзел у цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансен і старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. Апошні адзначыў, што лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША стаў двухдзённым святам для аматараў спорту. «Тое, што адбылося ўчора і сёння — сапраўднае свята спорту. Варта было паглядзець на балельшчыкаў, якія давалі «пяць» праходзячым міма лёгкаатлетам. Гэта было вельмі эмацыянальна. На працягу ўсяго матча захоўваўся напал пачуццяў, вялася цікавая і напружаная барацьба», — сказаў Дзевятоўскі.

У праграму гістарычнага матча былі ўключаныя такія віды лёгкай атлетыкі як кіданне молата, кіданне кап'я, кіданне дыска, бег на 100 м, 100 м з бар'ерамі, 110 м з бар'ерамі, 200 м, 400 м, 400 м з бар'ерамі, 800 м, 1500 м, 3000 м, 3000 м з перашкодамі, эстафетны бег 4х100 м, змешаная эстафета (200-200-400-800 м), штурханне ядра, трайны скачок, скачкі ў вышыню, у даўжыню, з шастом.

Удзел у матчы прыняло каля 350 атлетаў, 14 беларусаў увайшлі ў склад каманды Еўропы. У кожным відзе праграмы выступалі па восем спартсменаў (па чатыры прадстаўнікі ад Еўропы і ЗША). Пераможцы атрымаюць па 7 тысяч еўра прызавых, удзельнікі, якія занялі другія месцы, — па 5 тысяч, трэція месцы — па 4 тысячы еўра.

Гавораць удзельнікі

Арланда Артэга (Іспанія):

— Я ўпершыню ў Беларусі і вельмі крануты прыёмам балельшчыкаў на стадыёне. Мне вельмі спадабалася ідэя ўдзельнічаць у матчавай сустрэчы, і цяпер магу сказаць, што не шкадую аб сваім прыездзе ў вашу краіну. У Мінску вельмі выдатна! Класны стадыён, цудоўная публіка. Выдатнае пакрыццё бегавых дарожак, дзе лёгка паказаць першакласны вынік.

Пётр Малахоўскі (Польшча):

— Такія спаборніцтвы, як лёгкаатлетычны матч у Мінску, павінны праходзіць часцей, бо гэта выдатная рэклама лёгкай атлетыкі. Вельмі падрыхтаваныя спаборніцтвы: усё прадумана да дробязяў, спагадлівыя валанцёры і прадстаўнікі аргкамітэта.
У Мінску сапраўды адчуваю сябе вельмі добра. Я ўпершыню ў Беларусі, сталіца вашай краіны мне вельмі падабаецца.

Раміль Гуліеў (Турцыя):

— Цяпер у лёгкаатлетаў ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату свету, і гэты старт — добрая магчымасць праверыць свае сілы, прайсціся па тактыцы бегу. Хораша, што колькасць людзей, якія цікавяцца спортам, у вашай краіне, павялічваецца. Я спадзяюся, што гэта не апошні буйны турнір у Беларусі. Было б выдатна ў Мінску правесці чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы.

Іван КУПАРВАС

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.