Вы тут

Да Мінска дакацілася хваля новай моды на экалагічны транспарт


За апошнія некалькі гадоў да Мінска дакацілася з іншых сусветных сталіц і накрыла многіх з галавой хваля новай моды — на экалагічны транспарт — чытай, веласіпеды, ролікі і самакаты. Ахвотных пракаціцца з ветрыкам знянацку стала так шмат, што распачаліся цэлыя «дарожныя войны»: веласіпедыстаў — з кіроўцамі аўтатранспарту, самакатчыкаў — з малымі дзецьмі і матулямі пры калясках, пешаходаў — з усімі пералічанымі.


Зусім хутка ў сталіцы ўжо чацвёрты раз пройдзе Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — з 16 да 22 верасня адбудзецца шэраг мерапрыемстваў: ад эксперыментальных замераў спецыялістамі ўзроўню забруджвальных рэчываў у гарадскім асяроддзі да ўсталявання новых велапарковак, адукацыйных лекцый і забаўляльных праграм. Завершыцца тыдзень па традыцыі агульнагарадской акцыяй «Дзень без аўтамабіля», падчас якой, абяцаюць, кіроўцы змогуць бясплатна праехаць у метро і гарадскім наземным транспарце пры наяўнасці з сабой пасведчання кіроўцы і тэхпашпарта на аўто. А яшчэ ў гэты дзень, дакладней увечары, арганізатары запланавалі правесці масавы праезд веласіпедаў, што свецяцца. Перакладаючы на бытавы ўзровень — у гэты дзень як мінімум на сталічных веладарожках, многія з якіх вельмі ўмоўна аддзеленыя ад пешаходных белай паласой, істотна павысіцца канцэнтрацыя кіроўцаў «экалагічна чыстага транспарту».

І ўсё гэта было б цудоўна. Але не. І рэч не ў песімістычнай схільнасці бачыць наўкол шэрае — я якраз рэаліст. І, пабываўшы ва ўсіх іпастасях — мамы з каляскай і бягучымі дзецьмі, веласіпедысткі, пасажыра аўто, — бачу, як расце напружанне на дарогах і дарожках. Аматары веласіпедаў, самакатаў, гіраскутараў, сегвеяў і монаколаў даводзяць, што выступаюць за экалогію, эканомію часу і здаровы лад жыцця. Аднак карысць для ўласнага здароўя тут вельмі спрэчная (што, праўда, паездка па загружаных гарадскіх вуліцах уздоўж аўтадарог паляпшае стан арганізму?), а небяспека — усё больш відавочная. Узяць хоць бы некалькі гучных летніх выпадкаў са стужкі навін: у Мінску сустрэча самакатчыка і дзяўчынкі на вела/пешаходнай дарожцы скончылася для дзіцяці пераломам; святар на электрасамакаце груба парушыў ПДД, а на адной са сталічных вуліц камеры зафіксавалі «самакатчыка», які ехаў з хуткасцю 75 (!) кіламетраў за гадзіну; пад Жыткавічамі ў тумане адбылося ДТЗ з удзелам аўто і веласіпедыста, апошні загінуў; у Маладзечне падлетак на веласіпедзе пераязджаў чыгуначныя пуці і трапіў пад цягнік...

Ведаеце, што аб'ядноўвае гэтыя і многія іншыя выпадкі? Грэбаванне правіламі дарожнага руху, бяспечных паводзін на дарозе, а часам і проста здаровым сэнсам. Вырасла ўжо цэлае пакаленне людзей, якія ведаюць — альбо думаюць, што ведаюць — свае правы і не ведаюць абавязкаў. Яны, нібы Пітэр Пэн, усё ніяк не хочуць сталець і прымаць тое, што ў грамадстве неабходна жыць па правілах. Гэта, здаецца, элементарна: пераходзіш дарогу — паглядзі спачатку налева, потым направа, ідзеш ці едзеш увечары — паклапаціся пра тое, каб цябе было чутна і бачна, кіруеш транспартным сродкам — усведамляй, што ты цяпер крыніца павышанай небяспекі, і не стварай перашкод іншым удзельнікам дарожнага руху. Ды дзе там! Уладальнік электрасамаката, якога не так даўно затрымала ДАІ за язду ў нецвярозым стане, абвясціў, што самакат — не транспартны сродак, а спартыўны інвентар, таму нікому ён нічога не вінен...

Адзначым дзеля справядлівасці, што цераз гэта прайшлі і ў іншых краінах і знайшлі пэўныя рашэнні. Скажам, у Кітаі для электратранспарту вылучылі асобную паласу — на дарогах, а не пешаходных дарожках, і абазначылі яе колерам; у ЗША электрасамакатчыкам забаранілі карыстацца гаджэтамі і абмежавалі хуткасць 25 км/гадз.; нацыянальная паліцыя Грэцыі распрацоўвае для асабістага мікраэлектратранспарту спецыяльны дадатак у правілах дарожнага руху. У Беларусі ПДР таксама дапрацуюць, уключыўшы новыя пункты адносна веласіпедаў і модных «сродкаў персанальнай мабільнасці». Аднак гэта работа не толькі для законатворцаў. І нават у першую чаргу не для іх, а непасрэдна для ўдзельнікаў дарожнага руху. Перш чым указваць апаненту, што ён павінен рабіць, кожны чалавек за рулём мусіць задацца пытаннем, ці ўсё правільна робіць ён. Пачынаецца, як ні банальна, усё ў галаве і закладзеным у яе выхаванні — будзе гэта ўзаемная ветлівасць і павага альбо «качу куды захачу».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: А што яны тут ходзяць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?