Вы тут

Закон «аб адтэрміноўках»: скардзяцца мужчыны ці сярэдняполыя?


Апошнім часам неяк модна зрабілася іранізаваць з армейскай службы і практыкавацца ў негатыве наконт яе. Ох, як перапалохаліся каментатары ў інтэрнэце з нагоды прынятага дакумента! Тут ужо і доказы, што не застанецца вучоных у краіне, і скаргі на «загубленыя» гады жыцця, і гісторыі кшталту «ў чорным-чорным горадзе...» Ці вартая справа выедзенага яйка? Чалавеку, звязанаму з арміяй і асабіста (як жонка прафесійнага ваеннага), і па рабоце (з прычыны журналісцкай працы), крыўдна і дзіўна гэта чытаць.


Не раз даводзілася бываць на прысягах, размаўляць з хлопцамі і бацькамі, наведваць месцы нясення службы. З поўнай адказнасцю скажу: многім вясковым хлопцам армія — за шчасце. Нездарма шмат хто ўжо пасля курса маладога байца пачынае падумваць пра кантракт: тут табе і форма, і жыллё, і водпуск доўгі...

Ну а якім сталічным «мажорам», мабыць, і сапраўды ў казарму ісці нязручна. Там пыл у вочы не пусціш, у кальянную не схаваешся. Там толькі ты і рэальнасць: жывыя людзі, з якімі трэба неяк узаемадзейнічаць, задачы, якія трэба выконваць. Канешне, гэта патрабуе намаганняў. І хтосьці з гэтымі намаганнямі сустракаецца тварам у твар — а хтосьці збягае ў магістратуру. А што да фізічнай падрыхтоўкі, сапраўды, калі нічога цяжэй за камп'ютарную мыш ці гамбургер у руках не трымаў, дык і аўтамат нялёгкім здасца.

У Беларусі да любой воінскай часці максімум за шэсць гадзін можна дабрацца — дык матчыны катлеты астыць не паспеюць. А мой бацька служыў на Кольскім паўвостраве, пад паўночным ззяннем. Прытым што сям'я тады жыла ў Казахстане. З таго часу ў таты засталося шмат цікавых гісторый і ўменне есці марожаную рыбу. І мяне навучыў. Маці, праўда, смяецца і адмаўляецца. Наша рыба на сапраўдную страганіну, вядома, не цягне, але смак поўначы адчуваецца.

Так, трагедыі здараюцца. І кожнаму баліць разам з маці, сын якой пацярпеў падчас тэрміновай службы... Але не значыць жа гэта, што калі сусед у лесе нагу зламаў, больш у лес хадзіць нельга? Калі на рабоце камусьці стала дрэнна з сэрцам — работу кінуць? Нарэшце, параўнайце колькасць няшчасных выпадкаў у арміі ў нас і ў суседзяў — даныя ў адкрытым доступе.

У сучасных часцях тэлефоны ў кожнага салдата пры сабе, на тумбачках фотакарткі, псіхолагі працуюць, нават відэаназіранне дзейнічае. Казарма — дык я ў дзяцінстве ў летнім лагеры ў падобных умовах жыла. Калі нядаўна пабачыла порцыю салдацкай ежы, дык ажно ўдакладніла — гэта толькі на абед?! Мне б тых талерак на два дні хапіла. А смачна... Кажу: «Кормяць вас проста як дома».

«Не. Смачней», — удакладняюць хлопцы. Матулі, што чуюць, нават не крыўдзяцца — усміхаюцца. І мне становіцца неяк крыўдна, што дзяўчат не вучаць, напрыклад, страляць. Я што, паразітка нейкая — сесці на шыю, маўляў, абараняйце мяне? Не, у Ізраіль не хачу, але і што ўмееш, за плячыма не насіць. І страляць люблю, і аўтамат разбіраць-збіраць.

Толькі днямі прачытала ў тым жа інтэрнэце, як праграмісты скардзяцца, што навыкі страцяць падчас тэрміновай службы. Ніхто пра варыянты не кажа (ІТ-рота, ваенная кафедра), толькі пра крыўду. А калі, крый божа, на радзіму скінуць бомбу, дык ужо нічога не трэба будзе праграмаваць. Ды нават у мірны час — калі калонію не будзе каму ахоўваць, так што яе «насельнікі»-злачынцы разбягуцца, ці на масавых мерапрыемствах парадак ніхто не падтрымае — хто першы пачне скардзіцца?

Асабіста для мяне гэта — натуральнае дэзерцірства. Самае абуральнае, што баяцца (іншага слова не магу падабраць) здаровыя, моцныя хлопцы. Ніхто ж не прызывае хворых, адзіных карміцеляў, бацькоў двух дзетак і гэтак далей. Дарэчы, здаецца, што маладыя людзі цяпер палічаць за лепшае пазмагацца з дэмаграфічным крызісам, абы ў армію не ісці.

...Здаваць на крапавы берэт ніхто нікога не прымушае. Але ж лямант такі стаіць, нібыта ў дарэвалюцыйнай Расіі на чвэрць стагоддзя служыць забіраюць. Дык гэта, прабачце, мужчыны ці, як Бёрджэс сказаў бы, «сярэдняполыя»?

Спытайце любую дзяўчыну, якая з трапятаннем чакае каханага з арміі. Спытайце бацьку, які ганарыцца сынам. І маці, якая здолела вырасціць сапраўднага абаронцу. Хацелі б яны, каб іх хлопец «адсядзеўся» пад падлогай? А ісці побач з мужам у форме і тым самым крапавым берэце — гэта гонар і вялікае шчасце.

Варвара Марозава

Загаловак у газеце: А я люблю ваеннага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?