Вы тут

Як фермер працуе на зямлі, якая належала яго бацькам і дзядам


Яны здаўна жылі на памежжы. Мелі ўласны надзел у роднай вёсцы Гінавічы Гродзенскага раёна. Частка зямлі Зіневічаў засталася на тэрыторыі Польшчы. У 90-я гады Станіслаў Іосіфавіч атрымаў у карыстанне зямлю свайго дзядулі. А зараз у яго валоданні знаходзіцца ўчастак, які на парадак перавышае былы сямейны надзел.


Не здрадзіў зямлі

Станіслаў Зіневіч з сынам Яўгенам.

Станіслаў Іосіфавіч расказаў, што дзядулін надзел знаходзіцца каля самай беларуска-польскай мяжы. Калі яго бацькі пажаніліся, яны аб'ядналі свае ўчасткі, і атрымалася крыху больш за 30 гектараў. Але ў хуткім часе гэтыя землі адышлі калгасу. Бацькі тады і падумаць не маглі, што калі-небудзь іх сын будзе самастойна працаваць на зямлі сваіх продкаў, ды яшчэ і пашырыць гэты надзел у дзесяць разоў. Але адбылося менавіта так.

— Бо я вельмі люблю гэту зямлю, у мяне да яе з дзяцінства ляжыць душа, — не хавае сваіх эмоцый Станіслаў Іосіфавіч.

Землі на памежжы, шчыра скажам, не самыя лепшыя. Па-першае, даволі многа пагоркаў. А фермеру дастаўся надзел, дзе знаходзяцца самыя высокія пункты ў раёне — Раціцкая вышыня. Яшчэ тут праходзіць сапоцкінскі паветраны калідор, праз які ляціць нямала самалётаў. Гэтыя ці якія іншыя прычыны знаходзяцца, але мясцовасць дажджы нібы абыходзяць, абураецца фермер. А яшчэ тут шалёна расце пустазелле. Але нават самыя цяжкія землі могуць працаваць. У гэтым мы ўпэўніліся, калі са старшынёй асацыяцыі фермераў прыехалі на поле.

Зіневіч і яго каманда

У гэтыя восеньскія дні фермера можна знайсці толькі на палетках. Тут ён прападае, як і належыць вясковаму гаспадару, з ранку да вечара. З ім — уся яго каманда. Праўда, не ўдалося застаць 33-гадовую Наталлю, якая працуе кіроўцам. Яна пакуль хварэе.

— Гэта ўнікальная работніца, — расказвае Зіневіч. — Працуе ўжо чатырнаццаць гадоў, а прыйшла, калі не было яшчэ васямнаццаці. Напачатку папрасілася на любую работу, прыйшла са сваім хлопцам. А яна маленькая. Кажу хлопцу: будзеш за яе працаваць. Мы тады цюкавалі салому. Дык яна і за сябе і за яго працавала. Яшчэ вельмі тэхнікай цікавілася. Кажу: ідзі вучыся, і адправіў на трактарыста вучыцца, заплаціў грошы за вучобу, яна зараз на любой тэхніцы працуе, але пераважна на «Амкадоры». У мяне кадры ў асноўным правераныя, людзі трымаюцца, мы як адна каманда.

У фермерскай гаспадарцы — сем чалавек. Побач з бацькам і яго сын Яўген, які з малых гадоў быў з татам на полі. Цяпер працуе самастойна і ўжо свайго сына возіць з сабой на поле.

— Я з калгаса нікога не браў, у мяне нават дамова была з былым старшынёй, каб не перацягваў людзей. Навошта мне прэтэнзіі потым? Хоць знайсці добрых работнікаў складана — многія злоўжываюць спіртным. Здаецца, і чалавек харошы, і рукі залатыя, але сарвецца, і два тыдні няма на рабоце, — заўважае Зіневіч.

У гаспадарцы апрацоўваюць 300 гектараў зямлі. Па словах фермера, такім складам маглі б апрацоўваць у тры разы больш.

— Атрымаць зямлю практычна немагчыма, хоць суседняя гаспадарка не заўсёды спраўляецца са сваімі аб'ёмамі, — заўважае Зіневіч. — Я мог бы працаваць на большых плошчах, вырошчваць там іншыя культуры.

Літаральна гэтым летам фермер аформіў дакументы на карыстанне суседнім участкам плошчай 60 га. Але працаваць на ім чамусьці не можа: ёсць непаразуменні з мясцовым калгасам. Хоць і сама фермерская гаспадарка мае такі ж статус — вытворчы сельскагаспадарчы кааператыў, які мае назву «Фермерскі». Напачатку ў яго склад уваходзіла некалькі фермераў, але паступова яны стварылі свае гаспадаркі, а ўся зямля засталася кааператыву, праўда, цяпер сямейнаму.

— Гэта адзінае такое фарміраванне ў краіне, — паведаміў старшыня абласной асацыяцыі фермераў Уладзімір УШКЕВІЧ. — Закон дазваляе стварэнне такой формы ўласнасці. Увогуле, іх нямала — прыватнае прадпрыемства, акцыянернае таварыства, унітарнае прадпрыемства, СВК.

Што датычыцца ўчастка, на які аформлены дакумент у СВК «Фермерскі», старшыня асацыяцыі абяцаў разабрацца асабіста і высветліць гэту сітуацыю ў райвыканкаме.

Дарэчы, палеткі, якія калгас не хоча перадаць фермеру, маюць нядбайны выгляд. Поле зарасло пустазеллем, салома пасля жніва не ўбрана, а ляжыць на полі і чарнее. У фермера ж нічога не прападае. Ён знайшоў шляхі супрацоўніцтва з мясцовай фермай па вырошчванні качак і возіць туды салому для падсцілкі. Наўзамен на птушкафабрыцы забірае ўгнаенне.

Цукровы разлік

Пакуль мы размаўляем, трактары вывозяць пад азімыя арганіку. Угнаенне праляжала год і цяпер не з'яўляецца такім шкодным, як свежае. Сеяць пачнуць на наступным тыдні. Збожжавыя займаюць асноўныя плошчы фермерскай зямлі. І пшаніца, і ячмень вельмі запатрабаваны. Станіслаў Іосіфавіч выканаў дзяржзаказ, але раённыя ўлады просяць яшчэ. Попыт ёсць нават у сваім Гродзенскім раёне, дзе заўсёды самая высокая ўраджайнасць зерневых культур.

Яшчэ адна важная культура — цукровыя буракі. Вось і на спрэчным участку мяркуе пасадзіць менавіта гэту культуру. Тады іх плошча дасягне 100 гектараў, пакуль расце толькі палова. Салодкі караняплод — галоўны кармілец. Аб рэнтабельнасці можна гаварыць пры 400 ц/га, Зіневіч мяркуе атрымаць 600. Прыбытак пойдзе на разлік па лізінгу за МАЗ.

— Хутка павязу на Скідзельскі цукровы камбінат, там нядаўна пачалася прыёмка, але ў першых буракоў нізкая цукрыстасць, а трэба, каб была не менш за 16 %. Я здаю да трох тысяч тон, — адзначыў Зіневіч. — Напачатку прыёмкі можна здаваць неабмежавана, пазней трэба трымацца графіка работы. Вось так мы працуем ажно да новага года на бураках, потым я плачу адпускныя, і мы ідзём на калядныя канікулы.

Але не ўсе культуры запатрабаваныя. Напрыклад, ёсць праблемы са здачай бульбы. Станіслаў Іосіфавіч некалькі гадоў таму заняўся яе вырошчваннем, набыў крухмалісты сорт. Але пры здачы на завод атрымалася, што крухмальнасць невысокая. Кажа, што там ставяцца не вельмі справядліва да фермераў. Таму замест бульбы збіраецца вырошчваць кукурузу. На яе заўсёды ёсць попыт. Усё зерне, дарэчы, гатова забраць тая ж птушкафабрыка, дзе вырошчваюць качак.

Сыну ў спадчыну

Наўрад ці знойдзецца земляроб, які не думаў бы аб тым, каму ён перадасць сваю справу. Станіслаў Іосіфавіч — не выключэнне. Але яму, можна сказаць, пашанцавала. Сын Яўген таксама любіць працаваць на зямлі. Ёсць у ім і працавітасць, і фермерскі разлік.

— Ён з нявесткай працуе ў гаспадарцы. Бачу, што мяне ва ўсім падтрымлівае, — заўважае Зіневіч-старэйшы. — Упэўнены, што будзе працаваць на зямлі, бачу ў ім свайго пераемніка.

Між тым і сам фермер яшчэ мае сілы, ды і да пенсіі яму далёка. Быць у тонусе дапамагае работа на свежым паветры, харчаванне з уласных прадуктаў і, вядома, лазня. Сям'я трымае карову і некалькі свінак. Зараз фермер пачынае задумвацца аб арганічным земляробстве. Калі яшчэ гадоў дзесяць таму гэту тэму мала хто падымаў, зараз яна пастаянна на слыху ў рэгіёне. Праўда, Зіневіч сумняваецца, ці зможа займацца арганічным земляробствам на гэтых землях, надта ж хутка тут расце пустазелле... Між тым многія цяпер цікавяцца «чыстай» вытворчасцю ў АПК.

— Арганічнае земляробства працуе — і грэчку вырошчваюць, і ячмень, — заўважае Уладзімір Ушкевіч. — За гэтым будучыня. У чым сэнс? Мы павінны запусціць біялагічныя працэсы ў глебе, а яна — жывы арганізм, у якім угнаеннямі, хімікатамі мы знішчылі ўсю мікрафлору. Арганіка, севазварот — вот асноўныя элементы арганічнага земляробства.

Кіраўнік абласной асацыяцыі фермераў актыўна прапагандуе гэты кірунак, а сама арганізацыя прымае ўдзел у еўрапейскіх праектах па новай тэме. Пакуль аб вялікіх аб'ёмах гаварыць рана, але справа паціху рухаецца. І Станіслаў Іосіфавіч таксама лічыць гэту ідэю вельмі перспектыўнай. Пакуль яго арганічнае земляробства абмяжоўваецца прысядзібным участкам. Але вопыт ужо напрацаваны, тым больш што і прадзеды вырошчвалі на гэтай зямлі менавіта чыстую прадукцыю. А каму цяпер працягваць гэту справу і захоўваць зямлю ўрадлівай? Толькі яму і яго нашчадкам...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Роднае поле Зіневіча

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.