Вы тут

Як беларускія дзіцячыя хірургі выратоўваюць жыцці пацыентаў


Беларускія дзіцячыя кардыёхірургі вядомыя сваімі высокатэхналагічнымі аўтарскімі аперацыямі — аналагічныя могуць выконваць урачы ўсяго некалькіх клінік Амерыкі і Еўропы. Міні-інвазійнае ўмяшанне — праз тры праколы — па пластыцы трахеі і стрававода зрабілі неданошанаму дзіцяці, якое важыла 1700 грамаў.

Столькі ж важыў маленькі пацыент, які прайшоў бронхаскапію. Рэнтгенэндаваскулярнае ўмяшанне (без разрэзаў, праз невялікія праколы на скуры) было зроблена немаўляці вагой усяго 1200 грамаў. Штодзень у РНПЦ дзіцячай хірургіі праводзяць унікальныя аперацыі і выратоўваюць жыцці маленькіх пацыентаў, якія раней лічыліся безнадзейнымі. Зусім нядаўна тут адбыўся рэспубліканскі кансіліум. Урачы шукалі тэхналогію, якая дазволіла б захаваць жыццё немаўляці з рэдкімі паталогіямі. Яго выпадак, бадай, адзіны ў свеце, але тут знайшлі спосаб, які дазволіць яму выжыць.


Парок сэрца — не прыгавор

— Мы рухаемся ў бок аказання высокатэхналагічнай і малаінвазійнай дапамогі, — падкрэслівае намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ дзіцячай хірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Свірскі. — Яна найменш траўматычная, дазваляе зменшыць знаходжанне ў стацыянары. Каля 25 % дзяцей у краіне атрымлівае хірургічную дапамогу з прымяненнем міні-інвазійных тэхналогій, у нашым РНПЦ — 35-40 %. Гэта дарагая медыцына, і мы нясём сур'ёзныя затраты на набыццё абсталявання. Гэта тонкая тэхніка і інструменты, якія дастаткова хутка зношваюцца. У той жа час выдаткі ўдаецца зменшыць дзякуючы таму, што скарачаецца час знаходжання нашых пацыентаў у стацыянары.

Аляксандр Свірскі паведаміў, што сучасная малаінвазійная хірургія развіваецца ва ўсіх абласцях нашай краіны, яны абсталяваныя лапараскапічнымі стойкамі і мініінвазійным інструментам. Новыя тэхналогіі, а таксама павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у рэгіёнах дазваляюць змяншаць колькасць смяротных выпадкаў. З 2014 года ў Беларусі ад такіх паталогій, як востры апендыцыт, кішэчная непраходнасць і ўшчэмленая грыжа, смяротнасць сярод дзяцей не фіксавалася. Пры гэтым у краінах СНД дагэтуль назіраюцца выпадкі гібелі дзяцей ад гэтых захворванняў.

— Але ёсць катэгорыя пацыентаў, якая выклікае непакой, — гэта неданошаныя дзеці, што маюць множныя парокі развіцця. Прычым колькасць парокаў не расце, а вось іх цяжкасць і спалучэнне робяцца сур'ёзнай праблемай і патрабуюць дапамогі мультыдысцыплінарнай каманды спецыялістаў, — засяроджвае ўвагу Аляксандр Свірскі. — Я забыўся, калі бачыў адзін парок,— звычайна гэта тры-чатыры адначасова: лёгкіх, страўнікава-кішэчнага тракту, сэрца, канечнасцяў. Падчас аперацыі 600—700-грамоваму дзіцяці напружваецца не адзін хірург, а ўся клініка. Безумоўна, мы працягнем і далей удасканальваць дапамогу гэтай групе пацыентаў, і, магчыма, у краіне будзе створаны асобны цэнтр для такіх дзетак.

Спецыяліст адзначыў, што, калі любой цаной выходжваюць такіх пацыентаў з экстрэмальна нізкай вагой, непазбежны высокі працэнт інвалідызацыі. Відавочна, што такія дзеці ў будучыні патрабуюць вялікіх сродкаў, каб падтрымліваць іх жыццё і забяспечваць яго якасць. Пры гэтым дыягнаставаць парокі развіцця дзякуючы сучасным метадам дыягностыкі часта ўдаецца загадзя — на пэўных тэрмінах цяжарнасці. Бацькоў у такім выпадку кансультуюць і ўрачы РНПЦ дзіцячай хірургіі.

— Мы паказваем парок і расказваем пра яго лячэнне, а гэта 3-5 аперацый, каб выправіць не толькі форму, але і функцыю органаў, таксама падлічваем шансы дзіцяці выжыць. І пасля бацькі прымаюць рашэнне, ці варта працягваць цяжарнасць. Тут усё вельмі няпроста: нярэдка сем'і, сутыкнуўшыся з такой праблемай, як хворае дзіця, распадаюцца. На тым, каб нараджаць у любым выпадку, як правіла, настойваюць бацькі, якія даўно чакаюць дзіця, — расказвае Аляксандр Свірскі.

Беларускія дзіцячыя кардыёхірургі дзякуючы сваім навыкам запатрабаваныя не толькі ў СНД, але таксама ў Еўропе, ЗША і Лацінскай Амерыцы. І цяпер, як адзначае эксперт, назіраецца пэўны адток гэтых спецыялістаў. Разам з тым беларускія ўрачы праводзяць майстар-класы і аказваюць аператыўную дапамогу пацыентам з іншых краін. Толькі сёлета брыгада кардыёхірургаў тройчы выязджала ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, і гэта супрацоўніцтва плануецца працягваць.

Кардыёхваробы з дзяцінства

Прыроджаныя парокі сэрца займаюць істотную долю ў структуры кардыялагічных хвароб дзяцей. На ўліку знаходзіцца каля 35 тысяч дзяцей, з іх 25 тысяч — з прыроджанымі парокамі сэрца.

— У апошнія гады ў нас сапраўды інтэнсіўна развіваецца кардыёхірургія, аперыруюцца раней неаперабельныя парокі, ажыццяўляецца шмат эндаваскулярных карэкцый, — адзначыла загадчык кафедры педыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыёрэўматолаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Ірына Чыжэўская.

На другім месцы ў структуры кардыялагічных хвароб парушэнні рытму сэрца. Гэта тахіярытміі, брадыярытміі, рэдкія генетычныя сіндромы. З імі на дыспансерным уліку знаходзіцца каля 5 тысяч дзяцей. Шэраг з іх падлягаюць кансультацыі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе, у прыватнасці, выконваюцца электрафізіялагічныя даследаванні і радыёчастотная аблацыя.

На трэцім месцы — артэрыяльная гіпертэнзія. На яе пакутуе каля тысячы дзяцей.

— Калі за апошнія гады частата прыроджанага пароку сэрца застаецца стабільнай (штогод з ім нараджаецца каля тысячы дзяцей), то артэрыяльная гіпертэнзія, асабліва ў падлеткавым узросце, павялічваецца. За апошнія 10 гадоў захваральнасць вырасла ў 5 разоў, — адзначыла Ірына Чыжэўская. — Гэта звязана з павышэннем нагрузак, псіхаэмацыянальнымі перагрузкамі: у дзяцей складаныя адукацыйныя праграмы, дадатковыя заняткі. У шэрагу выпадкаў гэта абумоўлена метабалічным сіндромам — лішняй вагой і атлусценнем.

Вялікай праблемай з'яўляюцца і рэўматычныя хваробы, на ўліку знаходзіцца каля 2 тысяч такіх дзяцей. Вялікім прарывам у іх лячэнні, на думку спецыялістаў, сталі новыя тэхналогіі. У прыватнасці, у лячэнні ювенільнага рэўматоіднага артрыту выкарыстоўваецца генна-інжынерная біялагічная тэрапія.

— У нас на ўліку стаіць 752 дзіцяці з ювенільным рэўматоідным артрытам, з іх 108 атрымліваюць па дзяржпраграме генна-інжынерную біялагічную тэрапію. Яна ўплывае на механізм узнікнення хваробы: абрывае імуннае запаленне, што дазваляе ў кароткія тэрміны вярнуць пацыента да звычайнага жыцця з функцыянальнай здольнасцю суставаў. Гэта дазваляе пазбегнуць інваліднасці і эндапратэзавання, а апроч таго, і шматлікіх ускладненняў. Раней дзеці атрымлівалі глюкакарцікоідную тэрапію, а яна мела шмат наступстваў — цукровы дыябет, атлусценне, артэрыяльную гіпертэнзію. Цяпер дзеці, якія атрымліваюць генна-інжынерную тэрапію, не маюць патрэбы ў гармонах. Знешне яны нічым не адрозніваюцца ад іншых дзяцей, і іх здароўе амаль цалкам аднаўляецца, — расказала Ірына Чыжэўская.

Лячыцца без гармонаў

Штогод у Беларусі ў 100—150 дзяцей дыягнастуецца цукровы дыябет І тыпу. Усяго з такім дыягназам на ўліку ва ўрачоў знаходзіцца 2300 дзяцей. Другі ж тып не з'яўляецца дамінуючым: на яго хварэе ўсяго 25 малых.

— З году ў год у краіне назіраецца рост на 4-5 % выпадкаў цукровага дыябету І тыпу ў дзяцей. І гэта агульнасусветная тэндэнцыя, — адзначыла прафесар кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава.

Спецыяліст падкрэсліла, што назіраецца амаладжэнне гэтай хваробы. Больш за траціну дзяцей, у якіх выяўлены цукровы дыябет, — ва ўзросце 5—9 гадоў.

У Беларусі выкарыстоўваюцца сучасныя падыходы да лячэння цукровага дыябету. Дзяцей масава пераводзяць са звычайнага на аналагавы інсулін. Ён вядомы даўно і раней выкарыстоўваўся для нівеліравання гіпаглікемічных станаў. Цяпер яго пачалі прымяняць больш шырока, бо гэта зніжае рызыку гіпаглікемічных рэакцый, больш фізіялагічна ўздзейнічае на арганізм і дапускае гібкі рэжым увядзення. Усё гэта дазваляе весці звычайны лад жыцця.

— Калі ў 2017 годзе ў краіне на аналагавым інсуліне знаходзілася 31 % дзяцей, хворых на дыябет, і 45 % у сталіцы, то сёння іх больш за палову па рэспубліцы і 70 % у Мінску. Работу па пераводзе на аналагавы інсулін мы плануем завяршыць налета, — падкрэсліла Анжаліка Сонцава.

Адбываецца і перавод дзяцей на помпавую інсулінатэрапію. Сёння на ёй знаходзіцца каля 70 малых, хворых на цукровы дыябет. Завяршаецца закупка яшчэ 50 помпаў, налета будзе набыта яшчэ 250. Гэта сучасныя прыстасаванні з бесперапынным манітараваннем глікеміі.


У РНПЦ «Кардыялогія» асвоілі новыя імплантацыі

Хірургі РНПЦ «Кардыялогія» правялі першыя ўнікальныя аперацыі па імплантацыі інавацыйных прылад для лячэння сардэчнай недастатковасці.

Дагэтуль клінічныя даследаванні ў галіне эндаваскулярнай кардыялогіі ў Беларусі не праводзіліся. Але гэта стала магчыма дзякуючы вопыту работы клінікі ў галіне сардэчнай недастатковасці і эндаваскулярнай хірургіі. РНПЦ «Кардыялогія» быў абраны разам з вядучымі медыцынскімі цэнтрамі Еўропы для ўкаранення гэтай тэхналогіі, распрацаванай амерыканскай кампаніяй Аnсоrа Hеаrt.

Спецыялісты РНПЦ пазнаёміліся з прадстаўнікамі амерыканскай кампаніі паўтара года таму падчас наведвання спецыялізаванага кангрэса для азнаямлення з найноўшымі тэхналогіямі і ўкаранення іх у практыку.

— Гэтая тэхналогія вельмі спадабалася. Мы прадставілі свой цэнтр, расказалі, якімі тэхналогіямі валодаем, як вядзём пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю, якія ў нас імплантуюцца сістэмы, — расказвае намеснік дырэктара па тэрапеўтычнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія» Алена Курлянская. — Не кожны цэнтр прымаецца ў такія маштабныя праекты. Пасля інспекцыі нашу клініку ўхвалілі і ўключылі ў гэта шматцэнтравае даследаванне.

Пакуль у цэнтры выкананы першыя аперацыі. Мяркуецца, што ўсяго ў праграму ўключаць 30 беларускіх пацыентаў. Да гэтага яны пройдуць шматэтапны адбор, у тым ліку магчымасць імплантацыі ацэніць каліфарнійская кампанія.

— Для дапамогі пацыентам з сардэчнай недастатковасцю ў нас рэалізуюцца цэлыя праграмы. У лячэнні гэтага захворвання шмат кірункаў. Мы павінны выкарыстоўваць максімум таго, што сёння ёсць у свеце. І спосаб лячэння, які прапануе амерыканская кампанія, адзін з самых інавацыйных і перспектыўных, — адзначыла Алена Курлянская.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Унікальныя аперацыі на сэрцы немаўляці

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.

Эканоміка

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.

Спорт

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Як правільна вызначыць від спорту, які падыходзіць для вашага дзіцяці, ці варта ўвогуле прымушаць яго хадзіць на трэніроўкі?