Вы тут

Лапці, якія знайшлі ў Шклове, перадалі на захаванне ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей


Каля тысячы лапцей, якія былі знойдзены ў Шклове на гарышчы аднаго са старых будынкаў падчас рэканструкцыі, перададзеныя на захаванне ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей.


Лапцям на выгляд каля 100 гадоў (магчыма, з большай дакладнасцю іх узрост вызначаць супрацоўнікі этнаграфічнага музея ў Магілёве, куды са Шклова перадалі частку каштоўнай знаходкі), яны падзеленыя па парах і знаходзяцца ў вельмі добрым стане — то-бок іх, пэўна, падрыхтавалі да продажу, але чамусьці так і не прадалі. «Гэты будынак, у якім праводзілася рэканструкцыя і дзе знайшлі лапці, да рэвалюцыі належаў яўрэям, а потым быў замацаваны за райспажыўкааперацыяй, — расказала «Звяздзе» дырэктар Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ларыса СІЛІВЕСТРАВА. — Як мы мяркуем, вырабілі іх усё ж не мясцовыя майстры, бо на Шклоўшчыне мы не выявілі такіх буйных рамесных арцеляў, а набылі вялікую партыю, магчыма, на Смаленшчыне, для продажу насельніцтву. Але пачалася вайна, і лапці прыбралі на гарышча, а потым замоўленая партыя не знайшла збыту, бо пасля вайны ўжо былі шырока распаўсюджаны гумовыя боты».

Яшчэ адзін аргумент на карысць «нетутэйшага» паходжання лапцей — іхняе пляценне: касое, з досыць вузкіх палосак, шчыльна падагнаных адна да адной. Спецыялісты распазналі ў знаходцы так званыя «пахлопні», на якія патрабавалася ў некалькі разоў больш лыка, чым на звычайныя лапці, — адпаведна, і каштавалі яны значна даражэй і скарыстоўваліся не на кожны дзень, а для свят і ўрачыстых выпадкаў.

Каля 250 пар лапцей ужо выстаўлена ў музеі, а ў будучыні тут плануюць аформіць асобную інтэрактыўную экспазіцыю — своеасаблівы «арцельны куток», які наглядна праілюструе ўвесь працэс вырабу папулярнага ў свой час абутку. «Думаю, можна будзе і паглядзець, і памацаць, і нават памераць», — смяецца Ларыса Сілівестрава.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Лыкам шытыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.