Вы тут

Ілья Капіевіч (1651—1714)


Ілья Капіевіч быў асветнікам, які шмат зрабіў для развіцця рускага кнігадрукавання, а вось на сваёй радзіме, у Беларусі, доўгі час быў амаль невядомы. Драматычныя падзеі перавярнулі яго лёс.


Яшчэ ў дзевяцігадовым узросце ў 1660 годзе маскоўскі ваявода Хаванскі ўзяў яго ў палон і вывез у Масковію. Пазней Капіевіч згадваў, што шэсць гадоў быў «пад вялікім гасударом». Невядома, што ён меў на ўвазе, — магчыма, сваё пражыванне пры царскім двары. Не выключана, што Ілья вучыўся ў Сімяона Полацкага. Зрэшты, у 1666 годзе ён вярнуўся на Беларусь, дзе яго чакала вялікае расчараванне. Родавы маёнтак канфіскавалі на карысць езуітаў на той падставе, што бацька Ільі быў ерэтык (пратэстант) і здраднік — перайшоў на бок рускага цара. Юнак застаўся без сродкаў для існавання. Трэба было шукаць сваё месца ў жыцці. Капіевіч выбраў не вайсковае прызванне, а асвету. Вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі, пасля працягваў навучанне ў рэфармацкай школе ў Амстэрдаме, стаў кандыдатам-пастарам Амстэрдамскага збору. Ужо тады Капіевіч думаў заняцца выдавецкай дзейнасцю і прасіў парады ў лістах да знакамітага нямецкага філосафа і навукоўца Готфрыда Вільгельма Лейбніца. Што параіў яму мэтр, невядома, але сваю задуму Капіевіч змог ажыццявіць. Паспрыяў гэтаму прыезд у 1697 годзе ў Галандыю рускага пасольства, у якім знаходзіўся і цар Пётр І. Капіевіч выкладаў мовы членам пасольства і гэтак пазнаёміўся з царом. Жвавы, эрудзіраваны чалавек, а тым больш той, які жыў раней у Маскве і ведаў рускую мову, стаў каштоўнай знаходкай для цара. Пётр І прапанаваў Капіевічу пісаць для асветы яго падданых «математические, геометрические, архитектонские и ратные земные и морские книги и прочие всякие художние». Пэўна, гаворка ішла пра пераклады на рускую мову галандскіх кніг. Гэта была высакародная справа, пра якую ён марыў, таму з радасцю пагадзіўся. «Ничто же полезнейшее есть в сем знатии, как познание и умелость писмен. Сие приношает величество и славу, сие неизреченую красоту воздает, сие государство укрепляет, и расширяет, и прославляет — всякому человеку во всяком чине полезно. Письмена разум исправляют, и обучают, и утешают», — так Ілья Капіевіч разумеў прызначэнне кніг.

За год напружанай працы Капіевіч пераклаў «Морского плавания книгу» аўтара Дзеграфціра, якую суправадзіў адмысловымі чарцяжамі. Цар заплаціў толькі за пераклад, а вось выданне яго даручыў галандцу Яну Тэсінгу, надаўшы яму манапольнае права друкаваць рускія кнігі і распаўсюджваць іх у Масковіі. Склалася дзіўнае становішча. У Тэсінга не было кірылічнага шрыфта, таму ён і сам не друкаваў рускія кнігі, і не даваў гэта зрабіць Капіевічу. Давялося Капіевічу кланяцца Тэсінгу, рабіць шрыфт і ўжо разам з ім выдаваць свае кнігі. У 1699 годзе ў друкарні Тэсінга выходзяць адразу тры кнігі Капіевіча: «Введение краткое во всякую историю», «Краткое и полезное руковедение во аритметику», «Уготование и толкование ясное поверстания кругов небесных» — падручнікі па гісторыі, арыфметыцы і астраноміі. Аўтар пісаў пра тое, што даўно было вядома культурнай Еўропе, але каб стала вядома і ў Масковіі, трэба было пераканаць маскавітаў у патрэбнасці і карысці ведаў. Вось як Капіевіч тлумачыць прызначэнне гісторыі: «История же память утверджает и деяния древняя, или дела ветхая всяческая прешедшего времени, яко настоящего, изъявляет, да познает и не забывали всяк род».

Аднак, як высветлілася, кнігі Капіевіча былі непатрэбныя. Падрыхтаваныя да друку рукапісы, «аки безделицу какую», вярнуў назад пад'ячы, здзекліва мовіўшы: «У нас-де промышленных людей на Москве стегают!» А вучні не сказалі за вучобу дзякуй, а скралі чатыры ягоныя глобусы.

У наступным 1700 годзе Тэсінг выдаў ажно пяць кніг Капіевіча. Гэта і слоўнікі (руска-лацінска-нямецкі і руска-лацінска-галандскі), і лацінская граматыка, і пераклады Эзопавых баек і фрагмента з кнігі Льва Міратворца пра ваеннае мастацтва.

Не ўсё было так добра, як хацелася Капіевічу. Заснаваная ім друкарня не прынесла яму прыбыткаў для далейшай плённай працы. Ён толькі перавыдаў «Морского плавания книгу» і выдаў «Святцы, или календарь». У пошуках лепшых умоў друкар пераехаў у Гданьск, але і там не мог наладзіць кнігадрукаванне з-за недахопу сродкаў і адсутнасці словалітні. Толькі ў 1706 годзе ён надрукаваў наступную сваю кнігу «Руковедение в граматыку во Славяно-Российскую или Московскую». А пасля зноў пачаліся цяжкасці і жыццёвыя ператрусы. Давялося пакідаць Гданьск, які захапілі шведы. Капіевіч пазбавіўся друкарні, застаўся без сродкаў, па дарозе ў Варшаву быў абрабаваны казакамі. У абозе рускага войска генерала Якава Бруса ён дабраўся да Масквы, а адтуль выехаў у Пецярбург на службу перакладчыкам пасольскага прыказа. За дзяржаўнымі клопатамі цар забыўся пра чалавека, які нёс веды ў Расію. Кнігі Капіевіча — пераклад Курцыя (1709), перавыданне баек Эзопа (1712) — выйшлі без ягонага імя. Гэтак, у забыцці, у 1714 годзе Ілья Капіевіч памёр. Засталіся ягоныя кнігі (ажно дваццаць тры, ды яшчэ, па некаторых звестках, ён напісаў «Рыторыку», «Паэтыку» і шмат вершаў), па якіх вучылася маладая Расія.

Дагэтуль даследчыкі спрачаюцца, ці быў Ілья Капіевіч стваральнікам грамадзянскага шрыфту, якім мы карыстаемся. Вядомы факт, што ў 1707 годзе Капіевіч у Маскоўскай урадавай друкарні адліў новы шрыфт, які атрымаў назву «грамадзянскі». Але кіраўнік друкарні Палікарпаў, каб пазбавіцца ад канкурэнта, назваў яго ерэтыком з-за пратэстанцкага веравызнання. Зразумела, прызнаць, што грамадзянскі шрыфт распрацаваў нейкі там літвін-ерэтык, не выпадала, а таму пальму першынства атрымаў сам цар Пётр І. А Капіевіч, які пры належнай падтрымцы мог зрабіць вельмі шмат для асветы, трываў несправядлівасць да свайго лёсу: «И тако сими утешаяся, да познаем нашу немощь, и держимося смиренномудрия и правды».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.