Вы тут

У «Стрыгаве» любяць парадак ва ўсім*


Адкрытае акцыянернае таварыства «Стрыгава» — гаспадарка самабытная. Яркай старонкай у яе гісторыі быў доўгі час, калі кіраўніком працаваў Уладзімір Кузіч. Пры ім гаспадарка зазнала сур'ёзны пад'ём і росквіт: дабівалася значных паказчыкаў і пры Савецкім Саюзе, і пры незалежнай Беларусі. Пасля Уладзіміра Рыгоравіча эстафету прыняў Ігар Масько, які прымножыў набыткі свайго папярэдніка.


Піянер у рэканструкцыі фермаў

— Гаспадарка сапраўды трымае марку па паказчыках у раслінаводстве, жывёлагадоўлі. І штогод назіраюцца тэндэнцыі росту. Вядома, не абыходзіцца і без праблем. Да «Стрыгава» далучылі сельгаспрадпрыемства «Тэўлі». На паперы паказчыкі знізіліся, таму што фінансавыя абавязкі па пагашэнні крэдыторскай запазычанасці мы ўзялі на сябе. Калі надоі на карову былі большыя за шэсць тысяч літраў малака ў год, то цяпер знізіліся. І гэта зразумела: грамадскі статак разбавіўся нізкапрадукцыйным пагалоўем. Калі ж браць у разрэзе комплексаў і малочнатаварных фермаў, то ранейшыя паказчыкі вытрымліваюцца, — расказаў намеснік дырэктара Дзмітрый Місюк. — Акцыянернае таварыства стала піянерам у раёне па рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. Прычым за кошт уласных сродкаў, без прыцягнення крэдытных рэсурсаў.

У гэтай новай траншэі будзе захоўвацца 3000 тон сіласу. На здымку - загадчыца малочнатаварнай фермы «Стрыгава» Таццяна РОШЧЫНА.

На сёння ў «Стрыгаве» налічваецца 5156 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 3413 гектараў ворыва, утрымліваецца 4238 галоў буйной рагатай жывёлы, сярод іх — 1450 дойнага статка. У гаспадарцы ёсць тры вялікія мадэрнізаваныя малочнатаварныя фермы і адна невялікая — на 200 галоў. Гэта адзіная ферма, дзе наладжаны выпас жывёлы. Астатнія працуюць па інтэнсіўным тыпе, інакш кажучы, кармленне адбываецца ў памяшканні. У жывёлагадоўлі наладжаны закрыты цыкл папаўнення статка — ад вырошчвання маладняку да каровы.

Жывёла любіць стабільны догляд

Шмат зроблена па гінекалагічным лячэнні жывёлы. У параўнанні з мінулым годам, гаспадарка стабільна плюсуе па ўзнаўленні, пакрыцці кароў, знізілася выбракоўка жывёлы ў цэлым па статку. Практычна адышлі праблемы з капытамі — вясной і восенню іх абрэзалі. Праводзіцца бягучае лячэнне, а для прафілактыкі ўладкавалі спецыяльныя ёмістасці з дэзынфікуючымі сродкамі.

— Асноўныя прычыны выбракоўкі на комплексах — мастыт і захворванні капытоў. Мы праблему знялі. Але ёсць такое слова «руціна», характэрнае для жывёлагадоўлі: руцінная работа. Карова любіць стабільнасць у доглядзе: своечасовае і якаснае кармленне, вакцынацыя, апрацоўка. Усё павінна ісці роўна, па схеме, што дазваляе атрымліваць вынікі штодзень. І, вядома, дамагчыся іх немагчыма было б без спецыялістаў. Нядаўна ў нас пачаў працаваць новы заатэхнік Канстанцін Аршынскі — прафесіянал найвышэйшага класа. Канстанцін Аляксандравіч пераехаў з сям'ёй з Гомельскай вобласці. Жонка ўзначальвае малочнатаварны комплекс, таксама выдатны спецыяліст. Апошнім часам зрабілі ратацыю кадраў, замянілі загадчыкаў фермаў.

Стымул працаваць лепш

На сённяшні дзень гаспадарка павялічыла выпуск валавой прадукцыі. Ён склаў 126 % да ўзроўню мінулага года, каля 127 % — у жывёлагадоўлі, якая дае асноўную частку прыбытку. Штодзень тут здаюць каля 23 тон малака на Кобрынскі масласырзавод. Вельмі сур'ёзна працуюць над павышэннем якасці малака. У акцыянерным таварыстве распрацавалі меры матэрыяльнага стымулявання супрацоўнікаў. За дадатковае малако налічваюцца прэміяльныя. У аператараў машыннага даення, слесараў, жывёлаводаў, якія абслугоўваюць дойны статак, з'явілася непасрэдная зацікаўленасць. Не забылі і загадчыкаў фермаў, ветурача, тэхнолага, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у тэхналагічных працэсах. На сённяшні момант гаспадарка прадае 100 % малака экстра-класа. Звычайна ж гэты паказчык складае ад 65 да 75 % у месяц. На цяперашні дзень па малаку сітуацыя нядрэнная — каля 3,5 літра на карову, больш чым у адпаведны перыяд мінулага года.

— На той момант, калі я прыйшоў на пасаду намесніка дырэктара ў студзені гэтага года, сур'ёзнымі праблемамі былі захворванні канечнасцяў у жывёлы, а таксама мастыты, — канстатуе Дзмітрый Місюк. — Праведзена каласальная работа па лячэнні жывёлы. Летась таварнасць малака ў сярэднім складала 85 %, то па выніках работы за студзень—чэрвень гэтага года — 89,6 %. А цяпер яна на ўзроўні 96—98 %. І далейшы яе рост цалкам рэальны: распрацаваны найбольш аптымальныя схемы выпойвання цялят, якія даюць магчымасць захоўваць маладняк, атрымліваць максімальныя прывагі і таварнае малако.

Праўда, адчуваецца пэўны дэфіцыт ветэрынарных кадраў, зрэшты, як і ў цэлым па краіне. Гэта звязана з тым, што важнасць работы тэхнолагаў у гаспадарках не заўсёды аб'ектыўна ацэньваюць. Больш цэняць тых, хто працуе рукамі, колькі надоіць малака, намалоціць збожжа. Але тэхналогіі — гэта разумовая праца, у выніку якой павышаюцца надоі, прывагі, ураджайнасць. Разам з тым гэтыя спецыялісты атрымліваюць значна меншую зарплату, чым даяркі, механізатары. Таму і сыходзяць на больш «хлебную» работу. Нам таксама патрэбны ветэрынарны ўрач. Ёсць дамоўленасць з маладым чалавекам, які пасля службы ў арміі восенню прыйдзе да нас працаваць. Цяпер абавязкі галоўнага ветурача выконвае Вольга Міхайлаўна Чабатарова. На комплексе таксама ёсць ветэрынарны фельчар Дзіма Пашковіч. Актыўна стымулюем, каб ён працягваў вучобу ў вышэйшай навучальнай установе, — кажа Дзмітрый Місюк.

Сёлета ў гаспадарцы ўведзена ў эксплуатацыю новая ўстаноўка для вытворчасці патакі з размолатай сумесі збожжавых культур. Гэтае прыстасаванне забяспечвае каштоўнай дабаўкай увесь статак буйнай рагатай жывёлы.

Вельмі нядрэнна ў «Стрыгаве» спрацавалі па прывагах жывёлы, па гаспадарцы ў цэлым яны складаюць 600 грамаў і больш. Калі браць у разрэзе фермаў, то ў сярэднім мінімальныя — 696 грамаў, максімальныя — 1093 грамы.

Як пакорміш, так і атрымаеш

— Працуем мы па інтэнсіўных тэхналогіях, адмовіліся ад такіх методык, як размол зерня. Шчыльна кантактуем з Жабінкаўскім камбікормавым заводам, таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Консул». Гэтая кампанія выпускае на пляцоўцы завода па сваёй рэцэптуры камбікармы. Тут пачалі выкарыстоўваць вельмі цікавы новы камбікорм ККК-605. У яго прымальны сабекошт, калі звычайны каштуе каля 1000 рублёў за тону, то гэты 1600, паколькі ідзе як канцэнтрат: напалову змешваецца з зернем кукурузы. Гэты корм збалансаваны па бялку. Урэшце ён абыходзіцца па 800 рублёў за тону. І вынік ужо бачны па прывазе жывёлы, — падзяліўся Дзмітрый Місюк.

У гаспадарцы ўспомнілі старую добрую тэхналогію — атрыманне зерневай патакі, якую ўкараняюць першымі ў раёне. Зерне мелецца, у біярэактары яно паспявае пры дапамозе ферментных прэпаратаў, расчапляецца да прасцейшых поліцукрыдаў, і фактычна рацыён насычаецца цукрамі. Пасля таго як пачалі выкарыстоўваць гэты метад, надой ад каровы павялічыўся на 500 грамаў. Толькі за кошт таго, што пайшла балансіроўка паміж цукрамі і пратэінам.

Такая сучасная тэхніка выкарыстоўваецца для раздачы кармоў жывёле.

Разам з тым ёсць і пытанні, якія неабходна вырашаць. У «Стрыгаве» сутыкнуліся з недахопам плошчаў, назіраецца скучанасць жывёлы. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы можна давесці і да пяці тысяч. Для гэтага неабходна будаваць новыя памяшканні. На ферме Мацы ўжо пачалі ўзводзіць прафілакторый для малых цялят на 500 галоў, а таксама памяшканне для ўтрымання рамонтных цялушак 12—18 месячнага ўзросту. Вядома, ёсць пэўныя фінансавыя цяжкасці па будаўніцтве. Але ў гаспадарцы шукаюць і пралічваюць варыянты, як найлепш выйсці з сітуацыі.

Прапрацоўваюцца таксама пытанні па закупцы або арэндзе агрэгата па плюшчэнні зерня, атрыманні патакі, паколькі ў таварыстве займаюцца ў тым ліку і буракамі.

Сёлета пасеяны вялікі аб'ём кукурузы — звыш тысячы гектараў. У планах — забяспечыць больш як гадавы запас сіласу, нарыхтавалі 12 тысяч тон сенажу, усяго ж плануецца назапасіць яго каля 15 тысяч. Вымалёўваецца добрая карціна па сіласе — багата ўрадзіла кукуруза, плануецца атрымаць як мінімум 25 000—30 000 тон. Гэта дасць магчымасць забяспечыць каля 35 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Так што перспектывы нядрэнныя — жывёлагадоўля будзе з кармамі, а гэта — умовы далейшага росту аб'ёму прадукцыі.

У сельгасарганізацыі распрацавалі сістэму па гігіене даення, падабралі аптымальныя прэпараты, якія даюць магчымасць прафілактыкі захворванняў. На сённяшні дзень пастаўлена задача знізіць сабекошт малака ў выніку максімальнага выкарыстання травяністых кармоў з высокім утрыманнем бялку.

Кармавой базе ў «Стрыгаве» надаюць вялікую ўвагу, кармы закладваюцца толькі з кансервантамі высокай якасці, няма ніякіх пытанняў па наяўнасці арганічных кіслот, бялку. А нарыхтоўку вядуць у аптымальныя фазы паспявання траў, выкарыстоўваюць трохслойную сістэму закрыцця.

— Мы разумеем, што кармы — гэта прыярытэт, — кажа мой суразмоўнік, — пабудавалі дзве новыя траншэі сумарнай магутнасцю 5000 тон, плануецца ўзвесці яшчэ адну на 2,5—3 тысячы тон. Актыўна вядзём работу па абнаўленні пасеваў траў, закупцы травяных сумесяў з высокім утрыманнем бялку. На сёння пасеяны каля 90 гектараў канюшыны. Традыцыйна таксама займаемся люцэрнай. З улікам таго, што ў нас добрыя землі — 32—36 балаў, вырошчваем збожжавыя, нядрэнныя ўраджаі дае пшаніца. Вялікі аб'ём яе пастаўляецца ў лік дзяржаўнага рэзерву. Акцэнтуем таксама ўвагу на вытворчасці фуражнага збожжа, супрацоўнічаем з іванаўскім «Белсоладам» па пастаўках піваварнага ячменю. Сеем і рапс, калі летась намалацілі яго 300 тон, то сёлета — 1200. Асобныя плошчы давалі да 50 цэнтнераў з гектара.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 200040784

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.