Вы тут

Як беларусы ва ўзросце 50+ становяцца валанцёрамі


Усё больш беларусаў ва ўзросце пачынаюць прытрымлівацца добрай еўрапейскай традыцыі і становяцца валанцёрамі. Як, напрыклад, 64-гадовая Алена Еўдакімава з Зэльвы. Яна — яскравы прыклад таго, як можна жыць поўным жыццём ва ўзросце за 60. «Мы займаемся ёгай два разы на тыдзень у клубе «Даўгалецце праз рух», праводзім тэатральныя вечары, адзначаем разам усе дні нараджэння, ладзім канцэрты», — кажа яна. А яшчэ Алена Еўдакімава і яе сяброўкі сталі валанцёрамі.


— У кожнай з нас ёсць падапечныя інваліды і ветэраны. Ім шмат не трэба — дастаткова пагаварыць, схадзіць у краму ці ў аптэку па лекі. Нам гэта не цяжка, наадварот, прыносіць задавальненне, — апавядае жанчына. — Мы скідваемся кожны месяц па рублі і з гэтых грошай купляем падарункі да свят маленькім дзеткам, ад якіх адмовіліся бацькі, ці старэнькім бабулям-дзядулям, робім салодкія сталы. Калі сядзець на пенсіі дома, то неяк сумна жыць становіцца. Дзеці ў нас раз'ехаліся хто куды, толькі ўнукаў падкідваюць на канікулы... А нам хочацца рабіць нешта добрае. Вось я зараз поўная сіл, а хтосьці не можа хадзіць, некаму вельмі самотна і няма з кім пагаварыць. Нам хочацца палепшыць іх жыццё, і нас саміх гэта натхняе і надае нам сіл.

Ні для каго не навіна, што пасля выхаду на пенсію з'яўляецца вольны час, і яго можна праводзіць у тым ліку з карысцю для грамадства. Прычым спецыялісты кажуць, што ад гэтага выйграе і сам пажылы чалавек: ён адчувае сябе больш карысным і запатрабаваным, пашыраецца яго кола зносін, з'яўляюцца новыя інтарэсы...

Дапамагаюць і атрымліваюць дапамогу самі

Можа таму на сённяшні дзень, па словах старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Алены ФАДЗЕЕВАЙ, з прыблізна 1000 валанцёраў іх арганізацыі больш за 200 складаюць людзі пенсійнага ўзросту.

Пажылыя мінчане рэалізуюць самыя розныя ініцыятывы. Яны выступаюць бясплатнымі рэпетытарамі для дзяцей з праблемных сем'яў, дапамагаюць выхаванкам дамоў-інтэрнатаў у доглядзе за іх дзецьмі, імкнуцца разнастаіць вольны час адзінокіх састарэлых людзей. Удзельнічаюць, напрыклад, у такіх міні-праектах, як «Бабулін клопат», «Майстэрня здароўя», «Пераемнасць пакаленняў», «Разам супраць дэменцыі», «Тэрапеўтычны парк» і іншых.

У цэлым па краіне дзейнічаюць 53 ініцыятыўныя групы пажылых людзей. Яны створаны ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях і аб'ядноўваюць больш за тысячу чалавек.

Удзельнікі ініцыятыўных груп дапамагаюць сваім падапечным з прыборкай, дастаўляюць прадукты з крамы, апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі. Не менш важна часта бывае і суправадзіць пажылога чалавека ў паліклініку ці царкву, дапамагчы напісаць ліст, павіншаваць са святам або проста пагаварыць.

Акрамя гэтага, пажылыя людзі праводзяць заняткі з дзецьмі-інвалідамі, аказваюць дапамогу ў шпіталях і аддзяленнях сястрынскага догляду. Дзейнасць у ініцыятыўных групах дае магчымасць змяніць сваё асяроддзе да лепшага. Таму асаблівасць такіх груп, як кажуць спецыялісты, у тым, што ў іх няма выразнага падзелу паміж людзьмі, якія аказваюць дапамогу, і тымі, хто яе атрымлівае. Пажылыя людзі становяцца валанцёрамі і дапамагаюць чым могуць тым, хто мае патрэбу, але і самі таксама знаходзяць падтрымку і паляпшаюць сваё жыццё, калі імкнуцца паўплываць на вырашэнне надзённых праблем у сваім горадзе ці мястэчку. Напрыклад, дамагчыся рамонту калодзежаў у сваім населеным пункце, пераносу прыпынку, адкрыцця спартыўных і камп'ютарных класаў для пажылых — усе гэтыя і іншыя ініцыятывы пажылых людзей робяць умовы ў тым ліку і іх жыцця больш спрыяльнымі.

І, дарэчы, валанцёрам Чырвонага Крыжа можа стаць кожны. Для гэтага трэба толькі прайсці спецыяльныя навучальныя курсы, каб быць гатовым аказваць дапамогу.

Валанцёрства спрыяе даўгалеццю

Актыўны ўдзел у жыцці грамадства спрыяе здароваму даўгалеццю пажылых людзей і павышае якасць іх жыцця — такія вынікі даследаванняў, у прыватнасці рэгіянальнага даследавання «Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей праз актыўны ўдзел у супольнасцях», якое было праведзена ў Беларусі, Босніі і Герцагавіне, Балгарыі.

Таму ў Еўропе, напрыклад Англіі, ёсць такая практыка — накіраванне пажылых людзей пасля лячэння ў шпіталі ў клубы па інтарэсах і г. д., каб паменшыць іх сацыяльную ізаляцыю, павысіць жыццёвы тонус і такім чынам пазітыўна паўплываць на самаадчуванне.

У цэлым актыўны ўдзел пажылых людзей у жыцці прыводзіць да павышэння іх самаацэнкі. У іх з'яўляецца больш знаёмых і сяброў, а аказанне дапамогі іншым дае адчуванне ўласнай запатрабаванасці. Усё гэта вяртае сэнс жыцця. Таму што нярэдка менавіта нерэалізаваныя духоўныя патрэбы з'яўляюцца прычынай страты і здароўя, і сэнсу жыцця. Нездарма ў Бібліі сказана: «Пануры дух сушыць косці». Ужо даўно даказана, што абавязковым складнікам даўгалецця і шчасця з'яўляецца гармонія пяці сфер жыцця: здароўя, зносін, работы, фінансаў і духоўнасці. І калі непаладкі ў першых чатырох сферах мы адчуваем амаль імгненна, то духоўны складнік, на жаль, здольныя адчуць не адразу. Між тым ён важны не менш, а можа, нават і больш за ўсе астатнія.

На Захадзе актыўны валанцёрскі рух пачаўся пасля Другой сусветнай вайны, калі трэба было аднаўляць разбуранае жыццё. Цяпер асноўны кантынгент валанцёраў там складаюць студэнты і пенсіянеры.

Цытата «Звязды»

«Сапраўднае зло ў старасці — гэта не слабасць цела, а абыякавасць душы. За ценявой лініяй мы бачым людзей і свет такімі, якія яны ёсць, без ілюзій. Стары чалавек задае сабе пытанне: «Навошта?» Гэта, магчыма, самая небяспечная фраза. Аднойчы стары чалавек скажа сабе: «Навошта змагацца? Навошта выходзіць з дому? Навошта ўставаць з ложка?..» (Андрэ Маруа)

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.