Вы тут

Сканцэнтравацца на думках прапануе сёлета ТЭАРТ


Сканцэнтравацца на думках прапануе сёлета ТЭАРТ. 15 спектакляў, што склалі беларускую і міжнародную праграму, паводле арганізатараў уяўляюць з сябе ў пэўнай ступені канцэнтрат ідэй, разваг і эмоцый.


— Кожны спектакль сканцэнтраваны на нечым сваім, важным, — адзначае дырэктар Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» Анжаліка Крашэўская. Сапраўды, сучасны тэатр вельмі розны, але ён не страціў сваёй функцыі размаўляць з людзьмі пра нешта вельмі важнае, сур'ёзнае, балючае, тое, што хочацца абмеркаваць ці вырашаць на ўзроўні грамадства. — А мы хочам гаварыць пра тое, што нам баліць.

Таму ў асобны кірунак у рамках фестывалю сёлета вылучана праграма «Тэатр сацыяльных даследаванняў», якая дапаўняе шоўкейс Belarus Open. Наогул падбор спектакляў беларускай праграмы — гэта таксама даследаванне: грамадства шляхам тэатральных практык. Таму што ў тэатр мы ходзім не толькі дзеля адпачынку ці задавальнення, але і для таго, каб атрымаць штуршок для роздумаў, асэнсаванняў таго, як жывём і што можам удасканаліць у сабе ды навокал. І нават сам тэатр можа ўдасканальвацца, дзеля гэтага ўласна фестываль і задумваўся.

«Кандзід, альбо аптымізм»

— Тэатр — гэта жывое мастацтва, ён можа мяняцца, — лічыць Людміла Грамыка, куратар праграмы Belarus Open. — За час існавання форуму ТЭАРТ і шоўкейса, які складаюць айчынныя пастаноўкі, беларускі тэатр змяніўся.

Варта прыгледзецца. Стартуе фестываль з 20 верасня менавіта з беларускай праграмы, куды ўвайшлі самыя адметныя спектаклі, якія выклікалі рэзананс за апошні час, дзе ёсць пошук і ідэя, актуальнасць. Дзе вядзецца размова пра нас, пра Беларусь. Гэта важна яшчэ і таму, што на фестываль запрашаюцца крытыкі з іншых краін, яны імкнуцца зразумець, што хвалюе людзей, якія жывуць у гэтай краіне, і якія працэсы адбываюцца ў нашым тэатры. Для гэтага адабралі восем пастановак: «Паляванне на сябе» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (рэжысёр Стас Жыркоў), пастаноўку Юрыя Дзівакова «Песня песняў» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў ART Corporatіon, «Кандзід, альбо аптымізм» Магілёўскага абласнога тэатра лялек у пастаноўцы Ігара Казакова, танец-спектакль «Паветра» Вольгі Лабоўкінай і тэатра Karakulі, спектакль Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды «Дом № 5», «Павятовы лекар» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра (рэжысёр Юрый Дзівакоў), спектакль Аляксандра Янушкевіча «Вартаўнікі Тадж-Махала» (Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў ART Corporatіon), «ГЭТАМЫ» Незалежнага тэатральнага праекта (рэжысёр Стас Жыркоў).

Тэатр як сацыяльнае даследаванне і сродак уплыву на грамадства — кірунак не новы для тых, хто сочыць за тэатральным рухам. Але ўпершыню ён вылучаны ў асобную частку на міжнародным форуме. Рыхтуемся да знаёмства з Лабараторыяй сацыяльнага тэатра ECLAB Валянціны Мароз, якая пакажа спектакль «Родныя людзі?» на тэму хатняга гвалту. Беларуска-брытанскі праект HUNCHtheatre Уладзіміра Шчэрбаня ўдзельнічае з пастаноўкай «Левыя дысідэнты», створанай паводле сучасных айчынных аўтараў Алены Шпак і Андрэя Дзічэнкі. Брэсцкі тэатр «Крылы халопа» і Аксана Гайко прэзентуюць праект Brest Storіes Guіde, які прапануе размову на тэму антысемітызму, звяртаючыся да гістарычных падзей знішчэння Брэсцкага гета.

Тэатр як адлюстраванне чалавечай гісторыі хоча быць актуальным. Беларускі тэатр хоча вучыцца і асвойваць новыя плыні, падыходы і спосабы абудзіць нашу неабыякавасць да самога жыцця. І ёсць рэжысёры, для якіх гэта галоўная мэта творчасці. Менавіта на асобу рэжысёра звяртае ўвагу «Школа ТЭАРТ».

— Наша мэта рэалізуецца па двух кірунках: найперш трэба паглядзець, якія функцыі ў наш час выконвае рэжысёр, — тлумачыць куратар гэтай часткі Аляксандр Марчанка. — А далей трэба высветліць, якія магчымасці ёсць для пашырэння такіх функцый.

Вучыцца варта ў асоб. Напрыклад, такіх як Вацлаў Гавел, які вельмі паўплываў як аўтар і як чалавек з моцнай пасіянарнай энергіяй на абуджэнне народаў Усходняй Еўропы. У межах Школы адбудзецца паказ спектакля «Дуплет» і сустрэча з яго стваральнікам грузінскім рэжысёрам Канстанцінам Абашыдзэ. Яшчэ адна асоба — швейцарскі рэжысёр Дэні Майфер, адзін з кіраўнікоў тэатра La Comedіe de Geneve. Пад яго кіраўніцтвам пройдзе рэжысёрская лабараторыя, падчас якой удзельнікі будуць думаць над стварэннем спектакля паводле Шэкспіра.

Свае асобы ў тэатры?.. Ёсць, і таксама гатовыя падзяліцца прафесійным досведам, але падчас дыскусіі. Цікавыя думкі Дзмітрыя Багаслаўскага, Ігара Казакова, Аляксандра Янушкевіча? Вядомыя па рабоце ў айчынных рэпертуарных тэатрах, яны паспрабавалі сябе як вольныя мастакі і могуць казаць пра тое, як заставацца ў тэатральным працэсе ды рэалізаваць сябе ў мастацтве.

І пра мастацтва, яго сусветныя ўзоры. З імі звычайна знаёміць міжнародная праграма, усяго чатыры спектаклі. Гамераўская «Адысея» — вечная класіка, якую цікава глядзець у незвычайных інтэрпрэтацыях. Тэатр Талія з Германіі ў межах 25-годдзя Інстытута Гётэ ў Беларусі прадставіць адметны варыянт прачытання Гамера ад рэжысёра Анту Рамера Нуньеса. Класічны тэкст будзе прамаўляцца на мове, якой не існуе наогул. Вось і магчымаць пераканацца ў тым, што тэатральны твор, нават калі не ведаеш мовы артыстаў, усё адно кранае гледача. Тое ж самае павінна здарыцца падчас яшчэ аднаго прагляду — французскага харэаграфічнага спектакля «Піксель». Харэограф Мурада Мерзукі скіраваны на дыялог. Гэта дыялог не толькі паміж культурамі і народамі, гэта яшчэ дыялог паміж мастацтвам танца і візуальнымі 3D-выявамі.

 «Плошча герояў»

У дыялог паміж эпохамі прапаноўвае ўключыцца Літоўскі нацыянальны драматычны тэатр у спектаклі «Плошча герояў», створаным паводле Томаса Бернхарда польскім рэжысёрам Крысціянам Люпам. Ці быў пераможаны фашызм падчас Нюрнбергскага працэсу? І ці не можа гэта пагражаць нашым сучаснікам, толькі ўжо на іншым узроўні і пад іншай маскай?..

У нечым сугучнай можа падасца пастаноўка «Сталінград» рэжысёра Рэзо Габрыадзэ. Яго ўласныя ўспаміны з далёкага мінулага ажываюць праз работу акцёраў з марыянеткамі. Тэатр, які скарае свет, — тэатр шчыры.

Канцэнтрат шчырасці — вось чаго варта чакаць сёлета падчас ТЭАРТу.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Што баліць. Пра тое гавораць сучасныя рэжысёры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.