Вы тут

Беларусы заваявалі 4 медалі выдатнікаў на WorldSkіlls Іnternatіonal


Беларуская зборная заваявала чатыры медалі выдатнікаў на міжнародным спаборніцтве WorldSkіlls Іnternatіonal у Казані. Гэта найбуйнейшы ў свеце конкурс прафесійнага майстэрства, і праводзіцца ён кожныя два гады. Цяперашні 45-ы па ліку чэмпіянат — самы маштабны ў гісторыі руху WorldSkіlls, у 56 кампетэнцыях спаборнічалі 1 354 маладыя прафесіяналы з 63 краін і рэгіёнаў. Ацэньвалі іх 1 304 эксперты. Канкурсанты дэманстравалі ўзровень сваёй прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыю, а таксама ўменне індывідуальна ці ў камандзе выконваць заданні. Беларусь удзельнічала на WorldSkіlls Іnternatіonal па 33 кампетэнцыях, пачынаючы ад дэманстрацыі кулінарных шэдэўраў да тэхналогій будаўніцтва.


Беларусь далучылася да WorldSkіlls Іnternatіonal у 2014 годзе і паспела прыняць удзел у двух сусветных чэмпіянатах — у Сан-Паўлу ў 2015 годзе і ў Абу-Дабі ў 2017-м. Аб гэтым расказала прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталля ШАЎЧЭНКА-САЎЛАКОВА.

— Сёлета наша каманда выступіла ў кампетэнцыях, 30 з якіх уваходзяць у асноўны блок, тры дадатковыя — Future Skіlls (зона спаборніцтваў па перспектыўных прафесіях, запатрабаваных ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі). Медалі выдатнікаў атрымалі хлопцы і дзяўчаты, якія спаборнічалі па чатырох кампетэнцыях: у «Цырульніцкім мастацтве» Ксенія Шафранская, навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, у кампетэнцыі «Вэб-дызайн і распрацоўка» ўзнагароду атрымаў Аляксей Крупскі, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, па кірунку «Тэхналогія моды» — Юлія Маркевіч, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Валянцін Арцямёнак, ён выступаў па кампетэнцыі «Інфармацыйныя кабельныя сеткі», — паведаміла выступоўца.

Акрамя таго, зборная ўдзельнічала ў пяці кампетэнцыях JunіorSkіlls — праграму спаборніцтваў для школьнікаў да 16 гадоў. Сярэбранымі медалямі былі ўзнагароджаны Максім Цароў (кампетэнцыя «Тэхналогіі графічнага дызайну»), Мікіта Штраус («Полімеханіка і аўтаматызацыя»), Максім Парфіяновіч («Упраўленне дронамі»), Ілья Мельнікаў і Мілана Казлова («Інтэграцыя робатасістэм»). Бронзавым прызёрам у кампетэнцыі «Вэб-тэхналогіі» стаў Ілья Калько.

Тэхнічны дэлегат WorldSkіlls Belarus Кацярына ЗАБРУДСКАЯ адзначыла, што кірунак Future Skіlls, у якім выступала беларуская зборная, цяпер актуальны і перспектыўны для нашай краіны:

— На юбілейным спаборніцтве прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Іnternatіonal беларуская зборная выступіла па трох кампетэнцыях гэтага кірунку: прамысловы дызайн, квантавыя тэхналогіі і BІM-тэхналогіі — тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання ў будаўніцтве. Кірунак Future Skіlls раней не быў задзейнічаны ў конкурснай праграме, аднак цяпер кампетэнцыі разглядаюцца як асноўныя і перспектыўныя для будучых спаборніцтваў. Нашы хлопцы і дзяўчаты заваявалі ў іх узнагароды: у кампетэнцыі «Прамысловы дызайн» Зміцер Дорахаў, навучэнец Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Філіяла БНТУ, атрымаў бронзавы медаль, каманда Вольгі Петравец, якая прадстаўляла прадпрыемства комплекснага праектавання «Гомель-дарпраект», і Марыны Жукавай з Дзяржаўнага інстытута па праектаванні прадпрыемстваў машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці заваявала сярэбраны медаль у кампетэнцыі «Тэхналогіі праектавання BІM».

Спаборніцтвы — цяжкая і адказная праца як для ўдзельнікаў, так для экспертаў і трэнераў. Каб стаць міжнародным экспертам, патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка, адпаведнае пацвярджэнне і сертыфікаты, для канкурсантаў — на працягу года інтэнсіўнае навучанне і стажыроўкі, у тым ліку за мяжой. Пра гэта расказала нацыянальны эксперт па кампетэнцыі «Цырульніцкае мастацтва» Наталля КРЫЛОВА:

— Ганарова, што адзін эксперт з беларускай каманды для WorldSkіlls Іnternatіonal быў выбраны ў якасці намесніка галоўнага эксперта спаборніцтваў. Добра, што многія з айчынных удзельнікаў становяцца потым педагогамі, майстрамі вытворчага навучання або экспертамі спаборніцтваў. Іх медалі, — гэта паказчык якасці і прафесіяналізму, які не трэба пацвярджаць ні ў адной краіне.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».