Вы тут

Чаму студэнты-замежнікі выбіраюць Беларусь і ў якія ВНУ паступаюць?


З кожным годам цікавасць замежных грамадзян да атрымання адукацыі ў Беларусі расце, беларускія ВНУ ў сваю чаргу імкнуцца зрабіць працэс навучання цікавым. З новага навучальнага года ў дарогу па веды ў аўдыторыях беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў адправіліся 23 тысячы студэнтаў са 108 краін свету. Найбольшая колькасць замежнікаў традыцыйна вучыцца ў БДУ, сталічным медыцынскім універсітэце і БНТУ. Таксама ў апошнія гады вырасла запатрабаванасць сярод замежных студэнтаў ІT-спецыяльнасцяў, на якія актыўна пачаў запрашаць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. У тройцы краін, адкуль да нас прыязджае найбольшая колькасць студэнтаў, — Туркменістан, Кітай і Расія.


— Лідарамі па колькасці замежных студэнтаў, безумоўна, з'яўляюцца сталічныя ВНУ з прычыны свайго выйгрышнага размяшчэння. Гэта БДУ, БДМУ, БНТУ, БДУІР, лінгвістычны і педагагічны ўніверсітэты. Разам з гэтым у апошнія гады мы назіраем станоўчую дынаміку і ў рэгіёнах — Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Рост колькасці замежных студэнтаў назіраецца і ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, — расказвае кансультант упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Вольга ХАТКЕВІЧ.

Спецыяліст паведаміла, што 27 беларускіх ВНУ гатовы навучаць (і навучаюць) студэнтаў на англійскай мове па 181 спецыяльнасці на першай ступені вышэйшай адукацыі. З 2012-га года актыўна развіваецца такі кірунак, як сумесныя праграмы. Яны існуюць у многіх ВНУ, напрыклад, у БНТУ маецца сумесны факультэт з Таджыкскім нацыянальным універсітэтам, сёлета такі ж сумесны з таджыкскім універсітэтам факультэт з'явіўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

— Нашы ўніверсітэты могуць прапанаваць цікавыя адукацыйныя праграмы не толькі на англійскай, але і іншых мовах, напрыклад, ёсць практыка выкладання на французскай, — адзначыла Вольга Хаткевіч.

Лідарам па экспарце адукацыйных паслуг сярод беларускіх ВНУ з'яўляецца Белдзяржуніверсітэт. Тут вучыцца самая вялікая колькасць замежных студэнтаў.

— Мы адна з чатырох на тэрыторыі Беларусі ВНУ, куды замежныя студэнты ўпершыню прыехалі яшчэ 60 гадоў таму, — нагадвае начальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Аляксандр ЖУК. — Сёння ў нас вучыцца больш за 2,5 тысячы замежных грамадзян. А з улікам залічэння ў гэтым навучальным годзе будзе каля трох тысяч. Пераважная большасць нашых замежных студэнтаў з Туркменістана, Кітая і Расіі.

Пры гэтым каля 80 % замежнікаў выбіраюць сацыяльна-эканамічныя і філалагічныя спецыяльнасці.

— Гэта эканамічны і юрыдычны, факультэты журналістыкі і міжнародных адносін. У нас не вельмі загружаны ў гэтым плане прыродазнаўчанавуковыя спецыяльнасці, — адзначае дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ. — Таму мы робім акцэнт на сумесныя праграмы. Адна з іх — сумесны інстытут з Даляньскім універсітэтам Кітая, дзе студэнты атрымліваюць спецыяльнасць, звязаную з фізікай і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Навучанне вядзецца на англійскай мове. Мяркуемы работадаўца — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Медыцынскую адукацыю замежныя грамадзяне атрымліваюць ва ўсіх чатырох профільных ВНУ Беларусі, а таксама ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах. Толькі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце іх вучыцца больш за дзве тысячы замежнікаў.

— Медыцынская адукацыя запатрабаваная ва ўсім свеце і каштуе дорага. У Беларусі яна даступная і якасная. Ва ўсіх медыцынскіх ВНУ выкладанне вядзецца як на рускай, так і на англійскай мовах. Рускую замежныя студэнты вывучаюць з 1-га курса, бо з трэцяга ў іх пачынаюцца клінічныя прадметы. Урачом не станеш без кантактавання з пацыентам, менавіта падчас практыкі фарміруецца клінічнае мысленне. Пасля выпускнікоў чакае клінічная ардынатура, якая складае ад трох гадоў (у беларускіх студэнтаў — 2 гады). І руская мова — даволі складаны для замежных студэнтаў момант, але па-іншаму тут нельга, — тлумачыць прарэктар па міжнародных сувязях Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Васіль РУДЗЁНАК.

Студэнт 5-га курса БДМУ Ахмед з Іарданіі вырашыў вучыцца ў Беларусі, бо ад сяброў ведаў, што тут выкладчыкі вельмі добра ставяцца да замежных студэнтаў.

— Так і выйшла: да нас адносяцца, як бацькі да сваіх дзяцей. Мы стараемся вучыцца, але з рускай мовай не заўсёды ўсё атрымліваецца, і выкладчыкі з разуменнем да гэтага ставяцца, — прызнаецца Ахмед, які плануе застацца ў Беларусі для праходжання клінічнай ардынатуры.

Традыцыйна ў медыцынскіх універсітэтах шмат студэнтаў з такіх краін, як Індыя, Шры-Ланка, Лівія і Іарданія. Упершыню на постсавецкай прасторы ў БДМУ рэалізуецца эксперыментальны праект для грамадзян Ізраіля, ЕС, ЗША і Канады. Ён прадугледжвае атрыманне медыцынскай адукацыі з улікам далейшай здачы экзамену для допуску да работы ў гэтых краінах. Першая група такіх студэнтаў ужо прыступіла да навучання.

— У тым жа Ізраілі ўсяго чатыры медыцынскія ВНУ і 650 месцаў, а попыт на медыцынскую адукацыю вялікі, таму мяркую, што наш праект мае добрыя перспектывы, — кажа Васіль Рудзёнак.

З гэтага года Беларусь пачала выдаткоўваць гранты для замежнікаў на бясплатнае навучанне. Плануецца штогод вылучаць да 100 грантаў прадстаўнікам 34 краін свету. Сёлета такой магчымасцю скарысталіся і сталі студэнтамі 22 замежнікі з Кітая, Азербайджана, Бельгіі, Узбекістана, Літвы, Іарданіі, Лівана, Латвіі, Сірыі, Егіпта, Буркіна-Фасо і Манголіі. Яны прайшлі чатырохузроўневы адбор, дзе галоўным крытэрыем з'яўляецца паспяховасць — ніжні парог атэстата павінен быць не ніжэй за 7,5 бала. Пры гэтым вучыцца ў Беларусі пажадаў 41 чалавек з тых, хто звярнуўся ў пасольствы Беларусі ў сваіх краінах і падаў заяўкі.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Даступна і якасна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».