Вы тут

Прэзідэнт паўдзельнічаў у мерапрыемствах, прысвечаных 1000-годдзю Брэста


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічае ў мерапрыемствах, прысвечаных 1000-годдзю горада Брэста.


Свой візіт у адзін з найстаражытных гарадоў Беларусі кіраўнік дзяржавы пачаў з агляду пабудаванага да 1000-годдзя горада Заходняга абыходу абласнога цэнтра.

Пуцеправод пабудаваны за тры гады з выкарыстаннем унікальных тэхналогій. Ён падзяляе транспартныя плыні паміж левым і правым берагам ракі Мухавец, пагранпераходы «Варшаўскі мост» і «Казловічы», забяспечвае аб’езд цэнтра горада вялікагрузным транспартам. Выкарыстанне яго грамадскім і асабістым транспартам жыхароў і гасцей Брэста пры перамяшчэнні з мікрараёнаў «Рэчыца» і «Дуброўка» ў цэнтр горада і назад дазволіць пазбегнуць аўтамабільных затораў у раёнах чыгуначных пераездаў.

Унікальная для краіны маналітная канструкцыя мае даўжыню 2 кіламетры 200 метраў. Будаўніцтва пачалося тры гады таму, яно ішло паралельна з праектаваннем. У палатно масту другой чаргі Заходняга абходу ўкладзены больш за 800 балак.

«Такое маналітнае будаўніцтва ў краіне выкарыстана ўпершыню. Канструктыўная асаблівасць ў тым, што таўшчыня яго метр, яно зроблена ў двух узроўнях, унутры ёсць пустотаўтваральнікі​, каб такую бетонную канструкцыю несці. Але самая галоўная асаблівасць ў тым, што мы не спынялі рух: залівалі ў пяць этапаў, інакш быў бы транспартны калапс у горадзе», — патлумачыў генеральны дырэктар Будаўнічага трэсту № 8 Павел Сацута.

На пытанне журналіста «Звязды», колькі бяссонных начэй каштавала кіраўніку генеральнага падрадчыка гэта будаўніцтва, Павел Сацута адказаў: «Два гады і тры месяцы».

"Самым цікавым было заліваць маналіт, — расказаў ён. — Мы навучыліся ліць такія сур’ёзныя маналіты, дзякуючы сямігадоваму вопыту работы на атамнай станцыі. Мы сёння любыя маналітныя аб’екты навучыліся будаваць удвая хутчэй, чым раней«.Самы вялікі аб’ём бетону, які выкарыстоўваўся адначасова пры будаўніцтве Брэсцкай развязкі, 1280 кубоў.

«Трыма насосамі залівалі цягам сутак, каб зрабіць бесперапыннае бетанаванне і забяспечыць якасць, каб бетон не перасыхаў і была забяспечана рухомасць бетоннай сумесі», — падзяліўся з журналістамі нюансамі будаўніцтва гендырэктар.

Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта далажыў кіраўніку дзяржавы пра сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці і пра ўсе пабудаваныя да юбілею горада аб’екты.


Кіраўнік дзяржавы ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абыходу горада Брэста

Разам з кіраўнікамі вобласці, горада і генеральным падрадчыкам будаўніцтва Прэзідэнт перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку, пасля чаго звярнуўся да будаўнікоў.

– Вы з гонарам выканалі маё даручэнне, – сказаў ён. – Рашэнне аб узвядзенні гэтага аб'екта было не проста правільным і своечасовым, калі шчыра, мы прыпазніліся з будаўніцтвам гэтага аб'екта... Брэст з'яўляецца прыгранічным транзітным горадам, яго чыгуначны вузел – адно са звёнаў новага Шаўковага шляху.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аптымізацыя транспартных плыняў, стварэнне ў рэгіёне камфортных умоў для перамяшчэння пасажыраў і грузаў – пытанні стратэгічнага значэння.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Заходні абыход Брэста не толькі знізіць нагрузку на цэнтр горада, пазбавіць яго жыхароў і шматлікіх гасцей ад затораў, але і стане важным аспектам у развіцці эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і краіны.

Ён адзначыў, што развязку спраектавалі і пабудавалі брэсцкія спецыялісты. «Рэалізацыя праекта стала паказальным прыкладам эфектыўнага выкарыстання часу і рэсурсаў, умення мясцовых уладаў працаваць з насельніцтвам, – сказаў Прэзідэнт. – Вельмі добра, што вы нікога не пакрыўдзілі. Вы стварылі інфраструктурны аб'ект самага высокага ўзроўню ў параўнальна сціслыя тэрміны, значна палепшылі жыццё брэстаўчан. Не на словах, а на справе зрабілі свой уклад у развіццё Беларусі – краіны для жыцця».

Лепшы падарунак той, які зроблены ўласнымі рукамі, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён назваў новую развязку сапраўдным упрыгожваннем Брэста і лепшым падарункам да яго тысячагадовага юбілею. «Масты – гэта кветкі планеты, яны ўпрыгожваюць зямлю», – пагадзіўся кіраўнік дзяржавы з прачытанай ім яшчэ ў дзяцінстве метафарай.
Прэзідэнт падзякаваў усім удзельнікам праекта.

– Дзякуючы сваёй працы, імкненню зрабіць любімы горад прыгожым, зручным і сучасным вы ўвайшлі ў гісторыю яго другога тысячагоддзя, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля гэтага да кіраўніка дзяржавы звярнуліся будаўнікі

«Мы хочам вам падзякаваць за гэты аб'ект. Раней пры выездах з мікрараёнаў мы гадзінамі стаялі ў заторах, а зараз цягам пяці хвілін трапляем у цэнтр», – сказалі яны.

«Вы самі малайцы, – адказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мая мэта заўсёды і ўсюды – ўсё рабіць самім. Нават калі нешта некалі не рабілі, трэба навучыцца».

Ён згадаў размову, якая адбылася толькі што з губернатарам вобласці пра перайманне польскага вопыту вырошчвання рапсу і дадаў, што ўвесь свет імкнецца вучыцца ў некага лепшаму, і гэта правільна.

На скрыжаванні часоў і народаў

На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае пачатку святкавання 1000-годдзя горада, людзі збіраліся на плошчы Леніна з самага ранку. Асаблівы настрой стваралі святочныя дэкарацыі, музыка і лагоднае вераснёўскае сонейка. Святочная дзея пачалася з песні «Радзіма мая дарагая» ў велічным харавым выкананні.

Затым на сцэну ўзняўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы назваў 1000-гадовы Брэст скрыжаваннем часоў і народаў, яго гісторыю набыткам усёй краіны, а яго сучаснае аблічча нагодай для гонару. «На фотаздымку, які зрабіў Алег Навіцкі з космасу, начны Брэст нагадвае вогненную птушку, — сказаў ганаровы госць мерапрыемства. — І гэты здымак сапраўды сімвалічны, ён нібы адлюстроўвае лёс горада, які не жадаў скарацца захопнікам, і не раз быў спалены датла. Але ж нібы міфічны фенікс Брэст адраджаўся з попелу і кожны раз станавіўся мацнейшым».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта тут не раз вырашаўся лёс розных тэрыторый Еўропы, тут прымаліся лёсавызначальныя рашэнні, здзяйсняліся подзвігі. І самы апошні з такіх подзвігаў — гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, якая сарвала планы хуткай перамогі гітлераўцаў. Гераічная цытадэль стала сімвалам подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выступоўца пералічыў многія заслугі горада і гараджан як піянераў добрых пачынанняў. Несумненна, іх варта памятаць і праз стагоддзі. Менавіта Брэст на беларускай тэрыторыі першым атрымаў Магдэбургскае права, тут узвялі першую друкарню, у якой была надрукавана Брэсцкая Біблія. У канцы ХХ стагоддзя тут была створана першая свабодная эканамічная зона, якая стала прыкладам партнёрскага ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы. Не варта забываць, што Брэст і Брэстчына далі краіне і свету многіх знакамітых людзей. Адсюль родам першы беларускі касманаўт Пётр Клімук і алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.

Сказаў Аляксандр Лукашэнка і пра асабістае. З Брэстчынай у яго звязаныя асаблівыя ўспаміны, тут будучы кіраўнік дзяржавы ў свой час служыў у войску. Дакладней — у пагранічным атрадзе, як ён сказаў «стаяў на апошнім метры нашай зямлі». І паводле яго меркавання, каб не тая школа армейскага жыцця, то наўрад ці сёння ён выступаў бы на гэтай сцэне ў сваёй цяперашняй якасці.

Звяртаючыся да ўсіх жыхароў Брэста, кіраўнік дзяржавы сказаў пра асаблівы гонар, які выпаў цяперашняму пакаленню. Вобразна кажучы, яны маюць магчымасць узяць за руку Брэст ды ўвесці яго ў новае тысячагоддзе. І з гэтай асаблівай місіяй гараджане выдатна спраўляюцца, бо абласны цэнтр выглядае прывабна і сучасна, за час падрыхтоўкі да юбілею ён літаральна перамяніўся і памаладзеў. Жыхары горада атрымалі пажаданне захаваць не толькі ўнікальную атмасферу Брэста, таксама імкненне да прагрэсу, уменне працаваць на карысць радзімы і, галоўнае, перадаць гэтыя каштоўнасці дзецям, навучыць іх любіць малую радзіму, берагчы традыцыі на многія стагоддзі наперад. «І няхай анёл-ахоўнік, якога вы падарылі ў гонар гэтага юбілею гораду (маецца на ўвазе помнік тысячагоддзю Брэста) абараняе яго і аберагае кожнага з вас» — прагучала на заканчэнне.

А потым быў падарунак, пра які ў Брэсце многія гады толькі стрымана марылі. Кіраўнік дзяржавы паднёс у дар брастаўчанам арыгінальны экземпляр Брэсцкай Бібліі, надрукаваны тут у 1563 годзе. Такім чынам вечна жывая кніга амаль праз пяць вякоў вярнулася дадому. Дырэктар музея гісторыі Брэста Святлана Тамчук, якая прымала гэты бясцэнны дар, ледзьве спраўлялася з пачуццямі. Бо яна трымала ў руках не проста рарытэт, каштоўны экспанат. Вяртанне Бібліі на радзіму, несумненна, уяўляе сабой гістарычную падзею ў жыцці горада. Гэту кнігу па значнасці ставяць у адзін шэраг з Бібліяй Францыска Скарыны і Статутам Вялікага княства Літоўскага. Унікальнасць кнігі ў тым, што яе тыраж не перавышаў 500 экземпляраў, але большая яго частка згарэла. Засталіся лічаныя адзінкі арыгінала. Таму і з’яўляецца ён асабліва каштоўным. А Прэзідэнт адзначыў, што гэта падзея стала магчымай дзякуючы нашым бізнесменам, якія выкупілі ўнікальную кнігу для Брэста за мяжой.

Ганаровы грамадзянін горада мастак-ювелір Мікалай Кузьміч ад брастаўчан падарыў Кіраўніку дзяржавы сваю аўтарскую работу «Брэсцкія васількі». Мастацкая кампазіцыя ў выглядзе хрустальнай вазы з васількамі зроблена на паэтычны матыў твораў Максіма Багдановіча, але мастак надаў рабоце брэсцкае адценне.

Свята прадоўжылася тэатралізаванай дзеяй пра мінулае і сучаснае горада. А на іншых пляцоўках горада ішлі шматлікія юбілейныя мерапрыемствы.

Агульны настрой гэтага дня ў гутарцы з карэспандэнтам найбольш дакладна выказала Таццяна Сплендзер, мама вучня чацвёртага класа Ягора, які ў складзе хору хлопчыкаў выступаў на адкрыцці мерапрыемства: «Нашы дзеці вельмі хваляваліся, гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць — удзел у такім канцэрце. Але ж гэта наша свята, мы да яго рыхтаваліся і мы яго заслужылі».

На пытанні журналістаў Прэзідэнт адказаў у Брэсцкай крэпасці. Візіт туды не значыўся ў плане рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы, але не пакланіцца памяці гераічных абаронцаў славутай цытадэлі ён проста не мог.

Аляксандр Лукашэнка: Праект з акумулятарным заводам добры, але не варты таго, каб забруджваць экалогію

«Я ў дадзеным выпадку на баку людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, на жаль, парушэнні пры будаўніцтве гэтага завода былі выяўленыя і вінаватыя пакараныя ўжо пасля таго, як ён асабіста пачаў разбірацца ў сітуацыі.

«Доўгі час мы пераправяралі ўсю інфармацыю, якая да мяне патрапіла, бо, ведаеце, знянацку махаць мячом або коп’і кідаць — гэта непрымальна. Калі я пераправерыў інфармацыю, то ўбачыў, што людзі тут у асноўным, тыя, хто перажывае за экалогію, за сваё жыццё, за жыццё дзяцей, яны правы. І я ўбачыў там правапарушэнні і з боку дзяржаўных служачых асобных, ну і з боку асобных дзялкоў, якія паабяцалі, увогуле, пабудаваць патрэбны нам аб’ект», — расказаў Прэзідэнт.

Праект пабудовы акумулятарнага завода — добры, бо такіх заводаў у краіне няма, і яго трэба было рэалізоўваць, але так, каб у выніку не пацярпела экалогія, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Мы ж не нейкая там бананавая рэспубліка. Ну няма акумулятарнага завода, будзем недзе купляць, гэта не вартае таго, каб губіць людзей і забруджваць экалогію. Я лятаю над краінай і віжу, які падарунак нам даў Гасподзь. Мы пачынаем вычышчаць, вымываць краіну, сведчаннем таму — Брэст, і вось табе — лыжка дзёгцю», — пашкадаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў, што некаторыя асобы, якія, магчыма, маюць дачыненне да парушэнняў пры будаўніцтве акумулятарнага завода, знаходзяцца ва ўцёках, але яны абавязкова будуць знойдзеныя і адкажуць перад законам. «Аб’ект павінен быць выключна экалагічна чыстым, абавязкова, калі мы яго будзем уводзіць, з экспертызай мясцовага насельніцтва. Толькі людзі будуць вырашаць, якім будзе гэты завод», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму палітызацыі падобных пытанняў. «Ёсць праблема, і нехта жадае пагрэць рукі: маўляў, уладу трэба мяняць — няхай паспрабуюць, — пракаментаваў гэты аспект кіраўнік дзяржавы. — Я асабліва не напружваюся, але хачу, каб мудрыя, адукаваныя брастаўчане разумелі, што выкарыстоўваецца любая нагода, каб прарвацца ва ўладу».

Тым, хто выкарыстоўвае экалагічную тэму ў палітычных мэтах, беларускі лідар параіў падумаць, што яны будуць рабіць ва ўладзе.

«Хачу супакоіць людзей: сённяшняя ўлада і не з такімі праблемамі разбіралася, і гэту мы вырашым так, як трэба брастаўчанам»,— запэўніў ён.

Як жылі з расіянамі, так і будзем жыць

Другое пытанне журналістаў датычылася знешняй палітыкі Беларусі і меркаванняў некаторых палітолагаў пра разварот афіцыйнага Мінска на Захад.

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што Беларусь заўсёды прытрымлівалася шматвектарнасці ў пабудове сваіх міжнародных адносін і працягвае гэту палітыку. «Не я пасяліў беларусаў на гэтым кавалку зямлі. Гасподзь нас тут пасяліў, куды нам падзецца? Нас нідзе не чакаюць. Іншай зямлі нам ніхто не дасць. У рабы мы не пойдзем, ужо пахадзілі, як я кажу, пад плёткай пабывалі. Гэта наш кавалак зямлі і ён у цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні ўсіх шляхоў», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Ён нагадаў, што наша тэрыторыя становіцца асабліва каштоўнай, як толькі ўзнікаюць нейкія праблемы ва ўзаемаадносінах нашых суседзяў паміж сабой. «Беларусь — адзіная, мірная, добрасуседская краіна ў Расіі, праз якую яна ажыццяўляе кантакты з усім, як раней казалі, цывілізаваным светам — Заходняй Еўропай, Злучанымі Штатамі Амерыкі, — адказаў Прэзідэнт. — І ў зваротным кірунку — на Усход. Кітай актыўна ўжо працуе. У Брэсце мне расказалі, наколькі павялічыўся грузапаток па чыгунцы за кошт Кітайскай Народнай Рэспублікі. Для нас гэта добра. Яны вязуць у Еўропу тавар, кантэйнеры адтуль вяртаюцца — мы грузім свой тавар і такім чынам дыверсіфікуем рынкі збыту. Кіраўніцтва Кітая адкрыла нам свае рынкі, а гэта паўтара мільярды чалавек, там усё запатрабавана, што мы вырабляем, хоць яны шмат самі робяць. Вось яна —каштоўнасць гэтага кавалку зямлі». 

Вядома, што за гэту зямлю вядзецца вострая, хоць часам нябачная барацьба, сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Усе хочуць уплываць, — з горыччу сказаў ён. — Але я не прымаю, калі пачынаюць «уплываць» празмерна, не на карысць нашаму народу. Гэта не дапушчальна. Галоўнае — шматвектарная палітыка: мы павінны глядзець і на ўсход, і на захад. Дарэчы, Расіі няма ў чым нас папракаць, у іх нават арол двухгаловы (на дзяржаўным гербе Расійскай Федэрацыі —"Звязда"), і нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі»

Прэзідэнт зноў паўтарыў сваё перакананне, што беларусы і расіяне — родныя людзі. «Яны падобныя на нас, гэта нашы людзі, — сказаў ён. — Гэта нашы браты. Мы з імі былі заўсёды разам, яны заўсёды падстаўлялі нам плячо. І тое, што ў нас сёння часам праблемы з Расіяй, дык гэта ж не з рускімі людзьмі і не з расіянамі. Яны бліскуча да нас адносяцца. Чаму мы павінны адносіцца да іх кепска? Разварочвацца некуды? Здраджваць ім, як некаторыя кажуць. Гэтага ніколі не будзе. Нават без мяне гэтага не будзе. Беларусы не дазволяць здрадзіць нашаму, як я часта кажу, старэйшаму брату».

Але і старэйшы брат павінен адносіцца па-брацку, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

У якасці прыкладу ён прывёў перамовы ў сферы паставак прыроднага газу і нафты. І сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў і тое, што Расія стала правапрымальніцай Савецкага Саюза, і што ёй, як правапрымальніцы, Беларусь у свой час перадала сваю ядзерную зброю. 

«Я заўсёды казаў: гэта адзіная наша Айчына. Мы так выбудоўвалі сваю палітыку. Я і Пуціну (Ельцыну само сабой) казаў: гэта і мая Расія. Гэта мая краіна. Бо беларусы душу сваю ўклалі ў развіццё той краіны, у тым ліку Расіі. Як ленінградцы аднаўлялі пасля вайны Мінск, вучоныя сюды прыязджалі... Усё пераплеценае, усё адзінае. Але Чарнобыль адбыўся, і мы на траціне плошчаў драўніну не можам выкарыстоўваць з-за высокіх назапашванняў радыяцыі. Хаця б за гэта мільярдаў 10-15 кубаметраў газа па прымальных цэнах, не бясплатна, не стратна для Газпраму, пастаўце ў Беларусь», — разважае кіраўнік дзяржавы. 

Калі Беларусь папракаюць, што яна жыве за кошт Расіі, то мы зможам і абысціся, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Як расіянам надакучыла спрачацца з транзіцёрамі газу і яны сталі будаваць альтэрнатыўныя трубаправоды, так і Беларусь можа ўзяць з рынка іншую нафту, акрамя расійскай. «Але ці трэба гэта Расіі? Каб на яе рынак прыйшло 20-25 мільёнаў тон чужой нафты, амерыканскай, Саўдаўскай Аравіі, Азербайджанскай... Праз Украіну ў нас на Мазыр прапрацаваны маршрут. 10 мільёнаў тон венесуэльскай нафты мы пастаўлялі, калі Расія нам перастала пастаўляць. Мы замясцілі. Паўночны маршрут, я прама сказаў расійскім уладам, мы прапрацоўваем. І праз Польшчу, праз Прыбалтыку напрацоўкі ёсць. Але калі мы праз Польшчу пачнём пастаўляць нафту, то забяром дзве ніткі нафтаправоду „Дружба“, па якіх на экспарт ідзе расійская нафта. Гэта трэба расіянам? Не. Дык давайце дамаўляцца па-чалавечы, і рабіць, як лепш, — патлумачыў сваю пазіцыю Прэзідэнт. — Гэта мае патрабаванні. Не трэба гэта падаваць як тое, што Лукашэнка развярнуўся на Захад».

Што датычыцца спекуляцый вакол візіту дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Ён што, прыехаў перш за ўсё ў Беларусь? Ды не, ён ужо пабываў і ў Сочы, і ў Маскве, і з маім сябрам, калегам Пуціным абдымаўся там. Мы ж спакойна гэта пераносілі. Не абураліся. Ну прыехаў і прыехаў. Трэба размаўляць. Тым больш нам — краіне, якая была столькі пад санкцыямі. Яны нас нахілялі ўлева і ўправа, і самі прыехалі, самі прапанавалі сустрэцца. Думаю, мы павінны з імі наладжваць адносіны. Гэта ж імперыя, самая магутная краіна. Паглядзіце, як Расія імкнецца ўсталяваць адносіны нармальныя з ЗША. А чаму мы не павінны гэта рабіць? Вось што ляжыць у аснове. І ніякіх рухаў на Захад, на Усход. А глядзець будзем і туды, і туды, і шукаць там, дзе выгадна. Гэтак жа любая дзяржава вядзе палітыку».

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што кіраўніцтва Расіі яго ў такой палітыцы не папракае. «Гэта канспіралогія, вы правільна сказалі, у коле так званых палітолагаў, сацыяёлагаў, журналістаў асобных, прыкормленых. Вось яны і пачынаюць бамбіць з усіх бакоў. Вядома, нехта заказвае. Я ведаю, хто. Супакоімся, пена схлыне, шчэпкі ветрам унясе, а мы як жылі з расіянамі так і будзем жыць. Нягледзячы нават на палітыку па вуглевадародах, па тармажэнню нашых прадуктаў харчавання, якія мы не можам туды пастаўляць. Навошта мы туды пастаўляем? Каб грошы у іх зарабіць і заплаціць за нафту і газ. Вось і ўсё. Не трэба думаць, што тут нейкая глыбіня антырасійская або антызаходняя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Можам прыняць летнюю Алімпіяду разам з Расіяй і Украінай

Яшчэ адно пытанне кіраўніку дзяржавы тычылася досведу правядзення нашай краінай маштабных спартыўных форумаў, легкакаатлетычнага матчу паміж Еўропай і ЗША, які адбудзецца ў Мінску на пачатку наступнага тыдня, і магчымых будучых глабальных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі. 

«Я вельмі хацеў, каб гэты матч легкаатлетычны прайшоў у Беларусі, — прызнаўся Прэзідэнт. — Лёгкая атлетыка — каралева спорту. Лёгкая атлетыка ў нас заўсёды была развітая. У нас добрыя традыцыі, і мне, вядома, хацелася, каб лёгкая атлетыка неяк развівалася. Гэты матч абавязкова падштурхне яе развіццё».

Ён паведаміў, што ў свой час прасіў кіраўніка Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьяна Коэ даверыць Беларусі правядзенне гэтых спаборніцтваў. «Я яго папрасіў, потым думаю: не дадуць нам пры такой палітызацыі... А яны аддалі нам правядзенне гэтага матчу. Не кожнай краіне выпадае такі гонар. Любая краіна гатовая прыняць такі матч —Еўропа — ЗША. Таму мы ганарымся тым, што нам дазволілі яго правесці», — сказаў Прэзідэнт.

Што тычыцца будучых спаборніцтваў, то і набыты Беларуссю вопыт дазваляе нам разлічваць на не менш цікавыя форумы сусветнага маштабу. «Вядома, нам цяжка спаборнічаць з гігантамі (вялікімі краінамі), але, дапусцім, з украінцамі або расіянамі мы можам Алімпіяду правесці. Аб’екты пад Алімпійскія гульні ў нас гатовыя. Зараз Нацыянальны футбольны стадыён пабудуем і для водных відаў спорту, застанецца футбол. У Расіі ўся інфраструктура створана пад футбол. Можам папросту з імі прыняць Алімпіяду. І тут у асноўным летнюю правесці —- у Беларусі — з дапамогай расіян ці ўкраінцаў. У іх ёсць аб’екты, якіх нам не хапае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краіне выгадна праводзіць буйныя спартыўныя спаборніцтвы: «Паціху мы вучымся. І прымаць гасцей. Гэта не ў страту, гэта твар краіны, імідж».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры правядзенні II Еўрапейскіх гульняў летам бягучага года былі сэканомлены сродкі. «Нават не ўсе выкарысталі, што вылучалі. Мы нічога не страцілі. Толькі ў плюс», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзякуючы правядзенню падобных спартыўных форумаў Беларусь імкнецца зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку ў якасці краіны-гаспадыні, каб і ў будучыні мець магчымасць прымаць падобныя або нават больш значныя спаборніцтвы. «Без гэтага не было б заўтра ні чэмпіянатаў свету, ні этапаў Кубка свету. Усе ўбачылі, што мы не проста можам іх правесці — мы можам абслужыць людзей, прыняць іх. Людзі з душой паставіліся да гэтага. Адкрытая душа нашых людзей. А следам тысячы, сотні тысяч людзей прыедуць у Беларусь. Гэта турызм, за які мы змагаемся. Мы закладваем добры падмурак для таго, каб да нас прыязджалі, нас любілі, нас паважалі. І каб нашы спартсмены нас радавалі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».