Вы тут

Як мінчанка жыве з пітонам Афанасіем


Сёння ўсё больш жыхароў сталіцы вырашаецца завесці незвычайных для гараджан жывёл. Напрыклад, згадайце гісторыю з ваўком у Сухараве. Дзікая жывёла вымушана была сядзець на ланцугу ў двары аднаго з дамоў прыватнага сектара. Гаспадару жывёлы давялося заплаціць штраф за парушэнне ўмоў утрымання дзікага звера, але ён усё ж не адмовіўся ад свайго сябра, а пабудаваў у сябе на ўчастку вальер.

Ці прыгадаем мужчыну, у якога на кватэры вылупілася гусяня і які стаў выкладваць на «Ютубе» відэа пра жыццё свайго крылатага сябра...

А нядаўна ў прэсе з'явілася гісторыя пра маладога чалавека, які завёў сабе ліса і цяпер гуляе з ім па горадзе, атрымліваючы асалоду ад увагі супрацьлеглага полу.

Маша, жыхарка сталіцы, любіць звыклых для многіх людзей сабак, але завяла сабе... пітона.


Дзяўчына прызналася, што можа з'ехаць у падарожжа на доўгі тэрмін. Сабака, маўляў, будзе пакутаваць ад разлукі, а вось яе незвычайны гадаванец — наўрад ці.

— З пітонамі ўсё прасцей, — кажа гаспадыня. — Яны не патрабуюць пастаяннага кантакту, бо ў змей не фарміруецца эмацыянальная сувязь з гаспадаром. Праўда, здаецца, што пітон прывык да майго дому, паху і хутчэй за ўсе адчувае сябе больш упэўнена ў знаёмым месцы. Ды і сама я ўжо прывязалася да яго.

Змяю Маша атрымала ў падарунак ад сябра. Папярэдні гаспадар пітона назваў яго Афанасіем. З цягам часу малады чалавек зразумеў, што больш не можа даглядаць змяю. Але ён не гатовы быў аддаваць гадаванца ў заапарк, а хацеў знайсці чалавека, якому было б цікава даглядаць паўзуна, пры гэтым больш-менш адказнага ў гэтай справе.

— Калі я першы раз убачыла Афанасія, то не магла адарваць ад яго вачэй, — успамінае дзяўчына. — Ён павольна поўзаў, і мне ўвесь час хацелася яго ўзяць і пагладзіць. Мне падабаліся яго мяккія звівістыя рухі. Памятаю, як стрымлівала сябе, была вельмі асцярожная, каб не зрабіць пітону непрыемнага.

Маша ніколі не адчувала страху перад змеямі. Калі яна ў дзяцінстве першы раз дакранулася да рэптыліі, то вельмі здзівілася, бо была ўпэўнена, што яны слізкія, а аказалася — не. Пітоны — змеі неядавітыя, таму Маша часта дазваляе гадаванцу «гуляць» па кватэры. Праўда, перад гэтым ёй даводзіцца затыкаць усе шчыліны, каб змяя не выпаўзла наведаць суседзяў.

Але аднойчы Афанасій усё ж напужаў сваю гаспадыню тым, што знік. Два дні Маша шукала яго. Вельмі турбавалася, што ён можа напалохаць суседзяў ці загіне ад рук людзей. Праз два дні бягляк знайшоўся сам — вылез з музычнай калонкі. З той пары Маша стараецца быць больш уважлівай падчас «прагулкі» змяі па кватэры.

Яшчэ новай гаспадыні Афанасія давялося змяніць меню свайго гадаванца. Былы гаспадар карміў яго жывымі мышамі, і пітон хутка з імі распраўляўся. Але Машы здалося, што Афанасію мала маленькай мышкі. Справа ў тым, што пітоны растуць усё жыццё і яе гадаванец «не даганяў да нормы». І вось падчас імправізаванага палявання на больш буйную мыш тая падрапала пітону скуру, і на тым месцы расплылася вялікая гематома. Маша вельмі нервавалася, але ўсё абышлося. З таго часу драпежніку падаюць размарожаных мышак. Ад гэтага лепей усім: гадаванец у бяспецы, а Машы не трэба даваць яму жывых істот штомесяц (а ў гэтым прыемнага было мала). Выдаткоўвае на ежу гаспадыня ўсяго 10-12 рублёў, гэта значна танней, чым утрымліваць кошку. Але... Мой кот мне ўсё ж мілёйшы, ён і мяккі, і пушысты, і ўмее тэрапеўтычна мурлыкаць. Праўда, кожнаму сваё.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Знаёмцеся, Афанасій»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».