Вы тут

У чым праблема ўтрымання дамашніх жывёл


Пра дабрабыт грамадства можна меркаваць па тым, як у ім ставяцца да жывёл. Паколькі ў нас дастаткова часта з'яўляюцца навіны аб прыцягненні да адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі, на вуліцы вялікіх і малых гарадоў выкідваюць скрынкі са шчанюкамі, а ў вёсках рэгулююць колькасць жывёл шляхам іх утаплення і закопвання, то можна меркаваць, што ў соцыуме шмат жорсткасці і безадказнасці.


Фота Анатоля Клешчука.

Каго павінен абараняць закон?

Цяпер пытанні ўтрымання жывёл у нашай краіне рэгулююцца «Правіламі ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь», а таксама шэрагам іншых дакументаў не самага высокага статусу.

«Закон заўсёды нясе выхаваўчую функцыю. Грамадзяне абавязаны паважаць перш за ўсё закон. Менавіта ён легітымуе ў грамадскай свядомасці любыя правілы і пастановы. Укараніць у свядомасць абывацеля неабходнасць, напрыклад, стэрылізацыі і чыпавання значна лягчэй праз паважаны большасцю насельніцтва дакумент, — піша каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Мы з табой у адным доме» Вольга Маёрава на сваёй старонцы ў Facebook. — Само слова «закон» мае значна большую вагу, чым «пастанова» або «правіла».

У нашай краіне больш за дзесяць гадоў не могуць прыняць закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Больш за тое, ініцыятыва аб прыняцці такога дакумента зыходзіла ад абаронцаў жывёл, цяпер жа яны не маюць магчымасці абмеркаваць самы апошні варыянт праекта. «На сённяшні дзень праект знаходзіцца ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На жаль, у склад рабочай групы, якая займаецца распрацоўкай закона, не ўваходзяць зоаабаронцы. Іх прысутнасць неабходна, бо мы ведаем тое, чаго не ведаюць людзі, якія разглядаюць праект, — кажа Вольга Агеева, каардынатар зоаабарончага руху Беларусі «Разам», саветнік намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі па ахове прыроды. — Ідэя абаронцаў жывёл у тым, каб гэты закон перш за ўсё абараняў правы жывёл. Усе папярэднія праекты былі накіраваны на тое, каб зрабіць зручным жыццё людзей. Пры правільным падыходзе адно другому не перашкаджае: і жывёлы ў бяспецы, і людзям камфортна».

Нягледзячы на адсутнасць закона аб абыходжанні з жывёламі, адказнасць за жорсткае абыходжанне з імі прадугледжана Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Роўна як і адказнасць грамадзян за парушэнне згаданых правілаў. Аднак у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Беларусі жывёла мае статус рэчы. Можа, таму з імі нярэдка абыходзяцца як з неадушаўлёнымі прадметамі? А ў законе павінна быць дакладна прапісана, што сабакі, каты і іншыя жывёлы, якіх людзі эксплуатуюць у цырках, кантактных запарках, — не рэчы! Фармулёўка, якую прапануе Вольга Маёрава, — «жывыя істоты».

Адтэрміноўка прысуду — пяць дзён

Дзяржаўнае прадпрыемства «Фаўна горада» асацыюецца ў мінчан з пунктам усыплення жывёл. На сайце гэтай арганізацыі сказана, што яна не менш за пяць дзён часова трымае адлоўленых безнаглядных жывёл і жывёл, якія паступілі ад насельніцтва сталіцы. Гэта значыць, за пяць дзён павінен знайсціся стары гаспадар ці з'явіцца новы, інакш сабака або кот адправяцца ў вечнасць. Сярод гэтых бадзяжных жывёл шмат маладых і цалкам здаровых, нягледзячы на вулічныя ўмовы жыцця, але яны асуджаныя. У зоаабаронцаў не хапае месцаў для ўтрымання такіх жывёл, таму што іх вельмі шмат.

Чаму так адбываецца? Чаму адзіны спосаб рэгулявання колькасці бадзяжных жывёл — адлоў з наступнай эўтаназіяй? Можна, вядома, ківаць на чыноўнікаў, дэпутатаў — яны ніяк не могуць пачуць абаронцаў жывёл і прыняць адпаведны закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Але давайце паглядзім на звычайных людзей. Вось у скверыку сядзіць маладая жанчына, уткнуўшыся ў гаджэты, яе дзіця дзесьці гуляе само па сабе. Як толькі ў полі зроку з'яўляецца чалавек з сабакам, супастаўным па памерах з катом, да таго ж на ланцужку, пачынаецца істэрыка: «Ваш сабака пакусае маё дзіця, ваш сабака — разносчык інфекцый». Як гэтае дзіця потым будзе ставіцца да жывёл? Гэта не чыноўнікі і не дэпутаты пакідаюць восенню на дачах жывёл, а нашы суседзі. Гэта спадкаемцы пажылых людзей карыстаюцца пакінутай ім нерухомасцю, выкідваючы на вуліцу хатніх гадаванцаў памерлых сваякоў. Вось таму павялічваецца колькасць кінутых людзьмі жывёл. А адлоў і ўсыпленне, якія практыкуюцца з 2004 года, неэфектыўныя. Таму што на змену кожнай, будзем называць рэчы сваімі імёнамі, забітай жывёле прыйдуць дзве-тры новыя, выкінутыя былымі гаспадарамі, або якія з'явіліся на свет ад бяздомных бацькоў.

Між тым жыхары розных гарадоў не раз скардзіліся, што адлоў жывёл адбываецца на вачах дзяцей і часам не абыходзіцца без жорсткасці. Актывісты зоаабарончага руху «Разам» правялі перамовы з кіраўніцтвам «Фаўны горада», якое пагадзілася экіпіраваць відэарэгістратарамі работнікаў, якія выязджаюць на адлоў жывёл.

«У нашай краіне няма дзяржпрытулкаў для жывёл, і ні ў якіх дакументах няма такога тэрміна, — тлумачыць Вольга Агеева. — Тыя прытулкі, якія ладзяць валанцёры на свае страх і рызыку, па факце з'яўляюцца незаконнымі. Але гэта адзіны спосаб выратаваць жывёлу ад эўтаназіі».

Зрэшты, у Віцебску месца ўтрымання бяздомных жывёл называюць прытулкам, і ўтрымліваецца яно за кошт бюджэту. Але тут не забіваюць жывёл! «У Віцебску, калі не атрымоўваецца знайсці добрыя рукі, сабакі і каты застаюцца ў прытулку да канца жыцця, — дзеліцца ўражаннямі Вольга Агеева. — Персаналу гэтай установы дапамагаюць неабыякавыя гараджане, таксама актыўна шэфствуюць школьнікі — перадаюць корм, посцілкі. Літаральна днямі ў прытулку змянілася кіраўніцтва, і ўсе зоаабаронцы спадзяюцца, што тут захаваюцца традыцыі гуманнага стаўлення да нашых меншых братоў».

Стэрылізацыя, вакцынацыя, свабода

Па вопыце нашых суседзяў можна казаць толькі пра адзін эфектыўны спосаб зніжэння колькасці бяздомных жывёл — стэрылізацыю. І не толькі тых, якія ўжо на вуліцы, але і хатніх. Далёка не кожны гаспадар падвяргае гадаванца гэтай аперацыі. Па розных прычынах: ад «навошта ўмешвацца ў прыроду» і рэлігійных да фінансавых. І сапраўды, працэдура не з танных. На дзяржаўнай ветстанцыі стэрылізацыя кошкі каштуе 75 рублёў, сабакі — 110. У прыватных ветклініках разбежка ад 45 да 110 рублёў за стэрылізацыю кошкі, сабакі — ад 70 да 250.

Што датычыцца рэлігійных матываў, то пазіцыя каталіцкай царквы вядомая: стэрылізацыя значна больш гуманная, чым цяжкае жыццё бяздомных жывёл і іх галодная смерць. Пасля сустрэчы прадстаўнікоў зоаабарончага руху «Разам» і аб'яднання дапамогі бяздомным жывёлам «Заашанц» у Беларускім экзархаце праяснілася пазіцыя праваслаўнай царквы. Яна таксама падтрымлівае стэрылізацыю жывёл. Вядома, прыхаджане часам наракаюць, што гэта дарагая працэдура. Але можна звярнуцца ў «Заашанц» і атрымаць талон, які дае істотную зніжку на аперацыю.

Як расказала Вольга Агеева, цяпер зоаабарончы рух «Разам» працуе над стварэннем цэнтра бясплатнай стэрылізацыі для жывёл. Адным з партнёраў праекта з'яўляецца ветклініка «Сас Энімал Сэрвіс», якая акажа неабходную арганізацыйную дапамогу зоаабаронцам. Вядомая сусветная статыстыка: пасля таго як 70 % жывёл стэрылізаваныя, адбываецца прыкметнае скарачэнне колькасці бездаглядных жывёл, а праз пяць гадоў іх зусім не застаецца.

Куды ідзе падатак за валоданне сабакамі

У нас хадзіць з сабакамі ўсюды забаронена: у парках, скверах. А ў Літве, напрыклад, можна гуляць з сабакам у Бернардзінскім парку пры ўмове, што даўжыня ланцужка не большая за метр і на ўсялякі выпадак ёсць пакецік. Не кажучы пра тое, колькі гараджан ходзяць з сабакамі. А ў нас ці мы шмат бачым людзей з сабакамі на цэнтральных гарадскіх вуліцах? Цяпер гаспадары сабак і ўвогуле занепакоеныя тым, што ў цэнтры Мінска зоаненавіснікі раскідалі атручаную ежу.

У нашай краіне існуе падатак за валоданне сабакамі, які павысіўся сёлета. У Мінску стаўка падатку за пароды сабак, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных, складае 1 базавую велічыню (25,5 рубля) на квартал. За астатніх хатніх гадаванцаў іх гаспадарам давядзецца заплаціць 0,3 базавай велічыні на квартал (7,65 рубля). Па словах рэферэнта ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі МЖКГ Наталлі Крох, сродкі ад гэтага падатку паступаюць у мясцовыя бюджэты. А выдаткоўваюцца яны «на адлоў і ўтрыманне бяздомных жывёл і на ўтрыманне і бягучы рамонт абсталявання і пляцовак для выгулу хатніх жывёл».

Што датычыцца колькасці пляцовак для выгулу, то ў Мінску 49 пляцовак, якія знаходзяцца на балансе арганізацый ЖКГ. Зусім няшмат для двухмільённага горада! Выклікае пытанні іх размяшчэнне: недзе дзве пляцоўкі на адной вуліцы, а недзе — адна пляцоўка на пяць кварталаў. Як патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жылога фонду ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Кацярына Корнева, па існуючых горадабудаўнічых нормах мінімальная адлегласць ад вокнаў жылых дамоў да пляцоўкі для выгулу сабак павінна складаць 40 метраў. У раёнах старой забудовы ўпісацца ў гэтую норму праблематычна. Што да новай забудовы, то пляцоўкі праектуюцца. Пытанне ў тым, ці даходзіць праект да рэалізацыі, ці аўтамабілісты адбіваюць месца для паркоўкі альбо банальна не хапае сродкаў.

Адказныя гаспадары жывёл выгульваюць гадаванца з пакецікам, аднак куды яго падзець? Даносім да найбліжэйшай сметніцы. А, напрыклад, у Таліне ў кожным скверы і парку ўстаноўлены спецыяльныя скрыні для гэтых самых пакецікаў. Ва Украіне таксама ёсць спецыяльныя скрыні «для відходів тварин». Па словах Кацярыны Корневай, пытанне аб устаноўцы такіх скрынь разглядалася, але паколькі фінансавыя магчымасці абмежаваныя, то ў найбліжэйшы час не варта спадзявацца на паляпшэнне інфраструктуры для сабак.

Чаму ў Еўропе няма бяздомных сабак?

Пляцоўка для выгулу сабак у Вільнюсе. Фота аўтара.

У нас любы чалавек можа ўзяць дахаты сабаку або ката. Калі жывёла перастае падабацца, расчароўвае свайго гаспадара, ён проста выкідвае яе на вуліцу. І гэта ў найлепшым выпадку. Вядомыя факты, калі сабак вывозілі за горад, прывязвалі ў лесе. Для чалавека, які выкінуў жывёлу, ніякага пакарання не прадугледжана. У нас жа нават не ўсе рэгіструюць хатніх гадаванцаў, водзяць іх на прышчэпкі. Да сабак і катоў сапраўды стаўленне як да рэчаў: надакучылі, зламаліся — выкінулі. Таму зоаабаронцы дамагаюцца ўнясення змяненняў у артыкул 137 Грамадзянскага кодэкса, які вызначае жывёлу як рэч.

Іншая справа ў Еўропе. Там уладальнік абавязаны жывёлу чыпаваць, своечасова рабіць прышчэпкі, ствараць умовы для камфортнага жыцця гадаванца. У чыпе ўтрымліваюцца звесткі і пра ўладальніка, таму ніхто не выкідвае жывёл на вуліцу, каб не праславіцца нядобрапрыстойным грамадзянінам і не заплаціць штраф.

За мяжой, перш чым набыць жывёлу, чалавек адказвае сабе на шэраг пытанняў: ці гатовы ён вылучыць час і грошы на гадаванца на працягу ўсяго яго жыцця? Там вельмі сур'ёзна пра гэта думаюць. А ў нас падпарадкоўваюцца эмоцыям: вой, які прыгожанькі, які пухнаценькі, вазьму я яго дадому. А гэта як дзіця: мала нарадзіць, атрымаць дапамогу — яго трэба гадаваць, выхоўваць, утрымліваць.

Гэта цікава!

У Мінску працуе «Котакафэ», у якім кампанію наведвальнікам складаюць сімпатычныя мурзікі. Цікава і тое, што Cat Cafe ў Вільнюсе адкрылі нашы суайчыннікі з літоўскімі партнёрамі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Не рэчы, а жывыя істоты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.