Вы тут

Як змагацца з сумнікам канадскім


Калі я прыязджаю на малую радзіму, стараюся знаходзіць час, каб прайсціся па вёсцы, паглядзець, што робіцца за плотам. І апошнім часам засмучае стан зямель, што не выкарыстоўваюцца пад гаспадарчыя патрэбы. Недагледжаныя, яны з лужкоў і поймаў паволі ператвараюцца ў зборнікі пустазелля, сярод якога яркім цветам «гарыць» сумнік канадскі. Быццам сігналізуе — час вырашаць праблему!


Часцей за ўсё інвазійны від можна сустрэць на пустках і іншых недагледжаных землях.

Агрэсія і хуткасць — фактар поспеху

Сумнік канадскі і міжвідавыя гібрыды з канца ХХ стагоддзя актыўна пашыраюць арэал на тэрыторыі Беларусі, засяляючы пустэчы, абочыны дарог, лясныя паляны, сады і паркі, сухадольныя і пойменныя лугі, берагі вадаёмаў, утвараючы месцамі суцэльныя зараснікі на значнай плошчы. А гэта значыць, што, трапіўшы ў лес, сумнік пазбавіць нас грыбоў і ягад, а на палях і лугах пагоршыць якасць травянога корму, з-за яго знікнуць абарыгенныя віды раслін і жывёл.

Па словах начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалая СВІДЗІНСКАГА, на 1 студзеня 2018 года сумнік «захапіў» 970,4 га зямлі. Але падчас інвентарызацыі высветлілася, што гэта расліна займае яшчэ большую тэрыторыю — 2859,8 га (на 01.10.2018 года). Сёння сумнік сустракаецца амаль па ўсёй Беларусі.

Хто дапамог «захопніку»?

Чаму ж так моцна распаўсюдзіўся гэты госць з Паўночнай Амерыкі па нашай краіне? Першая прычына — яго ўласцівасці. Прыгожая шматгадовая расліна, якая не патрабуе догляду і цешыць позірк да позняй восені. Як не пасадзіць яе ў сваім агародчыку ці на могілках? Пры гэтым ніхто з кветкаводаў не звяртае ўвагі, наколькі актыўна яна размнажаецца (адна расліна прадукуе да 20 000 насення) і хутка выходзіць за першапачатковыя межы. Для вызначэння другой прычыны варта ўспомніць, дзе ў асноўным сустракаецца сумнік канадскі. Гэта пусткі, землі запасу, землі, якія выйшлі з сельскагаспадарчага абароту — то-бок тэрыторыі, якія добра не даглядаюць землекарыстальнікі. Сярод такіх нядбайных гаспадароў могуць быць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, прадпрыемствы лясной гаспадаркі, энергасеткі, дарожныя арганізацыі, сельвыканкамы, гаражныя і садаводчыя кааператывы і іншыя.

Планы для раёнаў

Сёння ў Беларусі дзейнічае Палажэнне аб парадку правядзення мерапрыемстваў па рэгуляванні відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх выклікае занепакоенасць. У гэты спіс уваходзіць і сумнік канадскі.

На аснове дакумента мясцовыя органы ўлады распрацоўваюць і зацвярджаюць па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды (штогод да 15 красавіка) раённыя планы мерапрыемстваў, дзе адзначаюцца месцы росту такіх раслін, землекарыстальнікі, тэрміны і спосабы рэгулявання распаўсюджвання і колькасці. Органы ўлады павінны таксама арганізаваць правядзенне палявых даследаванняў для пошуку раслін. З мясцовых бюджэтаў выдзяляюцца сродкі на набыццё гербіцыдаў, правядзенне работ.

Роля ж спецыялістаў галіны аховы прыроды — сачыць, каб гэтыя планы выконваліся цалкам і ва ўстаноўленыя тэрміны.

Меры барацьбы

Калі ўвогуле не рабіць ніякіх захадаў, сумнік канадскі штогод будзе павялічваць сваю плошчу на 15—20 % і ўрэшце зойме ўсю тэрыторыю нашай краіны. Як жа яго знішчыць?

Калі расліна на ўчастку распаўсюдзілася не вельмі шырока, падыдзе механічны спосаб — шматразовае кашэнне на працягу сезона, нават невялікіх парасткаў сумніку (да 15—20 см). На вялікіх плошчах лепш выкарыстоўваць хімічны спосаб (прымяненне гербіцыдаў) ці камбінаваны. Навукоўцы таксама раяць узворваць глебу ў месцах росту расліны.

Пры гэтым у межах населеных пунктаў і на землях гаспадарчага прызначэння нельга дапускаць з'яўлення пустак. Найлепшы выхад з сітуацыі — неадкладнае залужэнне ці перазалужэнне мясцовымі злакамі.

Для фізічных жа асоб пажадана зусім не вырошчваць сумнік у сваіх кветніках, а калі ён ужо расце — кожны год, як толькі мяцёлка пачне цямнець (а значыць хутка на месцы кветак з'явіцца насенне), зразаць яе і абавязкова ўтылізаваць у кампоставых ямах (на глыбіні 40 см). Карэнішча таксама трэба выдаліць, высушыць і выкінуць ці спаліць.

Разам вырашым праблему

— Рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці інвазійных відаў — абавязак кожнага землекарыстальніка, як юрыдычных, так і фізічных асоб, — гаворыць Мікалай Свідзінскі. — Таму я заклікаю грамадзян усімі даступнымі спосабамі абмежаваць распаўсюджванне гэтай расліны — на сядзібных участках, могілках і іншых землях.

Вельмі важная пры гэтым роля і мясцовых органаў кіравання і самакіравання, упэўнены прадстаўнік Мінпрыроды. Яны разам са спецыялістамі прыродаахоўнага ведамства павінны праводзіць маніторынг і растлумачальную работу з насельніцтвам і землекарыстальнікамі, а таксама кантраляваць стан тэрыторый, на якіх раней быў знішчаны сумнік.

Пакаранне ідзе следам

Сёння, калі на пэўнай тэрыторыі зафіксавана месца росту сумніку, яно ўключана ў раённы план мерапрыемстваў, але землекарыстальнік не выканаў прадпісанні тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды па яго знішчэнні, — ён прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.1 КаАП (прадугледжвае папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь). Але ў будучым для пакарання нядбайных гаспадароў будзе дзейнічаць асобны артыкул Кодэкса.

Па словах начальніка ўпраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды Аляксандра ЦАБРУКА, такія прапановы былі ўнесены ў праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Плануецца, што артыкул «Парушэнне парадку абыходжання з аб'ектамі расліннага свету» будзе прадугледжваць адказнасць (ад папярэджання да штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь) за распаўсюджванне і несвоечасовае правядзенне мерапрыемстваў па рэгуляванні колькасці і распаўсюджвання відаў. Цяпер праект закона знаходзіцца на разглядзе ў парламенце.

Народны кантроль

Калі на вашым участку няма сумніку канадскага, але вы ведаеце тэрыторыі, дзе ён расце, паведамляйце пра іх мясцовым органам улады, землекарыстальнікам і тэрытарыяльным органам Мінпрыроды для прыняцця мер рэагавання.

— Толькі сумеснымі намаганнямі землекарыстальнікаў, грамадзян і прыродаахоўнага ведамства мы зможам спыніць экспансію сумніку канадскага, — падкрэсліў Мікалай Свідзінскі.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Калі цвіце сумнік, робіцца сумна,

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».