Вы тут

Свята пісьменства. Размова з філакартыстам


Свята пісьменства

Размова з філакартыстам

Кожнае свята пісьменства – гэта найперш падарожжа. Праз кіламетры, праз гады. Падарожжа да кніг – і да людзей. Нідзе не бывае столькі цікавых знаёмстваў, як на такіх святах. “М”ы гэтаму рады.

Дарога разгортваецца далей і далей, працінае хваёвы лес. У палях па барознах важна ходзяць шэрыя чаплі ды падаюць з неба, мышкуючы, цёмныя ястрабкі. Белыя ветракі прыязна машуць крыламі. Слонім сярод зялёных палёў раскінуўся, як рассыпаныя кавалкі рафінаду, – белы.

На вуліцах шумна і тлумна, сонца пячэ. Сыходзяцца распараныя рыцары ў двубоях, у тэатральным дворыку сустрэліся ажно тры батлейкі. Леў Сапега, застылы ў метале, глядзіць па-над галовамі натоўпу, львіны гарадскі герб залаціцца пад сонцам. Цурчаць фантаны, цурчыць людская плынь. У паштовым дворыку – канверты з унікальнымі штампамі, толькі на сёння, толькі дзеля свята. Абрыўкі песень з усіх бакоў, успышкі апладысментаў з боку галоўнай сцэны.

А па гандлёвай плошчы прамінаеш – і вока чапляецца за гербы на картках: белы насцярожа лук Брэста, слонімскі леў. Побач з карткамі праходжваецца чалавек – усмешлівы, энергічны. Тлумачыць пакупнікам з юначым імпэтам, распавядае цікава і разумна.

Завуць яго Мікалай Дзмітрыевіч Малаткоў, яму 72 гады, ён філакартыст, і яшчэ падлеткам пачаў збіраць сваю калекцыю. А вось цяпер, атрымліваецца, не толькі збірае, але і сам стварае.

“М”ы распыталі Мікалая Дзмітрыевіча, як так атрымалася і што за цікавосткі можна было пабачыць (і набыць) на свяце пісьменства ў Слоніме.

— У свяце беларускага пісьменства мы ўдзельнічаем упершыню. І да свята рыхтаваліся: прывезлі карткі, прысвечаныя Слоніму. Напрыклад, з гарадскім гербам. Зрабілі і камплект картак “Пісьменнікі Слонімскай зямлі”. Нам тут дужа дапамог слонімскі пісьменнік Сяргей Чыгрын: ён напісаў уступнае слова, прадаставіў фота, дапамог з укладаннем. Многія пытаюць: а чаму няма ў вас такога пісьменніка або такога? А мы, бачыце, наўмысна да гэтага свята выдалі якраз тых пісьменнікаў, якіх побач з намі болей няма – каб заставалася памяць пра іх, пра іх кнігі.

Першае мерапрыемтва рэспубліканскага ўзроўню ў нас было летась – мы ўдзельнічалі ў святкаванні 220-годдзя Адама Міцкевіча ў Завоссі. І там мы адзіныя з Беларусі гандлявалі тэматычнай прадукцыяй. Прадавалі і календары, і карткі, і кубачкі, і талерачкі, і магніты. І з відамі залаў, і з відамі прыроды, і з партрэтамі Міцкевіча. Адзін турыст з Польшчы прыйшоў, пабачыў гэта ўсё – і адразу дваццаць камплектаў набыў, адзін. Такі быў пачатак.

А цяпер нас запрашаюць, афіцыйна, на вялікія святы, як вось на Свята пісьменства. Хаця выдавецтва “Фенікс” не дзяржаўнае, прыватнае – Алена Герасімаўна Хахол ім кіруе.

А пачалося так: неяк у Баранавічах я пабачыў аб’яву новага выдавецкага салона. Зацікавіўся, прыйшоў туды, так сказаць, у прыватным парадку – надрукаваць колькі картак для сябе. Мне вельмі падабаецца першы народны мастак Беларусі – Юдаль Пэн, таму я хацеў выдаць у такім выглядзе некалькі яго работ. А пасля дырэктар “Фенікса”, Алена, прапанавала супрацоўнічаць. Спытала: “А можа, ёсць у вас якія-небудзь яшчэ ідэі для картак?” А я ж карткамі цікаўлюся яшчэ са школьных гадоў, з восьмага класа.

Калекцыя ў мяне вялікая, больш за 100 тысяч картак. Па беларускай тэматыцы – каля 16 тысяч. Там, канечне, розныя: і мастацкія, і тэматычныя, скажам, прысвечаныя Белавежскай пушчы, Радзівілам. Ёсць яшчэ вельмі цікавы раздзел “Беларуская энцыклапедыя”. Увогуле, збіраю ўсё, што звязана з картамі, у тым ліку і публікацыі. Таму, канечне, вырашыў паспрабаваць. І так, ведаеце, гуляючы. Пазней мы выйшлі на рэспубліканскую краму “Філатэлія”, тады – на “Белкнігу” і “Акадэмкнігу”. Цяпер супрацоўнічаем з усімі гэтымі крамамі. Нашыя карткі можна набыць, скажам, у “Цэнтральнай” кнігарні або ў кніжнай краме “Светач” у Мінску. Канечне, прадаюцца ўсе гэтыя карткі і ў крамах Баранавіцкага раёна.

А яшчэ мы супрацоўнічаем з музеем-сядзібай Адама Міцкевіча ў Завоссі. Ужо цэлы год яны прадаюць нашу прадукцыю, і па іх просьбе мы нават пераклалі распрацаваны набор картак на польскую мову. Каб турысты з Польшчы набывалі. Літаральна сёння пазнаёміліся з дырэктарам краязнаўчага музея Навагрудка, плануем друкаваць заказы для іх. На чарзе – Навагрудскі музей Адама Міцкевіча, хочам і з імі супрацоўнічаць.

На сёння ў нас працуе чатыры праекты. Першы з іх – “Геральдыка Беларусі”. Тут выдадзена 16 сюжэтаў, плануем выдаць усе 200 гарадоў. На такіх картках змешчаны герб населенага пункта, а з адваротнага боку – тлумачэнне геральдычных сімвалаў.

Другі праект – “Беларусь у аб’ектыве”, тут фота. І тэматыка самая розная, розныя гарады, усялякія цікавосткі.

Трэці – рэтра-карткі. У мяне багатая калекцыя, і з яе я даю рарытэтны матэрыял, які можна перадрукаваць (з указаннем даты арыгінальнага выхаду і аўтарства, канечне).

Чацвёрты ж наш праект, звязаны з Беларуссю, мы толькі-толькі пачалі. Ён называецца “Святыні Беларусі”. Гэта выявы касцёлаў, цэркваў, сінагогаў, увогуле, розных беларускіх храмаў.

У планах на будучыню ёсць і праект “Выдатныя людзі Беларусі”. Пачынаць будзем са сваёй, Брэсцкай вобласці, і цяпер рыхтуем набор, прысвечаны асобе Валянціна Таўлая (ён жа наш зямляк, ураджэнец Баранавічаў). Хочам у такім наборы змясціць 10-12 картак.

Ідэй, адным словам, шмат. Пра ўсё адразу, напэўна, і не раскажаш.

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».