Вы тут

Дыстанцыйнае навучанне — даніна модзе ці будучыня?


На працягу апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання моцна эвалюцыянавалі. Сёння для таго, каб навучацца, зусім не абавязкова наведваць лекцыі. Тая ж інтэрнэт-акадэмія Хана дае бясплатны доступ больш чым да чатырох тысяч мікралекцый па самых розных дысцыплінах. Слухачамі вядомага праекта ў сферы масавай анлайн-адукацыі Соursеrа з'яўляюцца больш за 10 мільёнаў чалавек, якія вывучаюць каля 1000 курсаў ад больш чым 100 універсітэтаў. Сярод іх Стэнфард, Прынстан, Мічыганскі і Пенсільванскі ўніверсітэты.


Ёсць меркаванне, што праз 10—15 гадоў анлайн-навучанне (як мінімум на ўзроўнях вышэйшай і дадатковай адукацыі) стане дамінаваць, а забяспечваць адукацыйны працэс ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі будзе ўсяго некалькі сотняў (максімум — тысяч) універсітэтаў. Фактычна сёння ідзе барацьба за «месца пад сонцам». Хто праз дзясятак гадоў застанецца дзеючым гульцом на рынку адукацыйных паслуг, а хто будзе вымушаны саступіць сваё месца іншым?

У Беларусі піянерам анлайн-навучання з'яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі развіваюцца з 2002 года.

— Калі ў 2008 годзе выпускнікамі дыстанцыйнай формы былі ўсяго шэсць чалавек, якія навучаліся па трох спецыяльнасцях, то праз дзесяць гадоў — ужо 70 чалавек, якія асвойвалі сем спецыяльнасцяў, — расказвае дэкан факультэта інавацыйнай бесперапыннай адукацыі Яўген ШНЭЙДЗЕРАЎ. — Наш факультэт быў утвораны ў 2017 годзе шляхам аб'яднання факультэта завочнага навучання і факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання. У верасні таго ж года мы пераехалі ў новы навучальны корпус, у сувязі з чым у нас з'явіліся і новыя тэхнічныя магчымасці: у будынку пракладзены сучасныя камп'ютарныя сеткі, абсталяваны цэнтр відэа-канферэнц-сувязі і цьютарскі бокс. Гэтыя новаўвядзенні дапамаглі зрабіць працэс атрымання ведаў больш эфектыўным. Мы адзіная ВНУ, якая ўключае ў план прыёму дыстанцыйную форму навучання. У гэтым навучальным годзе гэта было 170 месцаў. Цяпер на нашым факультэце па дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі навучаецца амаль 500 студэнтаў. Такім чынам мы даём веды па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях ІT-профілю: «аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», «інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання», «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце), «праграмаваныя мабільныя сістэмы», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «эканоміка электроннага бізнесу» і «электронны маркетынг».

— А чым дыстанцыйная форма навучання адрозніваецца, напрыклад, ад завочнай?

— Выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій: студэнт працуе хоць і самастойна, але пры пастаянным узаемадзеянні з выкладчыкам. Абмен інфармацыяй паміж імі адбываецца з дапамогай інтэрнэту і анлайн-сэрвісаў. Студэнт можа атрымаць кансультацыю, неабходную літаратуру і праслухаць лекцыі аддалена. Кантроль ведаў таксама праводзіцца дыстанцыйна: па відэасувязі або з дапамогай інтэрактыўных праграм тэсціравання. Не трэба чакаць выкладчыка па раскладзе — можна задаць яму пытанне праз інтэрнэт, атрымаць аператыўны адказ і далей працаваць самастойна.

Гэта дазваляе дынамічна і паспяхова асвойваць прадметы з тым тэмпам, які зручны студэнту, а таксама з улікам яго індывідуальных асаблівасцяў і абставін. У працэсе навучання існуе магчымасць скласці індывідуальны графік вывучэння дысцыплін у рамках бягучага семестра, чаго пры завочнай форме навучання зрабіць нельга. У студэнтаў дыстанцыйнай формы практычна адсутнічаюць абавязковыя заняткі ў ВНУ, прыязджаць трэба толькі на здачу залікаў і экзаменаў.

— Ці можаце вы скласці партрэт вашага студэнта?

— Дыстанцыйнае навучанне часта выбіраюць тыя, хто хоча атрымаць якасную вышэйшую адукацыю без адрыву ад работы, другую вышэйшую адукацыю паралельна з першай, і людзі, якім з прычыны іх фізічных асаблівасцяў цяжка перамяшчацца па горадзе. Сярод нашых студэнтаў паспяхова навучаюцца 12 чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. З дазволу Міністэрства адукацыі яны і атэстацыю могуць праходзіць дыстанцыйна. За апошнія чатыры гады вышэйшую адукацыю ў БДУІР на дыстанцыйнай форме атрымалі дзевяць чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Дыягназы ў іх розныя, пераважна гэта парушэнні апорна-рухальнага апарата. Сёлета на другі і старэйшыя курсы для атрымання другой вышэйшай адукацыі былі залічаны 34 чалавекі. Пачынаючы з 2004 года, на факультэт інавацыйнай бесперапыннай адукацыі прыходзяць студэнты, якія паралельна жадаюць атрымаць другую спецыяльнасць, хоць іх і няшмат, бо вучыцца адразу па некалькіх спецыяльнасцях складана.

Акрамя таго, камп'ютар і інтэрнэт прыходзяць на дапамогу студэнтам, якія хочуць вывучаць у індывідуальным парадку асобныя дысцыпліны. На працягу месяца пасля пачатку вучобы студэнт дзённай формы навучання можа напісаць заяву аб тым, што ў яго ёсць жаданне тую ці іншую дысцыпліну вывучаць дыстанцыйна. Ці, напрыклад, студэнт плануе перавесціся з адной спецыяльнасці на іншую. Як вывучыць той прадмет, які трэба здаць дадаткова? Адказ відавочны — асвоіць яго дыстанцыйна.

— А як анлайн-навучанне рэалізуецца на практыцы?

— З 2017 года мы перайшлі на выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў новага пакалення. Увесь тэарэтычны матэрыял разбіты на модулі. Кожны модуль змяшчае як мінімум адну мультымедыйную ўстаўку: відэалекцыю, прэзентацыю, вучэбны фільм. Пасля яго засваення прадугледжаны прамежкавы кантрольны тэст. Студэнты асвойваюць модулі пакрокава, доступ да наступнага атрымліваюць толькі пасля праходжання папярэдняга, гэта значыць, пасля вывучэння тэарэтычнага матэрыялу, відэакантэнту і паспяховага праходжання тэсту, а допуск да бягучай атэстацыі — пасля праходжання ўсіх модуляў. Такі пакрокавы сцэнарый засваення вучэбнай дысцыпліны дазваляе матываваць студэнтаў і павышаць якасць усяго адукацыйнага працэсу. А электронныя рэсурсы новага пакалення арганізоўваюць сеткавае навучанне, аўтаматызуюць прамежкавы і выніковы кантроль.

Фармат дыстанцыйнага навучання адпавядае сучасным сусветным тэндэнцыям. Пастаянна абнаўляецца кантэнт: лекцыі, індывідуальныя практычныя работы, кантрольныя работы, тэсты. Нашым студэнтам дадзены самыя шырокія магчымасці навучання з прымяненнем сучасных электронных сістэм, выкарыстання больш як 400 якасных электронных адукацыйных рэсурсаў па розных дысцыплінах.

На факультэце інавацыйнай бесперапыннай адукацыі чалавек атрымлівае паўнавартасную вышэйшую адукацыю, комплексныя веды і дыплом дзяржаўнага ўзору з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі. Тэрмін навучання складае пяць гадоў і тры гады — пры атрыманні другой вышэйшай адукацыі.

— Няўжо дыстанцыйнае навучанне можа цалкам выцесніць з вышэйшай школы прафесара з крэйдай? Магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю дома, не ўстаючы з-за камп'ютара, выглядае, канешне, прыцягальна, але ў дыстанцыйнай формы ёсць не толькі плюсы, але і мінусы...

— Да іх я аднёс бы дэфіцыт асабістых стасункаў: у вас не атрымаецца павесяліцца з аднагрупнікамі на пары, схадзіць разам у сталоўку. Калі вы любіце камунікаваць і ўжо ўяўляеце сабе студэнцкія тусоўкі, інтэрнэт-адукацыя вам наўрад ці спадабаецца. Яшчэ адна акалічнасць, якую абавязкова трэба мець на ўвазе, — для адукацыі на адлегласці патрабуецца самадысцыпліна. Трэба самастойна змагацца з лянотай, развіваць уседлівасць і самакантроль, каб своечасова прайсці тэорыю і атэстацыю. Дыстанцыйна немагчыма вывучыцца, напрыклад, на ўрача ці на пілота, але атрымаць прафесію ў ІТ цалкам магчыма.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Стаць спецыялістам... анлайн

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.