Вы тут

Чалавек без мора


Адразу паведамляю, дарагі чытач: гэта не мой загаловак, гэты выраз прачытала шмат гадоў таму ў калумніста адной расійскай газеты. Там ён вельмі спачуваў людзям, якія не бываюць хоць раз на год каля мора, амаль абураўся. Бо, паводле яго пераканання, усякі жыхар сярэдняй паласы мусіць улетку выпраўляцца на марское ўзбярэжжа. Мусіць, і ўсё тут.


Кожны, несумненна, мае права на сваё меркаванне. Наш чалавек, асабліва жыхар беларускай глыбінкі, на такую катэгарычную заяву толькі пасмяецца. Не, цяпер з любога куточка, з самай аддаленай вёскі выехаць на курорт — не праблема. Але многія адтуль наогул ніколі не выязджалі далёка. Абсалютная большасць герояў маіх «Вёсак», напрыклад, ніколі не бачыла мора. З асяродку іх аднавяскоўцаў, людзей пакалення маіх бацькоў, з морам сустракаліся адзінкі — у асноўным мужчыны, якім давялося служыць у марфлоце. А кабеты — хіба з вясковай інтэлігенцыі альбо жонкі калгасных спецыялістаў. Ім часам выдавалі пуцёўкі ў паўднёвыя дамы адпачынку, зрэдку пуцёўкамі заахвочвалі перадавікоў вытворчасці. Я і кажу, адзінкі на вёску альбо акругу. Ды нашы людзі з гэтай нагоды асабліва не засмучаліся, часу не было. Летам даглядалі агароды, спраўляліся з касавіцай, ды і дамашняй жыўнасці не выпішаш водпуск на час адпачынку гаспадара. А цяпер, калі прадстаўнікі таго пакалення жывуць значна лягчэй, з былой гаспадаркі засталіся ў асноўным каты, у найлепшым выпадку пару курачак, яны па прывычцы не плануюць далёкую дарогу ды адпачынак каля мора. Зноў жа, здароўе ўжо не тое, пенсіі невялікія. Гэтым бавяцца гарадскія пенсіянеры, ды і то калі пенсія дазваляе, калі жывуць у пары і значную частку адной пенсіі можна адкладваць. Так што на морах адпачываюць больш маладыя, актыўныя, мабільныя.

Згадаўся той даўні газетны загаловак на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, куды ўдалося выбрацца гэтым летам. Цяпер паехаць на любое мора нескладана — зайшоў у турфірму, аплаціў адпачынак. Самалёты цяпер лятаюць не толькі з Мінска, але і амаль з усіх абласных цэнтраў. Вось і мы літаральна за тыдзень-паўтара прынялі рашэнне, знайшлі тур, аплацілі, сабралі чамадан. Да аэрапорта ў Брэсце заязджаеш за 15 хвілін на таксі, дзве гадзіны лёту — і ты ў сонечнай Чарнагорыі. Цікава было паглядзець на адну з рэспублік былой Югаславіі, пазнаёміцца з прыродай унікальнай горнай краіны.

Дарэчы, яна не мае ніякай значнай вытворчасці, жыве выключна за кошт турызму. І прыбярэжныя гарады, расцягнутыя ледзь не ў адну вуліцу ўздоўж мора, здаецца, з цяжкасцю вытрымліваюць такую колькасць турыстаў, якую прымаюць. А можа, такое ўражанне склалася, бо мы былі ў самы пік сезона, калі на пляжы адпачывальнікаў як селядцоў у бляшанцы.

Не, чарнагорцы — малайцы. Яны сумелі захаваць сваю даўніну, якой вельмі ганарацца. У маленькай Чарнагорыі, якая па насельніцтве складае палову Брэсцкай вобласці, ёсць некалькі сярэднявечных гарадоў, у якіх забаронена сучаснае будаўніцтва. Нам уявіць цяжка, а людзі жывуць цалкам у пешаходным горадзе. Увесь транспарт пакідаецца за гарадскімі варотамі, а ў кватэры яго жыхары вяртаюцца пешкі. Тут ёсць жыллё, установы сацыяльна-культурнага прызначэння, грамадскага харчавання, установы адукацыі. А машын няма. Цікава, як яны носяць мэблю і іншыя габарытныя рэчы? Як продкі, рукамі. Дык вось паглядзець там ёсць на што. І мора цёплае, лагоднае. Паветра горна-марское гаючае, для здароўя карыснае. Толькі вось асобнаму чалавеку, які нібыта не ўяўляе сябе без мора ўлетку, часам вельмі не хапае культуры. На жаль.

На еўрапейскім узбярэжжы прадстаўлены адпачывальнікі з многіх краін. Шмат рускамоўных турыстаў: з Расіі, Украіны, Беларусі. Напрыклад, у аэрапорце Ціват за пяць гадзін першай паловы дня на табло значыліся чатыры рэйсы на Маскву. Так што з былых савецкіх рэспублік турыстаў хапае. І на мора чалавек вязе свае побытавыя звычкі. Скажам, прыйшоў ты дыхаць марскім паветрам, а таварышы па адпачынку прымушаюць цябе глытаць іх цыгарэтны дым. І гэты факт хваляваў не толькі мяне, аднолькава абураліся суседзі па пляжы з Заходняй Украіны і Мінска і аднолькава душыліся чужым цыгарэтным дымам. Але гэта, як кажа вядучы адной папулярнай перадачы, ужо зусім іншая гісторыя.

На шчасце, станоўчых уражанняў з адпачынку засталося нашмат больш, чым негатыўных. Нават апошні акорд, калі камандзір паветранага судна, якім давялося вяртацца на радзіму, выходзіў на сувязь з пасажырамі чатыры разы за палёт. У адрозненне ад калегі, які вёў самалёт у Ціват і ні разу не палічыў патрэбным выйсці ў эфір. А гэты расказваў пра асаблівасці палёту, паведамляў, над якімі гарадамі і краінамі ляцім, на якой вышыні, а калі прызямліліся, сказаў, што рады вітаць нас дома, на радзіме. І зрабіў тым самым палёт цікавым ды запамінальным.

...Яно вядома, наш чалавек можа пражыць без мора, як той казаў, сто гадоў. Але калі ёсць магчымасць на мора выбрацца, то часам варта гэта рабіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.