Вы тут

Аксана Бязлепкіна-Чарнякевіч. Дзіцячая літаратура Беларусі ў чаканні канцэпцыі


«Чорны кот і чорны шпак не падружацца ніяк»


Восенню 2018 года на некалькіх навуковых канферэнцыях я выступала з дакладамі пра праблемы дзіцячай літаратуры (ад моўнага пытання да ідэйна-светапогляднага). І рэакцыя прысутных на даклады была падобнай: мы, навукоўцы, азнаёміліся з праблемай, але гэтая інфармацыя не дойдзе да саміх пісьменнікаў, да бацькоў і настаўнікаў, якія наўрад ці чытаюць зборнікі навуковых артыкулаў. А праблему можна вырашыць, калі казаць пра
яе ў СМІ.

За апошнія 5—10 гадоў перафарматаваўся спіс дзіцячага чытання. Раней беларускамоўныя бацькі спампоўвалі з бацькоўскага форуму пераклады вядомых твораў на беларускую мову, раздрукоўвалі і ўклейвалі іх у рускамоўныя выданні з прыгожымі малюнкамі, каб чытаць па-беларуску. Першым дзецям, якія так чыталі, цяпер больш за 20 гадоў. І яны маюць аднолькавыя дзіцячыя коды са сваімі рускамоўнымі раўналеткамі: і тыя, і гэтыя чыталі А. Барто, С. Маршака і К. Чукоўскага, проста на розных мовах.

     Сённяшнія беларускамоўныя дзеці маюць нашмат больш кніг па-беларуску, чым у тыя часы. І могуць — нечакана? — не ведаць на памяць Барто. Праўда, некаторыя прадстаўнікі старэйшага пакалення чамусьці лічаць, што дзіця не зможа нармальна развівацца, не чытаючы тэксты, на якіх гадаваліся папярэднія генерацыі. І замест верша пра Таню і мячык (шаноўныя чытачы, мы з вамі маем адзін культурны код, вы ж адразу здагадаліся, які гэта тэкст?), дзіця можа нязмушана дэкламаваць верш М. Чарняўскага «Едзе вожык на кані: “Паспрабуй дагані!”» і не ведаць пра «недасканаласць» сваёй адукацыі.

     Маёй дачцэ зараз тры гады, і менавіта неабходнасць штодня чытаць дзіцяці змяніла маё стаўленне да многіх тэкстаў, якія раней здаваліся выдатнымі. Магчыма, тры гады — зарана для безмалюнкавай кнігі Р. Барадуліна «Выпаў грук у грома з рук», але потым ужо я не змагла пераламіць сябе і чытаць дачцэ кнігу гэтага ж аўтара са свайго дзяцінства «Ці пазяхае бегемот?». Многія рэчы, пра якія там апавядаецца, здаліся занадта выкшталцонымі, штучнымі ці яшчэ неактуальнымі. У той жа час я ведаю, што каляжанка чытае дзецям барадулінскую «Сябрыну» — і ўсе задаволены. Так што момант суб’ектыўнасці ў развагах пра дзіцячую літаратуру не выключаны.

     Дзякуючы штодзённаму чытанню дачцэ я ацаніла творы В. Зуёнка пасля кнігі «Запішыце мяне ў мядзведзі» (ды што там казаць — я ў захапленні): іх можна чытаць штодня па шмат разоў і яны не толькі не надакучваюць, іх водгулле з радасцю ловіш у памяці на працягу дня. Спадабаліся і фантастычна нязмушаныя сюжэты вершаў У. Марука ў кнізе «Яршы плялі кашы» (гэта частковае перавыданне кнігі «Ехаў Чыж у Парыж»).

 

«Забыў, чаго ён бег»

 

 

     Праверка практыкай аказваецца самай жорсткай, таму што тэксты для дзяцей перачытваюцца шмат разоў, да нясцерпнасці. І дарослы, які чытае дзіцяці, не можа прайсці міма няўдалага слова або вобраза ці міма той манеры камунікавання, якая прапаноўваецца ў творы.

 

Змены ў гуманітарным мысленні выклікаюць пераацэнку сістэмы каштоўнасцей, у тым ліку стылю камунікацыі. Мастацкая літаратура для дзяцей, беларуская аўтарская і перакладная, не заўсёды паспявае за гэтымі зменамі. І калі па наіўнасці хочаш гадаваць дзіця для лепшага жыцця, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маюць роўныя правы, дзе чалавека паважаюць па змоўчанні, то сутыкненне з некаторымі мастацкімі тэкстамі хутка вяртае ў рэальнасць.

 

Сёння думанне актыўна змяняе побыт: ёсць уяўленне пра тое, якім чынам мусіць паводзіць сябе выхаваны прыстойны чалавек, пра тое, як сёння можна і нельга гаварыць пра людзей, што адрозніваюцца ад іншых, якія ролі адыгрываюць у жыцці сучаснага грамадства жанчыны і мужчыны, і іншыя пытанні. Было б лагічна чакаць ад сучасных аўтараў — беларускіх і замежных, што ў мастацкіх тэкстах для дзяцей яны будуць прытрымлівацца ў шырокім сэнсе — правіл прыстойнасці, будуць талерантнымі і паліткарэктнымі, будуць пралічваць на некалькі крокаў наперад уздзеянне сваіх тэкстаў. Цікава, што гэтыя чаканні апраўдалі найперш кнігі пісьменнікаў старэйшага пакалення і творы маладзейшых аўтараў, хай сабе і не ўсе. Менавіта сярод твораў старэйшых і маладзейшых аказалася больш бездакорных са светапогляднага гледзішча тэкстаў.

 

Маладыя сучасныя аўтары (нагадваю, што не ўсе маладыя — сучасныя, але многія) натуральна пільнуюць такія, здавалася б, дробязі, каб, напрыклад, на кухні была не толькі мама, але і тата, бо гендарная роўнасць адпавядае іх натуральным поглядам.

 

     Але як дзіцячыя творы 50-гадовай даўніны раптам аказаліся больш актуальнымі за творы, напісаныя аўтарытэтнымі аўтарамі гадоў дзесяць таму? Гэтыя нібыта найноўшыя патрабаванні да гендарнай роўнасці і талерантнасці насамрэч выдатна ўпісваюцца, па-першае, у натуральную сістэму ўяўленняў пра добрае і дрэннае: калі вас дражняць за заіканне ці лішнюю вагу — гэта непрыемна, а значыць, кепска. Па-другое, патрабаванні да гендарнай роўнасці ў значнай ступені адпавядаюць тэарэтычнаму афармленню савецкага жыцця. У савецкі час кантроль за выдавецкай справай наогул і асабліва за дзіцячымі выданнямі быў вельмі моцны, магчыма, неадпаведныя творы адсейваліся на этапе ўкладання зборнікаў.

 

     По гендарным пытанні я нават прааналізавала дзіцячы буквар савецкіх часоў (рускамоўны, па якім сама вучылася гадоў трыццаць таму ў рускамоўнай школе ў Чачэрску): колькі разоў і якім чынам дзяўчынкі і хлопчыкі згадваюцца ў тэксце і сустракаюцца на малюнках. І хоць у гэтым падручніку ля пліты стаіць мама, а газету чытае тата, сярод выяў няма колькаснага гендарнага дамінавання, а чытаць дзеці вучацца наогул на дзявочых імёнах (кшталту Ні-на). У жыцці было інакш, але тут больш цікава, якую сітуацыю выдавалі за нармальную і прымальную. Магчыма, кнігі старэйшага пакалення пісьменнікаў выглядаюць актуальнымі не толькі з-за перадавых перакананняў аўтараў, але і з выдавецкіх прычын (маецца на ўвазе строгі адбор тэкстаў).

 

     Напэўна, было б некарэктна абвінавачваць пазнейшых аўтараў, творы якіх грунтуюцца на неактуальных стэрэатыпах, у падступнасці і несправядлівасці.
На жаль, мне здаецца, што многія сучасныя пісьменнікі пераважна 50—60-гадовага ўзросту пішуць так, як пішацца, не маючы канцэпцыі развіцця дзіцячай літаратуры, а значыць, не ведаючы, чаму і навошта яны пішуць для дзяцей.

 

     Мне могуць запярэчыць, што ў беларускай культуры, як і ў любой іншай, ёсць даўняя традыцыя некарэктнасці: у фальклорных тэкстах зайка — касавокі,
мядзведзік — касалапы, заяц — баязлівы, а баран — дурны. Але наколькі варта менавіта гэтую традыцыю браць у будучыню?

 

     У гэтым артыкуле разглядаюцца беларускамоўныя кнігі айчынных і замежных аўтараў (закранутыя тут праблемы не ўнікальныя, і сустракаюцца ў дзіцячых тэкстах іншых літаратур, але нас натуральна больш цікавяць беларускамоўныя тэксты). Калі казаць пра рэпрэзентатыўнасць выбаркі, то гэта кнігі, што выдаваліся пераважна за апошнія пяць гадоў, альбо выдаваліся раней ды затрымаліся ў кнігарнях, а таму ўсе разам яны ствараюць суцэльны кантэкст для ўмоўнага беларускамоўнага дзіцяці дашкольнага ўзросту.

 

 

 

«Не можа быць іначай з натураю свінячай»

 

 

     «Раптам яны ўбачылі непадалёк аднакласніка, ружовашчокага парсючка Апанаса. Ён быў такі пульхны, што дзеці называлі яго Балёнікам». Такім чынам, шаноўныя дзеці, калі ў вас ёсць тоўсты сябар, прыдумаць яму мянушку — гэта цалкам нармальна. Прынамсі, менавіта такое ўражанне складваецца пасля серыі кніг пра Сонечную ферму балгарскай пісьменніцы Г. Злацінай. Няясна, чаму нельга было называць парсючка па імені, калі яго лішняя вага нідзе не з’яўляецца сюжэтастваральным элементам.

 

     Ладна, парсючка пакрыўдзілі дарэмна, ён у творы такі адзіны, яму наогул можна было імя не даваць. Але што рабіць, калі звяркі аднолькавыя, як чытачу іх адрозніць? Напрыклад, так: «Жылі-былі ў адным казачным лесе сябры-зайчаняты: Вушасцік, Таўстун і Карапуз» (Г. Аўласенка), а далей для тых, хто не зразумеў, чаму яны так называюцца, ідзе тлумачэнне.

 

     Навошта так настойліва фіксаваць увагу чытача на фізічных недахопах? Каб маленькі чытач зразумеў, што для прычынення болю іншаму чалавеку дастаткова, каб гэты іншы проста нечым вылучаўся? У дадзеным выпадку вылучаўся вонкава.

 

     Вядома, можна запярэчыць, што ўсе людзі (і зайчаняты) розныя, што немагчыма ігнараваць заўважныя хібы і што дзеці павінны ўсведамляць разнастайнасць свету. Вядома, гэта так. Але ў сучаснай інфармацыйнай прасторы мы маем доступ да шматлікіх інтэрв’ю тых людзей, якіх дражнілі ў дзяцінстве за вялікія вушы ці лішнюю вагу. Іх раўналеткі лічылі неабходным называць сваімі імёнамі ўсё ў гэтым размаітым свеце (а як запярэчыць, калі вушы сапраўды адтапыраныя?). Пасталеўшы, ахвяры дзіцячай шчырасці ідуць да псіхолагаў і пластычных хірургаў. А новаму пакаленню дзяцей прапаноўваюцца кнігі пра вушастых і тоўстых. Зачараванае кола? 

 

     ЯК ЛЕПЕЙ: вядома, не трэба пазбягаць апісання герояў. Але фізічныя хібы і мянушкі, з імі звязаныя, павінны быць сюжэтаўтваральнымі. Напрыклад, у сітуацыі, калі героя пакрыўдзілі, і аўтар паказвае, як герой гэта перажыў, як яму дапамагалі ці шкодзілі. Мне здаецца, што не варта кідаць у літаратурную прастору абразу і нават не адчуваць, што гэта нешта недапушчальнае.

 

     Праблема камунікацыі выходзіць і за межы твораў. Пісьменнікі часта захоплены гульнёй слоў, якая ўтвараецца пры дзіцячым маўленні: адкрываюцца шырокія прасторы, каб паказаць сваю дарослую дасціпнасць. «Толькі ружу Іра ў лужу, // Рака ў лак ператварае… І Лыголкам Іра кліча // Нават браціка Рыгорку» (А. Зэкаў). Альбо ў А. Хадановіча «Слоў на эл вялікі свет: // Луцкі, лоцік, лагапед». Няўжо дарослым важней паказаць, як яны валодаюць мовай і гуляюцца са словамі, чым перастаць апяваць важную дзіцячую праблему? Прызнайцеся, вы б хацелі, каб пра вашы дэфект ці хваробу, за якую вы перажываеце і якой вельмі саромеецеся, пісалі смешныя вершыкі і наогул весяліліся? А чаму з дзецьмі можна так рабіць? Таму што дзеці — маленькія і дурненькія? Яны не зразумеюць, што з іх здзекуюцца?

 

     У мяне наогул выклікае сумненне неабходнасць пісаць вершы, у якіх аўтар замілоўваецца ці жартуе з дзіцячага маўлення. Але калі раптам ёсць такія аматары (у свеце шмат вычварэнняў), то верагодна, гэтыя вершы — для дарослых, не варта іх змяшчаць у дзіцячыя кнігі.

 

     ЯК ЛЕПЕЙ: валоданне мовай аўтар можа рэалізоўваць у больш бяскрыўдных кантэкстах у форме задання ці гульні: «Ты мяне паслухай, братка, // Масалёт не кашаладка» (А. Жыгуноў). А ў кнізе Н. Сторажавай «Словы розныя бываюць», што цалкам грунтуецца на фанетычных эфектах, ніводзін са шматлікіх прыкладаў моўнай гульні не высмейвае рэальных праблем дзіцячага маўлення:

 

 

 

Не надзівіцца каза:

 

— От ЛАЗА-ЛАЗА-ЛАЗА!

 

— Дзе, якая ЗАЛА-ЗАЛА?

 

Ты пра што, каза, казала?

 

 

Альбо:

 

 

Два браты-КРАТЫ,

 

У зямлі раты.

 

Выламалі КРАТЫ —

 

І бягом дахаты.

 

 

 

«Ля кустоў прыціхлі хлопцы»

 

 

     Не хацелася б шукаць гендарную дыскрымінацыю там, дзе яе няма. Часам героем кнігі становіцца хлопчык ці дзяўчынка па пазалітаратурных прычынах: калі ў А. Хадановіча дзіця — дачка, то гераіня кнігі — дачушка Аленка, а калі побач унук ці сын сяброў, то герой — хлопчык (кнігі В. Зуёнка ці
Г. Янкуты).

 

     Але некаторыя заканамернасці можна заўважыць. Напрыклад, дзяўчынкі дыскрымінуюцца звычайна праз ігнараванне: хлопчыкі ў вершах (найперш патрыятычна-пафасных, грамадзянскіх) выступаюць як кананічнае безаблічнае дзіця, а дзяўчынкі не згадваюцца наогул. Праблема з’яўляецца не ўласна пісьменніцкай, але яшчэ і выдавецкай, рэдактарскай. 

 

 

«Я нарадзіўся ў Беларусі,

 

І лепшай не знайсці краіны,

 

Чым тая,

 

Для якой завуся

 

Я з нараджэння

 

Родным сынам» (А. Зэкаў).

 

 

     Калі пісьменнік плануе ствараць праграмны верш для дзяцей, то варта было б памятаць, што, акрамя сыноў, ёсць яшчэ і дочкі. Альбо ў назве верша неяк прапісаць, што верш пра/для хлопчыкаў і, магчыма, побач змясціць такую ж грамадзянскую рыфмаванку для дзяўчынак.

 

     Дзеці ў вершах часта паказваюцца стэрэатыпна. Калі дзіця рана прачнулася, пачысціла зубы і засцяліла ложак, то гэта абавязкова дзяўчынка («Зубкі чысціла Мілана»), а калі ляжыць у ложку і лянуецца, то гэта хлопчык («З кім пагуляць?»), калі ж забывае дзённік дома, каб туды не паставілі двойку за нявыкананае дамашняе заданне («Дзённік»), то гэта зноў хлопчык (усе прыклады ў гэтым сказе —
з А. Зэкава).

 

     Трэба адзначыць, што спарадычна сустракаюцца вершы, дзе аўтар выходзіць за межы стэрэатыпаў, напрыклад, пра хлапечыя слёзы:

 

 

Ну а Толік плакаў слёзна <…>

 

Бо шкада яму бярозы (А. Зэкаў).

 

     Творы, дзе хлопчыкі паказваюцца чулымі, клапатлівымі і спагадлівымі, дзе ім дазволена адкрыта выяўляць свае пачуцці і нават плакаць, вельмі неабходныя ў першую чаргу самім хлопчыкам, каб была ўнутры супрацьвага для стэрэатыпна-гвалтоўнага «хлопчыкі не плачуць».

 

      Бацькі ў вершах таксама заганяюцца ў пэўныя межы: актуальныя, штодзённыя, побытавыя праблемы дзеці абмяркоўваюць з мамай, дзённік правярае тата. Верагодна, такім чынам рэалізоўваюцца традыцыйныя ўяўленні пра прыналежнасць жанчыны да прыватнай прасторы, а мужчыны — да публічнай.

 

      Маладзейшае пакаленне, якое на сабе зазнала трэнд на актыўны ўдзел бацькоў у выхаванні дзіцяці, гатова прапаноўваць іншы вобраз бацькі. Але не ўсе спробы аказаліся ўдалымі.

 

     Я ўпэўнена, тыя, хто прачыталі кнігу А. Хадановіча «Нататкі таткі» адзін раз для азнаямлення, упадабалі яе і не заўважылі нічога кепскага (хіба моўныя пурысты выявілі надзвычайную пільнасць). А паспрабуйце прачытаць кнігу разоў 5—10, як гэта і бывае з дзіцячымі кнігамі, і вы раптам заўважыце, што ў ёй усё вясёлае і прыемнае ў жыцці дзіцяці звязана з бацькам, а жаночае (тое, што звязана пераважна з мамай) маркіруецца як ніжэйшае, адмоўнае, мама — гэта чалавек, які ў зборніку паслядоўна звязваецца з гвалтам, прымусам і кантролем: «А мамка на татку злючая,  Як посуд мые анучаю?»; «Толькі мама на цукеркі не мяняе боршч»; «“Стоп! Ідзем гуляць на двор!” Гэта мама-кантралёр»; «Мама зноў вядзе на ўколы»; а верш «Мама хвалюецца» — цалкам прысвечаны падкрэслена надуманым перажыванням мамы. Дзявочая і хлапечая версіі верша «Шчотка» адрозніваюцца прынцыпова: натхняе хлопчыкаў («Чысці зубы разам з бацькам — Вырасцеш зубастым дзядзькам!») і абяззбройвае дзяўчынак («Хто не чысціць зубы шчоткай — Вырасце бяззубай цёткай»).

 

     Трэба адзначыць, што пэўная праблема кнігі А. Хадановіча бачыцца ва ўзвышэнні бацькі менавіта за кошт прыніжэння маці. Кожны верш паасобку выглядае жартоўным і дасціпным, але, прачытаныя запар і шматкроць, яны выразна падкрэсліваюць асіметрычныя стасункі ўнутры створанай паэтам нібыта добрай сям’і.

 

      Напэўна, па выніках можна меркаваць, што мэтавая аўдыторыя гэтых тэкстаў хутчэй бацькі, чым дзеці, а кніга не для дзяцей, а пра дзяцей.

 

     ЯК ЛЕПЕЙ: разбурэнне гендарных стэрэатыпаў без негатыўных наступстваў для аднаго з палоў у творах беларускіх аўтараў прысутнічае. Напрыклад, у апавяданні «Сумны суп» В. Гапеевай кармленнем хлопчыка апякуецца тата, а ў вершы А. Зэкава «Мама-кранаўшчыца» «Мама працуе на кране». Розніца паміж гэтымі прыкладамі — генерацыйная. Тое, што для старэйшага пакалення — выпадковасць, для маладзейшага — прынцыповая пазіцыя нават у неабавязковых сітуацыях: «Песіміст. Гэта той ці тая, хто перажывае, што не патрапіць у вялікі пакой» (В. Гапеева).

 

 

 

«Чорны крот баіцца сонца»

 

 

      Многія інтэрнэт-парталы апошнім часам пачалі шмат пісаць пра аб’юзераў (людзей, якія гвалцяць блізкіх псіхалагічна ці фізічна). Людзі становяцца ахвярамі, бо не паспяваюць своечасова выйсці са стасункаў, не распазнаюць здзекі, лічаць іх нормай. І цяпер можна сказаць, што дзіцячая літаратура, якая мне трапілася, у прынцыпе спрыяе развіццю віктымнасці (ахвярнасці).

 

      У жыцці дзіцяці могуць здарацца розныя выпадкі і сустракацца розныя людзі, і самае важнае ў любой сітуацыі — адрозніваць добрае і кепскае.
А дзіцячая літаратура гэтаму, мякка кажучы, не спрыяе. «Яшчэ з ранняга дзяцінства дзяўчынку звалі Марылькай з-за яе невялікага росту. І сілу яна мела, як у таго камара. Сябры часта смяяліся з Марылі, гаворачы, што нават слабы павеў
ветрыку можа здзьмуць яе, як пушынку» (М. Чаракова, М. Чарнова «Смелая дзяўчынка»). Навошта катаў маленькай дзяўчынкі называць яе сябрамі, калі ў гэтым кантэксце можна было напісаць: «Вясковыя дзеці часта смяяліся з Марылі»? Не трэба ў дзіцячых кнігах ісці супраць рэальнасці і пазбягаць згадкі пра непрыемныя моманты, але не варта кепскія адносіны выдаваць за сяброўства.
А яшчэ ў кнізе вельмі не хапае згадкі пра тое, што дзяўчынка, напрыклад, сірата: маўляў, не маючы абароны бацькоў, яна мусіць самастойна пераадольваць свае страхі і змагацца за сваё месца ў грамадзе. Бо ў сучаснага чытача ўзнікае пытанне: чаму пра здзекі вясковых дзяцей і небяспеку ад разбойнікаў яна не расказала нікому блізкаму.

 

     У вершы В. Гардзея «На агародзе» прыклад дэфармаванай камунікацыі нават абыгрываецца моўнай гульнёй:

 

 

«Бабка села каля грушы:

 

— Не крычы, бо вянуць вушы!

 

— Ты палі іх, — раіць Ваня, —

 

Дык ніводнае не звяне».

 

 

     У дарослых не заўсёды ёсць рэсурс вытрымаць актыўнасць дзяцей, і сказана можа быць многае, але трэба ўсведамляць, што прымальна, а што не, што можна дэманстраваць, а чым не варта хваліцца. Няясна, чаму ў камунікацыі з дзецьмі дазволена тое, што мела б сур’ёзныя непрыемныя наступствы ў камунікацыі з дарослымі.

 

     Ненармальная камунікацыя прасочваецца і ў серыі перакладных кніг шведскай пісьменніцы Ю. Вісландэр пра карову Маму Му і Крумкача. З кнігі «Хутчэй, Мама Му»: «Паглядзі лепш на сябе! Ты такая смешная, дзе ты ўжо гэта сцягнула?»; «Глядзі, якія прыгожыя! — Жахлівыя, — адказаў Крумкач»; «Ушчыкніце мяне за пёркі, ты ж карова, Мама Му! А калі карова тупае туды-сюды па вадзе ды яшчэ цягае за сабой човен, дык ВЯДОМА, што ўздымуцца хвалі». Напрыканцы кнігі карова Мама Му сумуе, што Крумкач, які абясцэньваў яе знешнасць, меркаванні і дзеянні, паляцеў прэч. І гэта манера камунікавання — адзінае, што паўтараецца ва ўсіх кнігах серыі.

 

Вяршыняй жа гэтых асіметрычных стасункаў можна лічыць кніжку-кардонку для самых маленькіх з канкрэтнай назвай «Крумкач кажа нельга!», дзе на кожнай старонцы літаральна некалькі сказаў наступнага кшталту: «Каровам НЕЛЬГА гушкацца»; «НЕЛЬГА плюхацца, Мама Му! Я намокну!»; «Каровам НЕЛЬГА скакаць»; «Хадзі, як усе каровы!». 

 

     Часам перакладчык пры жаданні мае магчымасць нешта «падправіць» у тэксце арыгінала (хоць такая самастойнасць — дыскусійнае пытанне). У выпадку з Мамай Му перакладчыца Н. Кандрусевіч нічога не магла б зрабіць, таму што дысгарманічная камунікацыя персанажаў — гэта сюжэтаўтваральны элемент усёй серыі пра віктымную карову Маму Му і аб’юзера Крумкача. Праўда, ёсць і іншая інтэрпрэтацыя: пасля адной з канферэнцый я атрымала водгук ад калегі, якая пераакцэнтавала іх камунікацыю — Мама Му робіць тое, што хоча, не звяртаючы ўвагі на крытыку. Ды я ўсё ж лічу так: калі з вас здзекуюцца, не варта трэніраваць устойлівасць і характар, варта выходзіць з такіх стасункаў.

 

     Але ёсць выпадкі, калі трэба быць удзячнымі менавіта беларускаму боку пры перакладзе. Гаворка ідзе пра кнігу Ц. Парвела «Эла і сябры». Можна параўнаць адзін і той жа фрагмент у беларускім і рускім перакладах:

 

 

      Беларускамоўны: «Тут прыйшоў аўтобус. Ён быў жахліва вялікі і высокі.
А шафёр, наадварот, быў нізенькі, тоўсценькі і барадаты. Калі мы з Ханнай зайшлі ў аўтобус, то вылупілі вочы на шафёра. Відавочна, не толькі настаўнік мог займець дзіця» (па сюжэце дзеці толькі што даведаліся, што жонка настаўніка тоўстая, бо цяжарная — А. Б-Ч.).

 

Рускамоўны: «Наконец подъехал автобус. Он был ужасно большой. А водитель, наоборот, был маленький, толстый и бородатый. Залезая в автобус, мы с Ханной ему всё время подмигивали. Надо же и нам когда-нибудь устраивать личную жизнь».

 

 

     Дазволю сабе тут прывесці каментар беларускай перакладчыцы Ц. Парвела А. Казловай пра гэты рускамоўны пераклад: «Перакладніцкія вольнасці — гэта норма, насамрэч, як па мне. Гэта дыскусійнае пытанне, але я трымаюся такога меркавання. Пры перакладзе мы часта адаптуем арыгінальны тэкст пад наш час, нашу краіну і сябе. І ва ўсіх свая мяжа для такога ўмяшальніцтва.

 

Але гэты канкрэтны прыклад я лічу шкодніцтвам. Закладаць сексуалізацыю дзяцей, якую аўтар не закладаў (тут дзяўчынкі першага класа падаюцца зацікаўленымі ў адносінах з дарослым дзядзем і праяўляюць ініцыятыву) — злачынства, чым бы яно ні было абумоўлена — кепскім разуменнем тэксту альбо ўласнымі перакананнямі. Гэта адназначна кепская праца, якая шкодзіць рэпутацыі аўтара і стварае хворую карціну свету для дзяцей і дарослых, якія будуць чытаць гэтую кнігу».

 

Адэкватную карціну свету стварыць цяжка. Напрыклад, у кнізе Д. Вашкевіч «Баваўняная дзяўчынка» галоўная гераіня неўзаемна ўлюбляецца ў Пластыкавага хлопчыка, пакутуе ад яго халоднасці, своечасова разумее, што яны не пара, і знаходзіць свайго Ваўнянага хлопчыка. А Пластыкавы хлопчык — сваю Шкляную дзяўчынку. Гэта была б выдатная ілюстрацыя да тэзіса, што няма кепскіх людзей, проста трэба шукаць сваіх. І кніга мела б тэрапеўтычны эфект для няшчасных закаханых, калі б не помста ў эпілогу: «Але потым Пластыкавы хлопчык надакучыў Шкляной дзяўчынцы <…> — і яна здала яго ў пераапрацоўку пластыку. З яго атрымаўся файны грабеньчык». Выходзіць, што мала быць шчаслівай, трэба, каб было кепска чалавеку, які цябе крыўдзіў: чужое гора як складнік твайго шчасця. Калі гераіня нібыта выйшла з асіметрычных адносін, то наратар — не.

 

У зборніку «Добрыя казкі» (літаратурная апрацоўка В. Паўлушэнкі) твор «Як Мыш жаніха выбірала», верагодна, цяжка было пазбавіць зняваг Мышы ў бок патэнцыйных кавалераў. Так выглядае размова Мышы з закаханым Качарам: «Яшчэ чаго! Хіба ты мне падарункі не пакінеш?! Ці, можа, ты хочаш, каб я табе вінная была да канца дзён сваіх?! Падарункі забяру, а ты ідзі адсюль і ў люстэрка на сябе зірні! З тваімі ластамі і дзюбай толькі ў сваты хадзіць!» Але ў выніку менавіта зняважаны Качар ажаніўся з Мышшу, і гэта выдаецца за хэпі-энд гісторыі.

 

Усе гэтыя прыклады ўводзяць у свядомасць дзяцей і падлеткаў разуменне, што можна працягваць роднасныя, сяброўскія ці партнёрскія адносіны з асобай, якая зневажае.

 

 

 

«Ці пазяхае бегемот?»

 

 

У нашым грамадстве звыкла ігнаруюцца псіхалагічныя межы асобы. Многія людзі лічаць, што нармальна пытаць і ў блізкіх, і ў чужых, калі замуж, калі першае дзіця, калі — апошняе. У такой сістэме каардынат магчыма з’яўленне верша з радкамі: «Тата Яне ўсё купляе: Ляльку, Зайку і Лісічку. Хоць бы раз купіў сястрычку!» (А. Зэкаў). Пры гэтым у аўтара ёсць фіксацыя на тэме нараджэння наступных дзяцей. Бо вось бацькі такі «набываюць сястрычку», а А. Зэкаў працягвае дбаць пра дэмаграфічную сітуацыю ў асобнай сям’і:

 

 

Марыць Люба,

 

Марыць Света:

 

Каб нарэшце мама з татам

 

Падарылі ім і брата.

 

Больш-менш прымальна раскрывае гэтую тэму В. Савасцюк у вершы
«Крыўда»:

 

 

Закружыў бацян над хатай.

 

— Бусел, ты прынёс мне брата?

 

А той дзівіцца ў адказ:

 

— Не давалі мне заказ.

 

 

     Але ў норме пытанне размнажэння датычыць толькі тых людзей, якія гэтае размнажэнне плануюць. І наколькі мэтазгодна ўводзіць у вушы дзецям магчымасць уплываць на дэмаграфію сваёй ці іншай сям’і — пытанне дыскусійнае.

 

     Да пункту пра псіхалагічныя межы можна аднесці і рэлігійнае пытанне. З аднаго боку, вера — справа інтымная, з іншага, дзяцей трэба выхоўваць. Часам гэта ажыццявіць праблематычна, як у азбуцы Р. Барадуліна «Вясёлы вулей»:

 

 

І — зоркі зыркія Купалля

 

Над светлай свечкай не апалі.

 

Зірні — з высакавольтных ліній

 

Спадае палахлівы іней.

 

Будзь беларусам, беларус,

 

І помні, што сказаў Ісус.

 

 

     Далей у тэксце кнігі згадваюцца Белабог, Зюзя, Евангелле, Храм Хрыстовы. Вядома, што ў побытавай свядомасці беларусаў хрысціянства і паганства досыць шчыльна знітаваныя, але, верагодна, у азбуцы варта было б прытрымлівацца аднаго веравызнання. Інакш кніга не пройдзе бацькоўскую цэнзуру ні ў вернікаў, ні ў атэістаў, ні ў язычнікаў. А адсячэнне пэўнай часткі мэтавай аўдыторыі здаецца па нашым часе недазваляльнай раскошай. Так, напрыклад, у кантэксце каталіцкага і праваслаўнага перакладаў Новага Запавету на беларускую мову нерэлігійная кніга А. Кавалеўскага «Мой сябра анёлак» можа ўспрымацца праваслаўнымі як каталіцкая праз слова «анёлак» (у праваслаўным беларускамоўным перакладзе — «ангел»).  

 

 

 

«Будзь беларусам, беларус»

 

 

     Азбука А. Зэкава «Адна сям’я — ад А да Я» распавядае пра беларускі алфавіт у вершаванай форме, кожны верш утрымлівае пералік слоў на пэўную літару альбо з частым ужываннем пэўнай літары, і завяршаецца пытаннем-заданнем. Заданне да літары Х выглядае наступным чынам:

 

 

…Хата, хваля, хцівец, хустка?

 

А цяпер ці скажаш сам,

 

Як гучаць яны па-руску?»

 

 

      Такім чынам, аўтар не дапускае думкі, што можа існаваць беларускамоўнае дзіця, якое не валодае свабодна рускай мовай. Можна нават казаць, што гэтым простым пытаннем аўтар экстрапалюе на чытачоў сваё каланіяльнае мысленне, магчыма, нават не ўсведамляючы сваёй другаснасці і залежнасці ад былога імперска-савецкага кантэксту.

 

     Пры наяўнасці дзвюх дзяржаўных моў усё ж цяжка ўявіць сабе рускамоўную азбуку, дзе будзе патрабавацца перакладаць словы на беларускую мову.
І нават не з прычыны моўнай сітуацыі ў краіне: сам жанр азбукі патрабуе ад аўтара знаходзіцца ў межах адной мовы (за выключэннем тых выпадкаў, калі гэта абумоўлена моўнай гульнёй — кніга А. Церашковай «Англійская мова: слова за словам»).

 

* * *

 

 

     Некаторыя з прыведзеных мной прыкладаў, мяркую, не будуць успрымацца чытачамі як адхіленне ад нормы, але гэта, верагодна, з прычыны прызвычаенасці грамадства да такой формы камунікавання. Усе гэтыя кнігі разам (аўтарскія і перакладныя) фарміруюць пэўнае ўражанне пра норму: нібыта нармальна публічна акцэнтаваць увагу на хібах іншых асоб, прыніжаць за прыналежнасць да пэўнай нацыянальнасці, да пэўнага полу і гендара, пакепліваць з бацькоўскіх (мацярынскіх) абавязкаў, ігнараваць псіхалагічныя межы асобы, і галоўнае — цярпець адносіны, у якіх асобу зневажаюць, і нават прыкладаць намаганні для падтрымання такіх стасункаў. Паасобку кожны з гэтых прыкладаў — дробязь, але разам яны ствараюць кантэкст, ці дакладней, падтрымліваюць тыя стэрэатыпы, якія пануюць у грамадстве.

 

     Але варта адзначыць, што многія элементы, якія могуць трактавацца як памылкі, зроблены не столькі свядома, колькі па недаглядзе, з прычыны таго, што пісьменнікі не маюць уласнай канцэпцыі выхавання дзяцей, дастасаванай да творчай дзейнасці. Элемент выпадковасці сур’ёзна пераважвае, калі пісьменнік ідзе ўслед за рыфмай ці слоўнай гульнёй. Сёння ў больш выйгрышным стано-вішчы знаходзяцца тыя маладыя аўтары, для якіх актуальны сучасны кантэкст, у якім існуюць бодзіпазітыў, гендарная роўнасць — аўтары ведаюць, як цяпер прынята абмяркоўваць гэтыя пытанні і намагаюцца ствараць сучасныя тэксты.

 

 

 

* * *

 

 

     І калі малады мужчына скардзіцца на меркантыльных жанчын, жартам думаеш, а ці не чытаў ён у дзяцінстве верш А. Пісьмянкова «Кавалеры»:

 

 

Рады я, і рад мой брат:

 

Нам купілі самакат!

 

І цяпер суседка Надзя

 

З намі дружыць,

 

з намі ладзіць,

 

А яе сяброўка Лера

 

Лічыць нас за кавалераў.

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».