Вы тут

Марк Шагал і сюжэты старога запавету


Выстава La Bible, якая праходзіла ў мінскай выставачнай зале Libra, выклікала вялікую цікавасць у гледачоў. Мабыць і таму, што гэтая серыя работ Марка Шагала ўпершыню дэманстравалася ў Беларусі.


На выставе можна было акунуцца ў незвычайны свет, створаны яркімі шматколернымі літаграфіямі Марка Шагала і дапоўнены тонка падабранай музыкай. Усяго ў экспазіцыі дэманстраваліся 64 творы, якія ілюструюць падзеі Старога Запавету. Работы суправаджаліся біблейскімі тэкстамі, якія апісваюць кожны канкрэтны сюжэт, што дазваляла не толькі атрымаць новыя ўражанні і эмоцыі, але таксама даведацца шмат новага пра творчасць мастака і яго ўнікальнае ўспрыманне Святога Пісання.

Марк Шагал нарадзіўся ў беларус­кім мястэчку Лёзна побач з Віцебскам у вялікай патрыярхальнай яўрэйскай сям’і. Маці займалася гаспадаркай, а бацька быў звычайным рабочым. Яшчэ ў дзяцінстве Шагал абвясціў: «Мама… Я хачу быць мастаком». Бацькі былі супраць такога выбару. Марк Шагал успамінаў: «Маці разглядае карціну. Госпадзі, якія ў яе вочы! Я чакаю. Потым яна кажа: «Я, сынок, бачу, у цябе і напраўду здольнасці… Але лепш бы ты, сын, ішоў у прыказчыкі, з тваімі-та плячыма… Госпадзі, ды адкуль жа гэта звалілася на нас?..».

А вось яшчэ з яго запісаў: «З ранняга юнацтва я быў зачараваны Біб­ліяй. Мне заўсёды здавалася і здаецца цяпер, што гэтая кніга з’яўляецца самай вялікай крыніцай паэзіі. Заўсёды я шукаю яе адлюстраванне ў жыцці і мастацтве. Біблія падобная прыродзе, і гэтую таямніцу я спрабую перадаць». Такія словы Шагал напісаў у прадмове да каталога з нагоды адкрыцця музея «Біблейскае пасланне» ў 1973 годзе ў Ніцы.

Біблейскія матывы праходзяць чырвонай ніткай праз усю творчасць майстра. Ды так, што ствараецца ўражанне, нібы веданне і разуменне Бібліі мастак увабраў яшчэ з малаком маці, і яно нябачна адлюстроўваецца ва ўсіх яго творах.

Святое пісанне было настольнай кнігай для Шагала яшчэ з дзіцячых гадоў. Усё жыццё сям’і мастака было прасякнута яўрэйскімі традыцыямі, абрадамі і святамі. Кожную суботу чыталіся малітвы і запальваліся свечкі. У святы ўсе члены сям’і ішлі ў сінагогу, і пасля доўгіх малітваў і спеваў іх чакала ўрачыстая трапеза. З якой любоўю і пяшчотай апісвае мастак гэтыя гады ў сваёй аўтабіяграфіі! «Тут засталася мая душа. Тут і шукайце яе».

Біблейскія сюжэты часта сустракаюцца ў ранняй творчасці Шагала. Але пазней ён скажа: «Тады я не бачыў Біб­лію, а толькі марыў пра яе».

На пачатку 30‑х гадоў мастаку паступае заказ ад вядомага французкага выдаўца Амбруаза Валара зрабіць серыю ілюстрацый да Старога Запавету. Шагал з усёй сур’ёзнасцю падыходзіць да гэтай працы, яму важна было не толькі прааналізаваць тэкст, ён хацеў «убачыць Біблію». Менавіта таму разам з сям’ёй мастак здзяйсняе вандраванне, якое больш правільна назваць паломніцтвам па Святых мясцінах Старога Запавету — Палестыне, Сірыі, Егіпце. Уражанні ад тае паездкі ён потым назаве самымі моцнымі ў жыцці.

Тое падарожжа натхніла яго на стварэнне шматлікіх работ, пасля аб’яднаных назвай «Біблейскае пасланне». У 1973 годзе работы атрымалі свой дом, як называў аднайменны музей у Ніцы сам Шагал. Музей быў для мастака любімым стварэннем, ён спа­дзя­ваўся, што «маладыя і не гэтак маладыя будуць прыходзіць у гэты Дом, жадаючы знайсці ідэал братэрства і любові, пра які ўзгоднена марылі мае колеры і лініі».

Спецыяльна для стварэння твораў з біблейскім сюжэтам Марк Шагал авалодаў тэхнікай літаграфіі і вітража.

Так, важнейшае месца ў яго творчасці займалі ілюстрацыі да Бібліі. Мастак, які любіў «Кнігу Кніг» і знахо­дзіў у ёй галоўную крыніцу натхнення, прайшоў доўгі шлях, перш чым стварыў серыю літаграфій, якія ілюстру­юць Стары і Новы Запавет.

На выставе ў Мінску ўвазе наведнікаў галерэі Libra былі прадстаўлены 12 эскізаў да вітража сінагогі медыцынскага цэнтра Хадасса ў Ерусаліме і 40 літаграфій, якія ілюструюць Біблію. Графічны цыкл мастак пачаў ства­раць у 30‑я гады, а скончыў пасля Другой сусветнай вайны. Гэта праца не проста патрабавала вялізнага духоўнага напружання, і фізічна было незвычайна складана.

Працы нашага суайчынніка, на жаль, рэдка выстаўляюцца ў Беларусі, лічаныя музеі маюць у сваёй калекцыі сапраўдныя творы Марка Шагала. Таму выстава La Bible стала сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў творчасці вядомага на ўвесь свет мастака.

Веніамін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.