Вы тут

Баланс на дваіх


Дзмітрый і Любоў Федуновы — цыркавыя артысты, якія аднойчы пабывалі ў Беларусі на гастролях. І дагэтуль памятаюць яе як блаславёны край, не пакідаючы надзеі прыехаць сюда зноў. А Дзмітрый — яшчэ і скейтбардыст, чые трукі на «дошцы» можна заносіць у Кнігу рэкордаў Гінэса.


Турцыя, 2017‑ы год, гатэль «Сурал Сарай». Гэта недалёка ад паселішча Чолаклы і за 9 км ад старажытнага антычнага горада Сідэ ў правінцыі Анталья. Вечар. Мы, як і іншыя госці «Сурала» — немцы, французы, англічане, палякі, рускія і туркі — у чаканні забаўляльнай цыркавой праграмы пад назвай «Ёга-шоу». І вось пад гукі індыйскай музыкі на сцэне з’яўляецца пара. Ён і яна — у касцюмах, расшытых каменнямі і бліскаўкамі. Абодва — у шаўковых шараварах: яна — у напаўпразрыстых чорных, ён — у белых. Усё ў іх убранні падкрэслівае прыгажосць напаўаголеных фігур. І доўгая барада мужчыны, і белы цюрбан на ягонай галаве выглядаюць экзатычна. Мы пераглядваемся: прафесіяналы! Адточаныя і ўзгодненыя іх рухі ў пераходзе ад аднаго нумара да іншага. І як годна, прыгожа нясуць свой узрост! Целы абодвух — бездакорныя. Цікава, колькі ім гадоў? І адкуль прыбылі? Пытанне не выпадковае, бо па вечарах тут выступаюць артысты з розных краін. Трэба бу­дзе, перагаворваемся, падысці да ёгаў, як мы іх для сябе назвалі, пасля прадстаўлення. Жартуем, заўважаючы: журналіст — ён і ў адпачынку журналіст…

Гэта было штосьці неверагоднае! Паўгадзінная праграма, экстрэмальная, непрадказальная, з кіданнем нажоў з рук ёгіні на жывот партнёра… Ён і на адной назе са скла­дзе­нымі рукамі ў паклоне «намастэ» прысядаў, і ўцягваў жывот так, што, здавалася, той даставаў да пазваночніка, і тварыў цуды ў позе лотаса. Нават на адной руцэ стаяў. І, канешне, клаў сваё цела на ўтыканую цвікамі дошку, вёў далонню па лязе мяча… Вядома ж, на целе ёга не было крыві. А лёзы нажоў, мяча былі вострымі. У той жа час, калі ён падрыхтоўваў сцэну да наступнага трука, яго партнёрша хадзіла паміж радамі гледачоў і прапаноўвала да іх дакрануцца. Сапраўды — нажы, цвікі і меч былі вострымі. У цэлым яе роля асістэнткі на сцэне, на першы погляд, зво­дзі­лася да эстэтычнага абрамлення партнёра. Але тое толькі на першы погляд. Было відаць, перад намі — прафесійная артыстка, гнуткая, як змяя. Ды настолькі прыгожымі былі яе рухі, што мы выказалі меркаванне: яна альбо паветра­най гімнасткай была, альбо выступала ў «каучук-шоу». І не памыліліся…

І бітае шкло, вынікі зносін з якім нам знаёмыя з дзяцінства, было. Заўважым: на мужчынскую стапу, калі тая знаходзілася на бітым шкле, ёгіня стала сваёй нагой, а другую высока ўверх падняла вертыкальна целу. Так яна стаяла некаторы час, а потым хутка ўніз нахілілася, а нага паднялася ўверх. Гэта быў так званы эфект цыркуля, раскрытага на 180 градусаў. Альбо, як гавораць самі артысты, зацяжка ці расцяжка ў шпагаце. А партнёр усё ўсміхаўся… Калі паказаў нам стапу, то мы ўбачылі на ёй толькі невялікія ўмяціны на скуры.

Кожны нумар гэтай экзатычнай пары суправаджаўся гучнымі апладысментамі. Дарэчы, не кожная штодзённая праграма іх выклікала. І не таму, што бывала нецікавай. Узровень забаўляльных выступленняў у гатэлях, як мы пераконваліся, дастаткова высокі. Як нам падаецца, расслабленасць і невялікая нават лянота на адпачынку — натуральны стан чалавека, які выяўляецца і ў запаволеных рэакцыях на прадстаўленнях.

What country are you from? — з гэтым пытаннем (з якой вы краіны, вымаўленым на англійскай мове) мы падышлі да ёгіні пасля шоу. Яна паспела пераапрануцца. І прывычнымі хуткімі рухамі заканчвала здымаць з твару макіяж.

— Рускія, ці што? — паглядзела зацікаўлена. Калі ж даведалася, што мы з Беларусі, то ажывілася, ахвотна прадставілася…

— Прысядзем за столік, — прапанавала Люба. — Дзіма яшчэ абсталяванне грузіць у машыну, зараз падыдзе.

З прыходам Дзімы, як толькі ён апыніўся паблізу, мы з мужам пераглядваемся. Нешта няўлоўна знаёмае мільгае ў яго абліччы. Дзіма пачынае ажыўлена распавядаць пра першыя свае цыркавыя выступленні, у тым ліку і ў Беларусі. Ой, дык гэта ж яны выступалі ў Мінску гадоў 30 таму! І мы іх бачылі! Толькі Дзмітрый быў чыста паголеным. Мяркуем, не толькі мы памятаем, як Растоўскі цырк гастраляваў па ўсёй Беларусі, амаль месяц быў у Мінску, а з ім — і «нашы ёгі» са сваім нумарам. Хіба можна забыць такую экзотыку!

Сядзім і размаўляем амаль да поўначы. І разумеем: усё не перагаварыць, пра што хацелася б. Бачым: нашы знаёмыя стаміліся. А ім кіламетраў 20 да пасёлка Сарылар, дзе даўно жывуць, ехаць. Абменьваемся кантактамі, запрашаем адзін аднаго ў госці. І цягам двух гадоў падтрымліваем сувязь па Skype і WhatsApp.

Сёлета ў гатэлі «Барут сьют», што ў курортным мястэчку Эврэнсэкі ў раёне Манаўгат (таксама Анталійская правінцыя), сустрэліся мы як добрыя знаёмыя, можна сказаць, сябры. І зноў пасля ёга-шоу. Прыязджалі ў гатэль з праграмай Федуновы двойчы. Іх цёпла прымалі і праводзілі апладысментамі скандынавы, чэхі, славакі, украінцы… І мы сярод іх. Вялікую цікавасць выклікала другое аддзяленне — шоу на скейтбордзе. Якія ювелірна дакладныя завіткі выпісваў ужо безбароды Дзмітрый на маленькай сцэне! Як пластычна рухаўся! Пасля вобраза ёга, факіра — раптам красоўкі, бейсболка, скейтборд, у якога колцы рухаюцца як ножкі жука — гэта было проста чараўніцтва…

Пабывалі мы ў Федуновых і ў гасцях дома: пабачылі, як артысты жывуць. Распыталі пра шляхі-дарогі, якія злучылі ўкраінку Любу Шапашнікаву з Днепрапятроўшчыны і расіяніна Дзмітрыя Федунова з Мурманска, як прывялі іх нарэшце на пастаяннае месца жыхарства ў Турцыю. І пра ўнікальны «Скейтборд Федуновых», аналага якому ў свеце няма. З ім, дарэчы, Дзмітрый у мінулым годзе быў запрошаны ў Маскву, у тэлеперадачу «Удивительные люди» на канале РТР (тэлесюжет ёсць у інтэрнэце). І пра тое мы гаварылі. Жыццёвая гісторыя сужэнцаў Федуновых падалася нам цікавай, не тыповай ужо толькі таму, што гэтыя людзі не спыняюцца ў руху па жыцці. Мараць, радуюцца, прадумваюць новыя фішкі для сваіх шоу. Жывуць ярка, напружана, захоплена нясуць людзям радасць. Асабліва ў летні час, калі іх праграма запатрабаваная.

Люба

Нарадзілася я ва ўкраінскім Верхнедняпроўску, за 60 км ад Днепрапятроўска (цяпер Дняпро — Аўт.). Калі мне было пяць гадоў, мае бацькі — тата Пётр Канстанцінавіч Шапашнікаў, шафёр па прафесіі, і мама Валянціна Лукінічна, тынкоўшчык-маляр — з’ехалі на поўнач у горад Кіраўск (раней гэта быў Хібінагорск) Мурманскай вобласці. Гэта недалёка ад Апатытаў, за Палярным кругам. Там я і пайшла ў школу. Ужо з сямі гадоў марыла стаць артысткай цырка і таму пачала займацца ў цыркавой студыі. Але мой настаўнік настойліва раіў асвоіць якую-небудзь прафесію. Я ў школе вучылася амаль на «выдатна», з адной чацвёркай пасля восьмага класа мяне без экзаменаў узялі ў Мурманскае педвучылішча. І ў цыркавой студыі адразу ж пачала займацца. Праўда, на час яе кінула: з трэнерам не ўсё склалася. А калі ён сышоў, вярнулася. І з Дзімам у студыі пазнаёміліся. Ён ёгай стаў займацца ў 23 гады, пасля службы ў войску. Дакладней, пасля таго, як курсы памочніка бурыльшчыка закончыў і працаваў на буравой вышцы ва Урэнгоі, пакуль моцна не параніў вялікі палец рукі. Там зразумеў: не яго гэта справа. А ў дзяцінстве захапляўся лёгкай атлетыкай.

Дзіма — карэнны мурманчанін. У войску служыў у рамонтным батальёне ў Кранштадце. Ён па спецыяльнасці слесар-сударамонтнік, вось і накіравалі на флот.

Пасля педвучылішча я год адпрацавала ў дзіцячым садзе. Бацькі тады ўжо вярнуліся ва Украіну. А Дзіма тым часам сышоў у цырк. Нумар на 7 мінут разам з ім падрыхтавалі — ён лёгка ўключаўся ў цыркавыя праграмы. Дарэчы, тады іншыя цвікі выкарыстоўваліся, нажы былі такія ж вострыя і шкло таксама. Я ж працавала як «дзяўчына-каўчук»: дэманстравала гнуткасць жаночага цела.

Гады маладыя

Калі распаўся Савецкі Саюз, мы не ведалі, куды ж нам прыстаць. Прайшлі праз кааператывы, вар’етэ: у маскоўскім рэстаране «Арбат» працавалі, у гасцініцы «Космос» — там было некалькі пляцовак для вар’етэ. З Сяргеем Пенкіным, вядомым спеваком, выступалі. А з Мікалаем Лукінскім, гумарыстам, па кааператывах раз’язджалі. У 2005‑м спрабавалі ў тую сістэму вярнуцца — не атрымалася: там ужо ўсё было «схоплена». Дзіма і ў Ленінградскім цырку пабыў паўгода: туды яго я прысватала праз сваіх знаёмых. Прывёз потым і мяне на паказ з нумарам, а яму кажуць: табе чаго, сваіх дзяўчынак мала? Падумалі, што я з Індыі прыехала… І ён адтуль пайшоў: мы не маглі і не хацелі разлучацца.

Ажаніліся ў Мурманску ў 1989‑м. Жыццё падштурхнула. Выступаем разам, гастралюем, а нас не селяць у гасцініцах у адзін нумар. Я з дзяўчатамі жыву, ён — з хлопцамі. Так і ў Ленінградскім, і ў Растоўскім цырку было. Распісаліся. Вядома ж, пачуцці былі адзін да аднаго. Хіба інакш пажаніліся б? Так сям’я і атрымалася. Да таго ж, мы былі белымі варонамі: абодва не пілі, не палілі, мяса не елі. Нам кідалі наўздагон: о, грошы эканомяць… А сюды ў Турцыю прыехалі — як у рай. Шмат садавіны, гародніны… Я, дарэчы, мяса не хацела есці і бачыць… Яшчэ з дзяцінства. І цяпер мы яго не спажываем, рыбу і яйкі таксама.

У Каба-Вердэ два тыдні гастралявалі з групай. (Рэспуб­ліка Каба-Вердэ — парт. República de Cabo Verde, да 1986 г. назва афіцыйна перакладалася на рускую мову як Рэспубліка Выспы Зялёнага Мыса — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Размешчана на выспах Зялёнага Мыса ў Атлантычным акіяне, 600 км ад узбярэжжа Афрыкі. — Аўт.).

Пасля задумаліся: а ці не з’ехаць туды назусім? Але гэта былі проста разважанні. А калі ў «Арбаце» ў 90‑м працавалі, была паездка ў Балгарыю. Там я рабіла «каўчук». У 1991‑м пасля Каба-Вердэ нам адразу з розных агенцтваў тры паездкі прапанавалі: у Ізраіль, Грэцыю, Турцыю. Мы паехалі з групай ад «Космоса» ў Турцыю — у Мармарыс. У прэзідэнцкім гатэлі давалі прадстаўленні. Такіх шыкоўных гатэляў тады было вельмі мала. Мы працавалі там па кантракце. Група вярнулася назад у Расію, а мы вырашылі затрымацца ў Балгарыі. У Пампарава працавалі некалькі месяцаў (Пампарава — самы паўднёвы і цёплы гарналыжны курорт у Балгарыі, у цэнтры Радопскіх гор. — Аўт.). Адтуль звязаліся з гатэлем «Гранд Азур» у Турцыі, прапанавалі свае паслугі. Нам адказалі: прыязджайце, можаце праца­ваць. І мы ўжо ў Расію не вярнуліся. З часам сталі выступаць разам з танцавальнай парай пры клубе «Алі бей» у пасёлку Кызылач: 10 км ад Сідэ. А потым пачалі прапаноўваць свае паслугі па гатэлях. Так у Турцыі і аселі. Тут і сыны нашыя нарадзіліся. Старэйшы, Андрэй, і ў школу турэцкую пяць гадоў хадзіў, а потым мы адправілі яго да бабулі ва Украіну давучвацца: у нас тады яшчэ цяжкасці з турэцкай мовай былі, а ён усё па-турэцку ды па-турэцку. Цяпер Андрэй з жонкай працуюць паблізу аніматарамі ў гатэлі. А малодшаму Нітаю — 16. Ён жыве ва Украіне з бабуляй. Я там часта бываю.

Беларусь — гэта асобная старонка нашага жыцця. Яшчэ да працы у Маскве ў 1989‑м з Растоўскім цыркам мы ўсю яе аб’ездзілі. Пасля бывалі і ў Прыбалтыцы, і ў Баку. Але Беларусь назаўжды застанецца ў памяці як вельмі светлы ўспамін. Гастролі пачыналі з Бабруйска, потым працавалі ў розных гарадах. У мяне ў сямейным архіве карта была, на ёй я ўсе гарады Беларусі, дзе выступалі, адзначала. І ў нататніку рабіла пазнакі. А гастролі заканчвалі ў Мінскім цырку. Амаль месяц жылі ў самой сталіцы ў цыркавой гасцініцы.

Я ніколі не забуду сваіх узнёслых пачуццяў, калі салаўі спявалі ў адным з беларускіх гарадоў. Усю ноч! Там рака была вялікая, шырокая, здаецца, Бярэзіна. Яшчэ лясочак пры гасцініцы, дзе мы жылі. Цалкам магчыма, што гэта быў Бабруйск. На ўсё жыццё карцінка з ракой у памяці адбілася.

Добра памятаю, як шпацыравалі ў парку ля цырка. Яшчэ па вашай рацэ Свіслачы, якая там у парку праз горад працякае, на лодачцы каталіся, з вёсламі. Там лодкавая станцыя была. Абедалі часам у кафэ. Яно было справа ад цырка, калі да яго стаць тварам. Назвы не памятаю. Нешта з малаком звязанае… Можа «Малочнае»… Яшчэ мы працавалі ў гасцініцы для замежнікаў: у «Інтурысце». Толькі мы з Дзімам — не ўвесь цырк. Ёсць у сямейным альбоме фота.

У Мінску Дзіма хадзіў у сауну. Там з кімсьці пазнаёміўся. Магчыма, гэта быў адзін з музыкаў, які падыходзіў да нас пасля нашага нумара ў «Інтурысце». І гэты «хтосьці» запрасіў нас паплаваць у горнай рэчцы ля Ждановічаў (Горная рэчка — спецыяльнае збудаванне пад Мінскам, у зоне адпачынку Дразды. — Аўт.), Казаў, што такога мы нідзе не ўбачым. Я была вельмі здзіўленая: Беларусь — і горная рэчка, неяк у маёй свядомасці тое не ўкладвалася. (Тут бу­дзе да месца ўдакладніць, што адзіны ў Беларусі канал для слалама на каноэ і байдарках з’явіўся ў раёне Ждановічаў у 1981 годзе — праз 5 гадоў пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Канал з’яўляецца падабенствам горнай рэчкі, ён са штучнымі бетоннымі валунамі. Але, у адрозненне ад горнай рэчкі, вада тут не надта халодная. Праз канал паступае яна з Мінскага мора ў раён прэзідэнцкай рэзідэнцыі «Заслаўе», дзе ёсць заліў. Да пачатку 90‑х вада ў канале цякла пастаянна. Карыстаючыся магчымасцю паплаваць у бурным патоку, туды ехалі падлеткі з усяго Мінска. Затым у «Мінскводаканале» пачалі лічыць грошы, і ваду ў канале перакрылі. Бо практычна ўся вада ў Мінскім моры — з канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, а яна — вельмі энергаспажывальнае збудаванне. Пяць водапад’ёмных станцый на працягу больш за 60 кіламетраў канала пастаянна ўздымаюць ваду на вышыню больш за 70 метраў — цераз водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў. Цяпер ваду ў канал пускаюць толькі на час трэніровак і спаборніцтваў. У гарачыя дні ў Горнай рэчцы звычайна і прахо­дзяць такія трэніроўкі, звычайна два разы на дзень. Карыстаючыся магчымасцю, разам са спартсменамі там трэніруюцца і аматары, якія прыязджаюць са сваім рыштункам. Ва ўсіх ахвочых ёсць магчымасць паплаваць у бурным патоку фактычна сапраўднай горнай рэчкі. З‑за шурпатага бетону канала плаваць па ім неабходна ў абутку. Не лішнімі будуць і пальчаткі на руках. Баяцца бурнага патоку не варта — вострых камянёў у канале няма, даўжыня і глыбіня канала невялікія, маецца некалькі месцаў, адкуль можна выбірацца на бераг. Трэніроўкі спартсменаў прахо­дзяць да сярэдзіны ліпеня. — Аўт.)

Незабыўны экстрым! Па пояс мы былі ў вадзе! І плылі стоячы! Клянуся вам! Гэта была такая экстрэмальная прыгода! А я ледзь не патанула! Там яшчэ часам і глыбока было. Я пайшла пад ваду — то мяне выцягнулі. Спыталі, было, спачатку: плаваць умеем? Умеем! Ну і пайшлі… Там толькі заходзіш у ваду — і цябе нясе. Такі драйв! Красоўкі павінны быць абавязкова — інакш ногі паб’еш. Выступы, камяні… Нам сказалі: гэты канал для спаборніцтваў і трэніровак байдарачнікаў пабудавалі, для воднага слалама, калі рыхтаваліся да Алімпіяды‑80. Але мы вырашылі: паплывем самі, без байдарак. Мы ж маладыя! І разы тры сплаўляліся. Нам вельмі спадабалася. Цудоўны быў час у Беларусі! І цудоўныя ўспаміны ў нас засталіся. І не толькі ўспаміны.

Доўгі час з намі кошка-«беларуска» жыла. Аднойчы ў Баранавічах да нас падышлі дзеткі з маленечкім чорным кацяняткам у руках. Кажуць: забярыце яе ў цырк, бо прапа­дзе. І мы забралі, назвалі кацяня — Багіра. Вельмі разумная была кошка. Яна потым з намі ды з Растоўскім цыркам і ездзіла. Да любога віду транспарта ставілася пазітыўна. Разумніца была.

Вядома, мы б хацелі яшчэ да вас прыехаць. Але абсталяванне для шоу цяжкае, габарытнае… Ёсць складанасці. Хіба што Дзіму са скейтбордам запросяць — а я з ім за кампанію.

Дзіма

У Індыі я ніколі не быў. Яшчэ ў войску, калі служыў, мне на вочы трапіў часопіс «Наука и жизнь» — вось там дзесьці ў канцы фотаздымкі асан былі, апісвалася, як іх рабіць. А яшчэ кніжка — «Індыйскія ёгі — хто яны». Потым тэлеперадача… Паглядзеў-пачытаў — стала цікава. І пачаў патроху трэніравацца, не маючы іншай літаратуры. Спантанна ўсё рабіў. Хлопцы ў арміі былі ў шоку: навошта табе гэта? А мяне цягнула. Лотас спачатку не даваўся, але я зрабіў. Потым пачаў расцягвацца ў шпагаце. Стойку на руцэ рэпетыраваў. А пасля арміі ўжо адпаведная з’явілася літаратура, хлопцаў сустрэў, з якімі займаліся разам. Так і пайшло. А раз гэта ёга, то выйшаў і на цыркавыя нумары — дзесьці ўбачыў. І стаў прыдумляць свае фішкі. Такія, каб былі арыгінальныя.

Мой бацька, Яўген Аляксандравіч Федуноў, працаваў на заводзе слесарам-інструментальшчыкам 5‑га разраду. У яго было шмат рацпрапаноў, нават вынаходкі. Ён у тэхніцы добра разбіраўся. Мне казаў пра рэквізіт: калі нешта хочаш зрабіць, то выконвай тры асноўных прынцыпы. Гэта лёгкасць, прыгажосць і кампактнасць. І ён безумоўна меў рацыю — я ў тым не раз пераконваўся. Так, мы з бацькам былі аднадумцамі. Сястра Рыта ў мяне яшчэ была. А мама мая, Іда Войцахаўна, — польскіх крывей. Яе бацька быў рэпрэсаваны і расстраляны ў 1937‑м у Ленінградзе. Наколькі мне вядома, родам з Польшчы быў мой дзед: Войцэх Войцахавіч Вітас. Нарадзіўся ў Кракаве. Пра яго ёсць звесткі ў інтэрнэце, у мартыралогу.

Калі дзеда расстралялі, то яго сям’ю выслалі — як сям’ю ворага народа — у Казахстан. Мае родныя там працавалі, і мама, дзяўчынкаю яшчэ, там жыла. Потым сям’я на Урал з’ехала, пасля мама працавала ў Ленінградзе швачкай. Да таго ж яна вельмі добра танцавала. Мама глуханямая была. Як і бацька. Але яна выдатна адчувала рытм, такт.

Я добра ведаю мову глуханямых! Мы калі прыехалі ў Турцыю, убачыў турка глуханямога. Падышоў. І мы з ім на мове жэстаў размаўлялі. Ён спытаў: ці ёсць у мяне бацькі, адкуль я… І лёгка размаўлялі.

Такія яны сёння

Яшчэ да арміі я асвоіў горныя лыжы — проста любіў іх. Як заўсёды, мяне цягнула на новае. У часопісах таксама ўбачыў скачкі. Сальта на лыжах. Да арміі пачынаў да таго падыходзіць. А пасля з хлопцамі ў Мурманску сабраліся, пачалі трэніравацца. Там, дзе я ёгай займаўся, быў батут. І мы на ім адпрацоўвалі скачкі. Гэта, вядома, небяспечна. Я неяк сальта назад на галаву зрабіў. Толькі маты былі. А калі адпрацавалі, пачалі на схіле гэта рабіць. І ў Мурманску, і кіламетраў 15 ад горада — у Мядведкава. Там снег даўжэй трымаецца. Потым мы нават адкрывалі адно са «Святаў Поўначы» сваімі скачкамі. Прыкладна ў 87‑м годзе.

Мой бацька і са скейтам мне дапамагаў, як і з рэквізітам для ёга-нумароў. Яшчэ да арміі сябар неяк прынёс часопіс «Моделист-конструктор». Я тады яшчэ ў вучылішчы быў. А там, бачу, чарцёж скейта. Сябар і кажа: давай зробім такі. Я бацьку паказаў. Ён звярнуў увагу: падвескі заднія вельмі жорсткія, а пярэднія — рухаліся. Гэта значыць пры павароце задняя падвеска бу­дзе адрывацца. А гэта неэстэтычна і нязручна. Таму вырашыў ён зрабіць заднюю, як і пярэднюю, — рухомай. Я пачаў спрачацца, а ён з дзіцячага канструктара зрабіў мадэль і паказаў. Цікавая атрымалася рэч. Арыгінальная. Кіраваць зручна: ледзь нахіліў дошку — і ў той бок едзе, куды нахіліў. На заводзе тата і зрабіў першую канструкцыю. Тады ўсё складана было. Мы колы выточвалі з пластыка. Потым з тоўстага шланга шынкі выразалі. На клей са­джа­лі падшыпнікі. Дошку клеіў з эпаксідкі — каб прыгожа ўсё было. І ў нас паблізу была горка — я там катаўся. Для ўстойлівасці мы з бацькам прывязалі да носа скейту вяровачку, як у санках: едзеш і трымаеш. Як цацку можна за сабой везці, падымаць лёгка. Яшчэ я паставіў на скейт канструкцыю ад горных лыж — не цалкам, а сярэдзіну іх. Фанера і два мацаванні — на адну і другую нагу. І пачаў катацца. Прывык. Палкі гарналыжныя былі. Горачкі знаходзіў. У нас халаднавата — добра было катацца.

У мяне і ў войску скейт быў! Праўда, свой дапрызыўны аддаў дзецям. А ў арміі я працаваў на заводзе, таму змог новы сабе там зрабіць. І катаўся. Паверхня павінна быць гладкая для катання — і я знаходзіў яе на суднах. У нас стаяў ледакол, там месца ад носа да рубкі на палубе роўнае, метраў 50. Маленькі быў скейт.

Да арміі я на скейтах і на працу ездзіў. Некаторыя прымалі мяне у Мурманску за фіна-замежніка. Транспартам не карыстаўся. І ў арміі ў цэху так рассякаў! Рабочыя ў шоку былі. З войска са сваім скейтам у Мурманск вярнуўся. Але там хлопцы здзівілі мяне: кажуць, мы можам ездзіць па роўнай паверхні, не адштурхваючыся. У скейтбардыстаў іншая тэхніка. Яны адрываюць пярэднія ролікі і робяць хвалепадобныя рухі. Але гэта цяжка. А мне хлопцы паказалі іншую тэхніку — і я яе за гадзіну-дзве засвоіў. І дадому паехаў гэтым спосабам. Упарты быў! З цягам часу стаў больш адчуваць жыццёвыя нюансы.

У Антальі прыйшлося зрабіць паўзу на гадоў 5. Не катаўся: шмат было асноўнай працы. Гастролі, выступленні… А неяк у краме ўбачыў скейт — і зноў мяне ўскалыхнула: я купіў яго, многае перарабіў. Памяняў механізм, бо вялікі досвед быў раней. А можа і натхненне, прадчуванне, як зрабіць, каб было зручней і лепш.

Люба таксама ў Індыі не была. Я не ведаю, адкуль у нас любоў да гэтай краіны, цікавасць да яе найбагацейшай культуры. Люба, дарэчы, у дзяцінстве, распавядала, усё сары круціла на сябе. І я памятаю: калі мама раскладвала бялізну, я прасіў прасціну і пачынаў абмотвацца. Хацеў зрабіць дхоці, мужчынскую вопратку індыйцаў, але ў мяне тое не атрымлівалася.

Дзякуючы знаёмым мы з Любай зачапіліся ў Манаўгаце ў анімацыі. Работы было вельмі шмат. Тады ні аніматараў у гатэлях не было, ні спецпляцовак для выступленняў, не кажучы ўжо пра сцэны. Мы выступалі ля рэцэпцыі, ці проста ў зонах адпачынку на пляцоўках, а таксама ўнутры памяшканняў, дзе была адпаведная прастора. З часам я зрабіў свой ёга-атракцыён. Былі агні, трукі… Мяняліся га­тэ­лі. Сыходзілі знаёмыя аніматары, прыходзілі іншыя. Час ішоў…

Скейт быў як хобі. І я пачынаў нешта прыдумляць. Яшчэ і яшчэ больш складанае. Паспрабаваў назад рухацца. Патроху атрымалася. Прыдумляць футбол на скейце пачаў: кубік ва ўмоўныя вароты закідваць калёсікам. Гэта ўсё ювелірныя трукі. Цяпер у нас у Сарылары баскетбольную пляцоўку недалёка ад дома пабудавалі, там у асноўным і трэніруюся.

Мой скейт — унікальная рэч. Здавалася б, цацка для падлеткаў… Аднак яна дазваляе ў гульнёвай форме трэніраваць цела, распрацоўваць розныя групы цягліц, адточваць каардынацыю рухаў. А гэта, як мы ведаем, у сучасным спорце вельмі важна, часам — жыццёва неабходна. Да прыкладу, у скачках на батуце, у лыжным фрыстайле, гімнастыцы, у веславанні, горных лыжах, хакеі, біятлоне важна ўмець трымаць раўнавагу, баланс. Часам за адну дзясятую, сотую долю секунды трэба правільна зрэагаваць на сітуацыю, каб пазбегнуць траўмы. Па сутнасці, скейт Федуновых (назавём яго так: бо і мой бацька ўклаў у гэта вынаходніцтва свае веды, інтуіцыю) — універсальны трэнажор. А чаму я пра гэта вам, беларусам, распавядаю? Таму што ведаю: у Беларусі вялікая ўвага надаецца як масаваму, так і прафесійнаму спорту. Будуюцца лядовыя палацы, адкрываюцца іншыя спортпляцоўкі. Таму спадзяюся, што мая канструкцыя скейта, мой досвед можа спатрэбіцца як у розных ДЮСШАР, так і ў працэсе трэніровак нацыянальных каманд па розных відах спорту. У прыватнасці, я ведаю пра вялікія поспехі беларускіх фрыстайлістаў, пра іх трэнера Мікалая Казеку: чытаў, як яшчэ ў 1986‑м ён стаў старэйшым трэнерам зборнай БССР па фрыстайле. Тады, кажуць, Беларусь і стала своеасаблівай лабараторыяй па развіцці фрыстайла. І паколькі я таксама ў свой час спрабаваў займацца фрыстайлам, то магу сцвярджаць: мой скейт можа стаць добрай дапамогай пры падрыхтоўцы спартсменаў самага высокага класа.

Я гатовы прыехаць у Беларусь і паказаць, чаму навучыўся сам. Калі да таго бу­дзе цікавасць. Я ведаю, што ў вас праводзіцца адкрыты чэмпіянат па скейтбордынгу. Вядома, хацелася б на ім пабываць, але ж летам у мяне — сезон асноўнай працы: зарабляем на жыццё. Яшчэ заўважу: у звычайнага скейта няма тых магчымасцяў, каб цела трэніраваць, якія ёсть у майго. (13 ліпеня 2019 года эпіцэнтр скейт-жыцця Беларусі зрушыўся ў Віцебск. «Культурная сталіца» Беларусі ў чарговы раз прымала не толькі Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар», але і стала месцам правя­дзення Адкрытага Чэмпіянату «Belarus Skateboard Challenge 2019». Гэтыя спаборніцтвы ў Віцебску ўпершыню адбыліся ў 2011 годзе, а з 2015 года праводзяцца штогод. У гэтым годзе Чэмпіянат адбыўся ў рамках правядзення Дня моладзі, у новым прафесійным скейтпарку ад SK PARK БЕЛАРУСЬ, размешчаным на пляцоўцы перад амфітэатрам — Аўт. http://www.minsk8.com/node/7449.)

Чытаў таксама, што ў Мінску ў 2018 годзе адкрыўся Музей скейтбордынгу. Цікава было б і мне там пабываць. (З 10 лістапада 2018 года «Скейт-музей СССР» — не проста ўнікальная калекцыя скейтбордаў і артэфактаў, прысвечаных гісторыі савецкага і сусветнага скейтбордынгу, даступная для ўсеагульнага наведвання. Гэта крэатыўная прастора, у якой будуць праводзіцца тэматычныя мерапрыемствы і кожны зможа дакрануцца да гісторыі самой «доўгаіграючай» субкультуры, якая прайшла шлях ад дваровай забавы да алімпійскага віду спорту. — Аўт. http://www.minsk8.com/museum.)

З маёй методыкай асвоіць рух на скейце Федуновых можна вельмі хутка. Спачатку патрэбная злёгку пакатая плоскасць, градусы тры, каб чалавек на скейце проста ехаў. І ў маім скейце застапорваем частку механізму — ён тады больш устойлівы. Вучымся проста спускацца. Потым асвойваем першыя рухі. Кшталту танца твіст: па чарзе загружаючы ногі. Дзяўчынка гадоў пяці ў мяне на другі дзень сама паехала. Злавіла неабходны рух. У майго скейта ёсць спружыны ў рухомым механізме. І ён рухаецца, як вялікі жук, колцы па чарзе атрымліваюць рухальны імпульс.

У тэлеперадачу «Удивительные люди» я патрапіў дзякуючы знаёмым масквічам. Яны параілі паўдзельнічаць. Мне там казалі, што тваё ўменне аб’ехаць больш за сотню фігур, рухаючыся на скейце заднім ходам, у Кнігу рэкордаў Гінеса можна заносіць. Думаю, так і ёсць. Такога трука ніхто ў свеце больш не робіць. Гэта вельмі складанае практыкаванне. Дарэчы, выдатная трэніроўка мозгу, не толькі цела. Таму што ўсё ў галаве пралічваеш пры руху. Да міліметраў там усё разлічана. А ўяўляеце, як трэба валодаць целам, каб па такой ломанай траекторыі рухацца, ды яшчэ заднім ходам! Калі бачу, што адна веха трошкі збоку апынулася — імгненна трэба зрабіць папраўку на наступным этапе. Думаю, калі такі рух асвояць хакеісты — гэта можа быць новай, прычым вельмі эфектыўнай тактычнай зброяй у лядовых баталіях.

Іван і Валянціна Ждановічы

Фота Івана Ждановіча і з сямейнага архіва Федуновых

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.