Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«...Галоўны скарб на зямлі — гэта мірнае неба»

Штогод — і не толькі ў дзень Перамогі — на нашы партызанскія могілкі прыязджаюць нашчадкі тых, хто загінуў у гады апошняй вайны, хто знайшоў свой вечны спачын на гэтым узлеску. Сярод іх — і мая прабабуля Марта Рыгораўна Міхалік. Яе не стала ў 1976 годзе, але «пахавацца» яна хацела іменна тут, побач з сябрамі-партызанамі.

Як і ўсе жанчыны, што жылі ў вёсках сярод лясоў, бабуля чым магла дапамагала народным мсціўцам: пякла хлеб, мыла бялізну, здабывала звесткі пра ворага... Я запомніла яе працавітай, рухавай і бясконца добрай. Яна заўсёды хадзіла ў доўгай — аж па пяты — спадніцы. Пашыла яе мая мама — з саматканай тканіны і з мноствам, як мне здавалася, розных кішэнек і кішэняў. А ўжо там чаго толькі не было!

Нас, дзяцей, вядома ж, найболей цікавілі ласункі. Як зачараваныя мы сачылі за рукамі бабулі, калі яна даставала з кішэні хусцінку з гасцінцамі. У дзяцінстве нас не дужа песцілі смачненькім: мы рады былі не тое што цукерцы, нават драбку звычайнага цукру.

Але ж бабулю Марту мы любілі не толькі за яе прысмакі. Яна ведала мноства цікавых гісторый і казак. А як умела расказваць!..

На жаль, я не здагадалася хоць нешта запісаць. Спачатку, што называецца, дзіцячы быў розум, а калі крыху падрасла і паразумнела, прабабулі не стала. Відаць, таму на ўзвышшы, дзе пахаваны партызаны, мяне заўсёды ахутвае невыказны смутак і боль.

* * *

А маці мая, Сцепаніда Пятроўна Сліж, 9 мая заўжды ўспамінае той дзень, калі вайна пачалася. Яна, тады 14-гадовая дзяўчынка, вярталася з суседняй вёскі Вострава. Хадзіла туды, каб адправіць ліст свайму бацьку, якога забралі на вайсковыя зборы, і на паўдарозе пачула гул самалётаў, убачыла на крылах чорныя крыжы. Іх было вельмі шмат: здавалася, што паўнеба сабой засланілі, ад чаго ў сэрцы «пасяліўся» страх, які не пакідаў матулю аж да канца вайны...

Варожыя самалёты ляцелі тады ў бок Слоніма. Потым частка іх аддзялілася і скіравала да моста, які злучаў берагі Шчары. Выбухі скаланулі ўсю ваколіцу. «Як прыбегла дахаты — не помню», — расказвае маці.

Праз некалькі дзён праз вёску сталі ісці нашы салдаты — яны адступалі. А немцы наадварот — наступалі. У Галынцы яны размясцілі свой гарнізон, у іншыя навакольныя вёскі прыязджалі ў асноўным «шакаліць» — папаўняць запасы харчоў.

Рабілася гэта, вядома ж, смела, нахабна, пакуль у лесе не з'явіліся партызаны з ліку мясцовых юнакоў і мужчын, часам — вайскоўцаў, якія не змаглі выйсці з акружэння. Такім чынам у акрузе стала дзейнічаць партызанская група, якая з часам ператварылася ў партызанскі атрад і нават у брыгаду «Перамога», што дзейнічала на тэрыторыі цяперашніх Мастоўскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў. Узначальваў яе ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Павел Іванавіч Булак.

На ўскрайку лесу партызаны трымалі пост, а таму фашысты не маглі больш незаўважна пранікнуць у лясную зону. Некалькі разоў яны рабілі аблавы, каб знішчыць народных мсціўцаў, але тыя прымалі баі, папярэджвалі пра небяспеку мірных жыхароў. Вяскоўцы паспявалі схавацца — хто ў партызанскім лагеры, хто ў балоце, хто на востраве пасярэдзіне Шчары, дзе была зямлянка. Гэты востраў, дарэчы, і сёння ёсць — невялікі, прыгожы, густа зарослы хмызняком.

* * *

Успамінае мама і трагедыю, што адбылася якраз на Макавея. У гэты дзень у вёсцы Вострава фашысты пахапалі юнакоў, пагналі ў Дзярэчын... Як расказваў потым відавочца, іх, дваццаць чалавек, паставілі ў шарэнгу каля выкапанай ямы. Яны разумелі, для чаго... Юнак, што стаяў з краю, вырашыў бегчы, бо ўсё роўна, маўляў, застрэляць, і сігануў у блізкае жыта. Бег зігзагамі, кулі свісталі побач, але, на шчасце, ніводная з іх нават не зачапіла. «Гэта божае выратаванне», — гаворыць мама пра свайго земляка.

* * *

Любіць яна ўспамінаць і сустрэчу былых партызан, што адбылася ў канцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ля ракі, пад разгалістым дубам, дзе ў гады вайны была пераправа.

Людзей тады сабралася шмат і зблізку, і здалёку. У партызанскім атрадзе пасля разгрому нямецкага гарнізона апынуўся француз па імені Ліён. Ваяваў на роўных, разам з іншымі хадзіў на заданні...

На тую сустрэчу ён прыехаў са сваёй дачкой. Яна фатаграфавала баявых сяброў свайго бацькі, нашу хуткаплынную Шчару, статак кароў, што пасвіўся непадалёку...

Недзе, відаць, засталіся фотакарткі.

* * *

Помніць мама і час вызвалення.

Перад ім, расказвала, немцы дужа лютавалі. Вяскоўцы хаваліся хто дзе мог. Маміна сям'я, прыхапіўшы тое, што трапіла пад руку, рушыла за рэчку, некалькі дзён прасядзела каля балота.

Аб тым, што можна вяртацца дамоў, здагадаліся па гуле машын — гэта была іншая, не нямецкая тэхніка.

Калі выйшлі на дарогу, заплакалі ад радасці, бо ўбачылі нашых салдат — з зоркамі на пілотках!

За калонай вайскоўцаў яны рушылі дахаты. А там... толькі папялішча ды ў садзе, пад яблынямі і вішнямі, што ўцалелі пасля пажару, — параненыя салдацікі.

Праз нейкі час па іх прыехала машына — павезла ў шпіталь.

...Штогод прыязджаюць на партызанскія могілкі блізкія тых, хто загінуў падчас вайны. Усё менш і менш сярод іх удзельнікаў яе і нават сведак. Але ж нам, нашчадкам, яны паспелі сказаць, што галоўны скарб на зямлі — гэта мірнае неба.

Ірына Салата, г. Гродна


«І кожны раз у нас мора смеху...»

На дварэ было лета-лецейка, сонейка, нават, здаралася, спёка. Як схавацца ад яе, чым прыкрыць галаву? Аб гэтым — загадзя і досыць весела — гаварылі пенсіянеры клуба «Залаты ўзрост» на сваёй чарговай сустрэчы.

Да яе, ну вядома ж, рыхтаваліся: шукалі патрэбную інфармацыю пра галаўныя ўборы, прыказкі ды прымаўкі, адказы на пытанні віктарыны, а потым — гулялі, танцавалі, шмат чаго дазналіся...

Гляджу цяпер на здымкі з той сустрэчы, якая так і называлася «Капялюшная вечарынка», і не веру, што ўдзельнікам (усе прыйшлі ў капелюшах!) каму за 70, а каму і за 80 гадоў. Залаты ўзрост!

Пенсіянеры аднайменнага клуба амаль кожны месяц збіраюцца на тэматычныя вечары, прысвечаныя то паэзіі, то Калядам, то кветкам, то Дню абаронцаў Айчыны, то розным напоям... І кожны раз гэта мора смеху, выдумкі і пазітыву.

Ідэя ды сама падрыхтоўка сустрэч належыць сёстрам Вользе і Таццяне Тукіным. Першыя памочнікі ў іх Ганна Лой, Лідзія Прыбалавец, Людміла Янучок з нязменным баянам. На жаль, я не ўсіх пакуль ведаю, але вельмі рада, што далучылася да гэтых цікавых, творчых людзей.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы


Дзед паставіў сабе зубы...

(Пенсіянерскія прыпеўкі)

Бабка просіць дапамогі:

«Ой, не ходзяць мае ногі!

Жаніха знайдзі, унучка,

Каб насіў мяне

на ручках».

* * *

Як была я маладзіцай,

Хлопцы гужам —

не адбіцца.

А цяпер — не той анфас,

Упусціла, кажуць, час.

* * *

Наглядзеўся дзед

рэкламы

Пра заморскія Багамы.

І цяпер — «забіў» на ежу:

Не памру, пакуль

не з'езджу!

* * *

Плача дзед: «Прапалі дзеці,

Я адзін цяпер на свеце»...

Закалоў быў парсючка —

Сын знайшоўся і дачка!

* * *

Гаварыла баба дзеду:

«Я ў Амерыку паеду!»

Дзед смяецца са старэчы:

«Паспрабуйма злезці

з печы!»

* * *

Дзед паставіў сабе зубы,

Ходзіць — весяліцца.

Каб яшчэ й разжыцца

чубам —

Можна зноў жаніцца.

Юлія Мішчук, Маларыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.