Вы тут

Як узнікае глаўкома і як з ёй жыць?


Наша чытачка з Мастоўскага раёна звярнулася ў рэдакцыю з просьбай расказаць пра глаўкому. Сёння гэтае захворванне — адна з галоўных прычын невылечнай слепаты ва ўсім свеце. Паводле прагнозаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць хворых на глаўкому на планеце вырасце ў 2020 годзе да 76 мільёнаў чалавек. Што гэта за захворванне, чым яно небяспечнае, як яго своечасова распазнаць, захаваць зрок і весці паўнавартаснае жыццё, расказала ўрач-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Ірына ХАРЛАНОВІЧ.


— Ірына Станіславаўна, як сябе праяўляе глаўкома?

— Гэтае захворванне суправаджаецца павышэннем унутрывочнага ціску, звужэннем палёў зроку і прагрэсуючым парушэннем сілкавання зрокавага нерва, якое прыводзіць да хранічнай глаўкаматознай атрафіі зрокавага нерва. Прасцей кажучы, гэта хранічнае захворванне, якое вядзе да поўнай слепаты. Небяспека ў тым, што пацыенты могуць не заўважаць яго на пачатковых этапах. Спачатку паражаецца толькі адно вока, праз нейкі час — другое. Глаўкома пачынаецца з выпадзення палёў зроку, найчасцей у ніжнім насавым сегменце. А паколькі палі зроку правага і левага вока наслойваюцца адно на адно, то хворы можа не заўважаць гэтага выпадзення. І толькі выпадкова, калі чалавек закрывае адно вока, ён адчувае, што другое не бачыць. Адной з распаўсюджаных першых прыкмет з'яўляецца туман перад вачыма. Калі глядзець на лямпачку, якая свеціць, то хворыя бачаць перад вачыма вясёлкавыя кругі. Болю пры глаўкоме можа не быць: пры такіх павышаных лічбах унутрывочнага ціску, як 30—32, вока не выклікае непакою. А тым часам ідзе гібель зрокавых клетак.

— Як выяўляюць глаўкому?

— Найперш вымяраецца ўнутрывочны ціск. Акрамя гэтага, існуе комплекс неабходных абследаванняў. Праводзіцца гоніяскапія — гэта метад візуальнага абследавання пярэдняй камеры вока. Ён дазваляе вызначыць, як адбываецца адток унутрывочнай вадкасці. Робіцца камп'ютарная перыметрыя па глаўкомнай праграме — такім чынам мы вызначаем, наколькі звужана поле зроку. Таксама выконваецца сутачная танаметрыя — два разы ў дзень на працягу трох-пяці дзён вымяраецца вочны ціск, каб вызначыць розніцу паміж ранішнімі і вячэрнімі лічбамі, а таксама паказчыкамі правага і левага вока. Далей пацыенту робяць аптычную кагерэнтную тамаграфію — гэта сучасны метад камп'ютарнага даследавання зрокавага нерва і сятчаткі, ён дазваляе выявіць, наколькі яны пашкоджаны. Апроч таго, пацыент праходзіць УГД вока — вельмі інфарматыўны метад. Выконваюцца агляд у шчыліннай лямпе, вымярэнне памераў хрусталіка. Па выніках усіх гэтых абследаванняў ставіцца дыягназ, вызначаецца від глаўкомы і прымаецца рашэнне аб стратэгіі лячэння.

— Ёсць пэўныя метады?

— Лячэнне спачатку медыкаментознае. Калі яно не прыносіць эфекту, звяртаюцца да лазернага метаду, калі і ён безвыніковы, выконваюць хірургічнае ўмяшанне. Ёсць некалькі відаў прэпаратаў, якія выкарыстоўваюць пры лячэнні глаўкомы. Яно вядзецца ў максімальным рэжыме: прымяняюць увесь магчымы арсенал медыкаментаў і ацэньваюць эфект. Калі яго няма, звяртаюцца да лазернага лячэння. Гэта фістулізуючыя аперацыі, якія дапамагаюць аднавіць адток унутрывочнай вадкасці. Пры глаўкоме ён або ідзе з перашкодамі, або вадкасці прадуцыруецца зашмат. З дапамогай лазера робяцца дадатковыя адтуліны, і такім чынам адток паляпшаецца.

Задача любога метаду лячэння — нармалізаваць унутрывочны ціск і спыніць развіццё глаўкомы. Пры гэтым захворванні мы можам толькі пастарацца як мага даўжэй захаваць зрок на тым узроўні, на якім ён быў у момант выяўлення хваробы. А вось вярнуць страчаны, на жаль, не атрымаецца. Але пагадзіцеся, ёсць розніца, калі чалавек канчаткова страціць зрок — праз тры гады ці праз дзесяць.

— Тады якім чынам захаваць зрок як мага даўжэй?

— Адказным падыходам да лячэння: пастаянным прыёмам унутрывочных кропель, кантролем стану ў доктара, своечасовым правядзеннем лазернага лячэння ці хірургічнай аперацыі. Таксама важна прымаць сасудапашыральныя прэпараты, бо пры глаўкоме адбываецца хранічнае парушэнне кровазабеспячэння зрокавага нерва і трэба падтрымліваць яго сілкаванне. Таксама можна прымаць вітамінныя прэпараты, якія паляпшаюць сілкаванне сятчаткі. Гэтыя меры дапамогуць спыніць гібель клетак сятчаткі і зрокавага нерва.

— На працягу якога перыяду можна абыходзіцца толькі кроплямі?

— Калі з іх дапамогай удаецца кампенсаваць ціск, тады няма патрэбы ў лазерным лячэнні. І пяць, і дзесяць гадоў чалавек можа быць на кроплях.

— Пасля лазернага лячэння кроплі адмяняюць?

— Здараецца, што ў іх няма патрэбы, а бывае, што яны дапаўняюць лячэнне, але прызначаюцца ў меншым рэжыме.

— За які перыяд адбываецца поўная страта зроку?

— Ва ўсіх па-рознаму. Калі адказна ставіцца да лячэння, назірацца ва ўрача, то можна захаваць зрок надоўга.

— Але глаўкома нават пасля лазернага ці хірургічнага ўмяшання ўсё ж прагрэсуе?

— Так, гэта хранічнае захворванне. І пры належным лячэнні яно хоць і вельмі марудна, але працягвае развівацца.

— Што такое другасная глаўкома?

— Яна развіваецца на фоне іншых захворванняў. Часцей за ўсё — на фоне траўмаў, увеітаў (запаленняў сасудзістай абалонкі вока), можа развіцца ў постаперацыйны перыяд. Гэта вынік ранейшага захворвання, якое прывяло да парушэння цыркуляцыі ўнутрывочнай вадкасці і павышэння вочнага ціску. Часам другасная глаўкома ўзнікае на фоне парушэння кровазабеспячэння ў зрокавым нерве па артэрыяльным і венозным тыпах — пры трамбозах цэнтральных вен ці артэрый сятчаткі. Такія глаўкомы працякаюць цяжэй і горш за астатнія лечацца.

— У чым розніца адкрытавугольнай і закрытавугольнай глаўкомы?

— Нават у першых прыкметах і выяўляльнасці. З адкрытавугольнай глаўкомай пацыент можа жыць некалькі гадоў і не здагадвацца пра яе. Яна «не баліць», і падазраваць хваробу ён пачынае, калі выпадкова заплюшчвае адно вока і адчувае, што дрэнна бачыць другім. Пры закрытавугольнай глаўкоме ўзнікае прыступ — рэзка павышаецца ўнутрывочны ціск, баліць вока і палова галавы, з'ўляюцца млоснасць, ірвота. Часам клінічную карціну вострага прыступу глаўкомы блытаюць з гіпертанічным крызам. Нават здараецца, што пацыентаў адвозяць у кардыялагічныя аддзяленні. Такі прыступ патрабуе неадкладнай дапамогі, бо чым даўжэй яна не аказваецца, тым больш зніжаюцца зрокавыя функцыі і складаней прывесці вока да норматонусу.

— Глаўкома паражае спачатку адно вока. А ці можна не дапусціць яе ўзнікнення ў другім?

— Пры другаснай глаўкоме можа паражацца толькі адно вока, пры першаснай — заўсёды абодва, гэта двухбаковае захворванне. З прамежкам у 1-2-5 гадоў захварэе і другое вока.

— Калі ўнутрывочны ціск павышаны, як часта яго трэба вымяраць?

— У такім выпадку ён вымяраецца штомесячна. Прэпараты для лячэння глаўкомы ўваходзяць у пералік бясплатнага водпуску, рэцэпт пацыенту выпісваецца на адзін месяц. Таму штораз ён мусіць прыходзіць да ўрача і абследавацца. А пры прызначэнні або змене прэпаратаў, якія паніжаюць ціск, мы кантралюем яго яшчэ часцей — раз на тры-пяць дзён.

— Ці можна з глаўкомай займацца фізічнай працай, мець фізічныя нагрузкі, глядзець тэлевізар, чытаць?

— Цяжкія фізічныя нагрузкі не рэкамендуюцца, асабліва пры закрытавугольнай глаўкоме. Нельга працаваць і спаць тварам уніз, бо пры гэтым зрушваюцца структуры вока, яшчэ горш цыркулюе вочная вадкасць і такім чынам павышаецца ўнутрывочны ціск. Не рэкамендуецца такім пацыентам бываць на яркім сонцы, парыцца ў лазні, лепш не ўжываць шмат вадкасці і салёнай ежы.

— Калі на глаўкому хварэе чалавек працаздольнага ўзросту, ён можа працаваць без абмежаванняў?

— Ёсць крытэрыі для ўстанаўлення групы інваліднасці пры глаўкоме. Як правіла, гэта адбываецца з чацвёртай, самай запушчанай стадыяй. На астатніх стадыях гэтага захворвання можна працаваць.

— І за камп'ютарам?

— Так, толькі трэба прымяняць увільгатняльныя кроплі для дадатковага сілкавання вачэй, якія прадухіляюць перасыханне слізістай.

— Хто рызыкуе захварэць на глаўкому?

— У развіцці гэтай хваробы істотную ролю адыгрывае спадчынны фактар. Калі яна ёсць у сямейным анамнезе, неабходна кантраляваць унутрывочны ціск. Таксама ў групе рызыкі людзі з высокай ступенню блізарукасці ці дальназоркасці, тыя, хто перанёс траўмы і запаленчыя працэсы, людзі з паніжаным ці высокім артэрыяльным ціскам, тыя, хто пакутуе на цукровы дыябет, эндакрынныя, нервовыя і сасудзістыя хваробы. Кантраляваць унутрывочны ціск рэкамендуецца ўсім пасля 40 гадоў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ласкавы «забойца» зроку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.