Вы тут

«Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго» — 2019


Традыцыі сустрэч замежных і беларускіх пісьменнікаў на пляцоўцы дыскусій пра лёс мастацкага слова ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства ў нашай краіне ўжо болей чым дзесяць гадоў. Калі быць больш дакладнымі, то пачатак — у 2007 годзе. Менавіта тады ў Мінску сабраліся паэты, празаікі, літаратуразнаўцы з некалькіх краін, каб засведчыць сваю ўвагу да Беларусі літаратурнай, расказаць пра ўласны досвед у стасунках мастацкай літаратуры з грамадствам, з сацыяльным і палітычным развіццём у сваіх дзяржавах і свеце. З таго часу запомніліся сустрэчы з пісьменнікамі Расіі, Польшчы, Украіны, Балгарыі, Латвіі, Літвы, Арменіі, Грузіі, Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Узбекістана, Малдовы, Кітая, Сербіі, Чарнагорыі… Паэты, празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы, перакладчыкі… У розныя гады Мінск і гарады, дзе праходзіла свята прыгожага пісьменства, наведалі Слабадан Ракіціч, Невена Вітошавіч (Сербія), Сладабадан Вуканавіч (Чарнагорыя), Галіна Тарасюк, Глеб Кудрашоў, Уладзімір Даніленка (Украіна), Уладзімір Беразеў, Рэнат Харыс, Роберт Мінулін, Валеры Тургай, Вячаслаў Ар-Сяргі, Юрый Шчарбакоў, Вячаслаў Купрыянаў, Георгій Прахін, Юрый Казлоў, Аляксандр Казінцаў, Аляксандр Чарняк, Алесь Кажадуб (Расія), Святлана Ананьева, Любоў Шашкова, Кайрат Бакбергенаў, Валерый Міхайлаў (Казахстан), Мая Длгчава (Балгарыя), Ато Хамдам (Таджыкістан), Чынгіз Алі аглу, Салатын Мірзоева (Азербайджан), Лю Сулін, Сунь Фаньці (Кітай)…

І сёлета, 31 жніўня, у Жыровіцах, на Слонімшчыне, збяруцца пісьменнікі з розных краін свету: у госці запрошаны літаратары з Азербайджана, Вялікабрытаніі, Грузіі, Індыі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны. З некаторымі атрымалася пагутарыць яшчэ ў пярэдадзень круглага стала. Слова — гасцям Беларусі.

Глеб Кудрашоў (Украіна, Палтава), публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык:

— Што мне імпануе ў праекце, да якога далучыўся ўжо некалькі гадоў назад? Заўсёды з радасцю прымаю запрашэнне да ўдзелу ў круглым стале. Ёсць магчымасць зверыць складнікі гуманітарных каардынат, якія дапамагаюць вытрымаць усё напружанне глабалізацыі, якія дапамагаюць вылучыць пытанні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і разам з тым захаваць далучанасць да ўсяго свету. Удзел у круглым стале, які ладзяць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», дапамог мне глядзець на свет шырэй. Вельмі істотна, што сустрэчы ў Беларусі нараджаюць новыя ідэі, дапамагаюць мне асабіста развівацца як культуролагу, даследчыку, дапамагаюць бачыць перспектывы беларуска-ўкраінскіх гуманітарных, культурных, літаратурных сувязяў.

Рысалат Хайдарава (Узбекістан, Ташкент), празаік, перакладчык:

— Хаця толькі другі раз я наведваюся ў госці да беларускіх калег (першы раз была ў Мінску на лютаўскім Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час»), у мяне ўжо склаліся пэўныя ўяўленні і пра дзяржаўныя стасункі з літаратарамі ў вашай краіне, пра абсягі падтрымкі выдавецкай дзейнасці, падтрымкі літаратурна-мастацкай перыёдыкі, пра тое, наколькі ў беларускім грамадстве запатрабаваны мастацкае слова, мастацкая кніга. Мінская, беларуская пляцоўка асабіста для мяне, для ўзбекскай літаратурнай супольнасці — гэта і магчымасць успомніць традыцыі дружбы, супрацоўніцтва пісьменнікаў у XX стагоддзі. У Ташкенце, Узбекістане шануюць імя народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Пра яго неаднойчы гаварылі ў час візітаў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкент і візіта кіраўніка Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Мінск. А яшчэ ж можна згадаць Сцяпана Ліхадзіеўскага, Эдзі Агняцвет, Зульфію… Менавіта гэтыя постаці, светач гэтых постацяў — аснова нашай культурнай, літаратурнай дружбы, якую нам хацелася б захаваць і ўмацаваць.

Салімі Хатлані (Таджыкістан, Душанбэ), празаік, перакладчык:

— Упершыню далучаюся да ўдзелу ў круглым стале. І вельмі ўражаны, што такая традыцыя сустрэч, перамоў пісьменнікаў мае ўжо сваю гісторыю. Ведаю, што ў Беларусі за апошнія гады неаднойчы пабывалі таджыкскія літаратары.

Гэта знакавыя паездкі, яны дапамагаюць развіваць літаратурныя сувязі, спрыяюць перакладу нацыянальных літаратур на іншыя мовы. Напрыклад, у Таджыкістане мы выдалі некалькі кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў. Выдалі і зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на таджыкскую мову. Лічу гэты творчы праект знакавай падзеяй. Асабіста я працую цяпер над перакладам на таджыкскую мову анталогіі беларускай сучаснай дзіцячай літаратуры. Спадзяюся, што прывязу са Слоніма новыя ідэі, новыя задумкі.

Эдвард Палкевіч (Польшча, Варшава), журналіст, пісьменнік, падарожнік:

— Беларусь — вельмі блізкі нам сусед. Нас яднаюць агульныя гістарычныя імёны. Вандруючы па свеце, бачу, як уважліва жыхары той ці іншай краіны ўзіраюцца ў вочы незнаёмых вандроўнікаў. Мне здаецца, што сённяшні час глабалізацыі якраз і ёсць найлепшы час для знаёмства з усім светам, для наладжвання мірных, добрасуседскіх адносін. І роля мастацкага, публіцыстычнага слова тут надзвычай высокая. Не ўлічваць гэтага нельга!

Валерый Казакоў (Расія, Масква), празаік, публіцыст, паэт:

— Удзельнічаю ў круглых сталах з даўняга часу. Пазнаёміўся за гэтыя гады з дзясяткамі літаратараў краін свету. Вельмі заўважная, прыкметная акалічнасць: на круглыя сталы ў Беларусь актыўна едуць пісьменнікі з розных рэгіёнаў Расіі, пісьменнікі, якія прадстаўляюць нацыянальныя літаратуры Расійскай Федэрацыі. Народныя паэты Татарстана Рэнат Харыс, Роберт Мінулін, народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі, іншыя паэты і празаікі — цікавыя і аўтарытэтныя мастакі слова. Такія сустрэчы дазваляюць сілкаваць беларуска-расійскае супольніцтва гуманітарнага характару. Ведаю пра многія публікацыі беларускіх аўтараў у рэгіянальных і разам з тым аўтарытэтных літаратурна-мастацкіх выданнях Расіі. Сам спрыяў з’яўленню твораў шмат каго з беларусаў у часопісе «Сибирские огни».

Яронімас Лауцюс (Літва, Вільнюс), празаік, публіцыст:

— Я шчаслівы ад многіх сустрэч з Беларуссю. І бываю тут не толькі ў час святаў, не толькі на Міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час», не толькі на круглым стале «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго». За апошнія дзесяць гадоў у мяне склаліся выдатныя адносіны з беларускімі кнігавыдаўцамі. Тут, у Мінску пабачылі свет многія мае кнігі, адрасаваныя юнаму чытачу, у перакладзе на рускую і беларускую мову. Дзякуй, нізкі паклон за гэта і Выдавецкаму дому «Звязда», і выдавецтву «Мастацкая літаратура», і выдавецтвам «Пачатковая школа», «Адукацыя і выхаванне». І я асабіста, па меры сваіх сіл і магчымасцяў, спрыяю прапагандзе беларускага мастацкага слова ў Літве. У мяне ёсць добры памагаты — пісьменнік, перакладчык Вітаўтас Жэймантас, якога, дарэчы, ведаюць у Мінску і як члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Круглыя сталы, што збіраюцца ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, — унікальная пляцоўка для творчых знаёмстваў. Так, я пасябраваў з многімі калегамі з іншых краін свету. Самае ж важнае, што дае мне ўдзел у круглых сталах, — гэта вандроўкі па Беларусі. Услед за адкрыццём тых ці іншых мясцін я яшчэ працягваю віртуальныя падарожжы па Беларусі. І спадзяюся, што з часам напішу для літоўскіх дзетак вялікую кнігу пра краіну маіх добрых і шчырых сяброў — пра бязмежна прыгожую Беларусь, пра тую любоў, з якой я стаўлюся да Мінска і Гродна, Брэста і Гомеля, Віцебска і Магілёва, да вялікіх і малых паселішчаў шматаблічнай, прыгожай, па-свойму ўнікальнай беларускай старонкі.

Святлана Ананьева (Казахстан, Алматы), літаратуразнаўца:

— І сёлета мы прыязджаем у Беларусь на традыцыйны круглы стол прадстаўнічай дэлегацыяй. У складзе якой акрамя мяне, — намеснік дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Міністэрства навукі і адукацыі Казахстана Альміра Каліева, прафесар Еўразійскага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва, доктар філалагічных навук Серык Тахан, пісьменнік, журналіст Васіль Шупейкін. Упэўнена, што кожны з іх вернецца з Беларусі з новымі ідэямі, якія будуць спрыяць беларуска-казахскім літаратурным сувязям. Дарэчы, цяпер у нас складаецца цікавы літаратурна-мастацкі альманах «Беларусь — Казахстан». Над ім шмат рупяцца Любоў Шашкова і Бахытжан Канап’янаў — закаханыя ў Беларусь літаратары. Любоў Канстанцінаўна, між іншым, — яшчэ і ўраджэнка Беларусі, магілёўска-гомельскага памежжа, якая аднак як паэтэса, журналістка, грамадскі дзеяч сфарміравалася ў Казахстане. Мы ўдзячны рэдакцыям беларускіх літаратурных часопісаў за шырокую прапаганду казахскай літаратуры. Спадзяёмся, што і беларускаму чытачу былі цікавыя публікацыі паэзіі легендарнага Абая (у перастварэнні Міколы Мятліцкага), Галыма Жайлыбая, Алжаса Сулейменава… У Мінску на беларускай мове выйшлі тры кнігі пісьменніка, літаратуразнаўца з драматычным лёсам Немата Келімбетава: «Не хачу губляць надзею», «Зайздрасць», «Лісты да сына». Мая асаблівая ўдязчнасць — часопісу «Нёман», Аляксею Іванавічу Чароту за спрыянне ў прадстаўленні на беларускай пляцоўцы многіх прац казахскіх літаратуразнаўцаў. Мяркую, што менавіта гэты кірунак выведзе нас з часам на стварэнне Беларуска-Казахскай асацыяцыі параўнальнага літаратуразнаўства.

…Застаецца пажадаць усім гасцям добрых уражанняў ад чарговай сустрэчы з Беларуссю, выказаць спадзяванне, што іх ідэі будуць рэалізаваны, што спраўдзяцца надзеі на пашырэнне стасункаў Беларусі з усім светам.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.