Вы тут

Літаратары з 14 краін сустрэліся ў Слоніме


Міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» з удзелам літаратараў з 14 краін прайшоў у Жыровічах. Пісьменніцкі форум, які адбываецца ўжо 13-ты год запар, з’яўляецца часткай праграмы Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.


«Месца нашай сённяшняй сустрэчы абрана невыпадкова, — падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, — бо налета на гэтай светлай зямлі будзе адзначацца вялікі юбілей — 500-годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і 550-годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Божай маці».

Удзельнікі круглага стала гаварылі пра важнасць навядзення літаратурных «мастоў» паміж рознымі краінамі, пра неабходнасць падтрымліваць нацыянальныя літаратуры, што захоўваюць культурную разнастайнасць і супрацьстаяць татальнай глабалізацыі, а таксама абмяркоўвалі канкрэтныя сумесныя праекты — дзеючыя і будучыя.

«Я прысутнічаю тут не толькі як пасол, але і як пісьменнік, і я абсалютна ўпэўнена, што літаратура — адна з наймацнейшых сіл, якая аб’ядноўвае людзей, — адзначыла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сагніта Багадур. — Узяць мой любімы жанр фэнтэзі: мы ўсе яго ведаем, бо раслі на казках, народных паданнях».

Украінскі краязнаўца і публіцыст, выкладчык кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педуніверсітэта Глеб Кудрашоў прывёз на форум рарытэт: «Энеіда» Івана Катлярэўскага ў перакладзе народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова. Гэта выданне 1969 года з аўтографам паэта-перакладчыка было знойдзена амаль выпадкова ва ўніверсітэцкіх архівах і стала адным з яскравых сведчанняў жывых літаратурных сувязяў. А яшчэ спадар Кудрашоў зрабіў падарунак гасцям і ўдзельнікам свята: 1 верасня, набываючы кнігу ў слонімскай кнігарні «Санет», можна паставіць у ёй адмысловую памятную пячатку з лагатыпам Дня пісьменства.

Праўнук Яўхіма Карскага, пісьменнік і архівіст Аляксандр Карскі, прадставіў двухтомнік, які падрабязна апісвае біяграфію знакамітага даследчыка і ягоны ўнёсак у папулярызацыю беларускай культуры і літаратуры ў свеце. Так, кнігі Карскага друкаваліся ў Германіі, Балгарыі, Польшчы, ён наладжваў сувязі з экзатычнымі на той час Японіяй і Кітаем...

Сёння ж адной з самых паспяховых стратэгій сталі ўзаемныя пераклады літаратараў з розных краін. Так, зусім нядаўна ў Ташкенце ўбачыў свет зборнік перакладаў сучасных беларускіх паэтаў на ўзбекскую мову, два дзясяткі беларускіх аўтараў публікаваліся на старонках часопіса «Сібірскія агні»; беларускія вершы і проза ўвайшлі ў трохтомнік «Анталогія рускай паэзіі Літвы»; неўзабаве рыхтуецца да выхаду першы казахска-беларускі альманах; член Саюза пісьменнікаў Грузіі Аляксандр Элердашвілі пераклаў на грузінскую мову санеты Янкі Купалы і прапанаваў шэраг іншых праектаў...

Удзельнікі міжнароднага круглага стала выказалі ўпэўненасць, што гэты пералік будзе значна падоўжаны. А абмеркаванне літаратурных сувязяў, пошук агульных тэм і кірункаў працягнецца ўжо ўвосень — 3-4 кастрычніка ў Магілёве пройдзе пленум пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.