Вы тут

Без статусу пасёлка. Ці змогуць займець яго садоўніцкія таварыствы?


Сёння многія садоўніцкія таварыствы ўсё больш нагадваюць невялікія вёскі з самавітымі жылымі дамамі. Прысядзібныя ўчасткі добраўпарадкаваны, тут ёсць свая разгорнутая інфраструктура з магазінамі і дзіцячымі пляцоўкамі. Жыхарам гэтых населеных пунктаў даводзіцца вырашаць розныя пытанні, звязаныя з маёмаснымі адносінамі, рэгістрацыяй або перарэгістрацыяй участкаў і нерухомасці, а таксама многія іншыя. На анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА гэтую тэму разгледзелі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі і юстыцыі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Мінскага аблвыканкама і «Белэнерга».


Ні вёска, ні аграгарадок

Намеснік начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Марына Астапенка нагадала, што пытанне надання садоўніцкім таварыствам статусу жылых пасёлкаў разглядалася яшчэ ў 2013—2014 гадах. Але яно засталося нявырашаным, бо большасць таварыстваў у нас не адпавядаюць патрабаванням, што прад'яўляюцца да населеных пунктаў (у іх меншая шырыня дарог, некарэктнае размяшчэнне пабудоў). Хтосьці выкарыстоўвае зямельны ўчастак толькі для вырошчвання сельгаспрадукцыі, а хтосьці ўзводзіць простыя садовыя домікі. Не ва ўсіх садоўніцкіх таварыствах можна размясціць пэўныя аб'екты інфраструктуры.

Пры гэтым дзеючае заканадаўства не перашкаджае пераводу садоўніцкага таварыства ў жылую забудову, звярнуў увагу кансультант аддзела прававога забеспячэння зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі юрыдычнага ўпраўлення Дзяржкаммаёмасці Аляксандр Паўлаў. Прыклады ёсць на тэрыторыі Мінскай вобласці. Так, у Мінскім раёне дачны кааператыў быў далучаны да Ждановічаў. «Але прынцыповае пытанне ў тым, што дзеючым садоўніцкім таварыствам вельмі цяжка выканаць патрабаванні, што прад'яўляюцца да населеных пунктаў паводле архітэктурных, будаўнічых, супрацьпажарных нормаў і правілаў», — дапоўніў ён.

Акрамя таго, для пераводу дачнага кааператыва патрабуецца рашэнне агульнага сходу садоўніцкага таварыства аб ліквідацыі. Як паказвае практыка, нават у таварыствах з развітой інфраструктурай склікаць такі сход, на якім «за» да таго ж павінны прагаласаваць дзве траціны членаў, не заўсёды рэальна.

Трэба нешта ўдакладніць ці нават спрасціць

Міністэрства эканомікі ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі вядзе работу па ўдасканаленні заканадаўства аб садоўніцкіх таварыствах. Як паведаміла кансультант юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі Ірына Скачкова, падрыхтаваны змяненні ва Указ № 50 «Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садоўніцкіх таварыстваў».

Праект указа ў красавіку гэтага года прайшоў грамадскае абмеркаванне на прававым форуме. Па словах прадстаўніка Мінэканомікі, прапануецца спрасціць парадак змены межаў зямельных участкаў, калі праект арганізацыі і забудовы тэрыторыі садоўніцкага таварыства быў зацверджаны да ўступлення ў сілу Указа № 50 — да 7 жніўня 2008 года. У такіх выпадках вызначэнне межаў пры адсутнасці зямельнай спрэчкі можа быць выканана па фактычным карыстанні, без унясення змяненняў.

Ірына Скачкова таксама закранула пытанне аб фарміраванні членскіх узносаў у садоўніцкіх таварыствах. Дзеючая ў цяперашні час норма выклікае шмат пытанняў, зваротаў і скаргаў з боку членаў таварыстваў. На думку Мінэканомікі, норму трэба змяніць і даць права садоўніцкім таварыствам самастойна вырашаць такія пытанні на ўзроўні агульнага сходу або сходу ўпаўнаважаных.

Маюцца і іншыя меркаванні, якія кажуць пра тое, што членскія ўзносы не павінны залежаць ад плошчы і колькасці зямельных участкаў, паколькі ў асноўным накіроўваюцца на аплату працы работнікаў. Акрамя таго, у праекце прапануецца ўрэгуляваць пытанні аб членстве асоб, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі долевай уласнасці на зямельны ўчастак і садовы домік.

Дыферэнцыяцыя тарыфаў і крадзеж электрычнасці

Начальнік упраўлення збыту энергіі «Белэнерга» Віктар Жыткевіч адзначыў, што садоўніцкія таварыствы разлічваюцца з энергазабеспячальнай арганізацыяй як юрыдычная асоба па групавым прыборы ўліку электрычнай энергіі, які павінен усталёўвацца на мяжы электрычных сетак. Выпадкі крадзяжу электраэнергіі сапраўды адбываюцца, у тым ліку ў садоўніцкіх таварыствах. Але асобнага ўліку, колькі было выкрадзена электрычнай энергіі, таварыствамі не вядзецца. Іншае пытанне, што да спецыялістаў аб'яднання паступае велізарная колькасць зваротаў старшыняў садоўніцкіх таварыстваў аказаць ім садзейнічанне ў выяўленні крадзяжоў электраэнергіі ўнутры саміх дач.

«На жаль, мы не надзелены паўнамоцтвамі аказваць садзейнічанне праўленням садоўніцкіх таварыстваў у выяўленні безуліковага спажывання электраэнергіі. Гэтую праблему можна вырашыць толькі з дапамогай адпаведных спецыялістаў, заключыўшы з імі дагаворы на аказанне такой паслугі. А самае дзейснае мерапрыемства, якое дазваляе амаль на 100 % выключыць крадзеж электраэнергіі ўнутры садоўніцкіх таварыстваў, — гэта вынас прыбораў уліку за мяжу землеўладання участка», — параіў Віктар Жыткевіч.

Дарэчы, у пачатку года запазычанасць садовых таварыстваў за электраэнергію складала каля васьмі мільёнаў рублёў. У першую чаргу гэта звязана з сезоннасцю пражывання ў такіх таварыствах. Электраэнергія спажываецца цэлы год, штомесяц, кожныя суткі, а сабраць грошы з грамадзян зімой не заўсёды ўяўляецца магчымым. Па стане на 1 жніўня запазычанасць значна знізілася і складае каля трох з паловай мільёнаў рублёў.

У нашай краіне сёлета з 1 ліпеня ўведзена дадатковая дыферэнцыяцыя тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва па часавых перыядах, пашыраны катэгорыі грамадзян, якія могуць перайсці на выкарыстанне электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння па адзіным тарыфе 0,0761 рубля за 1 кВт / г. Чаму гэтыя тарыфы, а таксама дыферэнцыраваныя тарыфы нельга ўжываць у дачных дамах?

Эксперт «Белэнерга» растлумачыў, што гэты тарыф быў устаноўлены для аплаты насельніцтвам спажытай электрычнай энергіі ў жыллёвым фондзе. Сёння ў адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам дачныя садовыя домікі не адносяцца да жылфонду. З энергазабеспячальнымі арганізацыямі садоўніцкія таварыствы разлічваюцца як юрыдычныя асобы па тарыфе, устаноўленым для насельніцтва. Гаворка ідзе аб пастанове ад 27 лютага 2017 года № 16. Гэты тарыф складае 17,46 капейкі за 1 кВт / г.

Правярайце сябе самі

Начальнік юрыдычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Тамара Праскова адзначыла, што на адрас Мінаблвыканкама паступае вельмі шмат зваротаў з просьбай праверыць фінансава-гаспадарчую дзейнасць дачных структур. «У гэтай сувязі хацела б звярнуць увагу, што варта даць паўнамоцтвы свайму ўнутранаму рэвізійнаму органу, паколькі ён першасны. Таму што, як правіла, падстаў, каб выйсці на праверку іншаму дзяржаўнаму органу, недастаткова з той інфармацыі, якая дадзена грамадзянамі. Яна не пацвярджаецца дакументамі», — адзначыла Тамара Праскова.

«Калі казаць пра кантроль з боку органаў мясцовай улады, то мы не практыкуем праверкі садоўніцкіх таварыстваў. Калі маюць месца прыкметы правапарушэнняў, якія носяць крымінальна каральны характар, трэба па заяўным прынцыпе звярнуцца ў праваахоўныя органы па месцы знаходжання таварыства», — растлумачыла Тамара Праскова.

Падрыхтаваў Сяргей КУРКАЧ

Фота Вікторыі МІРОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?