Вы тут

Купалаўцы расказалі, як будуць святкаваць стагоддзе тэатра


Ужо соты сезон рыхтуецца адкрыць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — 3 верасня яго распачне традыцыйная «Паўлінка», але сам год традыцыйным у найгоршым сэнсе гэтага слова, відаць, не будзе. Праграма, падрыхтаваная камандай тэатра, уключае ў сябе новых аўтараў, новыя фарматы, і культавы ў 1990-я спектакль «Тутэйшыя» таксама будзе новым.


Дырэктар Купалаўскага Павел Латушка кажа, што галоўнай для тэатра будзе асоба — якая стварае тэатр і якая яго наведвае, каб пазнаць таямніцу мастацтва, і ў чарговы раз падкрэслівае сваю прынцыповую пазіцыю: «Стратэгічная мэта Купалаўскага тэатра — умацаванне беларускасці — была акрэслена яшчэ сто гадоў таму, усе пакаленні працавалі дзеля яе рэалізацыі, і не нашая справа яе змяняць».

Кіруючыся гэтай мэтай, у свой юбілейны год тэатр паставіць новыя спектаклі, у тым ліку з прыцягненнем запрошанага рэжысёра, асвоіць новыя пляцоўкі, наладзіць гастрольную дзейнасць па Беларусі і за яе межамі. Урачыстасць, прысвечаная адкрыццю сотага сезона, адбудзецца 21 верасня ў Аляксандраўскім скверы.

Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін расказаў, што ўжо ў снежні з задзейнічаннем амаль усёй мужчынскай часткі трупы будзе паказаны «Кароль Лір» у перакладзе, што падкрэслена асобна, «найлепшага ў свае часы перакладчыка Шэкспіра» Юркі Гаўрука. Расійскі рэжысёр, з якім з Масквы прыедзе велізарная пастановачная група, у студзені прадставіць на сцэне Купалаўскага пластычны спектакль «Мой Шагал». «Напрыканцы сезона ў чэрвені я вымушаны паставіць спектакль «Тутэйшыя», — жартаўліва кажа Мікалай Пінігін. — Мяне прымусілі, я не хацеў, бо пастаноўка была легендарная. Разумееце, 1990-я, Купалаўскі тэатр, Купала, забароненая п'еса, якую ў 1926 годзе знялі з рэпертуара, — незалежная краіна Рэспубліка Беларусь. Шмат хто прасіў мяне гэта зрабіць, таму будзем спрабаваць, усё ж Купалу ў юбілейным сезоне мы павінны паставіць».

Будзе развівацца і Камерная сцэна тэатра — акцёр і цяпер ужо рэжысёр Раман Падаляка намеціў пастаноўку «1» у жанры вербацім: «Назва значыць першы раз у жыцці — першае каханне, першы пацалунак, першае расчараванне, першая страта, першая смерць. Мне хочацца вывучыць гэты першы раз, вярнуцца да тых пачуццяў. У пастаноўцы акцёры выступяць з уласнымі гісторыямі, і,  спадзяюся, гэта будзе дапаўняцца гісторыямі гледачоў, што ў выніку складзецца ў нейкую кампазіцыю».

Таксама на Камернай сцэне будзе створана работа «Колер Беларусі» па творах Міхала Анемпадыстава, што аб'яднае яго вершы, песні, карціны, успаміны пра яго і г. д. Тут жа будзе адкрыты праект «Літаратура і тэатр» — купалаўцы будуць ствараць эскізы па папулярных кнігах беларускіх аўтараў і з удзелам пісьменніка прадстаўляць іх гледачу.

Павел Латушка кажа, што ўжо ў наступным годзе будзе адкрыта Малая сцэна Купалаўскага, што знаходзіцца на вуліцы Энгельса, а найбольш запатрабаваныя спектаклі на працягу сотага сезона будуць паказвацца на сцэне Дома афіцэраў. Схадзіць на пастаноўкі тэатра змогуць і жыхары іншых гарадоў як у Беларусі, так і за яе межамі: ужо распрацавана папярэдняя гастрольная карта. Купалаўскі адправіцца ў Гомель, Брэст, Гродна, Слонім, Салігорск, Бабруйск, Маладзечна, Баранавічы ды іншыя гарады, запланаваны паездкі ў Беласток з «Пінскай шляхтай» і ў Парыж з «Ураджаем». «Для нас важна стварыць магчымасць для нашых суграмадзян, незалежна ад таго, дзе яны жывуць, пазнаёміцца з найлепшымі ўзорамі нацыянальнага тэатральнага мастацтва, — кажа Павел Латушка. — Мы працуем і з іншымі тэатрамі ў Варшаве, Кіеве, Мадрыдзе, Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу і, спадзяёмся, што атрымаецца арганізаваць гастролі і ў гэтых гарадах».

У сотым сезоне тэатр паставіць «самую масавую за ўсю сваю гісторыю «Паўлінку» — як плануецца, на радзіме Купалы ў вёсцы Вязынка. У будынку тэатра будуць праводзіцца «Музычныя вечары ў Купалаўскім», экскурсіі для тых, хто цікавіцца рабочым працэсам, за сцэну, у бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі. Купалаўцы абяцаюць пачаць выдаваць часопіс, а таксама кнігу з унікальнымі архіўнымі матэрыяламі пра гісторыю тэатра. У наступным годзе, у чэрвені, каля ратушы пройдзе Дзень Купалаўскага тэатра.

«Вядучымі на працягу сотага юбілейнага сезона для нас будуць тры словы — гісторыя, сучаснасць і будучыня, — каментуе Павел Латушка. — Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што прадставіць на высокім мастацкім узроўні, і такім чынам тэатр пракладвае шлях у будучыню тэатральнага мастацтва Беларусі».

Генеральным партнёрам сотага сезона тэатра стане кампанія А1, якая сярод іншага арганізуе на сваім відэасэрвісе VOKA прамую відэатрансляцыю адзінаццаці найбольш значных спектакляў Купалаўскага.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Новыя жанры, новыя пляцоўкі, новыя «Тутэйшыя»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.