Вы тут

Чаму кіроўцы не праходзяць тэхагляд?


Супрацоўнікі групы тэхнічнага нагляду ДАІ Фрунзенскага РУУС Мінска могуць пахваліцца багатым «ураджаем» тых кіроўцаў, якія не праходзяць своечасова тэхагляд. Разам з імі карэспандэнты «Звязды» падзяжурылі ўвечары аднаго будняга дня на вуліцы Каменнагорскай. Менш чым за паўгадзіны інспектары выявілі трох парушальнікаў.


Ужо літаральна праз пару хвілін інспектар спыняе чорную «Аўдзі». Талон тэхагляду выдадзены ў 2018 годзе. Але... у сакавіку.

— Грошай асабліва пакуль няма, — скардзіцца кіроўца Максім. — Тэхагляд каштуе 260 рублёў. Я асабліва і не езджу на аўто. Сёння сеў за руль першы раз за даволі працяглы тэрмін. Але цяпер, пэўна, трэба будзе заехаць на станцыю дыягностыкі. Калі далі штраф зараз, то могуць спыніць і пасля, і што ж, зноў плаціць грошы?

— За адсутнасць тэхагляду першы раз частка 5 артыкула 18.12 КаАП прадугледжвае папярэджанне або штраф ад адной да трох базавых велічынь, — каментуе сітуацыю старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Фрунзенскага раёна Мінска Яна Раманенка.
Пры паўторнасці на працягу года штраф складзе ўжо ад дзвюх да пяці базавых. Хоць бывала і так, што акрамя адсутнасці тэхагляду выяўляўся яшчэ цэлы букет іншых парушэнняў.

Другім без запаветнага талона на лабавым шкле быў спынены грузавы «Опель». Дакумента, які пацвярджаў бы праходжанне тэхагляду, у кіроўцы таксама не знайшлося. Колькі часу ў такім стане ездзіць гэты фургон — пытанне добрае. Кіроўца тлумачыць сітуацыю: машына не яго, а сябра. А сертыфікат, маўляў, забыў дома.

— Зараз праверым сітуацыю, — усміхаецца інспектар.

Ён дастае планшэт, некалькі секундаў чаруе над экранам і пасля абвяшчае:

— Ды ў вас жа тэхагляд пратэрмінаваны ледзь не на год. Што ж, будзем складаць адміністратыўны матэрыял.

Пасля таго як кіроўца ад'ехаў, Яна Раманенка патлумачыла сітуацыю.

— На кожны хітрык з боку кіроўцы ў нас свой адказ. Раней, калі чалавек казаў, што забыў сертыфікат дома, мы складалі адпаведны рапарт, прызначалі дадатковую праверку, накіроўвалі запыт у РУП «Белтэхагляд» з просьбай даць адказ на пытанне, праходзіла машына тэхагляд або не. Затым працэс спрасціўся. Мы змаглі атрымліваць патрэбную інфармацыю ад спецыялістаў «Белтэхагляду» па тэлефоне на працягу дня. Ну а цяпер і зусім усё проста. Заходзім на сайт непасрэдна з патрульнага аўтамабіля, і праз некалькі секундаў уся інфармацыя з'яўляецца перад інспектарам.

Трэцім да нас трапіў зялёны грузавы «Рэно». Аўтамабіль французскага вытворцы належыць адной са сталічных арганізацый. Вёз ён металаканструкцыі вагой некалькі тон. На лабавым шкле дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху наклеены, але... датаваны ён мінулым годам. А дакладней кажучы, сакавіком. Гэта значыць, ужо з 1 красавіка аўтамабіль ездзіў з пратэрмінаваным дакументам. І больш за тое, службовыя асобы выпускалі такую машыну ў рэйс, ставячы свае подпісы пад допускам да руху. Тут ёсць глеба для разважанняў. Калі гэта рабілася несвядома, то ўзнікае пытанне да таго, хто даваў «дабро» на выезд аўтамабіля, чаму ён не звярнуў увагу на тое, што ў аўтамабіля фактычна няма дазволу для ўдзелу ў дарожным руху. Калі ж свядома, то пытанняў узнікае яшчэ больш.

— Я — чалавек просты, — кажа кіроўца Дзмітрый. — Мне сказалі, я і паехаў. Можна, канешне, і адмовіцца, але якія будуць наступствы? Тэлефануйце дырэктару, з ім і вырашайце гэтую справу.

Інспектары набралі нумар. Мяркуючы па тоне гутаркі, субяседнік на тым канцы провада быў не вельмі здзіўлены сітуацыяй, якая склалася.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуць дваіх — і службовую асобу, якая паставіла допуск да руху, і кіроўцу.

— Па словах кіроўцы, за ўсё адказвае дырэктар. Ён і дапусціў яго ў рэйс. Па тэлефоне ён гэта пацвердзіў. На наступны дзень мы будзем разбірацца з гэтым далей. Для яго надыдзе адказнасць па артыкуле 18.24 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Штраф там складае ад чатырох да шасці базавых. Акрамя гэтага, будзе выдадзена прадпісанне, каб у пэўны тэрмін гэтыя недахопы былі ліквідаваны. Тое, як гэта выканаюць, мы праверым па базе даных. Калі да нас не прыслухаюцца — зноў прыцягнем да адказнасці. Але спадзяюся, што да гэтага не дойдзе. Хоць тэарэтычна такі цыкл можна працягваць да бясконцасці. Сутыкаемся мы з гэтым не ўпершыню і чуем ад кіраўнікоў адказ як пад капірку — «у арганізацыі няма сродкаў, працуем з абароту, выжываем кожны дзень, таму вымушаны так рабіць». Але толькі за сёння было шэсць парушэнняў у службовых асоб, чый транспарт ездзіў у Фрунзенскім раёне без пройдзенага своечасова тэхагляду. І пяць з іх ужо прыцягнуты да адказнасці. Гэта ўсё толькі за чатыры гадзіны! Фізічных асоб пры гэтым было толькі тры...

— Мы яшчэ ходзім і з планавымі праверкамі ва ўсе арганізацыі нашага раёна. Калі выяўляем, што ў рэйс выйшаў аўтамабіль з пратэрмінаваным тэхаглядам, то не толькі прыцягваем да адказнасці службовых асоб, але і выдаём прадпісанні. Эксплуатацыя такой тэхнікі забараняецца, а ўладальніку даецца пэўны тэрмін, каб ліквідаваць гэты недахоп. Гэты ж аўтамабіль быў не з нашага раёна. У адваротным выпадку мы заўтра з самай раніцы пайшлі б туды з пазапланавым вывучэннем парадку выпуску транспарту на лінію. А так мы накіруем прадстаўнікам тэхнічнага нагляду ДАІ Заводскага раёна сталіцы інфармацыю, каб яны схадзілі ў тую арганізацыю.

Парадаксальна, але яшчэ не так даўно сустракаліся выпадкі падробкі штампаў у сертыфікаце аб праходжанні тэхнічнага агляду. Цяпер гэта рэдкасць. Гэта і лагічна —
правесці некалькі год за кратамі, захацеўшы сэканоміць 130 долараў у эквіваленце, — варыянт не найлепшы.

— А калі аўтамабіль доўгі час не эксплуатуецца, то які сэнс для яго ў праходжанні тэхагляду?

— Такія выпадкі нярэдкія. У такім разе мы па дакументацыі аналізуем, ці здзяйсняла гэтая машына выезды. Калі паведамленая нам спачатку інфармацыя пацвярджаецца, аўтамабіль стаіць на тэрыторыі прадпрыемства за плотам і нікуды не едзе, то тут ніякіх пытанняў няма. Праўда, яны могуць узнікнуць, калі аўтамабіль усё-такі будзе «рэанімаваны» і выберацца на дарогу...

— А наколькі добрасумленныя ў гэтым плане матацыклісты?

— З тэхаглядам у іх парадку, скажам шчыра, больш, чым у аўтамабілістаў. Магчыма, гэта з-за таго, што дыягностыка для іх каштуе танней. Парушэнні ва ўладальнікаў двухколавага транспарту іншыя. Гэта перавышэнне хуткаснага рэжыму, небяспечнае манеўраванне, тая ж язда на адным коле... Таксама яны любяць пакатацца на матацыкле з пасведчаннем кіроўцы аўтамабіля. Здаваць на асобную катэгорыю лянота, а займець новыя адчуванні хочацца.

— Ці ёсць «рэкардсмены» сярод уладальнікаў аўтамабіляў, якія не плацілі штрафы?

— Вось літаральна сёння нашаму экіпажу трапіўся чалавек, які ўжо мае тры ці чатыры спагнанні. Аднаму такому грамадзяніну сёння быў выпісаны штраф і як кіроўцу, і як службовай асобе — ён індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца грузаперавозкамі. І ён кажа: штрафы я заплачу, усё разумею, але... тэхагляд праходзіць усё роўна не буду. Агулам жа «паўторнікаў» у нас крыху менш за траціну ад агульных выпадкаў.

Увогуле, на працэдуру праходжання тэхагляду адводзіцца амаль цэлы месяц. Калі пазначана, што дата наступнай паверкі — жнівень 2019 года, то для таго, каб атрымаць запаветны сертыфікат, ёсць цэлы каляндарны месяц — з 1-га да 31-га чысла. 1 верасня карэта, у адрозненне ад распаўсюджанай пагаворкі, у гарбуз не ператворыцца, аднак у супрацоўнікаў ДАІ ўжо ўзнікнуць пытанні.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: «Мне сказалі, я і паехаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.