Вы тут

Першакурснікі Акадэміі МУС прынялі прысягу


Першакурснікі Акадэміі МУС прынеслі ўчора ў Мінску прысягу. Мерапрыемства адбылося на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Словы вернасці народу і Айчыне ў прысутнасці сваіх родных і блізкіх вымавіў 421 малады курсант.


Яны накіраваны на вучобу падраздзяленнямі Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Курсанты ўжо прайшлі праз вучэбны збор, які быў арганізаваны для іх у жніўні. Там яны атрымалі першасныя прафесійныя веды.

Вучыцца давядзецца чатыры гады. Першакурснікі залічаны на спецыяльнасці «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Судовыя крыміналістычныя экспертызы». Двое курсантаў адпраўлены ў Маскоўскі ўніверсітэт МУС Расіі. Там яны будуць асвойваць таямніцы псіхалогіі службовай дзейнасці.

— Служба ў праваахоўных органах будзе патрабаваць ад вас высокай прафесійнай падрыхтоўкі, стойкасці, вытрымкі, самааддачы, — адзначыў міністр унутраных спраў Беларусі Юрый КАРАЕЎ. — Вы — людзі нялёгкай, але мужнай прафесіі. Ва ўсе часы станаўлення і развіцця нашай дзяржавы органы ўнутраных спраў цвёрда стаялі на варце законнасці і правапарадку. Народ Беларусі з павагай і даверам адносіцца да людзей у міліцэйскай форме, удзячны за тое, што заўжды можа разлічваць на нашу абарону, дапамогу і падтрымку. Але памятайце — гэта залежыць ад кожнага з нас. Сёння вы вымавілі самыя галоўныя словы прысягі — «Клянуся абараняць законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы». Памятайце іх усё далейшае жыццё. Вучоба ў Акадэміі МУС павінна стаць тым зыходным рубяжом, які стварае асобу прафесіянала, дазваляе годна несці эстафету старэйшага пакалення. У сценах акадэміі сабраліся дасведчаныя людзі, якія і навуку вывучалі, і затрымлівалі злачынцаў, ахоўвалі грамадскі парадак. У іх ёсць шмат чаму павучыцца. Ніхто не мае права губляць ні хвіліны — гэтыя чатыры гады дадуць веды, загартоўку на вельмі доўгі час службы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Вячаслава ЦУРАНАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.