Вы тут

З якімі набыткамі падыходзіць ансамбль «Чараўніцы» да свайго 45-годдзя?


Яны спяваюць на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай... нават на японскай. Але галоўную славу гэты жаночы калектыў здабыў дзякуючы эстраднаму гучанню беларускіх матываў. У 80-х кампазіцыі «Чараўніц» — «Пах чабаровы», «Не за вочы чорныя», «На новае лета» — гучалі, даруйце за банальнасць, з усіх прасаў, вокнаў, радыёкропак. Але ў цяжкія 90-я, калі многім у пошуках заробку было не да творчасці, калектыў распаўся. І знік з далягляду на доўгія 20 гадоў. А ў новым стагоддзі вярнуўся — не столькі на хвалі настальгіі, колькі таму, што аказаўся патрэбны гледачам. Пра творчыя пошукі і гастрольныя ўспаміны, новае пакаленне «дзяўчат з дудкамі» і пра тое, як захаваць фірменнае «чараўніцтва» на працягу 45 гадоў, гутарым з цяперашнімі ўдзельніцамі вакальна-інструментальнага ансамбля — Палінай Базылевай, Анжалікай Зайцавай,  Вольгай Макушынскай, Наталляй Лукашэвіч (трамбон), Святланай Рагула і Дар'яй Бабко (абедзве — саксафаністкі).


Дасье «Звязды»

Першы беларускі жаночы ВІА стварыў мужчына, Генадзь Лятынскі. У 1971 годзе ў Гродне пры ДК тэкстыльшчыкаў музычны кіраўнік сабраў таленавітых дзяўчат, неабыякавых да народнай песні, і дадаў да абавязковага на той час набору (гітара, рытм-секцыя і клавішы) духавыя інструменты. «Дудкі» — флейты, саксафоны, трамбон і нават труба — сталі адной з галоўных адметнасцяў «Чараўніц». Літаральна праз некалькі гадоў іх заўважылі і запрасілі ў Мінск — у штат Белдзяржфілармоніі. Якраз жнівень 1974-га лічыцца афіцыйным днём нараджэння ансамбля, які скараў адну за адной усё новыя вяршыні: перамога на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады (1979), маскоўская Алімпіяда 1980-га, Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Пхеньяне (1989). І, натуральна, мноства гастроляў: ад Камчаткі да Байканура, ад еўрапейскіх краін да афрыканскага кантынента, ад Чарнобыльскай зоны да шпіталяў у Афганістане...

Сабрацца наноў — такія планы былі, але ўсё неяк не выпадала: адны ўдзельніцы выйшлі замуж і пераехалі ў іншую краіну, другія змянілі сцэнічную прафесію на больш зямныя, некаторыя наогул адышлі ад музыкі. А ў 2010-м не стала першага кіраўніка «Чараўніц» Генадзя Лятынскага, і, здавалася, каму ўжо гэта трэба... Аказалася — трэба.

— Я пражыла ў Расіі 15 гадоў, але вярнулася ў Беларусь, — згадвае музычны кіраўнік і салістка ансамблю Вольга Макушынская, — наша Света Рагула працягвала іграць на саксафоне і спяваць, а ўсе астатнія ўдзельніцы, з кім адраджалі калектыў, былі педагогамі ў школах — то-бок звязаныя з музыкай, але па-за сцэнай, таму вяртацца, натуральна, было страшнавата. Але разам з тым так захацелася сабрацца наноў, што, напэўна, патрэбны быў адзін толькі штуршок.

— Праўда, што ў 2011 годзе Надзея Мікуліч проста паставіла вас перад фактам: дзяўчаты, круціцеся як хочаце, выступаеце на маім канцэрце?

— Так і было. Яна патэлефанавала і сказала: «У мяне бенефіс, запрашаю вас як гасцей — зрабіце хоць адну песню». Выбралі гэту: «Ты мяне над крыніцаю называў чараўніцаю», — а Надзея знайшла і паказала на экране архіўны запіс, дзе мы яшчэ маладыя спяваем тую самую песню. Зала апантана падтрымлівала нас. І якраз убачыўшы гэту рэакцыю, паглядзеўшы на тое, як адзін за адным з нябыту адраджаюцца старыя калектывы, мы падумалі: значыць, прыйшоў час і нам вярнуцца. Аднавілі «Пах чабаровы» і «Ручаёчак, ручаёк» — знакавыя песні, па якіх калектыў пазнавалі і якія нам самім падабаліся. Справа пайшла: нас пачалі запрашаць на пару нумароў, потым на паўгадзіны... («А цяпер на дзень, пакуль песні не скончацца!» — смяюцца сяброўкі). Далей разнастаілі праграму джаз-рокам у стылі вядомага ансамбля Chіcago, і сёння гэта таксама наша «фішка». Падкрэслю, мы — не «папса», а эстрада, калі хочаце, фольк-рок у сучаснай апрацоўцы.

— Кажуць, за савецкі час праз калектыў прайшло не менш за 20 удзельніц...

— Значна больш! — запэўніваюць дзяўчаты. — Помніцца, выступалі не менш за дзесяць чалавек на сцэне. Разумеючы, што склад будзе змяняцца, бо ўдзельніцы выйдуць замуж і народзяць дзяцей, Генадзь Лятынскі настойваў, каб кожная асвойвала адзін-два інструменты і магла замяніць іншую.

Святлана Рагула згадвае: яна прыйшла ў ансамбль як піяністка, клавішніца, а ў выніку асвоіла саксафон — і шмат гадоў з ім не расстаецца, захоўваючы ўдзячнасць кіраўніку за адчуванне адценняў і нюансаў розных музычных стыляў; Людміла Пасмурцава іграла на домры, потым паспрабавала бас-гітару і дайшла да трубы.

45-годдзе ансамбль адзначыць, як водзіцца, на канцэрце, куды запрасілі многіх былых удзельніц. Назвалі праграму сцісла і ёміста — «Назаўжды». «Бо няма былых «Чараўніц», — тлумачыць мастацкі кіраўнік — дырэктар ансамбля Паліна Базылева, — кожная з дзяўчат, якая мела дачыненне да ансамблю, нясе ў душы яго частку і, я перакананая, лічыць сябе трошкі чараўніцай. Так што канцэрт будзе падарункам і ім, нашым папярэдніцам, і нашым слухачам, і ўсім тым, хто з намі і супраць нас, — «назаўжды» ў сэнсе «не дачакаецеся»! Запрасілі Надзею Мікуліч; на сцэне з намі выступяць народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, гурт «Спадчына», Яўген Курчыч і гурт «Маракасы», а яшчэ мадэльная школа ELEN Fashіon school. Словам, 5 верасня ў ПК чыгуначнікаў будзе не толькі юбілейны канцэрт, але і шоу са святлодыёднымі экранамі, і дызайнерскі паказ калекцыі адзення «Перапынак» — усіх сакрэтаў пакуль раскрываць не будзем.

Раней слухачы цікавіліся, дзе можна знайсці вінілавыя пласцінкі і рарытэтныя запісы «Чараўніц», сёння — дзе можна спампаваць іх песні. «Мы ёсць на YouTube, на ЯндэксМузыцы і нацэлены не на тое, каб прадаваць дыскі, а на тое, каб прасоўваць кожную канкрэтную песню — зняць для яе відэа і зрабіць прыгожую вокладку, — расказвае Паліна Базылева. — Нас можна знайсці практычна на ўсіх вядучых музычных платформах і ў сацсетках». А калі папросяць, можна адшукаць і рэтра-запісы — кантэнт-менеджар Васіль Ліхтаровіч, які працуе з калектывам, вядзе своеасаблівы летапіс ансамбля, знаходзячы і захоўваючы старыя пласцінкі, фатаграфіі і відэазапісы, у тым ліку вельмі рэдкія.

— «Пах чабаровы» — безумоўны хіт, візітоўка ансамбля. А якія песні ў рэпертуары любімыя ў вас?

— Назаву «Тюрю», — адказвае Дар'я Бабко. — Ніколі б не падумала, што пастаўлю ў плэер песню, якую сама выконваю, але гэта якраз той выпадак. Сучасная аранжыроўка, вельмі модны цяпер стыль брас — пападанне ў маладзёжную аўдыторыю на 100 працэнтаў.

— Для мяне нумар адзін — «Не за вочы чорныя». Яна быццам з майго мужа спісаная, і кожны раз, спяваючы, думаю пра яго, — усміхаецца Анжаліка Зайцава.

— Калі толькі прыйшла ў калектыў, мяне да глыбіні душы ўразіла «Марыся» на словы Янкі Купалы — яе спявала Маша Высоцкая, у якой было вельмі высокае каларатурнае сапрана, выходзячы на трэцюю актаву... Атрымлівалася на дзіва пяшчотна і прыгожа. З гэтай песняй я і на гітары вучылася іграць, і неяк па жыцці менавіта яна мяне вядзе, — зазначае Вольга Макушынская, — таму ў найноўшую гісторыю «Чараўніц» мы яе таксама ўзялі.

— Люблю «Каліну-маліну» і «Не пытайся, маці», а таксама «Крынічаньку» — адна з іх народная, дзве другія напісаныя вядомым кампазітарам Эдуардам Зарыцкім. Яны захоўваюць той самы «чараўніцкі» дух, але маюць сучаснае гучанне, — пералічвае Святлана Рагула. — Так што мы не выязджаем толькі на старым, савецкім рэпертуары — абнаўляецца і сам калектыў, і наша музыка.


А яшчэ быў выпадак...

  • Гастролі на Далёкім Усходзе — нібы паездка на іншую планету, — расказвае Вольга Макушынская. — Вулканы, сопкі, цябе ўвесь час крыху хістае... Аднойчы на Камчатцы ў нас за тры дні было дзевяць канцэртаў, гэткі канвеер. А трэба было пераапранацца двойчы на кожным з канцэртаў, і пакуль вядучы Валера Бескаравайны займаў пару хвілін, мы часам страчвалі пачуццё часу і месца.

— І потым многім з дзяўчат яшчэ сніліся кашмары, як барабаншчыца пачынае ўжо сваю партыю, а яны не паспяваюць пераапрануцца, — дадае Святлана Рагула.

— Пра кіжуча, якога везлі дадому ў Беларусь у чахлах ад музычных інструментаў, — байка ці рэальны выпадак?

— Рэальны! — смяюцца артысткі. — Рыбіна была такога памеру, што нікуды не ўмяшчалася, а вось у футляр бас-гітары якраз улезла. І вось уваходзім мы ў салон самалёта, а рыба ж пахне! А нам яшчэ трэба ў Маскве перабрацца на Беларускі вакзал і сесці на цягнік, і вось мы такой «араматнай кампашкай», але ўсё адно шчаслівыя, ехалі да Мінска. Затое на навагодні стол — а справа была акурат перад святам — прывезлі родным дэфіцытную рыбу. Святлана, якая жыла ў інтэрнаце музвучылішча, паставіла на стол вялікі слоік з ікрой, а тут якраз абход адміністрацыі. Дырэктар вучылішча ажно страціў дар маўлення, а вочы, відаць, так на стале і пакінуў...

  • Сярод яркіх гастрольных успамінаў — Афрыка, дзе «Чараўніцы» не толькі адыгрывалі сваю праграму, але і акампаніравалі Анатолю Ярмоленку і Віктару Вуячычу. Дзяўчат абавязалі выступаць у нацыянальных касцюмах — шарсцяныя (!) спадніцы, кашулі з камізэлькамі — а ў зале, як і на вуліцы, 40-градусная спёка, і пра кандыцыянеры яшчэ ніхто не чуў. «Калготкі немагчыма было нацягнуць, бо ногі мокрыя, ты спрабуеш хоць неяк сабрацца, спяваць для канкрэтнага гледача ў зале — а нікога не бачыш, бо ўсе чорнаскурыя, у вачах літаральна цёмна...»
  • На так званых «зялёных» канцэртах (апошнія выступленні ў нейкім горадзе ці наогул у гастрольным туры), у адрозненне ад звычайных праграм, выканаўцам дазваляецца жартаваць адно з аднаго. Казусаў хапала: то за спінай салісткі іншыя дзяўчаты раптам пачынаюць іграць «сем сорак», то калкі на бас-гітары «добрыя» людзі падкруцяць у роўную лінію і настройваць інструмент даводзіцца проста падчас канцэрта, то барабанныя палачкі схаваюць альбо паперкі ў саксафон падкінуць. «Але самы вялікі рогат у мяне дагэтуль выклікае песня «Стары матыў», словы якой забылася наша салістка, так і спявала два куплеты адно і тое ж: «Стары матыў, стары матыў, ён вельмі-вельмі стары...» — расказвае і паказвае ў асобах Вольга Макушынская. — Духавыя, якім трэба было выйсці толькі ў сярэдзіне песні, сыграць туці і пайсці, рагочуць за кулісамі. У барабаншчыцы ўжо туш цячэ ад слёз, мы з клавішніцай паварочваемся бокам, каб не было бачна скрыўленыя грымасай смеху твары, а ў нашай Веры ад стрэсу ўжо літаральна ногі трасуцца... І калі ў другім прыпеве выходзяць чатыры дзяўчыны з дудкамі, то сыграць змагла адна труба — Люда Пасмурцава, астатнія літаральна рохкалі, бо ад смеху не маглі набраць як след паветра ў лёгкія. Пасля выступлення Вера ад душы выказалася: «Сволачы вы ўсе, я ад страху ледзь не знепрытомнела!». У антракце бачу ў курылцы нашага гукарэжысёра Барыса, пытаюся, маўляў, ну як мы, а той кажа: нармальна, толькі «Стары матыў» атрымаўся нейкі вясёлы. Пасля гэтага я зразумела, што далёка не заўжды людзі слухаюць тэкст і не ўсе «ляпы» публіка заўважае, так што памылкі на сцэне — гэта не крымінальна, галоўнае сабрацца і працягваць выступленне».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва ансамбля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.