Вы тут

Людзі ўсё больш цікавяцца экалагічным станам наваколля


Людзі ўсё больш цікавяцца экалагічным станам наваколля, але для атрымання гэтай інфармацыі ім часта ствараюць перашкоды. Як вырашыць праблему, расказалі эксперты.


Фота: pexels.com

Пачуць меркаванне іншых

— Грамадзяне сталі больш дасведчаныя ў пытаннях прыродаахоўнага заканадаўства і выдатна ведаюць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, — расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ. — Можна сказаць, у беларускім грамадстве сфарміраваўся запыт на якасць навакольнага асяроддзя і звязаныя з ёй даброты.

Па словах намесніка міністра, усе пытанні можна вырашыць пры ўмове выканання прадугледжаных заканадаўствам патрабаванняў і працэдур, у тым ліку працэдуры правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), адказнасць за выкананне якой нясе інвестар, што плануе ажыццяўляць дзейнасць. Пры гэтым правядзенне АУНА, грамадскага абмеркавання і дзяржаўнай экалагічнай экспертызы спрыяюць недапушчэнню забруджвання паветра, водных аб'ектаў, страты біялагічнай разнастайнасці, а таксама дапамагаюць арганізацыі ўстойлівага прыродакарыстання, укаранення новых экалагічна чыстых тэхналогій.

— На жаль, даводзіцца канстатаваць часам нізкі ўзровень прымянення заканадаўчых нормаў як сярод інвестараў, так і органамі выканаўчай улады, — адзначыў Аляксандр Корбут. — Менавіта такі падыход і стварае тыя сітуацыі сацыяльнай незадаволенасці, якія мы сёння маем. Складаецца ўражанне, што экалагічныя аспекты рэалізацыі планаванай дзейнасці недаацэньваюцца на месцах, выпускаецца з-пад увагі тое, што грамадскасць павінна ўзяць актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтай дзейнасці.

Як адзначыў намеснік міністра, важную ролю ў рэгуляванні ўздзеянняў на наваколле адыгрывае дзяржаўная экалагічная экспертыза.

— Яна праводзіцца па перадпраектнай, перадінвестыцыйнай дакументацыі, а таксама на заключным этапе, калі аб'ект уводзіцца ў эксплуатацыю. Пры гэтым правядзенне экалагічнай экспертызы на стадыі распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі дае магчымасць любому інвестару на самым раннім этапе прыняць правільнае кіраўніцкае рашэнне.

Намеснік дырэктара па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды Яўген РАЧЭЎСКІ расказаў, што спецыялісты цэнтра працуюць над тым, каб спрасціць і аптымізаваць досыць складаную сёння працэдуру дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, каб яна была зразумелая і даступная для ўсіх ахвотных.

Сярод актуальных праблем Яўген Рачэўскі назваў тое, што органы мясцовай выканаўчай улады праяўляюць нізкую актыўнасць, не бяруць удзел у навучальных семінарах, якія праводзіць цэнтр. Гэта прыводзіць да няправільнага правядзення грамадскіх абмеркаванняў, што ў выніку выклікае пэўную напружанасць у грамадстве.

— Мы планамерна працуем над тым, каб літаральна кожная адміністрацыйная адзінка ў нашай краіне набыла навыкі правядзення грамадскіх абмеркаванняў, — падкрэсліў спецыяліст. — Акрамя таго, у рамках удасканалення экспертызы прапанаваны шэраг механізмаў вырашэння складаных пытанняў для зніжэння сацыяльнай напружанасці. Калі нас падтрымае Мінпрыроды, мы сумесна зможам вынесці гэтыя пытанні на заканадаўчы ўзровень і адрэгуляваць іх у частцы забеспячэння спакою насельніцтва пры стварэнні тых ці іншых аб'ектаў.

Старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Экапартнёрства» Юлія ЯБЛОНСКАЯ адзначыла, што ўдзел грамадскасці ў прыняцці рашэнняў трэба забяспечыць на ўсіх стадыях — ад распрацоўкі праграм, стратэгій, планаў да канкрэтных тэхнічных рашэнняў, і чым на больш раннім этапе (напрыклад, разгляду перадпраектнай дакументацыі), тым лепш.

Пры гэтым, па яе словах, у мясцовых органаў улады нізкая зацікаўленасць у інфармаванні жыхароў пра свае планы — на гэта патрабуюцца дадатковыя рэсурсы, акрамя таго, людзі могуць выказваць незадаволенасць планамі. Таму іх часта імкнуцца не афішаваць, што ў выніку можа прывесці да яшчэ большага па маштабах шуму.

— Важна разумець, што патрэба жыхароў краіны ва ўліку іх меркавання ўзрастае, і яна будзе расці далей, — падкрэсліла Юлія Яблонская. — Таму спачатку трэба праводзіць кансультацыі, а затым ужо прымаць рашэнні.

«Гарачыя» пункты

Расказаў Аляксандр Корбут і пра сітуацыю на аб'ектах, будаўніцтва якіх апошнім часам выклікае незадаволенасць грамадства:

— Што датычыцца акумулятарнага завода «АйПаўэр», то гэтае прадпрыемства мае станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, згодна з якім яно будзе перапрацоўваць 13 156 тон свінцу ў год, а выкіды складуць 3,05 кг. Калі завод выканае дадзеныя абавязацельствы, ёсць магчымасць, што ён запусціцца. Калі ж будуць якія-небудзь парушэнні, якія перашкодзяць выканаць гэтыя патрабаванні, Мінпрыроды не дазволіць ўвесці яго ў эксплуатацыю. Так, калі завод пасля праведзеных змен выйдзе за дазволеныя межы выкідаў, ён павінен будзе зноў правесці грамадскае абмеркаванне і падаць заяўку на змяненне праектнай дакументацыі.

Завод жа сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК, па словах Аляксандра Корбута, цяпер праводзіць пусканаладачныя работы. Распрацоўваецца методыка па вызначэнні выкідаў метылмеркаптанаў (атрутных рэчываў, якія маюць моцны непрыемны пах), закуплена адпаведнае абсталяванне. Як толькі методыка будзе распрацавана, інфармацыя пра выкіды будзе, як і абяцана кіраўніцтвам прадпрыемства, размяшчацца на табло завода.

— Пакуль гэты завод не працуе, Мінпрыроды праводзіць агульны кантроль за выкідамі, — расказаў Аляксандр Корбут. — Пры гэтым меркаванне Мінпрыроды адназначнае: ніякіх выкідаў, ніякіх пахаў быць не павінна. І мы на гэта нацэльваем кіраўніцтва завода.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: На зялёнай хвалі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.